Вы тут

У Самары — “Родны кут"


Міжнароднаму дню роднай мовы прысвячаюць штогод свае пазнавальныя і музычна-літаратурныя праграмы самарскія беларусы з іх творчымі партнёрамі


Мова, як вядома, не проста інструмент для зносін паміж людзьмі — гэта носьбіт культуры, менталітэту, традыцый, своеасаблівы гістарычны летапіс кожнага народа. Менавіта родная мова дапамагае нам з ранняга дзяцінства пазнаваць наваколле, людзей, сябе. Каб спрыяць моўнай ды культурнай разнастайнасці, Генеральная канферэнцыя ЮНЭСКА 17 лістапада 1999 года заснавала Міжнародны дзень роднай мовы. Адзначаецца ён штогод 21 лютага, і Самарская абласная грамадская арганізацыя беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” ужо традыцыйна напярэдадні Дня роднай мовы ладзіць імпрэзы, падводзіць вынікі намаганняў, што пашыраюць беларускую мову на самарскай зямлі. Плануюцца й новыя праекты. За два дзесяцігоддзі актывістам суполкі ўдалося набыць каштоўны досвед.

Каб зберагаць, пашыраць традыцыі беларускага народа ў галіне культуры, адукацыі, падпісаны дамовы, пагадненні па творчай, адукацыйнай супрацы са школамі ды ўстановамі дадатковай адукацыі вобласці. Творчыя партнёры суполкі — гэта школа №36, 77, 101, 114, 123, 124, 176, гімназія №2, Цэнтр пазашкольнай адукацыі “Творчество”, 7‑я, 17‑я і 20‑я дзіцячыя музшколы, а таксама 3‑я школа мастацтваў “Младость” Самары, шэраг іншых устаноў па вобласці. На пляцоўках творчых партнёраў суполкі й праходзяць урачыстыя імпрэзы, беларускія народныя святы, беларускія фестывалі мастацтваў, музычна-літаратурныя вечарыны да юбілеяў класікаў беларускай літаратуры. Ды й творчыя гурты, салісты як суполкі беларусаў, так і яе партнёраў рэгулярна ўключаюць у рэпертуары беларускія творы. Актыўныя ў гэтым, напрыклад, педагогі Вольга Пісарава з сяла Екацерынаўка Безянчукскага раёна Самарскай вобласці ды Алена Балвашэнкава з 176‑й школы Самары. Алена Аляксееўна ў той школе працуе 15 гадоў, займаецца з вучнямі пастаноўкай тэатралізаваных святаў, прадстаўленняў, з усіх аматарскіх сцэнічных жанраў любіць агітбрыгаду: “Яшчэ я заўсёды любіла й люблю паэзію, асабліва ваенную. Падабаецца мне творчасць беларускіх паэтаў Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі… Вучні мае — пастаянныя ўдзельнікі розных імпрэз беларускай суполкі, з задавальненнем чытаюць вершы беларускіх паэтаў: як на рускай, так і на беларускай мовах. Ад сябе, ад бацькоў маіх вучняў ды іх саміх выказваю глыбокую ўдзячнасць Ірыне Міхайлаўне Глускай, прэзідэнту беларускай суполкі. Яна шмат чаго нам падказвае, калі знаёмімся з беларускай культурай, у яе асаблівы падыход да дзяцей, цудоўны кантакт з бацькамі. А гэта ж вельмі важна!”

Сапраўды, вучні Алены Балвашэнкавай рэгулярна ўдзельнічаюць у міжнародных, усерасійскіх, рэгіянальных конкурсах і, чытаючы творы беларускіх паэтаў, займаюць прызавыя месцы. Асабліва таленавіта, як адзначае педагог, тое робяць Марыя Серабракова, Мацвей Сакалоў, Сафія Кудрашова, Лізавета Пустошкіна, Канстанцін Скварцоў. Апошні разважае так: “Што беларуская паэзія асабіста мне дае? Яна як агонь, які ўзгараецца ўнутры, у душы. Агонь той паліць, грэе, асвятляе. Мне падабаецца беларуская мова, яна гучыць спеўна, меладычна, гукі льюцца пяшчотна й нараспеў. Праз беларускую паэзію я спасцігаю душу Беларусі”.

