Вы тут

Як працуе прапускны пункт на беларуска-польскай граніцы


Пункт пропуску «Брузгі» на беларуска-польскай граніцы сустракае цішынёй. З-за каранавіруса суседзі забаранілі ўезд. Тут няма звыклых легкавікоў. Актыўна рухаецца ў абодва бакі толькі паток фур, які, нягледзячы на ўсю сітуацыю ў Еўропе, практычна не зменшыўся. «Мяжу прайшоў досыць хутка», — адзначае беларускі дальнабойшчык Дзмітрый, які едзе з грузам з Бельгіі. Кіроўца не здзіўляецца таму, што пагранічнік на ўездзе ў краіну перш за ўсё пацікавіўся, як мужчына сябе адчувае. Гэта частка адпрацаванай працэдуры, з якой азнаёміліся і карэспандэнты БелТА.


«Калі чалавек вяртаецца з эпідэміялагічна небяспечнай краіны, то з ім працуем ужо мы», — расказвае памочнік урача-эпідэміёлага
Вераніка ПЫШКО.
Спецыялісты Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя дзяжураць у пункце пропуску кругласутачна.

Чалавека выводзяць з агульнай плыні пасажыраў, яму мераюць тэмпературу, бяруць мазкі на аналіз. Абавязкова запаўняецца спецыяльная анкета, дзе паведамляецца ўся неабходная кантактная інфармацыя.

Пры найменшых сімптомах, напрыклад павышанай тэмпературы, кашлі або нават скаргах на недамаганне тых, хто прыехаў з іншых краін, у пункт пропуску выклікаюць хуткую дапамогу, пацыента шпіталізуюць. Такія выпадкі былі нават у пункце пропуску «Брузгі». Напрыклад, у бальніцу даставілі аднаго з кіроўцаў вялікагруза. Цяпер мужчына на каранціне. Падыход да бяспекі ў пункце пропуску сур'ёзны. Пагранічнікі сустракаюць падарожнікаў у масках і пальчатках. На кожным пасту — дазатары з антысептыкамі. Апрацоўка рук — пасля кожнага пашпарта.

«Пагранічнікі працягваюць узмоцнены санітарна-каранцінны кантроль. Усе супрацоўнікі ў дастатковай колькасці забяспечаны неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны», — падкрэслівае афіцыйны прадстаўнік Гродзенскай пагранічнай групы Надзея МАСЕВІЧ.

У Гродзенскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя расказваюць, што колькасць людзей, агляд якіх праводзіцца, паменшылася ў апошнія дні ў некалькі разоў. Звязана гэта з закрыццём суседзямі граніц. За адны суткі ў чатырох пунктах пропуску (у «Брузгах» і «Бераставіцы» на польскім напрамку і ў «Прывалцы» і «Каменным Логу» на літоўскім) абследавана каля 550 чалавек, з іх 116 з эпідэміялагічна небяспечных краін. Большасць з іх — дальнабойшчыкі.

«Я сорак гадоў за рулём, а такога напружання ў Еўропе не згадаю. Радыё ўключыш і чуеш пра каранавірус. Крамы зачыненыя, ежу ў кавярні пры дарозе прадаюць толькі на вынас. А яшчэ некаторыя дзялкі ў крамках паднялі цэны», — кажа дальнабойшчык Алег.

Мужчыну, як і многіх яго калег, турбуе, як адаб'ецца каранавірус на іх сферы, ці будзе работа. У яго польскай фірме кажуць, што заказаў у найбліжэйшы час можа стаць менш. «З іншага боку, я зараз вязу абсталяванне для сельгастэхнікі з Германіі ў Расію. Ведаеце, вірус ці не, але сеяць трэба», — адзначае ён. А да таго, што на граніцы мераюць тэмпературу, ставіцца спакойна. Прафілактыка — важная справа. Праўда, мужчына з гумарам дзеліцца рэцэптам — тым, хто не за рулём, варта народныя метады выкарыстоўваць.

У «Брузгах» часова адкрылі і рух для пешаходаў. Часцей за ўсё гэтым карыстаюцца грамадзяне Беларусі, якія затрымаліся ў Еўропе, бо авія-, чыгуначныя і аўтобусныя рэйсы паміж краінамі адмянілі. Праўда, іх зусім няшмат — за некалькі гадзін граніцу перасекла крыху больш за дзесяць чалавек. Тых, хто вяртаўся з эпідэміялагічна небяспечных краін, дадаткова праверылі.

Дарэчы, лабараторна пацверджаны выпадак каранавіруса ў Гродзенскай вобласці быў выяўлены менавіта дзякуючы адладжанай рабоце на граніцы. Вірус знайшлі ў жанчыны, якая 9 сакавіка прыбыла з Італіі. Яе кантакты першага ўзроўню ізаляваны і знаходзяцца пад наглядам у інфекцыйнай бальніцы. Першыя вынікі даследаванняў адмоўныя. Усе гэтыя людзі адчуваюць сябе добра. Пад наглядам яны будуць знаходзіцца да кантрольных даследаванняў на 13—14-ы дзень.

Сяргей ГАЎРЫЦКІ

Фота Ленаіда ШЧАГЛОВА

Загаловак у газеце: Маскі, пальчаткі, антысептык і пытанне пра самаадчуванне

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.