Вы тут

Варшава, Торунь, Гайнаўка...


У розных месцах Польшчы ёсць яскравыя прыкметы беларускага жыцця


Удзельнікі хору песні й танца “Васілёчкі”, якому споўнілася 55 гадоў

Нядаўна Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Польшчы Яўген Рабцаў тэлефанаваў у рэдакцыю, звярнуў нашу ўвагу: шмат усяго цікава, што мае беларускія акцэнты, дзеецца на захад ад Буга. І сапраўды! Перагледзелі весткі на сайце Амбасады. У прыватнасці, ёсць там паведамленне аб Міжнародным, 20‑м па ліку конкурсе дзіцячай творчасці ў Торуні пад назвай “Заўсёды ў зялёным, заўсёды ў блакітным”: 17 кастрычніка ўшаноўвалі лаўрэатаў. Сярод узнагароджаных — і чатыры беларускія ўдзельнікі: Аляксандр Сайко з Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (Мінск), Карына Бялевіч і Злата Ліхарай (абедзве з дзіцячай мастацкай школы Івацэвічаў), Варвара Чайко з мастацкай школы Салігорска. Конкурс ужо 40 гадоў ладзяць Галерэя з Цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей у Торуні пры падтрымцы Мінкультуры й нацыянальнай спадчыны Польшчы, адміністрацыі Куяўска-Паморскага ваяводства ды Торуні. Твораў было мора: звыш 11 тысяч амаль з 50 краін. Адзначаны 100 індывідуальных і 3 калектыўныя працы. Прыемна, што й нашы юныя суйчыннікі — сярод лаўрэатаў. Ім праз супрацоўнікаў беларускай Амбасады перададзены ўзнагароды, памятныя прызы.

Напрыканцы кастрычніка прайшоў у Варшаве ХІІ міжнародны Фестываль славянскай паэзіі, з удзелам беларускай дэлегацыі на чале з Аленай Стэльмах, першай намесніцай старшыні Саюз пісьменнікаў Беларусі. Як адкрываўся фэст, з вітальным словам да яго арганізатараў, гасцей звярнуўся Амбасадар Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў. З новых кніг, выдадзеных у Польшчы, прэзентавалася й анталогія “Масты: Варшава — Беларусь”: у ёй вершы 12 беларускіх паэтаў пададзены ў арыгіналах ды ў перакладах на польскую мову.

А ў лістападзе ў Бельску Падляшскім ушаноўвалі ўдзельнікаў хору песні й танца “Васілёчкі”: ён дзейнічае пры Бельскім доме культуры. “Васілёчкам” — 55 гадоў! Няшмат гуртоў з такім даўгалеццем у беларускім замежжы. У часе шчырай, святочнай імпрэзы ваявода Падляшскі Богдан Пашкоўскі, віцэ-маршалак Падляшскага ваяводства Марэк Маліноўскі ўручылі хору дзяржузнагароды, павіншаваў артыстаў і дэпутат Сейма Польшчы Яўген Чыквін. Міністр культуры Беларусі Юры Бондар даслаў святочны ліст, які зачытала Ліліяна Анцух, дырэктарка беларускага выдавецтва “Чатыры чвэрці”. Віншавалі юбіляраў прадстаўнікі беларускай Амбасады, мясцовых улад, праваслаўнага духавенства, грамадскасці, калегі з іншых народных гуртоў Польшчы й Беларусі. “Ганарымся вамі, “Васілёчкі”! Жадаем далейшага росквіту!” — цёплыя словы супляменнікам ёсць на сайце Амбасады. Далучаемся! Будзем рады, калі нехта напіша пра гурт больш падрабязна — падрыхтуем да друку.

З сёлетніх навін звернем увагу на традыцыйны выпускны баль “Стаднёўка” ў беларускіх ліцэях Падляшша: ён прайшоў 19 студзеня ў ІІ Агульнаадукацыйным ліцэі імя Браніслава Тарашкевіча з беларускай мовай навучання (Бельск Падляшскі) ды ў ІІ Агульнаадукацыйным ліцэі з дадатковым вывучэннем беларускай мовы (Гайнаўка). У святочных імпрэзах паўдзельнічалі Амбасадар Уладзімір Чушаў (у Гайнаўцы) і кіраўніца Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы Ілона Юрэвіч (у Бельску Падляшскім). “У прамовах беларускіх дыпламатаў гучалі словы ўдзячнасці за працу па захаванні беларускай культурнай спадчыны й беларускай мовы, пажаданні поспехаў выпускнікам”, — чытаем на сайце.

