У фенаменалагічным свеце існавання з’яў і рэчаў, згодна Арыстоцелю, кожная праява мае свой топас, месца, да якога яна імкнецца, але дасягнуць не можа. Так і мастацкая класіка таленавітых творцаў мае свой неабсяжны гарызонт інтэрпрэтацый. Кожны класічны твор у нечым — вечная таямніца ў магчымасці раскрыцця яго зместу. Гэта з поўным правам можна сцвярджаць і адносна ўжо добра знаёмай, здавалася б, творчасці Францішка Багушэвіча, яго знакамітай паэмы «Кепска будзе».
Як зазначае айчынны літаратуразнавец У. Казбярук у акадэмічным выданні двухтомнай «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры», вялікай заслугай Багушэвіча было пераадоленне абмежаванасці нацыянальнай традыцыі ў пастаноўцы грамадскіх і маральных праблем. У ананімных гутарках нават сацыяльныя пытанні асвятляліся пераважна ў бытавым плане, без належнай гістарычнай перспектывы. Сутнасць жа і змест паэзіі Багушэвіча складаюць не толькі рэальныя з’явы жыцця, але і пытанні палітычнаграмадскага, сацыяльнага-маральнага і эстэтычна-філасофскага парадку, пастаўленыя ў шырокі кантэкст гістарычнай і быційнай перспектывы лёсу народа.
Творчасць Ф. Багушэвіча вылучаецца глыбокім пранікненнем аўтара ў панарамнае гістарычнае, эстэтычна-аксіялагічнае поле асэнсавання жыццёвага вопыту свайго народа, у псіхалогію ўзаемаадносін. Аўтар паказаў увесь драматызм пошуку беларусамі свайго месца ў жыцці цывілізаванага грамадства і свайго шчасця ў свеце, адлюстраваў пакутлівыя роздумы над лёсам сваёй радзімы. Для мастацкаідэйнага паказу і абгрунтавання поглядаў на свет і гістарычна-грамадскія ўмовы жыцця паэт найперш абапіраўся на слаўную і разам з тым шматпакутную гісторыю свайго народа. Вяршыняй паэтычнай Сімвалічны код, альбо Новае прачытанне паэмы «Кепска будзе» творчасці Ф. Багушэвіча можна лічыць яго вершаваную паэму «Кепска будзе».
У назве паэмы — вялізны сімвалічна-вобразны і сэнсавы патэнцыял сацыяльна-грамадскага і гісторыка-палітычнага характару нацыянальнай ідэнтыфікацыі. І гэта проста і даходліва раскрываецца ў сюжэце паэмы, пачынаючы з яе першых радкоў:
Як я толькі нарадзіўся —
Бацька сказаў: «Кепска будзе!»
Ну дык жа не памыліўся:
Здзекавалісь бог і людзе
А чым кепска? — бо на марцы
Я радзіўся — (пост праўдзівы,
Цяжкі месяц гаспадарцы,
Як пражыў хто, — будзе жывы)
Герою твора, немаўляці, наканавана нарадзіцца ў самы цяжкі сезонны час у жыцці сялянскай гаспадаркі — у сакавіку (марцы), калі ў большасці ўжо не было харчовых прадуктаў, зерня з дробных надзелаў, атрыманых падчас рэформы 1861 года.
Разам з тым у назве твора, згодна з яго жанравай паэтыкай эпічнай паэмы, у падтэкст закладзены яшчэ адзін глыбінны пласт сэнсавых сацыяльна-грамадскіх і палітычных фактаў і алюзій, звязаных як з асабістым жыццём паэта, так і з падзеямі агульнагістарычнага характару, якія мелі месца на беларускіх землях у ХІХ стагоддзі.
Вельмі выразнай сімвалічнай адзнакай твора выступае ў паэме акцэнтаванасць аўтара менавіта на месяцы нараджэння хлопчыка, — сакавіку, «марцы». У чым тут справа? Нам думаецца, што ў гэтым слове закладзены паэтыка-гістарычны ключ-шыфр для больш глыбіннага сэнсавага разумення сутнасці ідэйна-палітычных і эстэтычных задач і поглядаў на нацыянальную гісторыю, праблему ідэнтыфікацыі беларускай нацыі, якая і раскрываецца паэтам.
Праз гэтае слова-сімвал «марац» мы можам убачыць іншы вобразна-падвоены кантэкстуальны змест і падтэкст паэмы. Так, сэнсава-алегарычнымі падаюцца радкі з паэмы аб ролі кумы ў абрадзе хрышчэння немаўляці, якое, як мы помнім, адбываецца ў марцы (сакавіку):
Хрысціць мяне да Макрова
Кумоў двое і кабета.
У аборках мост сарвала…
А я ж быў — чуць жывы, слабы;
Рада — у раду, на тым стала,
Што ахрысцяць з вады бабы.
З Бярэзіны жменяй вады
Кума сама зачарпнула,
Паматала сюды-туды,
Трэйчы на мяне лінула,
«Вот і хрэст увесь тут, кажа,
І ксёндз хрысце гэтак сама
Толькі яшчэ чымсь памажа,
А хлопцу ўсё роўна — яма!
Калі ўспомніць аб тым, што найважнейшае рашэнне паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй аб раздзеле Рэчы Паспалітай было прынята ў Вене 19 лютага 1772 года па новым стылі, ці 4 сакавіка (марца) па старым, то асацыяцыя па вызначэнні магчымых вядучых дзеючых гістарычных асоб «Кумоў двух і кабета», якія ўплывалі на здзяйсненне гэтай падзеі, падаецца не так ужо і цьмяна. Дзе «кумамі» выступаюць кароль Прусіі Фрыдрых ІІ і адзін з сукіраўнікоў Аўстрыі, сын эрцгерцагіні Марыі-Тэрэзіі Іосіф ІІ, а ў вобразе «кумы» — расійская імператрыца Кацярына ІІ.
