Вы тут

Прэзідэнт: Самая страшная эпідэмія ў свеце — гэта паніка


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду, каб абмеркаваць эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне.


Сёння на нарадзе ў Прэзідэнта прысутнічалі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка, Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі Андрэй Раўкоў, міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская, спецыялісты Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі і РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

Асаблівы акцэнт кіраўнік дзяржавы зрабіў на сістэмных мерах па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй COVID-19.

«Мы можам пацярпець больш ад панікі, чым ад самога віруса»

«Абмеркаваць эпідэміялагічную абстаноўку асабліва важна ва ўмовах каранавіруснага псіхозу», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

«Я цалкам упэўнены, што мы можам пацярпець больш ад панікі, чым ад самога віруса, — патлумачыў сваю пазіцыю ў гэтай сітуацыі беларускі лідар. — Гэта мяне больш за ўсё хвалюе. Вядома, назіраючы за тым, што адбываецца, а цывілізаваны свет ўвогуле нібы звар’яцеў... Ужо і палітыкі пачнаюць парады даваць. Выкарыстоўваюць у сваіх інтарэсах гэтыя працэсы. У залежнасці ад таго, што ў якой канкрэтнай краіне адбываецца». 

Пры гэтым ёсць ў гэтай сітуацыі і несуменная карысць, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Яна ў тым, што мабілізавалася ўся сістэма аховы здароўя, асабліва эпідэміёлагі і вірусолагі, пра якіх да гэтага рэдка згадвалі.

«Добра, што мы захавалі гэту сістэму з савецкіх часоў і не страцілі вас, — звярнуўся да прысутных спецыялістаў Прэзідэнт. — Гэты псіхоз прымусіў нас страпянуцца і ў гэтым кірунку папрацаваць». 

«Першым з гэтым вірусам сутыкнуўся Кітай. А потым і ўвесь азіяцкі рэгіён. Пры гэтым кітайцам удалося справіцца з гэтай навалай. І яны ўжо дзеляцца сваім паспяховым вопытам з іншымі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Цяпер Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла пандэмію. На карце не засталося практычна ніводнай краіны, у якой не было б заражаных». 

Пры гэтым беларускі лідар заўважыў, што гэта не мае вялікага значэння для нашай краіны, якая як працавала, так і працуе, павялічваючы намаганні па барацьбе з вірусам увогуле, не толькі з COVID-19. 

«Зараз у свеце штучна створаная сітуацыя, калі чалавек не можа патрапіць дадому»

На карце не засталося практычна ніводнай краіны, у якой не было б інфікаваных. Прэзідэнт са шкадаваннем адзначыў, што ў некаторых дзяржавах сотні людзей гінуць цягам сутак, у асноўным гэта старыя і людзі з цяжкімі хранічнымі хваробамі. Многія краіны закрылі сваю тэрыторыю для замежнікаў.

«Я яшчэ раз хачу паўтарыць, і гэта ўжо пацвярджаецца: глупства абсалютнае і несусветнае, — пракаментаваў сітуацыю кіраўінк дзяржавы. — Гэта ніяк не абараняе Расію, тым больш у сітуацыі, калі межы закрываюць выбарачна. Недзе закрылі, недзе адкрылі. Памятаеце, як з мяжой з Кітаем на Далёкім Усходзе было? Закрылі, праз трое сутак пачаўся дэфіцыт прадуктаў з Кітая. У выніку прыадкрылі. Вакханалія цэлая! Але гэта іх справа. Людзі ацэняць усё, што адбываецца ў нас з закрыццём межаў». 

«Так зрабілі і пяць дзяржаў — нашых суседзяў. І зараз у свеце штучна створаная сітуацыя, калі чалавек не можа патрапіць дадому. Вазьміце расіян, якія сёння ў Польшчы. Яны не могуць выехаць у Расію, — дадаў беларускі лідар. — Нам трэба прадпрыняць усе намаганні, каб нашы грамадзяне змаглі вярнуцца ў самы бліжэйшы час. Яны павінны быць дома. У бяспецы». 

Прэзідэнт даў персанальнае даручэнне кіраўніку сваёй Адміністрацыі дапамагчы расіянам, якія не могуць выехаць з Польшчы, дабрацца дадому.

Ён таксама папрасіў даць вычарпальную інфармацыю на наступных пытаннях.

