Вы тут

Наколькі дакладны ДНК-тэст на бацькоўства


Жанчыну зацікавіў чатырохгадовы хлопчык з імем Эрык. Ён жыў у дзіцячым доме ўжо некалькі гадоў. Маці яго памерла, родных знайсці не ўдалося.


«Але ж імя... Імя малога нейкае нямецкае!» — думала жанчына. Яна якраз прыехала з Германіі ў Беларусь з гуманітарнай місіяй у якасці перакладчыцы. Бачыла ўжо шмат розных дзяцей і чула шмат гісторый, але гісторыя гэтага хлопчыка з галавы не выходзіла. Перакладчыца вырашыла падрабязней даведацца пра маці Эрыка. Высветлілася, што яна працавала ў Германіі, прыехала ў Беларусь вырашаць нейкія справы з дакументамі і памерла. Так Эрык аказаўся ў дзіцячым доме. Перакладчыца стала шукаць людзей, якія ведалі яго маці ў Германіі. Праз два гады знайшоўся такі мужчына. Ён прыехаў у Беларусь,
каб зрабіць ДНК-тэст. Экспертыза пацвердзіла бацькоўства. Так маленькі Эрык перастаў быць сіратой і паехаў з татам дадому ў Германію... Такія гісторыі надоўга ўразаюцца ў памяць, лічыць намеснік начальніка аддзела генетычных экспертыз цэнтральнага апарата Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Мікалай КУЗУБ. Ён расказаў, наколькі дакладныя сучасныя ДНК-тэсты і чаму важна рэгістраваць сваіх дзяцей своечасова.

— Да 90-х гадоў навука толькі назапашвала веды ў гэтай галіне, каб дамагчыся больш-менш адэкватных ацэнак ва ўстанаўленні факта бацькоўства. Першая гучная экспертыза, праведзеная на постсавецкай прасторы, — гэта даследаванне астанкаў цара і яго сям'і ў Расіі. З гэтага моманту пачалося пераможнае шэсце генетыкі па нашых краінах. Напрыклад, да 90-х гадоў дакладнасць ДНК-аналізу на бацькоўства была 50–80 %, а цяпер — 99,9 %.

— Тэсты ў вашай лабараторыі лічацца самымі дакладнымі ў Беларусі. На экспертызу да вас можна трапіць па жаданні ці ёсць нейкія абмежаванні?

— Канешне, можна і па жаданні грамадзян. Праўда, часцей за ўсё мы працуем па рашэнні суда. Суд выносіць яго для ўстанаўлення біялагічнага бацькоўства і спагнання аліментаў з бацькі. Экспертыза даручаецца абласному ўпраўленню ці цэнтральнаму апарату дзяржаўнага камітэта, як правіла, па тэрытарыяльных прыкметах. Да нас, у цэнтральны апарат, паступаюць найбольш складаныя выпадкі. Але грамадзяне могуць звярнуцца і самастойна. Праўда, ёсць умовы: гэта павінна быць добраахвотна і аналізы трэба здаваць асабіста.

— Вы сказалі, што ў вашу ўстанову могуць накіроўваюць асабліва складаныя выпадкі...

— Так. Напрыклад, узнікае неабходнасць устанавіць мацярынства. Так здараецца, калі жанчына па якіх-небудзь абставінах нараджала дома ці ў іншым месцы. Гэта даволі простая працэдура. Увогуле, калі справа датычыцца жывых асоб, калі ёсць трыа: маці, бацька і дзіця, гэта адпрацаваная і адносна нескладаная маніпуляцыя. Але існуюць сітуацыі з цяжэйшымі задачамі, якія стаяць перад экспертамі. Самая распаўсюджаная — калі людзі на працягу нейкага часу жывуць у незарэгістраваным шлюбе і нават не задумваюцца аб наступствах. Раптам здараецца, што мужчына гіне ці знікае кудысьці і ўзнікае неабходнасць ўстанавіць факт бацькоўства пры адсутнасці прыжыццёвых узораў біяматэрыялу.

У такіх выпадках мы працуем з узорамі крыві ці гісталагічнага матэрыялу, калі было патолагаанатамічнае даследаванне памерлага або загінулага. Звычайна матэрыялы знаходзяцца ў архівах дзяржаўнага камітэта, альбо гэта могуць быць біялагічныя тканіны, узятыя пры жыцці з мэтай дыягностыкі, напрыклад, біяпсійныя матэрыялы. Мы можам іх атрымліваць па вызначэнні суда.

