Вы тут

Андрэй Сідарэйка. Гульня


Дзяўчынка, якой на выгляд было не больш за чатыры гадкі, забегла ў краму першая.

— Маша, пачакай, — сказала жанчына, якая ўвайшла следам.

Гэта была Машына мама.

— А ты дагані! — засмяялася дзяўчынка і пабегла па краме далей.

У дворыку каля дома Маша вельмі любіла гуляць у даганялкі і жмуркі з мамай і татам, з такімі ж, як і сама, дзяўчынкамі і хлопчыкамі. Ёй вельмі падабалася кагосьці даганяць, хавацца і каб яе шукалі.

— Маша, ну я ж не паспяваю за табой! — крыкнула ёй услед мама. — А мне ж
яшчэ трэба што-небудзь выбраць.

Але дзяўчынка нібы і не чула. Яна забегла за прадуктовы стэлаж і стала чакаць, пакуль мама яе знойдзе. Чакаць давялося некалькі хвілін. Потым Маша пачула знаёмы мамін голас: «А, вось ты дзе!»

Малая засмяялася, зірнула на маму і зноў пабегла, каб схавацца за новым стэлажом. Такая гульня забаўляла яе.

Гэтым разам чакаць давялося крыху даўжэй. Маша ўжо хацела выйсці са схованкі, як мама яе ўбачыла.

«Нагулялася?» — запыталася ў дачкі.

«Не-а», — адказала Маша і зноў некуды пабегла.

Ахоўнікі яе не спынялі. Хтосьці з пакупнікоў назіраў за малой гарэзай са здзіўленнем, хтосьці неадабральна ківаў галавой. Маўляў, зусім дарослыя не пільнуюць сваіх дзяцей і дазваляюць ім такія вольнасці.

Дзяўчынка прастаяла за наступным стэлажом больш, чым за іншымі. Але мама не з'яўлялася, не было чуваць і яе голасу. Хутка малой надакучыла стаяць на адным месцы, і яна пачала разглядваць прадукты.

Вось ляжаць яе любімыя цукеркі «Алёнка», вафлі, печыва. Усё, што яна любіць. Дзяўчынка думала аб тым, каб хутчэй з'явілася мама і знайшла яе. Яна больш нікуды не пабяжыць, не стане хавацца. Яна папросіць маму ўзяць ёй цукеркі,
і яны разам пойдуць дадому.

Але знаёмы голас не клікаў яе — той, самы родны, да якога яна так прывыкла за сваё яшчэ невялікае жыццё. Вакол хадзілі чужыя людзі. Яны не звярталі на яе ніякай увагі. Маша не вытрымала і выбегла са сваёй схованкі, стала на віднае месца. Але і тут мама да яе не падышла. Умомант стала страшна. Нібы самі па сабе, па шчоках пабеглі слёзы. «Мама!» — закрычала дзяўчынка. Ніхто не адгукаўся. «Мама!» — зноў паклікала яна.

Але ў адказ была цішыня. Каля яе сталі прыпыняцца людзі.

— А чыя гэта малая? — прыязна запыталася бабуля. — Плакаць не трэба. Зараз мы адшукаем тваю маму.

Але дзяўчынка не чула старую. Яна пабегла туды, дзе, як ёй здавалася, знаходзіўся выхад з крамы. Можа, мама і сапраўды забылася пра яе і пайшла дадому? Больш за ўсё Маша баялася згубіцца і застацца ў гэтай краме назаўжды.

— Мама! — зноў закрычала яна.

— Маша! — раптам пачула ў адказ. Падняла вочы і ўбачыла маму.

— Вось ты дзе, — заклапочана сказала жанчына. — А я ўжо не ведала, дзе цябе шукаць. Да ахоўнікаў хацела звярнуцца, каб дапамаглі.

Маша забылася пра цукеркі і газіроўку. Пра ўсё, што хацела папрасіць купіць ёй. Яна думала толькі пра адно: каб не адстаць ад мамы і зноў не згубіцца. Таму моцна схапіла яе за руку.

— Пойдзем, — усміхнулася мама. — Толькі на касе разлічымся.

Маша не ведала, што любімыя цукеркі мама ўзяла і без яе напаміну. А замест газіроўкі ў кошыку ляжаў мультыфруктовы сок.

Прэв'ю: pikabu.ru

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.