  • Якая абстаноўка і якія прагнозы па каранавірусе ў бліжэйшыя дні і тыдні?
  • Якія меры прымаюцца для папярэджвання новых выпадкаў завозу ў Беларусь і распаўсюджвання ў нас гэтай інфекцыі? Наколькі яны эфектыўныя? Якія заходы трэба яшчэ зрабіць? І як растлумачваюцца насельніцтву правілы паводзін у гэты перыяд?
  • Ці ахоплены замежныя грамадзяне, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, паўнавартасным медыцынскім назіраннем і лячэннем, як гэта было са студэнтам з Ірана, які ўжо выпісаўся?
  • Ці хапае месцаў у клініках і медыцынскіх кадраў? Ці забяспечаны персанал усім неабходным? Ці ёсць магчымасць матэрыяльнага заахвочвання за нялёгкую, у тым ліку, няўрочную працу?

«Каранцін не дае плёну»

Прэзідэнт упэўнены, і, па яго словах, гэта пацвярджаюць кітайскія спецыялісты: каранцін не дае плёну. Больш карысці прыносіць маніторынг атачэння хворага чалавека.

«Пры гэтым я хачу сказаць, па-мойму, такога пытання ў краіне няма і не будзе. Што ў Італіі ды і ва ўсёй Еўропе? Чалавек захварэў — наяўныя сімптомы ёсць, а людзі ж несвоечасова звяртаюцца, ходзяць па вуліцах. У выпадках сярэднецяжкай формы хваробы іх бяруць лячыць. Там смяротнасць сярод людзей, якія старэйшыя за 80 гадоў. У Італіі паміраюць у асноўым старыя, якім своечасова не аказалі дапамогу, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — У нас зусім не так. Усе, хто быў за мяжой — на медыцынскім кантролі. Пры самым малым падазрэнні тэсціруем, калі лабараторна пацверджавана, адразу ўсе кантакты знаходзім і ізалюем».

«Цяпер трэба тактыку мяняць, сыходзячы з вопыту тых краін, якія больш працуюць з каранавірусам», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пятае пытанне, якое Прэзідэнт паставіў перад удзельнікамі нарады, датычылася статыстыкі, звязанай з захворваннем на пнеўманію.

«У канцы зімы — пачатку вясны ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, ідзе пад’ём сезонных інфекцый, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Размова ў дадзеным выпадку не пра каранавірус, а пра прывычныя для нас вострыя рэспіраторныя інфекцыі, уключаючы грып. Самае небяспечнае, што можа адбыцца, — пнеўманія. У мяне на стале параўнальная леташняя і сёлетняя статыстыка па колькасці смяротных выпадкаў ад пнеўманіі. Факт: за 2019 год у студзені-лютым было 196 смерцяў ад пнеўманіі, за студзень-люты гэтага года, пры такім псіхозе і іншых хвробах, у нас загінулі 138. Пры гэтым, асабліва падкрэсліваю, ніводнай смерці пры пацверджанай каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі нашай краіны сёння няма».

Кіраўнік дзяржавы папрасіў далажыць яму дакладна і па сутнасці, як будзе працаваць сістэма аховы здароўя, каб захварэлых было як мага менш і ўсе яны выздаравелі.

«Ад любой інфекцыі, ад любой, не толькі — каранавіруснай!» — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.

«Я не за тое, каб спрашчаць», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы вярнуўся да выпадку з увядзененм каранціна ў БНТУ і выказаўся супраць такіх метадаў. 

«Я катэгарычна забараніў без майго ведама нешта закрываць, нешта адмяняць, — паведаміў кіраўнік дзяржавы. — Вы павінны лячыць людзей. Таму ніякіх пераносаў, напрыклад, канікул у школе. Баяцца бацькі — няхай не пускаюць. Але, на шчасце, сярод дзяцей няма хворых».

Прэзідэнт заўважыў, што дзеці, якія могуць пераносіць вірус, у выпадку датэрміновых канікул вымушана паедуць да сваіх бабуль і дзядуль, чым падвергнуць іх рызыцы інфікавання. Што для старых вельмі небяспечна.

Не трэба рабіць залішніх дзеянняў — галоўны пасыл кіраўніка дзяржавы. Гэта тычыцца і закрыцця межаў.

