Вы тут

Як правільна сфармаваць у сям'і фінансавыя мэты


Пастаноўка фінансавых мэт — гэта магчымасць на практыцы вучыцца арыентавацца ў сітуацыі, дзе ёсць пераменныя «хачу» і «магу сабе гэта дазволіць». Некаторыя нават лічаць наяўнасць фінансавых мэт прыкметнай паспяховасці чалавека.


Пяць крокаў да выніку

Перш за ўсё трэба вызначыцца з жаданнямі. Тут у кожнага яны свае — набыць машыну, кватэру ці з'ездзіць у вандроўку мары, назбіраць на вучобу дзецям, вывучыць замежную мову ці яшчэ нешта. Але проста напісаць ці падумаць, чаго ты жадаеш, — недастаткова. Апісанне павінна быць падрабязнае, чым больш дэталяў, тым лепш.

Правільна сфармуляваць мэту — толькі пачатак і першы крок да яе здзяйснення. Наступным этапам будзе распрацоўка плана па дасягненні задуманага і жаданага. Умоўна мэты можна падзяліць на некалькі відаў (па часе іх дасягнення) — кароткатэрміновыя (да 1 года), сярэднетэрміновыя (ад 1 да 3-5 гадоў) і доўгатэрміновыя (ад 5 і больш гадоў).

Увогуле прапісваць і планаваць свае кароткатэрміновыя фінансавыя мэты лепш за ўсё ў пачатку года. Тады вы зможаце бачыць агульную карціну выдаткаў, якія чакаюць вас і вашу сям'ю ў найбліжэйшыя месяцы. Напрыклад, тут будуць зборы дзяцей у школу, ваш адпачынак ці яшчэ нешта. Калі з мэтай вызначыліся, то самы час перавесці яе ў фінансавы эквівалент, то-бок прыкінуць, якія сумы вам неабходныя для ажыццяўлення задуманага.

Безумоўна, фантазія часам не мае меж, але ўсё ж адчуваеш сябе больш камфортна і ўпэўнена, калі рэальна глядзіш на рэчы. Пры пастаноўцы фінансавых мэт можна скарыстацца спецыяльнай тэхнікай SMART, якая грунтуецца на алгарытме з пяці крокаў. За кожным з іх стаіць адно з патрабаванняў ацэнкі вашай мэты.

  • S — Specіfіc (у перакладзе: канкрэтнасць і яснасць) — ваша мэта павінна быць актуальная, дакладная. Тут вельмі да рэчы спытаць сябе: што мы хочам атрымаць/змяніць/палепшыць? Ці менавіта мы самі жадаем гэтага?
  • M — Measurable (вымяральнасць) — тут будуць тыя самыя лічбы, на прыкладзе якіх вы тлумачыце сабе, як дасягнуць і ў які тэрмін здзейсніць сваю задумку.
  • У гэтым кантэксце актуальныя будуць пытанні: чаго і ў якой колькасці мы хочам? Калі менавіта зможам зрабіць выснову, што мэта дасягнута? Напрыклад, паўгода адкладаць па 100 рублёў, каб купіць новы ноўтбук.
  • А — Achіevable (дасягальнасць) — мэта павінна быць амбіцыёзная, але і рэальная. Думаць трэба і пра тое, што можа дапамагчы дасягнуць жаданага, а ў чым крыецца перашкода. Проста пажадаць зарабіць мільён — мэта нядрэнная, але ацаніць, ці хопіць для рэалізацыі мары вашага прафесіяналізму, часу і здароўя, будзе таксама не лішнім.
  • R — Relevant (узгодненасць, важнасць) — мэта павінна быць сугучная вашым каштоўнасцям, поглядам і перакананням. Бо наўрад ці вы пойдзеце працаваць, напрыклад, на кіруючую пасаду, калі вам такі занятак дасць не раўнавагу і задавальненне, а толькі перспектыву зарабляць больш. Для чаго патрэбна рэалізаваць такую мэту? Тое ж вывучэнне замежнай мовы можа адкрыць перспектыву знайсці работадаўца не толькі ў сваёй краіне ці проста павысіць вашу каштоўнасць як супрацоўніка на цяперашнім месцы работы.
  • T — Tіme bound (вызначанасць па часе) — варта наглядна ўявіць, за які тэрмін нам рэальна ажыццявіць запланаванае і атрымаць прамежкавы ці канчатковы вынік. Дату вызначаеце вы, адштурхоўваючыся ад сваіх магчымасцяў і абставін. Упэўнены, што зможаце за некалькі гадоў назбіраць на першапачатковы ўзнос, каб распачаць будаўніцтва жылля, — тады плануйце на пяць гадоў. Дэдлайн у любой сферы матывуе на дзеянні.

Паміж «хачу» і «магу»

— Самыя распаўсюджаныя памылкі пры пастаноўцы фінансавых мэт, як паказвае практыка, — няправільнае ўяўленне пра бюджэт і няўменне пралічыць усе нюансы. Людзі проста кажуць «хачу кватэру, адпачынак, аўтамабіль», але не маюць элементарнага ўяўлення пра кошт. А насамрэч — гэта асноўнае, таму што толькі разумеючы, якая сума патрэбна для рэалізацыі свайго жадання, мы зможам дзейнічаць і разумець, у якім кірунку рухацца, — кажа фінансавы кансультант Святлана Мурашка. — Умоўна: ёсць у нас сям'я, якая хоча палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. Мэта доўгатэрміновая, і, як мы разумеем, з часам некаторыя акалічнасці тут могуць змяняцца — жыллё падаражэе ці стане таннейшае. Аднак, што б ні адбывалася, у самым пачатку варта вызначыцца, якую кватэру мы хочам купіць. У якім горадзе, з якой колькасцю пакояў, з якім рамонтам і планіроўкай і г. д. І толькі потым можна на тых жа сайтах з нерухомасцю паглядзець кошт такога жылля і зразумець, наколькі для нас рэальная такая пакупка. Проста сядаем і ў нататніку альбо ў табліцы Excel прыкідваем суму і перыяд, за які рэальна на яе зарабіць, назбіраць. Тады ўжо дакладна можна зразумець, падсілу нам дасягнуць жаданага альбо трэба разглядаць іншыя варыянты.

