Вы тут

Праблемы спажыўцоў і тое, як можна адстаяць свае правы, абмеркавалі ў Мінску


Сусветны дзень спажыўца адзначаецца ў сакавiку i праходзiў сёлета пад дэвiзам «Рацыянальны спажывец». Арганізатары заклiкаюць людзей звярнуць увагу на праблемы празмернай вытворчасцi i нерацыянальнага спажывання, таму што гэта пагаршае стан навакольнага асяроддзя i прыводзiць да страты ўнiкальных прыродных аб'ектаў. У Мiнску з гэтай нагоды за круглым сталом у Доме прэсы сабралiся прадстаўнiкi дзяржаўных структур i грамадскiх арганiзацый, каб абмеркаваць праблемы, што ўзнiкаюць у беларускiх спажыўцоў, прапанаваць свае рашэннi i расказаць пра тое, як сёння можна адстаяць свае правы.


Начальнiк упраўлення абароны правоў спажыўцоў i кантролю за рэкламай Мiнiстэрства антыманапольнага рэгулявання i гандлю Беларусi (МАРГ) Iна ГАЎРЫЛЬЧЫК:

— Наша мiнiстэрства знаходзiцца на самай вяршынi ў сферы абароны правоў спажыўцоў, i мы працуем як каардынатары. Усяго дзяржорганамi i МАРГ у 2019 годзе разгледжана 10 908 зваротаў спажыўцоў. Для параўнання, у 2018 разгледзелi 12 000. Па вынiках зваротаў вынесена 245 прадпiсанняў (у 2018 — 439) i складзена 515 пратаколаў (у 2018 — 1159). Мы актыўна заключаем дамовы з еўрапейскiмi краiнамi па развiццi супрацоўнiцтва, у тым лiку i ў сферы абароны правоў спажыўцоў, каб абменьвацца вопытам i ўдасканальваць сваё заканадаўства. Падтрымлiваем Мэты ўстойлiвага развiцця i лiчым, што людзям важна кiравацца правiламi рацыянальных паводзiн, а гэта знiжэнне аб'ёму адходаў, спажывання пластыку, выкарыстанне шматразовай упакоўкi i абдуманае здзяйсненне пакупак. Неўзабаве будзе адменена забарона на водпуск харчовай прадукцыi ў тару пакупнiка, тады спажывец, якi пажадае выкарыстоўваць шматразовыя ёмiстасцi, зможа рэалiзаваць гэтае права.

У нашай краiне пастаянна адбываецца ўдасканаленне заканадаўства ў сферы абароны правоў спажыўцоў. Наша мiнiстэрства сумесна з Нацыянальным банкам i Мiнiстэрствам фiнансаў працуе над дапаўненнем Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў», у прыватнасцi, над артыкуламi, якiя датычацца карыстальнікаў фiнансавых паслуг. У цэлым вядома, што закон i цяпер пашыраецца на iх, але фiнансавыя паслугi ўсё ж маюць сваю спецыфiку — ёсць вельмi шмат нюансаў. Неабходна, каб удзельнiкi фiнансавага рынку разумелi, за што яны будуць адказваць. Вядома, што крэдытныя дагаворы напiсаны спецыфiчнай мовай i людзi часта не могуць зразумець усяго, што крыецца за дагаворам. Цяпер у гэтым кiрунку вядзецца работа. Мы выступаем за тое, каб дакументы былi напiсаны зразумелай мовай. Таксама плануецца ўвядзенне Iнстытута па разглядзе маёмасных скаргаў спажыўца фiнансавых паслуг. Гэта будзе новы iнстытут дасудовага разгляду, на этапе якога можна будзе ўрэгуляваць спрэчкi. Мы за тое, каб фiнансавыя паслугi сталi больш празрыстыя.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага iнстытута стандартызацыi i сертыфiкацыi Аляксандр СКУРАТАЎ:

— Гаворачы пра рацыянальнае спажыванне, зраблю акцэнт на неабходнасцi знiзiць спажыванне рэсурсаў, у першую чаргу электрычнасцi. Еўрапейскi саюз як лiдар у рацыянальным выкарыстанні электраэнергii ўжо больш за дзесяць гадоў змяняе ў сябе патрабаваннi, звязаныя з энергаэфектыўнасцю энергаспажываючых прылад. Мы ў рамках ЕАЭС таксама рыхтуем тэхнiчны рэгламент Еўразiйскага эканамiчнага Саюза па патрабаваннях энергетычнай эфектыўнасцi энергаспажываючых прылад. Мяркуецца, што ён уступiць у дзеянне з другой паловы 2021 года. На васямнаццаць груп прадукцыi бытавога прызначэння будуць распаўсюджвацца патрабаваннi энергаэфектыўнасцi, будзе распрацавана спецыяльная энергамаркiроўка, якая дасць спажыўцу iнфармацыю i пра клас энергаэфектыўнасцi, i пра асноўныя паказчыкi. Сёння ў ЕС пераглядаюцца патрабаваннi да этыкетак. У нас таксама ўжываецца энергамаркiроўка. Напрыклад, калi вы звярталi ўвагу, то бачылi розныя класы энергаэфектыўнасцi, напрыклад А, А++ або А+++. Але спажыўцу складана арыентавацца ў гэтым. Той жа халадзiльнiк з класам А+ ужывае электраэнергii на 40 % больш, чым халадзiльнiк такога ж аб'ёму з класам спажывання электраэнергii А++. Дзяржава, абмяжоўваючы зварот прыбораў з нiзкiм класам эфектыўнасцi, вырашае сумесную задачу спажывецкага кашалька i эканомii рэсурсаў у дзяржаўных маштабах.

