Вы тут

“Традыцыя” — у спевах і музыцы


Новая для Беларусі ўстанова Сержука Доўгушава будзе знаёміць сучаснікаў з беларускай традыцыйнай культурай


Сяржук Доўгушаў вядомы ў нашай краіне як спявак, музыка й культурны дзяяч. Ён ахвотна ездзіць па беларускіх гарадах і мястэчках, знаёміць іх жыхароў з традыцыйнымі музінструментамі. Яго “Спеўныя сходы” збіраюць тых, хто любіць спяваць беларускія песні разам. А створаны ім гурт “Vuraj” вельмі ўдала эксперыментуе з аўтэнтычнымі спевамі: так з’яўляюцца новыя творы з адметным гучаннем.

Нядаўна Сяржук Доўгушаў заснаваў установу “Традыцыя”, стаў яе дырэктарам. Такую назву раней меў праект па развіцці, пашырэнні беларускай традыцыйнай музыкі. У ягонай плыні выпускаліся ўнікальныя кампакт-дыскі з фальклорам, праводзіліся канцэрты аўтэнтычных гуртоў, майстар-класы, “Спеўныя сходы”, этнаграфічныя экспедыцыі. Мы сустрэліся з Сержуком, каб дазнацца: якія задумы ў дырэктара новай установы?

— Сяржук, раскажыце крыху пра гурт “Vuraj”.

— “Vuraj” спалучае беларускі фальклор з элементамі розных стыляў сучаснай музыкі. Мы займаемся ў нейкім сэнсе кампазітарскай дзейнасцю, калі на аснове народнай кампазіцыі ствараецца свая, аўтарская. Але я лічу, што павінна захоўвацца й чыстае выкананне старадаўніх песень. Бо не для таго ж нашы продкі стараліся данесці іх вялізную энергію, непаўторнасць праз стагоддзі, каб яны былі зменены. Некаторыя артысты сёння імкнуцца пераняць манеру выканання ў аўтэнтычных спевакоў. Але ж і яны граюць не адзін у адзін так, як гралі раней. Нават у гэтым выпадку ў выкананне прыўносіцца штосьці сваё. Таму мне вельмі даспадобы мікс: сумесныя канцэрты “Vuraj” з аўтэнтычнымі гуртамі. Напрыклад, вясну мы сустракалі разам з гуртом “Варган” і капэлай “Колісьнія”. Нядаўна выйшаў альбом з песнямі “Vuraj”, а побач у ім — спевы народнага гурта “Бабіна лета”. І тут кожны можа выбіраць: слухаць нас ці аўтэнтычных выканаўцаў. Нашая задача, як паслядоўнікаў, перадаць наступнікам старадаўнія песні максімум у нязменным выглядзе. Да ўсяго мы імкнёмся знаёміць людзей з маладымі гуртамі, якія выконваюць беларускую традыцыйную музыку.

— Ведаю, што вы ездзіце па вёсках, каб знайсці аўтэнтычных спевакоў, запісаць іх спевы. Ужо выдадзена шмат кніжак з кампакт-дыскамі. Якія з іх у нядаўнім часе?

— Летась пабачыла свет кніга з дыскам бяседных песень. Упершыню ў ёй пададзены 34 бяседныя песні з розных куткоў Беларусі. Некаторыя з іх былі запісаны яшчэ ў 1962 годзе ў часе экспедыцый фалькларыстаў. У выданні расказваецца пра песенную традыцыю беларусаў, змешчаны фотаздымкі з сямейных архіваў спевакоў з народа. Запісы на дыску падзяляюцца на дзве часткі. Першая — песні й найгрышы з архіва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі. Другая — студыйныя запісы Таццяны Песнякевіч, зробленыя пераважна ў студыі Дома радыё ў Мінску. Прэзентацыі кнігі “Бяседныя песні” прайшлі ў Мінску, Гомелі, Любані, Салігорску. Сёлета ж яе аўтары збіраюцца прадставіць выданне ў Полацку й Гродне. Дыск у серыі — другі па ліку. Першы называўся “Мужчынская традыцыя”. Асобна выходзіў дыск “Музыка Полаччыны”. (Пра тое гл.: “Спеўныя традыцыі Полаччыны” — ГР, 26.10.2018. — Аўт.) Апошнім часам спрабую тлумачыць людзям: што такое мужчынская традыцыя спеваў. Гістарычна склалася, што мы пра яе мала ведаем. Жанчыны спявалі каляндарна-абрадавыя песні — а ў мужчын быў адмысловы рэпертуар: маладзецкія, касарскія, бяседныя, лірычныя, вайсковыя, жартоўныя, сацыяльныя… У нас выходзіў дыск вясельных традыцый.

— Сотні людзей, зацікаўленых беларускай музыкай, яднаюць сёння “Спеўныя сходы”. Чым яны прыцягальныя?

