Вы тут

Што робiцца для бяспечнай дзейнасцi АЭС


Стрэс-тэсты ЕNSRЕG, мабiльны дызель-генератар i аварыйныя сцэнарыi

Выпрабаваннi атамнай станцыi на гатоўнасць да завозу ядзернага палiва i стан сейсмалагiчнай i экалагiчнай сiтуацыi каля АЭС, прытрымлiванне рэкамендацый МАГАТЭ i выкананне Нацыянальнага плана дзеянняў па вынiках стрэс-тэстаў еўрапейскiх рэгулятараў па ядзернай бяспецы — гэтыя i iншыя пытаннi, звязаныя з мiжнародным супрацоўнiцтвам падчас будаўнiцтва Беларускай АЭС, за круглым сталом абмеркавалi спецыялiсты.


Агульная магутнасць беларускай энергасiстэмы з улiкам блока станцый незалежных вытворцаў энергii — 10 098 МВт. З пачаткам работы атамнай станцыi да гэтай колькасцi дадасца магутнасць двух рэактараў па 1200 МВт. Праект Беларускай АЭС знаходзiцца ў фiнальнай стадыi будаўнiцтва. У краiне створаны тысячы кiламетраў лiнiй электраперадачы высокага напружання, новая сучасная падстанцыя ў Паставах, мадэрнiзаваны чатыры электрычныя падстанцыi.

Калi краiна збiраецца будаваць першую атамную станцыю, яна павiнна стварыць адпаведную iнфраструктуру не толькi ў галiне камунiкацый, але i па кiрунках, якiя вызначаны дакументам «Вехi», створаным спецыяльна для краiн — навiчкоў у атамнай галiне, сведчаць спецыялiсты.

— Тэхнiчнае супрацоўнiцтва Беларусi з МАГАТЭ ў сферы ядзернай энергетыкi цягнецца з 2007 года. У 2012-м мiсiя Мiжнароднага агенцтва ацэньвала нашу гатоўнасць яшчэ толькi да этапу будаўнiцтва. Нядаўна мiсiя ўжо разглядала iнфраструктуру на этапе гатоўнасцi да ўводу станцыi ў эксплуатацыю, — расказала Лiлiя ДУЛIНЕЦ, намеснiк дырэктара Дэпартамента па ядзернай энергетыцы Мiнэнерга.

Па вынiках ацэнкi развiцця i гатоўнасцi ўсёй iнфраструктуры краiны да пуску i эксплуатацыi АЭС для Беларусi выпрацавана пяць станоўчых практык, якiя будуць рэкамендаваны iншым краiнам, а таксама шэсць прапаноў i сем рэкамендацый. Спецыялiсты МАГАТЭ падрыхтавалi па iх праект папярэдняй справаздачы. 27 сакавiка дакументы накiруюць беларускаму боку для каментарыяў i ўдакладненняў, якiя не павiнны закранаць факталагiчную частку (тэхналагiчны змест). У канцы красавiка каментарыi беларускiх экспертаў будуць адасланы назад, i ўжо ў трэцiм квартале 2020-га з'явiцца канчатковая версiя справаздачы, якую плануюць апублiкаваць у адкрытым доступе.

— Для Беларусi МАГАТЭ — гэта не проста грозны рэгулятар, а скарбнiца сусветнага вопыту i ведаў у ядзернай сферы. Каб увабраць яго, краiна i запрашае ацэначныя мiсii i рэалiзоўвае ўсе iх рэкамендацыi. Прынцып «бяспека вышэйшая за ўсё» — абсалютны прыярытэт пры рэалiзацыi ядзернай энергетычнай праграмы, — падкрэслiў Павел БЕРТАШ, кансультант Дэпартамента па ядзернай энергетыцы Мiнэнерга.

Вынiкi замераў «нулявога фону», праведзеных на АЭС для ацэнкi радыеэкалагiчнага ўздзеяння станцыi на наваколле, а таксама даследаванняў раслiн, глебы, вады i агароднiны на адлегласцi ад станцыi вельмi важныя, упэўнены спецыялiсты.

Параўноўваючы звесткi, якiя будуць тут атрымлiваць надалей, з вынiкамi назiранняў у перадэксплуатацыйны перыяд, можна будзе казаць, што тэхналогiя бяспечная i забяспечвае надзейную эксплуатацыю атамнай энергетыкi ў гэтым рэгiёне. I яна накiравана на вышэйшы ўзровень бяспекi, у тым лiку i для наступных пакаленняў, упэўнены расiйскiя эксперты.

Пасля запуску даследаваннi працягнуць. Любыя змены ў тэхналогii (пабудова новага блока, новае палiва) павiнны быць нагодай для правядзення новых замераў, каб пацвердзiць, што радыеэкалагiчная сiтуацыя не змянiлася, а тэхналогiя была абрана правiльная.