У паэме менавіта вобраз кабеты, якая прымала дзейсны ўдзел у неардынарным хрышчэнні немаўляці, выпісаны вельмі каларытна і найбольш маштабна. Даецца яе выразная і дакладная характарыстыка «праворная» і «падманлівая». Яна адыгрывае ў паэме вызначальную ролю ў працэсе надання імя дзіцяці:
А кума ж была праворна:
Хоць што збрэша не запнецца;
Круце сабе ў сенях жорна,
Трэба ж салгаць! Куды ж дзецца?
«Імя кажа, твайму сыну
Ксёндз хацеў даць па кантычцы,
Думаў ён можа з гадзіну,
Узяў ксёнжку, як стаў рыцца,
Дык даў потым з каліндарка!»
Выразна акцэнтаваны радок паэмы «Круце сабе ў сенях жорна», набывае для нас важную сэнсава-арыентаваную інтэрпрэтацыю ў сувязі з тым, што расійская імператрыца адыграла найважнейшую ролю ў вырашэнні лёсу беларускіх земляў падчас так званых трох падзелаў Рэчы Паспалітай 1772, 1793 і 1795 гадоў. Менавіта пры ёй нашы землі пад назвай беларускіх губерній увайшлі ў склад Расійскай імперыі.
Сутнасць таго, што імя хлопцу-немаўляці далі з «каліндарка», можна алегарычна ахарактарызаваць як «з кандачка», значыць, па волі моцнага.
Разам з тым цікава тое, што ў паэме маці немаўляці вельмі спадабалася гэтая назва яе сына і яна з вялікім задавальненнем прыняла яе:
За калыску ўзялася
І зрадзела, як святому,
Што аж слязьмі залілася.
І калыша і галосе,
Надта імя спадабала,
Надта добрае здалося,
Што такога і не знала!
Вот і клікаць мяне сталі
Скаліндаркай, Аліндаркай...
У чым тут справа? Думаецца, што сутнасць хуткага прыняцця маці імя сына ляжыць у рэлігійным аспекце. У вобразе Аліндаркі, на нашу думку, можна ідэнтыфікаваць якраз вобраз-сімвал самой назвы «Беларусь», а пад вобразам прастадушнай, клапатлівай і пяшчотнай маці ў паэме магчыма разглядзець абрысы вобраза ўніяцкай царквы. Менавіта ўніяты складалі большасць насельніцтва той тэрыторыі, якая ў другой палове ХVІІІ стагоддзя ўвайшла ў склад Расіі падчас трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Існуе нават пэўная падказка ў самім творы. Для гэтага трэба згадаць адну акалічнасць, звязаную з біяграфіяй самога Ф. Багушэвіча: маці яго мела дзявочае прозвішча Галаўня і даводзілася пляменніцай колішняму аршанскаму біскупу, кіраўніку былой Літоўскай уніяцкай епархіі Андрыяну Галаўні.
Матка ж, ведама, кабета
Затужыла і запала,
Гадкоў з тры пацягнула
У марцы й ручанькі згарнула
(А ўсё ў марцы, трэба ж гэта!
А разумная была кабета!)
Смерць маці Аліндаркі ў «марцы» скіроўвае на яшчэ адну важную дату ў гісторыі беларускага народа ў ХІХ стагоддзі, калі Святы Сінод у Сафійскім саборы Полацка 12 сакавіка (марца) 1839 года аб’явіў аб пераходзе ўніяцкіх цэркваў у праваслаўнае веравызнанне. З гэтага часу і пачаўся масавы (а дзе-нідзе і прымусовы) пераход беларусаў у праваслаўнае веравызнанне.
А далей у сюжэце паэмы гаворыцца пра наступную падзею.
Бацька кідаўся з тры тыдні,
Яшчэ горай зажурыўся,
Прадаў сякі-такі злыдні,
Разлайдачыўся, распіўся,
І ўмёр так пад гародам.
Вобраз бацькі ў алегарычнай форме сімвалізуе тут сабой паняцце Айчыны і дазваляе пэўна разумець пад сваёй сімволікай сутнасць Айчыны, ці інакш Беларусі. І тут хуткая смерць бацькі ў паэме мае таксама выразную асацыяцыю-праекцыю на гістарычную падзею — сумна знакамітага Указа расійскага імператара Мікалая І у 1840 годзе аб забароне афіцыйнага ўжывання назвы «Беларусь». І з гэтага часу беларускія землі былі перайменаваны ў новую так званую геаграфічную назву — Паўночна-Заходні край. Як край гэтая прастора толькі і можа вобразна стасавацца з паэмным сімвалам гарода ў дачыненні да сапраўдных імперскіх губерній Расіі.
Жыццё без свайго «імя», без сваёй сакральнай ідэнтыфікацыі — гэта жыццё на выміранне, самазнішчэнне. Вось што меў сказаць сваёй паэмай і яе назвай «Кепска будзе!» Ф. Багушэвіч, звяртаючыся да сваіх супляменнікаў і нашчадкаў у такой даволі завуаляванай і алегарычнай сэнсава-вобразнай форме, хаваючы галоўны пафас твора за, здавалася б, спрошчанай сюжэтна-фабульнай канвой апавядальнага характару паэмы.
Ігар ШАЛАДОНАЎ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.