Пра родную мову, родныя песні Янка Купала хораша казаў: “У песнях жа родны край, родныя словы жылі і жывуць, і жыць будуць заўсёды”. Імпрэзы, праведзеныя ў Самары з удзелам беларусаў, тое пацвярджаюць. Як і меркаванне сучасных псіхолагаў наконт таго, што родная мова з моманту нараджэння пачынае вызначаць светаўспрыманне кожнага з нас, надзяляючы адметным бачаннем рэчаў. А прыгожае свята ў гонар Дня роднай мовы прайшло ў Доме дружбы народаў Самарскай вобласці. На яго сабраліся дзеці, з імі й бацькі. Відаць было: ім не толькі радасна гаварыць і спяваць на роднай мове, але й слухаць тых, хто размаўляе на мове іншай, таксама вельмі цікава. Ірына Глуская адзначае, што тэматычная штогадовая выстава беларускіх кніг, друкаваных СМІ ў Доме дружбы народаў, прысвечаная Дню роднай мовы, немалы інтарэс выклікае: “Моладзь, педагогі заўсёды нешта новае даведваюцца пра беларусаў, нашу гістарычную радзіму. Прыемна бачыць, як дзеці розных нацыянальнасцяў на беларускай мове чытаюць вершы, спяваюць. Сёлета выставу наведалі навучэнцы 123‑й школы, 2‑й гімназіі, а Радзівон Беразоўскі, Лізавета Кузьміна, Паліна Габава з сяла Екацерынаўкі Безянчукскага раёна чыталі вершы Петруся Броўкі “Родны край”, “Мёртвая вёска” і “Неўміручасць”; Пятра Глебкі “Лес”. Падобныя імпрэзы ў шматнацыянальным Самарскім рэгіёне спрыяюць умацаванню дружбы народаў, пашырэнню родных моў”.

Выхаванцы беларускай нядзельнай школы “Родны кут” Варвара Нянашава, Ірына Сакалова, Уладзіслаў ды Эміль Даутавы ў складзе шматнацыянальных каманд паўдзельнічалі ў квэст-гульні ды інтэлектуальным паядынку. Каманда “Дружба” (Эміль Даутаў і Варвара Нянашава былі ў ёй) заняла першае месца, і ўсе былі ўшанаваны памятнымі дыпломамі.

Падзячным лістом ад Дома дружбы народаў за дапамогу ў арганізацыі, правядзенні святочных імпрэзаў у гонар Дня роднай мовы адзначана Іна Сухачэўская, кіраўніца беларускай нядзельнай школы “Родны кут”, якая дзейнічае пры суполцы “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. А напрыканцы святочных імпрэзаў быў шматнацыянальны канцэрт. У ім прагучала й песня на беларускай мове “Небасхіл Еўропы” — выконваў Уладзіслаў Даутаў, саліст узорнага беларускага вакальнага ансамбля “Очарование”. Юны вакаліст пацешыў гледачоў чысцінёй голаса, у яго непаўторная душэўная манера выканання — гэта, магчыма, і ёсць тое, што перадаецца ў беларусаў з пакалення ў пакаленне.

Ад праўлення беларускай суполкі асаблівую ўдзячнасць Ірына Глуская выказвае “нашым дзецям, што паўдзельнічалі ў свяце, іх бацькам, а таксама Юліі Цяплянскай ды Таццяне Даутавай — за іх адказнасць, усебаковую дапамогу ў арганізацыі й правядзенні мерапрыемстваў”.

Мікалай Бойка

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.