— Такiя замеры служаць iндыкатарам нязменнасцi сiтуацыi цягам усяго тэрмiну эксплуатацыi АЭС, — падкрэслiў Аляксей ЯКIДЗIН, дырэктар «Агенцтва экалагiчнай бяспекi «Альфа-Х91». — На падставе сабранага матэрыялу, дарэчы, ужо выпушчаны буклеты, дзе проста i падрабязна апiсваецца, якiя аб'екты даследавання i чаму ўключаны ў кантроль.

Землятрусу i блэкаўту на АЭС не баяцца

Цэнтр геафiзiчнага манiторынгу НАН даследаваў сейсмiчную з'яву 1908 года — так званы Гудагайскi землятрус, пра iстотнасць якога дагэтуль iдуць спрэчкi. Цэнтр выканаў сур'ёзную навуковую работу, у якой паказаў, што гэта за сейсмiчная з'ява, разлiчыў кансерватыўным метадам паказчыкi, магнiтуду, лiчбу па шкале MSK-64 i iншыя, расказаў Алег СОБАЛЕЎ, кансультант Дзяржатамнагляду:

— Вынiкi даследавання перададзены АЭС, каб можна было адкарэкцiраваць каталог сейсмiчных з'яў месца размяшчэння станцыi i iншыя дакументы, дзе фiгуруюць раздзелы па сейсмiцы. Аднак нельга сцвярджаць, што трэба па вынiках гэтага даследавання пераглядаць праектныя асновы АЭС. Яна спраектавана, каб вытрымлiваць землятрусы да сямi балаў.

Другое завершанае мерапрыемства — стварэнне на АЭС лiнii i пункта стацыянарнага падключэння мабiльнага дызель-генератара для першага энергаблока. Тое ж будзе зроблена i пад другi энергаблок. Задача дызель-генератара, якi ўжо знаходзiцца на пляцоўцы будаўнiцтва станцыi, — забяспечыць станцыю энергiяй падчас блэкаўту, калi яна будзе цалкам абясточана.

Яшчэ адзiн рэалiзаваны пункт Нацыянальнага плана — праграма работ па распрацоўцы i ўкараненнi сiмптомна-арыентаваных працэдур аварыйнага рэагавання. Гэты дакумент прайшоў верыфiкацыю, а супрацоўнiкi станцыi — навучанне. Па меры росту вопыту эксплуатацыi АЭС дакумент таксама будзе ўдасканальвацца. Усё, што звязана з выкананнем Нацыянальнага плана, публiкуецца на сайце Дзяржатамнагляду, дадаў Алег Собалеў.

Трэба быць гатовымi да ўсяго

Энергiя ад АЭС будзе паступаць у энергасiстэму краiны праз сем лiнiй электраперадачы. На станцыi праводзiцца шэраг мерапрыемстваў, якiя забяспечваюць рэзерваванне i надзейнасць работы энергаблокаў станцыi, расказаў Уладзiмiр БАБРОЎ, першы намеснiк генеральнага дырэктара, галоўны iнжынер «Белэнерга»:

— Мы прымаем шмат мер па выраўноўваннi графiкаў начной нагрузкi шляхам укаранення на ЦЭЦ i кацельнях электракатлоў. Створаны электракатлы магутнасцю 80 МВт на Гомельскай ЦЭЦ-2. Летась уведзена цеплакрынiца з электракатламi на 200 МВт у Касцюковiчах. Завяршаецца праект па ўстаноўцы электракатлоў на мiнi-ЦЭЦ «Паўночная» ў Гродне. У канцы сакавiка з выпрабаваннямi ў красавiку плануецца ўсталяваць электракатлы на мiнскiх кацельнях ЦЭЦ-3, ЦЭЦ-2, ЦЭЦ-4. Магутнасць гэтых прылад будзе большая за 900 МВт, што дазволiць ноччу разгрузiць нашы энергетычныя магутнасцi, якiя працуюць на арганiчным палiве.

17 лютага пачалася праверка гатоўнасцi АЭС да прыняцця ядзернага палiва, якая скончылася 17 сакавiка. Адно з мерапрыемстваў, якiя рэалiзуюцца пры гэтым, — перагрузка iмiтатараў ядзернага палiва. Даты яго завозу пачнуць планаваць, калi ўсе структуры будуць на 100 % упэўнены, што ўсё будзе зроблена бяспечна, сцвярджаюць эксперты. Трэба разумець, што гатоўнасць АЭС прыняць у сябе свежае ядзернае палiва — цэлы комплекс мерапрыемстваў — ад месца, дзе яно будзе змяшчацца да пагружэння ў рэактар, i забеспячэння фiзiчнай абароны да вытрымлiвання гарантый аб нераспаўсюджваннi ядзернай зброi i гатоўнасцi беларускай чыгункi перавозiць ядзернае палiва. Хоць усё будзе рабiцца максiмальна бяспечна, але трэба быць гатовымi да ўсяго, у тым лiку i да патэнцыйнага рэагавання, калi нешта пойдзе не так падчас транспарцiроўкi палiва.

Iрына СIДАРОК

Прэв'ю: mlyn.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».