27–28 студзеня праходзіў візіт намесніка Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоля Ісачанкі ў Польшчу. Пры тым візітар наведаў Падляшскае й Сілезскае ваяводствы. У часе сустрэч з Падляшскім ваяводам Богданам Пашкоўскім і Маршалкам Падляшскага ваяводства Артурам Касіцкім абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння на рэгіянальным узроўні, гаварылі пра развіццё трансгранічнай супрацы. Як вядома, Падляшша — гэта месца, дзе кампактна жывуць беларусы (каля 38 тыс. чалавек), таму разглядаліся магчымасці падтрымкі беларускай культуры, мовы ў рэгіёне. У сустрэчы паўдзельнічалі Амбасадар Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў, Генеральны консул Беларусі ў Беластоку Ала Фёдарава.

Анатоль Ісачанка наведаў вёску Заляшаны Падляшскага ваяводства, дзе ўсклаў вянок да помніка беларусам, забітым атрадам Рамуальда Райса (“Бурага”) у 1946 годзе. У горадзе Гайнаўка на Падляшшы візітар усклаў кветкі да помніка-абеліска савецкім салдатам, наведаў Музей і Цэнтр беларускай культуры. Госць прыняў удзел у цырымоніі ўрачыстага забору зямлі для яе далейшага размяшчэння ў крыпце мінскага Храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць пра ахвяры, якія паслужылі выратаванню нашай Айчыны: у плыні Міжнароднай акцыі памяці “На славу агульнай Перамогі!”. У мерапрыемствах у Заляшанах і Гайнаўцы паўдзельнічаў настаяльнік Храма-помніка Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны, кіраўнікі беларускіх замежных устаноў у Польшчы, прадстаўнікі мясцовых уладаў, беларускай нацыянальнай меншасці, мясцовыя жыхары.

Анатоль Ісачанка і протаіерэй Фёдар Поўны наведалі Заляшаны і Гайнаўку

Яшчэ адна знакавая навіна: 20 лютага ў Беластоку, у Падляшскай оперы ды філармоніі праходзіў фінальны гала-канцэрт 27‑га агульнапольскага фестывалю “Беларуская песня 2020”. У часе адкрыцця імпрэзы Амбасадар Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў звярнуўся з цёплым словам да супляменнікаў, усіх аматараў беларускай песні. Нагадаем, фэст — гэта найбуйнейшая штогадовая імпрэза беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Традыцыйна ладзіць яго Беларускае грамадска-культурнае таварыства пры падтрымцы Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы, таварыстваў “Польшча — Усход” і “Польшча — Беларусь”, упраўлення Маршалка Падляшскага ваяводства. На гала-канцэрце было 850 гледачоў, выступалі 29 калектываў і выканаўцаў, а таксама госці з Беларусі: Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі ды ансамбль народнай музыкі “Бяседа” Белтэлерадыёкампаніі.

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, Амбасадар Уладзімір Чушаў выступіў у Бельску Падляшскім перад кіраўніцтвам, педагогамі ды ліцэістамі ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча з беларускай мовай навучання, быў на ўроку беларускай мовы. Амбасадар наведаў выставу “Наша памяць” аб злачынствах атраду Р. Райса (“Бурага”) на Падляшшы ў 1946 годзе, разам з супрацоўнікамі беларускіх замежных устаноў у Польшчы, прадстаўнікамі Парламента Польшчы, мясцовых уладаў, беларускай нацыянальнай меньшасці ды грамадскіх арганізацый усклаў кветкі да помнікаў савецкім вайскоўцам і фурманам, якія былі забіты атрадам злачынцы “Бурага” ў 1946 годзе.

Навіны з сайта Амбасады аглядаў Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».