Вы тут

Анталогія сучаснага беларускага верлібра як нагода для пытанняў і адказаў


Як толькі ў нейкім кантэксце ўсплывае паняцце «верлібр», усе крытыкі і даследчыкі, якія знаходзяцца побач, пачынаюць ламаць зброю і разбіваць ілбы аб пытанне «У чым паэзія?» Што проза, а што паэзія? Як іх адрозніць, калі першасныя прыкметы абсыпаліся: верш раптам напісаны без рыфмы або (які жах!) з рыфмай, але ў радок ці яшчэ з якой «паталогіяй».


«Анталогія сучаснага беларускага верлібра» — выданне, прысвечанае таму самаму, што заяўлена ў назве. Зборнік, укладзены Георгіем Барташам, выдадзены ў 2019 годзе ў выдавецтве «Смэлток» і змяшчае 90 тэкстаў, створаных 30 аўтарамі. З першых старонак кніга выклікае сімпатыю тым, што, апярэджваючы ўсе магчымыя чытацкія чаканні, пачынаецца з трох крытычных эсэ. І яны напоўніцу раскрываюць грані ўспрымання верлібра як літаратурнай з’явы.

Як адрозніць паэзію без рыфмы ад прозы?

 Наста Грышчук характарызуе змест зборніка, паказваючы аўтараў, якія ў ім паўдзельнічалі, на фоне разважанняў пра тэматыку і праблематыку сучаснага верлібра, акцэнтуе ўвагу на тым, як у вершах праяўляюцца прыналежнасць да таго ці іншага пакалення, полу і  розныя погляды аўтараў на ўласную ролю ў літаратурным працэсе. Другое эсэ створана даследчыцай Святланай Калядкай. У ім заўважна, што аўтарка паважліва ставіцца да верлібра як формы, да якой звярталіся многія класікі беларускай літаратуры. Але ў сучасным яе праяўленні бачыць «адсутнасць пэўнай культуры пісьма, эстэтычную збедненасць перажыванняў, вузкасць светаўспрымання» і гэтак далей. Даследчыца, відавочна, надзвычай сур’ёзна ставіцца да паняццяў «паэта і паэзіі» ў іх звыклым і крыху рамантычным значэнні (паэт не можа не пісаць вершы; некаторыя творцы пішуць — што дыхаюць). А да верлібра Святлана Калядка ставіцца з асцярожнасцю, на працягу ўсяго эсэ спрабуючы намацаць яго адрозненне ад лірычнай прозы. У абодвух эсэ згадваюцца словы Томаса Эліята пра тое, што аўтар верлібра вольны ад усяго, акрамя неабходнасці пісаць добрыя вершы. Ціхан Чарнякевіч нібы адказвае на скаргі папярэдняга крытыка аб «празаізацыі мыслення», характарызуючы верлібр як прамоўленую гісторыю, і галоўную вартасць гэтай формы бачыць у тым, што яна падстройваецца пад асабісты голас аўтара, дазваляе яму не «ўносіць нешта сваё» ў драўляныя калодкі класічнай формы, а са свайго пачынаць.

Паколькі Наста Грышчук акрэсліла разнастайнасць аўтараў анталогіі, а Ціхан Чарнякевіч даў кароткія вобразныя характарыстыкі кожнаму з трыццаці, то чытач, хворы на празаізацыю і фрагментарнасць мыслення, пра якія згадвае Святлана Калядка, можа спыніцца на 23-й старонцы і далей не чытаць. Бо далей ідуць вершы.

Тры эсэ ў пачатку кнігі не толькі ўводзяць чытача ў кантэкст, але і робяць усю працу за крытыка: ёсць агульны разгляд, ёсць абстрактныя разважанні па тэме, ёсць уражанні пра кожнага з аўтараў. Апошні варыянт, мне падаецца, — найлепшы кірунак для таго, каб не паўтарацца за калегамі і ўсё ж такі прадставіць пэўны агляд анталогіі.