Начальнiк упраўлення дзяржаўнага нагляду за тэхнiчнымi рэгламентамi i метралагiчнага кантролю Дзяржаўнага камiтэта па стандартызацыi Рэспублiкi Беларусь Iгар БУСЭЛЬ:

— Мы разумеем, што самае галоўнае — не толькi выявiць неадпаведную прадукцыю, але i прымусiць вытворцаў або iмпарцёраў, якiя выходзяць на наш рынак, прапаноўваць спажыўцу бяспечны тавар. Мы зрабiлi стаўку не на штрафы, а на немагчымасць прадаць свой небяспечны тавар легальна. Дзеля гэтага стварылi рэсурс danger.gskp.by, на якiм любы чалавек можа атрымаць iнфармацыю аб небяспечнай прадукцыi. Больш за тое, ёсць магчымасць iнтэграваць сродкi распазнання небяспечнай прадукцыi ў камп'ютарную сiстэму. У гэтым кiрунку працуем i ў рамках ЕАЭС.

Старшыня ГА «Беларускае таварыства абароны правоў спажыўцоў» Ганна СУША:

— Хацелася б пагаварыць пра ўразлiвыя слаi насельнiцтва. Банкi сёння лёгка выдаюць крэдыты для пажылых людзей, якiя ў вынiку не могуць расплацiцца. Да нас усё часцей звяртаюцца людзi з рэгiёнаў, якiя скардзяцца, што iх пажылыя бацькi падпiсваюць з банкамi «кабальныя» крэдытныя дамовы на набыццё тавараў падчас прэзентацый. Гэта стала вялiкай праблемай для людзей. На наш погляд, неабходна, каб дагавор куплi-продажу, у тым лiку крэдытны дагавор, заключаўся па месцы юрыдычнага адраса прадаўца цi яго прадстаўнiка. А ў iншых выпадках трэба лiчыць дагавор несапраўдным.

Што да рацыянальнага спажывання — мне здаецца, iнфармацыю аб устойлiвым спажываннi, асновы спажывецкiх ведаў, тэму «зялёнага» спажывання трэба ўключаць у школьную праграму, каб дзецi раслi i ўсведамлялi важнасць гэтай праблемы.

Дырэктар Цэнтра экалагiчных рашэнняў Яўген ЛАБАНАЎ:

— Гаворачы пра рацыянальнае спажыванне, хацелася б падкрэслiць некалькi сусветных трэндаў, якiя, дарэчы, прыйшлi i ў Беларусь.

Спажыўцы ўсё больш звяртаюць увагу i патрабуюць iнфармацыю па ўстойлiвасцi прадуктаў. У нашай краiне з'явiлiся сiстэмы экалагiчнай маркiроўкi. Для людзей стала важна ведаць, наколькi экалагiчны, натуральны i бяспечны прадукт, якi яны набываюць i ўжываюць.

Яшчэ адзiн трэнд, якi з'явiўся ва ўсiм свеце i не абышоў Беларусь, — устойлiвая мабiльнасць. Гэта сумесныя паездкi, развiццё экалагiчнага транспарту. У Мiнску павялiчылася колькасць веласiпедыстаў, з'явiлiся сэрвiсы па арганiзацыi сумесных паездак.

Трэнд эканомiкi замкнутага цыклу таксама набiрае папулярнасць ва ўсiм свеце. Гэта калi тавары вырабляюцца такiм чынам, каб, калi яны робяцца непрыдатныя, iх можна было перапрацаваць або скарыстаць паўторна. У свеце кампанii i модныя дамы, якiя займаюцца вытворчасцю тэкстылю i адзення, актыўна выкарыстоўваюць такую магчымасць. Тэкстыльная прамысловасць — адзiн з найбольш значных сегментаў эканомiкi, якi аказвае ўплыў на навакольнае асяроддзе i звязаны са спажыўцамi. Я спадзяюся, што паступова гэты трэнд набудзе папулярнасць i ў Беларусi.

Сёння важна падкрэслiваць i прасоўваць у нашым грамадстве разуменне таго, што спажыванне ўплывае на асяроддзе.

Наталля ТАЛIВIНСКАЯ

Загаловак у газеце: Набываць разумна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Пахаванне адходаў — самы просты i танны спосаб пазбавiцца ад iх, аднак ён шкодзiць наваколлю i здароўю чалавека.

Грамадства

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

У перыяд летніх канікулаў для школьнiкаў i студэнтаў падрыхтаваны розныя цiкавыя мерапрыемствы, у тым лiку шмат з iх — анлайн. 

Грамадства

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

Дзеці «звяздоўцаў» адказалі вусна, пісьмова, друкавана і нават у малюнках.