Вы тут

Людзi — як птушкi...


Аб'явы ў вёсцы на ўсiх слупах: дрэвы ўжо не проста спiлуюць — выкарчуюць пнi...

Што, напэўна ж, добра?

А зрэшты, у вёсках куды вальней, i пнi там, здаецца, замiнаюць меней.

...У горад бы тых «карчавальнiкаў»!

Няма i не трэба?

У кароткiм «Перш чым зайсцi, падумай, цi патрэбен ты тут» было, згадзiцеся, нешта зневажальнае.

I тым не менш — надпiс шмат каму падабаўся, а таму — «красаваўся» на дзвярах многiх кабiнетаў, кватэр, нават вясковых хат...

Апошнiм часам яму, здаецца, замена знайшлася: на шыбках машын замест прывычнага «Калi вам замiнае маё аўто, пазванiце па тэл...» хто-нiхто ўзяўся мацаваць красамоўнае: «Сышоў. Буду, калi вярнуся».

А што — лагiчна. Коратка, прыгожа... I нават дасцiпна. Асаблiва — калi той, хто сышоў, быў не вельмi i патрэбны.

Верыць? Не верыць...

Сказаць можна шмат, цi ляпнуць — не падумаўшы. А вось напiсаць...

Тут, здавалася б, хоць-нехаць збярэшся з думкамi ды ўзважыш словы.

Не факт, як высвятляецца: дзве старонкi ў адным артыкуле аб тым, што самае дарагое ў чалавека (асаблiва цяпер i чамусьцi ў беларуса?) — гэта... зямля.

...Мiжволi i досыць доўга думала, з якога ж перапуду, адкуль у аўтаркi — дарослай i, як выглядае, сталай, адукаванай жанчыны — такая выснова? Яна, што, — не мела бацькоў i не мае дзяцей? Нiкога не кахала i нi на што не хварэла, нiколi не выпiвала i таму не чула ад самых розных людзей, што самае галоўнае, самае дарагое ўсё ж здароўе?..

Нехта недурны прызнаў, што ёсць людзi, якiя гавораць нават тады, калi мозг адпачывае.

...Цяпер, як выглядае, яны сталi пiсаць?

(Варыянт малiтвы: «Божухна, дай мне сiлы трымаць язык за зубамi, пакуль я не збяруся з думкамi».)

Прыехалi!

Для кiназнаўцаў гэта за свята — замежжа, мiжнародны фестываль, найлепшыя фiльмы, цiкавыя размовы, знаёмствы, сустрэчы... Дамоў ад’язджаць не хацелася! Але ж...

Перасеклi мяжу, закарцела нешта з’есцi i выпiць (той жа кавы, гарбаты) — спынiлiся, зайшлi ў кавярню. Палову сцяны там займаў тэлевiзар — iшлi «Сваты».

— Во, прыехалi, — усмiхнуўся адзiн з экспертаў, — хоць «нармальнае» кiно паглядзiм.

Ведай нашых!

«Найлепшае фота! За пяць хвiлiн!» — паабяцала рэклама. I ёй вельмi ж хацелася верыць, бо здымак i сапраўды быў патрэбны (на рабоце пасведчаннi абяцалi мяняць)...

Таму Зоя смела адчынiла дзверы ў маленькi салон, паправiўшы прычоску ды макiяж, села ў крэсла.

Майстар папрасiў яе зняць акуляры, потым — падацца крыху наперад, прыўзняць падбародак, апусцiць яго, павярнуць управа, назад, улева, паглядзець на карцiнку ўверсе, а нарэшце — не ўсмiхацца, не мiргаць!.. Усё — картка гатова.

Аддалi яе ў белым прыгожым канверце.

Адкрываць яго пры фатографе, разглядаць той здымак, «не адыходзячы ад касы», неяк не выпадала. Ужо дома жанчына ўключыла ярчэйшае святло, дастала фотку. Першае, што ўбачыла, — правы ражок строгага белага каўнерыка быў «схаваны» пад свiтар, левы — тырчаў уверх.

Для службовага пасведчання i сапраўды — «найлепшае фота»!

Месца для анёлаў

Горад, цэнтр, гандлёвы рад з сувенiрамi. Iх многа — розных... Дзе-нiдзе, што радуе, падпiсаны па-беларуску. Што не радуе i радаваць не можа — з прыкрымi памылкамi. Ну вось як вам: «Анёл на... стуле»?