— “Спеўныя сходы” ў Беларусі праводзім раз на месяц. Пашыраем геаграфію. Цяпер яны дзейнічаюць не толькі ў Мінску, але і ў Гродне, Брэсце, Віцебску, Бабруйску, Маладзечне, Вілейцы. Што гэта за з’ява? Нашы “Спеўныя сходы” збіраюцца ў часе розных фэстаў, свят і проста на вуліцах: мы развучваем і спяваем беларускія песні разам з усімі ахвочымі. Спяваліся песні з Полацкага сшытка, рамансы Міхала Клеафаса Агінскага й Станіслава Манюшкі, песні першай і другой паловы XX стагоддзя, каляндарна-абрадавыя песні… Часцей — у Мінску. Можна сказаць: у гарадскіх умовах мы прэзентуем у нейкім сэнсе “вясковую традыцыю”. Але ж большасць жыхароў Мінска — былыя вяскоўцы, таму й шмат ахвотных паўдзельнічаць у майстар-класах, у традыцыйных танцах і спевах. Ініцыятыва займела шмат прыхільнікаў. А неяк я зрабіў беларускі “Спеўны сход”, калі вандраваў па Амерыцы: у студэнцкім мястэчку ў Афінах пры Універсітэце штата Агайа. Каб развучыць песні разам з амерыканцамі, я пісаў словы лацінскімі літарамі. Нам удалося вывучыць веснавую песню “Медуніца лугавая”. Наступным днём запрасілі мяне на канцэрт мясцовага гурта Вrother Hіll (музыкі граюць народную музыку рэгіёна Апалачы). Прадставілі слухачам у зале. А потым прапанавалі ўсім узяцца за рукі ды павесці карагод пад нашу песню “Медуніца лугавая”, якую мы разам развучылі напярэдадні. Мне было вельмі прыемна!

— Найбольш плённым на розныя імпрэзы, вы неяк сказалі, быў мінулы год. Ладзілася некалькі фэстаў. Што за яны?

— Летась у жніўні ў плыні праекта “Традыцыя” ўпершыню ў Беларусі прайшоў “Вяселле фэст” — гэта фэст вясельных традыцый. Гасцінна сустракала нас аграсядзіба “Стулы”, што ў вёсцы Стойлы Пружанскага раёна Брэстчыны. У свяце паўдзельнічала 14 гуртоў, пераважна палескія. Кожны з іх прэзентаваў свой вясельны абрад. Напрыклад, народны аўтэнтычны фальклорны гурт “Хатовічы” выканаў вясельны абрад “Застрыг”, які бытуе здаўна ў вёсцы Хатынічы Ганцавіцкага раёна Брэстчыны — адтуль і прыехаў гурт. Выступалі й беларускія музычныя капэлы. (Летась у жніўні ў сацсетцы twіtter мінскай крамы Symbal.by з’явіўся такі тэкст: “Сяржук Доўгушаў і Віялета Нікіцік зладзілі вяселле ў аўтэнтычным фармаце. — Рэд.)

У этнаэкспедыцыі

А ў верасні мы правялі першы Фэст традыцыйнай беларускай музыкі пад назвай “Раёк” — у дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея. Сабраліся музыкі з розных куткоў Беларусі. Былі аўтэнтычныя гурты з Палесся й не толькі ды больш сучасныя, сярод якіх і наш этна-гурт “Vuraj” (“Вурай”), гурты Relіkt, Harmonіc Style Project ды іншыя.

У лістападзе зладзілі першы Фэст яўрэйскай музыкі “Lіtvak Klezmer Fest”. Адным з арганізатараў свята быў і я. На ім гучала традыцыйная клезмерская музыка. Традыцыя клезмераў узнікла ва Усходняй Еўропе: як спалучэнне музыкі ўсіх народаў, якія жылі тут, а пасля пашырылася ў ЗША ды іншых краінах дзякуючы яўрэйскім эмігрантам. На фэст прыехалі таленавітыя музыкі з Аўстрыі, Германіі, ЗША, Польшчы, Украіны — больш за дзясятак выканаўцаў і бэндаў. Выступалі й годныя музыкі з Беларусі.

— Сяржук, а чаму раптам — зварот да яўрэйскай культуры?

— Жаданне зладзіць фэст яўрэйскай музыкі ўзнікла ў мяне пасля знаёмства з музыкам Зіслам Сляповічам (цяпер ён жыве ў Нью-Ёрку). Зісл вядомы выканаўца, даследчык і збіральнік яўрэйскіх песень у Беларусі. Ён кіраўнік гурта Lіtvakus. Дарэчы, упершыню ў сваіх вандроўках за мяжой я пачуў і слова “літвакі”: так даўней называлі тых яўрэяў, якія жылі на беларускіх і літоўскіх землях з часоў Вялікага княства Літоўскага. Спадчына літвакоў стваралася на працягу стагоддзяў і стала неад’емнай часткай гісторыі, культуры Беларусі, нашай традыцыі. Цікава, што некаторыя яўрэйскія песні раней гучалі на беларускай мове. Яўрэі й беларусы музычна й культурна паўплывалі адзін на аднаго. Можна сказаць, што цяпер музыка клезмераў вяртаецца ў Беларусь. У 2019‑м я пачаў ладзіць яўрэйскія “Спеўныя сходы”: Zіngeray. Падобныя імпрэзы прайшлі ў Мінску, Гомелі, Віцебску й Бабруйску.