«Але кантроль на мяжы мы паслабляць не павінны, —заўважыў Прэзідэнт. — Мне дзяржсакратар штораніцы дакладвае аб абстаноўцы на мяжы. Вялізная колькасць расіян перасоўваюцца праз нашу заходнюю мяжу ў Расію. Ні ў якім выпадку не кранайце! Яны вязуць грузы для Расіі, няхай вязуць. Мы забяспечваем тры калідоры — Украіна, Польша, Прыбалтыка — па якіх фуры перасякаюць нашу краіну. Трэба ім заправіцца — мы вызначаем пункты, дзе яны будуць запраўляцца, адпачываць і харчавацца».

«Рэспіратары нам спатрэбяцца заўсёды, не толькі з каранавірусам». 

Прэзідэнт ухваліў ініцыятыву Міністэрства аховы здароўя па размежаванні патокаў рабочых і студэнтаў у грамадскім транспарце. Падтрымаў ён і настрой у грамадстве на самаізаляцыю пры любых прыкметах рэспіраторных інфекцый. 

«Людям з прыкметамі інфекцыі трэба раіць заставацца дома, і асабліва — старым. Трэба так мабілізаваць нашы сацыяльныя службы, каб дапамагалі тым, каму дзеці дапамагчы не могуць. А такіх хапае, — сказаў Прэзідэнт. — Таму трэба старымі зараз апекавацца. Вось гэта для нас вельмі, вельмі важна — каб яны не пацярпелі».

Аляксандр Лукашэнка папрасіў экспертаў паведаміць яму, што яшчэ трэба зрабіць, каб актывізаваць медыцынскую сістэму ў супрацьстаянні з інфекцыямі, у тым ліку з новай. 

Па словах Прэзідэнта, цяпер у краіне залішак медыцынскіх масак, дастаткова ахоўных медыцынскіх касцюмаў. Але рэспіратараў можа не хапіць. І гэта абурыла кіраўніка дзяржавы. Ён даручыў за тыдзень наладзіць у Беларусі вытворчасць рэспіратараў.

«Хвалімся ўсюды, што мы — ІТ-краіна, а няшчасныя гэтыя «наморднікі» не можам вырабіць! Каб за тыдзень урад прыняў адпаведнае рашэнне! Калі няма станка — не праблема яго набыць. Дрэнна, што ў Беларусі іх няма. Яны нам спатрэбяцца заўсёды, не толькі з каранавірусам». 

Аляксандр Лукашэнка адмыслова спытаў вірусолагаў і эпідэміёлагаў, якой яны бачаць існуючую праблему з COVID-19. Першапачаткова ён нават не хацеў запрашаць да размовы міністра аховы здароўя, бо зараз кіраўніка дзяржавы цікавіць не столькі праца міністэрства, колькі меркаванне экспертаў. 

«Вы павінны мець свой пункт погляду», — абазначыў ён фармат гутаркі. І заклікаў спецыялістаў адказваць на ўсе пытанні журналістаў шчыра і падрабязна.


Па інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, з улікам вастрыні развіцця эпідэміялагічнай сітуацыі па каранавіруснай інфекцыі, якая захоўваецца ў свеце, у нашай краіне прымаюцца сістэмныя меры, накіраваныя на папярэджанне і распаўсюд дадзенай інфекцыі.

На 17 сакавіка 2020 года ўсяго зарэгістраваны 51 выпадак лабараторнага пацвярджэння COVID-19 у Беларусі. Большая частка пацыентаў знаходзяцца без прыкмет захворвання, шэсць пацыентаў выпісаныя.

З 51 выпадку 17 з’яўляюцца завазнымі, астатнія 34 выпадкі былі вызначаныя ў выніку абследавання і медыцынскага назірання кантактных асоб. Своечасовая іх ізаляцыя дазволіла папярэдзіць распаўсюд інфекцыі.

За ўвесь перыяд правядзення эпідэміялагічных расследаванняў былі вызначаны і шпіталізаваны 962 пацыенты — гэты ўсе інфікаваныя і тыя, хто меў цесны кантакт з імі.

У рамках санітарнага кантролю на межах Беларусі на 17 сакавіка былі вызначаныя 242 чалавекі з сімптомамі вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі, якія знаходзіліся раней у краінах з высокім узроўнем захворвальнасці COVID-19: у КНР — 97 чалавек, у Італіі, Паўднёвай Карэі, Іране — 145 чалавек. Дадзеныя асобы шпіталізаваныя ў інфекцыйныя стацыянары, ім аказаная неабходная медыцынская дапамога, праведзены лабараторныя даследаванні. Наяўнасць каранавіруса не пацвердзілася.

