Вы тут

Перайначыць атручанае жыццё. Як праводзiцца рэабiлiтацыя нарказалежных?


Летась у Беларусi сiндром залежнасцi ад наркатычных сродкаў быў упершыню выяўлены ў 384 чалавек. Агульная колькасць асоб, якiя пакутуюць на залежнасць ад наркатычных сродкаў, псiхаактыўных рэчываў i iх аналагаў, — 7507 чалавек. Колькасць пацыентаў, якiя ўжываюць наркатычныя сродкi са шкоднымi наступствамi для здароўя, — 5157. Пад прафiлактычным наглядам урача-псiхiятра-нарколага ў сувязi з залежнасцю ад псiхаактыўных рэчываў знаходзiцца 5818 непаўналетнiх.


Фота: narkologiya.info

Медыцынская рэабiлiтацыя людзей з наркатычнай залежнасцю адбываецца пры дапамозе мультыдысцыплiнарных брыгад. У iх уваходзяць урач-псiхiятр-нарколаг, урач-псiхатэрапеўт, клiнiчны псiхолаг, сацыяльны работнiк. Такая рэабiлiтацыя можа быць як стацыянарная, так i амбулаторная.

— Амбулаторная наркалагiчная дапамога аказваецца ва ўсiх рэгiёнах краiны. У кожнай цэнтральнай раённай бальнiцы ёсць урач-псiхiятр-нарколаг. Калi такога спецыялiста з нейкiх прычын няма, дапамогу аказвае ўрач-псiхiятр, — расказвае загадчык сектара наркалогii арганiзацыйна-метадычнага аддзела РНПЦ псiхiчнага здароўя Iна Белаец.

Акрамя гэтага, ва ўсiх абласных цэнтрах ёсць стацыянарныя рэабiлiтацыйныя аддзяленнi. Для наркалагiчнай рэабiлiтацыi прадугледжана 270 ложкаў, у тым лiку 50 — на базе РНПЦ псiхiчнага здароўя.

У 2019 годзе тут пачаў работу эксперыментальны цэнтр для асоб, якiя пакутуюць на залежнасць ад псiхаактыўных рэчываў. Ён створаны пры ўзаемадзеяннi трох мiнiстэрстваў: Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, МУС i Мiнiстэрства аховы здароўя.

— На сённяшні дзень рэабiлiтацыю ў iм прайшлi 11 пацыентаў, сем перайшлi на амбулаторны этап. З 11 афiцыйна працаўладкаваны трое. Сумесную работу ўжо можна назваць эфектыўнай, бо мы атрымалi першыя вельмi добрыя вынiкi, — адзначыла Iна Белаец. — Сёлета рабоце цэнтра будзе дадзена ацэнка, i, магчыма, яго вопыт мы распаўсюдзiм на абласныя цэнтры.

Цяпер у краiне працуе 19 кабiнетаў замяшчальнай тэрапii, дзе метадонавую падтрымку атрымлiвае 690 пацыентаў. Дапамогу ў працаўладкаваннi былым нарказалежным аказваюць тэрытарыяльныя службы занятасцi.

— Галоўнае — гэта жаданне атрымаць паслугi, звярнуцца да нас, — тлумачыць начальнiк упраўлення палiтыкi занятасцi Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Алег Такун. — Цягам 2019 года iндывiдуальныя праграмы сацыяльнай рэабiлiтацыi атрымалi 57 грамадзян, з iх толькi 27 дайшлi да службы занятасцi, у тым лiку 16 чалавек было працаўладкавана. У цэлым пытанне працаўладкавання складанае: як правiла, такiя людзi не маюць вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай i нават прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi i вопыту работы. Уладкоўваем iх камплектоўшчыкамi, укладчыкамi-ўпакоўшчыкамi — на тыя месцы, дзе не патрабуецца спецыяльных навыкаў. Да таго ж нiхто з iх не выказвае жаданне перанавучыцца.

У тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання летась звярнулiся 34 чалавекi з сiндромам залежнасцi ад псiхаактыўных рэчываў, з iх 17 — па дапамогу псiхолага, астатнiм патрабавалася матэрыяльная i гуманiтарная дапамога.

— Мы прыцягваем грамадскiя арганiзацыi i аб'яднаннi, якiя могуць адрасна працаваць з людзьмi з залежнасцю. Нашы тэрытарыяльныя цэнтры бясплатна даюць пляцоўкi для такiх арганiзацый. Цяпер яны працуюць у Першамайскiм i Фрунзенскiм раёнах Мiнска i Ленiнскiм раёне Бабруйска, — адзначыў Алег Такун.

Летась грамадскiя аб'яднаннi ў рабоце з нарказалежнымi рэалiзоўвалi тры праекты: два з iх на рахунку арганiзацыi «Мацi супраць наркотыкаў», адзiн — «Пазiтыўнага руху».

Рэабiлiтацыя ад наркатычнай залежнасцi праводзiцца i ў выпраўленчых установах i лячэбна-працоўных прафiлакторыях. У прыватнасцi, з 2018 года на базе лячэбна-працоўных прафiлакторыяў № 5 i № 9 рэалiзуецца пiлотны праект па комплекснай медыцынскай рэабiлiтацыi асоб, якiя пакутуюць на залежнасць ад псiхаактыўных рэчываў. Пра яго першыя вынiкi расказала галоўны спецыялiст аддзела арганiзацыi медыцынскага забеспячэння спецкантынгенту ўпраўлення тылавога забеспячэння Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Наталля Зелянко.

— Для ўдзелу ў праекце мы вызначылi чатыры мэтавыя групы ў кожным з ЛПП, якiя праходзiлi рэабiлiтацыю цягам шасцi месяцаў. Гэтыя грамадзяне спачатку ўдзельнiчаюць у тэсцiраваннi, па вынiках якога мы вызначаем iх рэабiлiтацыйны патэнцыял, саматычны стан, асабовае развiццё, цяжкасць наступстваў ад ужывання наркотыкаў i iншыя аспекты. Асноўным прыярытэтам для ўдзелу ў праекце з'яўляецца iх жаданне. У аснове праекта — метад комплекснай медыцынскай рэабiлiтацыi, распрацаваны Мiнiстэрствам аховы здароўя. Яго прайшлi 57 грамадзян у ЛПП № 5 i № 54 грамадзянкi ў ЛПП № 9. Удзельнiкi пiлотнага праекта ўжо выбылi з гэтых устаноў. Але мы сочым за iх жыццём. I пазiтыўныя вынiкi ёсць.

З пачатку бягучага года такi праект рэалiзуецца ў ЛПП № 7. Дарэчы, самаму ўзроставаму грамадзянiну, якi вырашыў у iм удзельнiчаць, споўнiлася 58 гадоў.

— Самае галоўнае — гэта наяўнасць у ЛПП сучасных падыходаў да рэабiлiтацыi, i мы актыўна iх развiваем, — кажа Наталля Зелянко.

У ЛПП выкарыстоўваюцца такiя сучасныя метады рэабiлiтацыi, як арт-тэрапiя, фiльмаграфiя, бiблiяграфiя, вядзенне дзённiкаў самарэгуляцыi. Пасля выхаду з ЛПП чалавек атрымлiвае дарожную карту з пералiкам устаноў, у якiя ён можа звярнуцца па дапамогу — медыцынскую, сацыяльную, юрыдычную, псiхалагiчную.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».