На нашых “Спеўных сходах” гучалі яшчэ й польскія, шведскія песні. Мне спадабалася ўсіх паядноўваць. І ў хуткім часе я маю намер правесці татарскія “Спеўныя сходы” — у Іўі, на Гродзеншчыне, дзе татарская супольнасць найбольшая.

— Цяпер вы дырэктар новай установы. Якія планы маеце?

— Шмат рознага плануецца. Маем намер займацца адукацыйнай дзейнасцю. Хочам адкрыць школу традыцыйнага мастацтва, куды дзеці й дарослыя, незалежна ад узросту, змогуць прыходзіць і вучыцца іграць на колавай ліры, дудачках, дудзе, скрыпцы, жалейках ды іншых традыцыйных беларускіх інструментах. У школе павінны быць і розныя віды народных рамёстваў, што былі пашыраны па ўсёй Беларусі: выцінанка, ганчарства, ткацтва, разьба па дрэве ды іншыя. Наша школа ствараецца пакуль на прыватным узроўні. Але я за тое, каб такія школы працавалі й пры дзяржаўных навучальных установах. У іншых краінах яны створаны нават пры музычных акадэміях. Менавіта школ традыцыйнага мастацтва ў нас не хапае, а патрэба ў іх даўно адчуваецца. Калі мы на Каляды ездзілі ў Магілёў, каб правесці дзіцячы ранішнік, то бацькі прасілі адкрыць такую навучальную ўстанову. Яны ўжо сёння гатовыя вадзіць туды дзетак. Дарэчы, для дзяцей на зімовыя святы мы праводзілі ў розных гарадах музычныя беларускамоўныя “Калядныя ялінкі”. Я быў аўтарам, вядучым і ладзіў тыя імпрэзы — разам з мінскай тэатрам-студыяй “Варгін”, дзіцячым фальклорным гуртом “Калыханка” з Міханавіч, музыкамі з гурта “Vuraj”. Можна было пабачыць батлейку, патанцаваць пад жывую традыцыйную музыку, разам паспяваць святочныя песні, павадзіць карагоды, паўдзельнічаць у гульнях. Хутка мы пачнём ладзіць старажытныя святы Гуканне вясны, Купалле ды іншыя. Да таго ж маем намер выдаваць дзіцячыя кнігі беларускіх песень з нотамі для настаўнікаў: хай развучваюць іх з вучнямі на ўроках у музычных школах.

— Ведаю, і за мяжу вы ездзіце з асветніцкай мэтай. Што звычайна прэзентуеце ў замежжы?

Сяржук Доўгушаў і Віялета Нікіцік гуляюць вяселле

— Замежнікаў я таксама імкнуся знаёміць з традыцыйнай беларускай культурай, і тое ў іх выклікае вялікую цікаўнасць. Звычайна паказваю фільм пра спеўныя традыцыі Беларусі. Потым даю канцэрт, а напрыканцы мы развучваем з імі некалькі беларускіх песень і спяваем іх разам. А ў Чыкага і Нью-Ёрку я ўпершыню правёў свята “Жаніцьба Цярэшкі”. Гэта беларуская аўтэнтычная Калядная гульня, ладзіцца ж яна, каб пазнаёміць паміж сабой нежанатую моладзь. Гульня суправаджаецца народнымі абрадамі, песнямі ды танцамі. А сёлета ўжо там спрабавалі правесці “Жаніцьбу Цярэшкі” самастойна.

Як і на Бацькаўшчыне, я распавядаю пра традыцыйныя беларускія музычныя інструменты. Напрыклад, расказваю пра гісторыю з’яўлення ліры, паказваю, як на ёй граюць. Вельмі люблю драўляныя духавыя музінструменты і збіраю іх. Граю на сапілках, жалейках, розных дудачках, ліры, акарыне-рыбе… У маёй калекцыі ёсць фуяра — традыцыйны славацкі драўляны духавы інструмент, армянскі дудук, японская флейта, нават флейта племені Наваха. На Байкале мне падаравалі сапраўдны шаманскі бубен. Дарэчы, хоць называюць мяне мульціінструменталістам, але ж па адукацыі я канцэртны спявак. Закончыў Беларускую дзяржаўную Акадэмію музыкі, 8 гадоў быў салістам у Белдзяржфілармоніі.

Гутарыла Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».