— У нашай мове, — спрабуем давесцi прадавачцы, — ёсць слова «стул», але ж на iм не сядзяць, бо гэта зусiм не рэч, гэта — прабачце — дзеянне кiшэчнiка.

— Што вы гаворыце? Праўда?! — не верыць, здзiўляецца жанчына.

I, думаеце, тут жа выпраўляе цi прыбiрае з вачэй прыкрую памылку? Не, яна абяцае... сказаць пра яе «начальству», а ўжо яно...

Можа, некалi i выправiць.

Не пра камень

...Дзед Юзiк на грып захварэў. I каб сам — не так бы крыўдна было б, а то прыехалi праўнукi, заразiлi...

Доўга, бедны, кволiўся — ачухацца не мог, казаў: «Памру, далiбог памру! Без пары...»

Дзеду на той час 104 было.

Андрэй, на жаль, не пражыў i паловы... Ды i то абы-як: па маладосцi, «дурносцi», пашкадаваў дзяўчыну, што сохла па iм, — стаў сустракацца. Не заўважыў, як тая зацяжарала, як ледзь не назаўтра збегала ў дэканат, i ён сапраўды «ўжо нiкуды не дзеўся» — распiсаўся з ёй, пераехаў...

Зусiм не таму, што спалохаўся (пабаяўся страцiць студэнцкi бiлет, не зрабiць кар’еру...), — проста... зноў пашкадаваў i звягi не хацеў. Да таго ж яму цiкава было паглядзець: хто народзiцца, на каго падобны?

Паганарыўся крыху, што сын i, як казалi, «вылiты бацька», аднак палюбiць — нi тое дзiця, нi мацi яго — чамусьцi не змог.

Папiваў — з гадамi ўсё болей i болей, часам не прыходзiў начаваць, нават сыходзiў.

«Ну чаму так? Чаму? — плакала-перажывала жонка. — Я ж яго так люблю, так люблю!»

...Не вам казаць: каханне аднаго чалавека як ратавальны круг, каханне другога — як камень на шыi.

Якi няхай не раптоўна, але ж, вiдаць, зацягне на дно...

Калi не скiнуць.

Пайсцi i... застацца

Пра Магамаева, прычым раптам, нi села нi пала, больш, чым пра той кляты вiрус, — i па тэлевiзары, i ў трамваi:

— Курыў, бач, у дзве рукi, — захапляюцца артыстам мужчыны, — а голасу — хоць бы хны: якi быў, такi i застаўся! Не пракурыў, не страцiў!

...Страцiў — жыццё (прычым «без пары», на сёмым дзясятку).

Такое прыгожае i такое патрэбнае.

Колы

З правiл жыцця: калi вас пераймаюць на вулiцы, каб спытаць, што дзе знаходзiцца, як куды прайсцi цi праехаць, — значыць, з вамi ўсё ў парадку: выклiкаеце давер.

Адкуль...

Стаiм (на вулiцы, на прыпынку), чакаем аўтобус i, вiдаць, сапраўды выклiкаем, бо менавiта да нас, а не iншых, «коцiцца» невялiчкая поўная жанчына, пытаецца (прыхаваўшы ў рукаве цыгарэту), на чым можна дабрацца да пятай бальнiцы.

Кажам, што давязе туды любы аўтобус, тралейбус i трамвай... Але ж гэта блiзка — усяго тры кароткiя прыпынкi, iх можна прайсцi...

— Не, — круцiць галавой жанчына. — Я не пайду, мне ногi баляць.

...Баляць — гэта вiдавочна, — таму што курыць i мала ходзiць. А мала ходзiць i курыць — таму што ногi баляць. Кола замкнулася, як той казаў.

Дарэчы, знаёмы экскурсавод у многiя з райцэнтраў ездзiць з тэрмасам. Кажа, не вараць там добрай кавы...

Няма попыту — няма прапановы, а няма прапановы...

Вы здагадалiся.

Яны i мы

«Хто каго любiць, той таго i чубiць».

На Танеччын розум, гэта азначала... гладзiць, па чубе, што яна i рабiла — дома.