Калі з глабальнымі і вялікімі фінансавымі мэтамі ўсё больш-менш зразумела, то як быць, напрыклад, у сітуацыях, калі нашы ўласныя дзеці патрабуюць купіць дарагі падарунак? Тут ёсць свае нюансы. Бо часта жаданне дзіцяці займець нейкую цацку, рэч прадыктавана рэкламай, парадамі сяброў. Аднак не заўсёды такія запыты супадаюць з фінансавымі магчымасцямі сям'і. Як жа ў такім выпадку дзейнічаць? Адмаўляць ці дамаўляцца?

Спецыяліст адзначае, што «змагацца з дзіцячымі «хачу» вельмі складана. Але калі дзіця выхоўваецца ў тым ліку і фінансава, то з ім можна абгаворваць такія сітуацыі. Напрыклад, сын ці дачка ходзяць з бацькамі ў краму, і там ім тлумачаць, што і чаму купляюць бацькі. Так у дзяцей фарміруецца ўспрыманне таго, як робіцца выбар тавараў, як суадносяцца якасць і цана. Тое ж самае і з сітуацыяй, калі дзеці актыўна ўдзельнічаюць у планаванні сямейнага бюджэту. Тады ў іх ёсць магчымасць разумець, на што будуць выдаткоўвацца грошы ў наступным месяцы. Усе гэтыя працэсы аднойчы вельмі дапамагаюць пры ўзнікненні спантаннага жадання набыць нешта папулярнае, моднае. Бо вы з вашым дзіцем размаўляеце на адной мове, і ў такім выпадку лягчэй растлумачыць яму, якія могуць быць варыянты для здзяйснення пакупкі. Напрыклад, можна дамовіцца, што будзеце разам адкладаць грошы пэўны час, альбо купіце рэч на нейкае свята ў падарунак. Ваша пазіцыя павінна наглядна дэманстраваць: вось такія сумы нам спатрэбяцца, таму вось ад гэтага давядзецца адмовіцца.

І потым разам ужо ў працэсе абмеркавання можна прыняць сумеснае рашэнне, як дзейнічаць далей».

Стаўка на эмоцыі?

Між тым у наш час, калі раптам узнікае жаданне нешта набыць, людзі часта звяртаюцца ў банк па крэдыты. У такой магчымасці ёсць як прыхільнікі, так і тыя, хто катэгарычна супраць. Бо крэдыты бываюць розныя. І, як паказвае практыка, не заўсёды мэтазгодна імі карыстацца. Напрыклад, наў-
рад ці варта браць на сябе такога кшталту грашовыя абязацельствы, калі вам хочацца стаць уладальнікам самай новай мадэлі мабільнага тэлефона. Гэта неразумна з пункту гледжання фінансавых паводзін.

А вось іншая сітуацыя: сям'я хоча палепшыць жыллёвыя ўмовы. Муж і жонка падлічваюць свае заробкі і разумеюць, што купіць сваю кватэру ці пабудаваць дом за кошт зберажэнняў змогуць гадоў праз дваццаць. Тады, магчыма, і варта звярнуцца ў банк па крэдыт. Хоць працэнты там не малыя, але ж на карту пастаўлены камфорт сям'і, які адбіваецца і на здароўі, і на эмацыянальным фоне...

— Што датычыцца пакупак, тут я заўсёды кажу пра эмацыянальны складнік. Калі, скажам, вы купілі новы гаджэт і радуецеся яму пару дзён, а потым на змену эйфарыі прыходзіць сумная думка пра крэдыт, які трэба аддаваць, то ўзнікае пытанне: якую эмоцыю вы купілі? Я ў такім кантэксце магу прывесці свой прыклад — набыццё бесправаднога пыласоса. Ён з'явіўся ў мяне пяць гадоў таму, але да сённяшняга дня я шчаслівая. Купляць варта доўгатэрміновыя эмоцыі. Зразумела, кожная сітуацыя мае свае нюансы. Аднак крэдыт ці растэрміноўка неабходныя толькі ў тым выпадку, калі мы набываем вырашэнне нейкай сапраўднай праблемы, і яно радуе нас доўгі час, — дзеліцца думкамі Святлана Мурашка.

Фінансы ў кантэксце нашых патрэб і жаданняў — тэма сапраўды важная, якая патрабуе індывідуальнага і граматнага падыходу, каб дасягнуць вынікаў і застацца ў плюсе.

Алена ДРАПКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: У фантазіі няма меж, у фінансаў — ёсць

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Работа па вывучэннi генетычных рэсурсаў раслiн у Беларусi была пачата яшчэ ў 20-я гады мiнулага стагоддзя.

Грамадства

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Песнi на вершы Iвана Юркiна карыстаюцца вялiкай папулярнасцю. Хто не ведае гiмна гасцiннасцi нашай краiны — «Прыязджайце да нас у Беларусь»? Вось таму было цiкава пазнаёмiцца з музай паэта — яго жонкай Надзеяй Iванаўнай. 

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.