А ёсць сітуацыі, калі няма магчымасці атрымаць біялагічны матэрыял памерлых ці зніклых. Тады нам даводзіцца працаваць з нейкімі рэчамі гэтага чалавека. З потатлушчавых выдзяленняў вылучаем генетычныя характарыстыкі. Натуральна, мы параўноўваем атрыманыя матэрыялы з матэрыялам сваякоў памерлага, каб пераканацца, што гэта не выпадковы чалавек, толькі тады робім высновы. Генетыка як навука ўжо даволі добра развілася, заканамернасці перадачы генетычнай інфармацыі вядомыя, але такія складаныя тэсты робяцца толькі ў нас, у цэнтральным апараце. Гэта вельмі складанае даследаванне, і ў рамках грамадзянскіх спраў яны праводзяцца рэдка.

— Вы сказалі, што да вас нярэдка звяртаюцца жанчыны, якія жылі ў грамадзянскім шлюбе, і ў іх часта ўзнікаюць праблемы...

— Гэта датычыцца жанчын, якія пры нараджэнні дзіцяці ў такім шлюбе не рэгіструюць малое на бацьку. Пры расставанні з мужчынам, натуральна, узнікаюць праблемы з доказам бацькоўства. І добра, калі чалавек жывы, можна арганізаваць атрыманне біяматэрыялу. А калі мужчына памёр ці знік? Атрымліваць дапамогу па страце карміцеля можа дзіця, афіцыйна зарэгістраванае на такога чалавека. Таму спачатку трэба даказаць, што памерлы з'яўляецца бацькам малога. Устанавіць у такіх выпадках факт бацькоўства вельмі складана. Добрыя адносіны з мужчынам? Цудоўна. Мы толькі рады. Але зарэгіструйце дзіця на бацьку, бо потым эксперты не заўсёды змогуць вам дапамагчы, асабліва калі адсутнічае біяматэрыял.

— Ці магчымы памылкі пры ацэнцы генетычнай экспертызы?

— Аб'ектыўна кажучы, мы не можам гарантаваць дакладнасць матэрыялу, атрыманага з архіваў моргаў і бальніц. Упэўнена можна казаць пра тыя матэрыялы, якія атрымалі ў сваёй лабараторыі і рух якіх ад адбору экспертызы можам адсачыць. Але ўсе факты мы ўлічваем.

Бо бывае, што два мужчыны з падобнымі генетычнымі характарыстыкамі маглі зачаць адно дзіця. У нас такі быў выпадак. Жанчына спачатку прыходзіла з адным мужчынам, які па нашай схеме мог быць бацькам малога, а потым — з другім, які... таксама мог быць бацькам. Аказалася, гэтыя мужчыны былі блізняты, а вызначыць у такіх выпадках, хто ж з іх бацька, вельмі складана. Бывае, што самі людзі свядома здзяйсняюць падробкі. Напрыклад, у нас тут адзін мужчына абураўся: маўляў, як вы маглі пацвердзіць маё бацькоўства, я ж набраў у рот чужой сліны! Але ж, каб не памыліцца, мы робім не адзін тэст. Розныя гісторыі бываюць. Памятаю мужчыну, які прыйшоў рабіць экспертызу ў адносінах да дзіцяці сяброўкі. Мы зрабілі выснову, што гэта не яго дзіця. Але праз два дні пасля атрымання экспертызы ён зноў звярнуўся да нас. Аказваецца, яго сяброўка змяніла словы ў выдадзеным ёй экзэмпляры экспертызы, і атрымалася, што бацька яе малога — ён. Мы пераправерылі дакумент і раскрылі падман.

— Колькі каштуе такі тэст?

— Каля 300 рублёў, калі гэта стандартная тройка — маці, тата і дзіця. Тэсты праводзім па дзвюх крыніцах — аналізе крыві і сліны. Чым больш складанае даследаванне, тым даражэй гэта каштуе. Калі яго прызначае суд, то кошт практычна не змяняецца, але плаціць чалавек, прызначаны судом, — як правіла, гэта той, хто заявіў пра неабходнасць тэсту. Вынікі аналізу гатовы звычайна праз месяц.

— Гэта даволі даступна... А як жа барацьба паміж свякроўю і нявесткай? Ці звярталіся па экспертызу жанчыны, каб даведацца дакладна, што нявестка не падманула сына?

— Канешне, былі і неспакойныя бабулі, якія хацелі прынесці ўзоры біяматэрыялаў унука і свайго сына. Мы ў такіх выпадках адмаўляем у экспертызе, бо працуем з матэрыялам, добраахвотна прадстаўленым канкрэтнымі людзьмі са згоды ўсіх бакоў ці па рашэнні суда. Мы робім усё магчымае, каб дапамагчы людзям даведацца праўду, але толькі ў рамках закона.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Пераможнае шэсце генетыкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.