У машыне (а ездзiць iм з мужам прывялося шмат) трохi iншая фiшка была: ён рулiў, сачыў за дарогай, яна — нешта расказвала, каб весялей было, чытала анекдоты... Не без таго — часам гладзiла па калене, ды з такою пяшчотай...

— Адчуваеш? — цiхенька папытала неяк.

— Ну, — сказаў муж, сцепануўшы плячом.

— Што канкрэтна?

— Калена крыху свярбiць... Але я пацярплю...

Без узросту

Лiфт у доме разумны — тым, у прыватнасцi, што не проста шуруе з паверха на паверх, а «заадно» падбiрае пасажыраў.

I пасажырак.

На трэцiм паверсе жанчына зайшла. Нiчога асаблiвага — невысочанькая, худзенькая, у добрым узросце (гадоў пад 80, вiдаць)... Але ж гэта — на першы позiрк, а быў яшчэ i другi, калi тая спадарожнiца, зняўшы пальчатку, паправiла пасмачку валасоў i тым самым паказала ўсiм цэлы россып... брыльянтаў (у сваiх пярсцёнках, у завушнiцы), калi яна — адным гэтым рухам — сказала, што мы, ну вядома ж, трохi маладзейшыя, можа, нават прыгажэйшыя ды разумнейшыя, але i яна...

Яна, вiдавочна, таксама — як мiнiмум — не горшая, бо на тыя брыльянты зарабiла сама? Цi атрымала ў падарунак — ад каханага мужчыны, ад бацькоў, дзяцей?

...Што нi жанчына — загадка. У любым узросце.

Людзi — як птушкi...

Генадзеўне даўно ўжо за — i 50, i 60... А ўсё адно — шыкоўна выглядае: заўжды прыбраная, прычасаная, падмаляваная... Прывыкла сачыць за сабой. Да таго ж яна не замужам i па-ранейшаму працуе... Кажа, зусiм не таму, што грошы патрэбны (без iх, маўляў, неяк абышлася б), — у сям’i чацвёра ўнукаў ды старэнькая мацi. Усе асобна жывуць i без яе пакуль што спраўляюцца... «Але ж, — уздыхае, — як толькi з работы сыду, далiбог, з усiх бакоў «павiснуць»: аднаго на музыку звадзi, другога — у палiклiнiку, трэцяга палячы, пакармi, з садка забяры... Толькi i буду што слугаваць iм ды гойсаць цэлы дзень.
А так — я птушка вольная: зранку пёркі пачысціла, прыбралася i пайшла. У мяне — работа».

...Можна падумаць, што яна потым, калi раптам спатрэбiцца, адчынiць дзверы ў хату, зварыць супчык, памые падлогу, падасць вады.

(Кажуць, Ранеўская пасля спектакляў часта глядзела на кветкi ад шматлiкiх прыхiльнiкаў, на кошык з iх лiстамi ды запiскамi i з сумам заўважала: як шмат любовi, а ў аптэку схадзiць няма каму.)

Валянцiна Доўнар

Фота Анатоля Клешчука

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Большасць пацыентаў дыягназ успрымаюць адэкватна». Як працуюць выязныя брыгады, што лечаць пацыентаў з COVID-19 дома

«Большасць пацыентаў дыягназ успрымаюць адэкватна». Як працуюць выязныя брыгады, што лечаць пацыентаў з COVID-19 дома

З канца красавiка пацыентаў, хворых на каранавiрусную iнфекцыю ў лёгкай i бессiмптомнай форме, лечаць амбулаторна. 

Культура

Марыя Касцюковіч: Спачатку дзiцячае кiно было вялiкiм выхавальнiкам, а потым стала часткай дзяцiнства

Марыя Касцюковіч: Спачатку дзiцячае кiно было вялiкiм выхавальнiкам, а потым стала часткай дзяцiнства

У сферы нашай культуралагiчнай лiтаратуры чакаецца прыбаўленне: праз пэўны час пад цвёрдай вокладкай мы зможам знайсцi грунтоўнае i займальнае даследаванне беларускага дзiцячага кiно — таго, што ў савецкiя i постсавецкiя часы адмыслова стваралася для вельмi асаблiвай аўдыторыi. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«...Мне ў той час было гадоў, можа, з дзесяць — многага не ведаў, не разумеў»...