Міністэрства аховы здароўя інфармуе, што пад актыўнае медыцынскае назіранне трапляюць усе грамадзяне, якія прыбылі з краін, дзе нябяспечная сітуацыя з COVID-19. На 17 сакавіка працягваецца медыцынскае назіранне за 1960 грамадзянамі. За 2693 асобамі двухтыднёвае медыцынскае назіранне завершана, яны здаровыя.

Пры гэтым медыкі бесперапынна назіраюць за ўсімі студэнтамі, якія вяртаюцца з КНР, Італіі, Ірана, Паўднёвай Карэі. Таксама арганізавана назіранне за рабочымі, якія прыбываюць з КНР.

На 17 сакавіка працягваецца медыцынскае назіранне за амаль трыма сотнямі работнікамі Беларускай Нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі і Адміністрацыі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Назіранне за яшчэ амаль чатырма сотнямі работнікамі гэтых арганізацый завершана, яны здаровыя.

Міністэрства аховы здароўя пашырыла пералік краін з дрэннай эпідэміялагічнай сітуацыяй, уключыла ў яго таксама Францыю, Германію, Іспанію, Польшчу і Чэхію.

Загадам Міністэрства аховы здароўя перапрафіляваны ложкавы фонд арганізацый аховы здароўя ва ўсіх рэгіёнах краіны з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі, якая складваецца. Распрацаваны план далейшага яго перапрафілявання ў залежнасці ад колькасці хворых. Праведзена рэвізія медыцынскага абсталявання аддзяленняў анестезіялогіі і рэанімацыі, створаны неабходны запас лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў. Засцерагальных касцюмаў і сродкаў індывідуальнай абароны дастаткова, запэўнівае ведамства.

Маюцца праблемы з папаўненнем запасаў некаторых сродкаў абароны медперсанала (рэспіратары, ахоўныя акуляры) у сувязі з уведзеным шэрагам краін абмежавання экспарту, паведамляе міністэрства. Прапрацоўваюцца альтэрнатыўныя варыянты паставак.

Зменена арганізацыя работы амбулаторна-паліклінічных устаноў аховы здароўя і дзяцей. Прыняты меры па максімальным аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам дома.

Міністэрства аховы здароўя запэўнівае, што для абследавання ўсіх належных асоб на інфекцыю COVID-19 на сённяшні дзень маецца дастатковая колькасць айчынных тэст-сітэм. Дадаткова плануецца атрыманне больш за тысячу набораў тэст-сітэм для экспрэс-дыягностыкі ў якасці гуманітарнай дапамогі ад Кітайскай Народнай Рэспублікі.

У інтэрнеце размешчана інфармацыя Міністэрства аховы здароўя па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі і рэкамендацыі для насельніцтва ў выпадку добраахвотнай ізаляцыі.

Міністэрства рэкамендавала абмежаванне правядзення масавых мерапрыемстваў і выяздаў за мяжу.

Вызначаныя кантынгенты медыцынскіх работнікаў і памеры надбавак пры аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19 і пры правядзенні супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў сярод кантактных асоб.

Забяспечана штодзённае інфармаванне насельніцтва праз усе магчымыя каналы сродкаў масавай інфармацыі аб сітуацыі ў краіне, запэўнівае міністэрства.

Для ўдасканалення супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў Міністэрства аховы здароўя прапануе шэраг мер.

  • Арганізаваць транзітныя калідоры для вялікагрузнага транспарту і расійскіх грамадзян, якія следуюць транзітам праз нашу краіну, з дакладным вызначэннем месцаў, дзе тыя могуць спыняцца для запраўкі, адпачынку і харчавання, з арганізацыяй у дадзеных месцах санітарна-кантрольных пунктаў для назірання і наступнай дэзінфекцыі.
  • Скараціць інтэрвалы руху грамадскага транспарту ў гадзіны пік.
  • Змясціць час пачатку заняткаў у ВНУ на больш позні час для раздзялення патокаў пасажыраў, якія едуць на работу і вучобу.
  • Актывізаваць работу сацыяльных службаў, накіраваную на задавальненне патрэб пажылых людзей і інвалідаў без выхаду з дому.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?