 Мазаіка галасоў

Андрэй Адамовіч замешвае ў адным катле іронію і боль, пераскоквае паміж умоўнымі кропкамі «высокае» і «нізкае» вельмі лёгка — чытач не паспявае ўсвядоміць, што гэтыя пункты ўвогуле існуюць, ды і застаецца ў збянтэжанасці.

Змешчаныя ў анталогіі вершы Валянціны Аксак быццам прасякнуты цішынёй, увасабляюць розныя яе грані, надзяляюць сімвалы чалавечымі пачуццямі.

Творы Кірылы Анохіна сваёй нешматслоўнай формай выклікаюць асацыяцыі з хоку, але, прымушаючы на імгненне спыніцца ў чатырох радках, ствараючы «цішыню пасля выбуху», аўтар карыстаецца, як гэта ні дзіўна, сродкамі менш прыроднымі і больш зямнымі.

Некалі мне давялося пісаць пра кнігу балад Уладзіміра Арлова, і я чакала ўбачыць вершы з кнігі ў зборніку, каб згадаць гэты танец часу, прасторы і свядомасці, прасякнуты сакавітасцю паўднёвага сонца, гэтую ўвагу да асоб, якімі б яны ні былі: сапраўднымі ці ўяўнымі, а яшчэ — вольны дыялог з сабой і светам. У анталогіі сапраўды ёсць адзін верш з кнігі «Паручнік Пятровіч і  прапаршчык Здань». Але аказваецца, што адкрыты дыялог з сабой і светам — адзін з асноўных сродкаў стварэння тэкстаў Уладзімірам Арловым.

Ціхан Чарнякевіч характарызаваў вершы Ігара Бабкова як адметныя сыходам ад адказу і ад пастаноўкі пытання. Не ведаю, ці магчыма сказаць дакладней пра творы, чыстыя ад відавочнага чытачу прадмета развагі.

У тэкстах Крысціны Бандурынай кожнае пачуццё атрымлівае сваю фізічную форму. Праз усе вершы праходзіць вобраз вачэй. І сама пабудова аповеду выклікае асацыяцыі з чалавечым зрокам: погляд фіксуецца на фрагментах рэчаіснасці, рэагуе на колер і святло, выяўляе чыстую эмоцыю таго, хто глядзіць.

«Вясна прыходзіць да ўсіх... Ці хопіць сэрца... Гэтаму навучыцца?..» Так заканчваецца падборка Міхаіла Бараноўскага, і гэтыя словы ў пэўным сэнсе характарызуюць усе творы ў падборцы. Лірыка Міхаіла Бараноўскага — як вечная спроба навучыцца ўзаемадзейнічаць са светам, зразумець яго законы і спаконвечны парадак, невядомы чалавеку.

Вершы Георгія Барташа, укладальніка анталогіі, найлепш выяўляюць тэорыю пра верлібр як расказаную гісторыю. Праз звыклыя, бытавыя рэчы ў тэксце паўстаюць такія ж звыклыя чалавечыя станы, якія, тым не менш, так рэдка ўдаецца сфармуляваць або перадаць.

У Сабіны Брыло атрымліваецца гаварыць пра цяжкасць і нудоту жыцця з  лёгкасцю, якая пужае, бо падаецца, што яна сведчыць пра звыкласць гэтых пачуццяў. Або, магчыма, аўтарка проста не ставіцца да іх сур’ёзна і такім чынам перамагае.

Марыя Вайцяшонак пераломвае плынь тэксту, робіць яе ўрывачнай і  рэзкай, але не губляе цэласнасці. Пачуццё, якое выяўляецца ў вершы, прыглушанае, сцішанае, быццам родам з першабытнасці, у прасторы адчуваецца разрэджанае паветра, і чуваць, як б’ецца сэрца. Гэта эмоцыя, якая вымагае паўзы ва ўсім іншым.

Дзіўна, што ў вершах Вольгі Гапеевай даволі мала працяжнікаў. Не тое, каб яны былі патрэбны там, дзе іх няма, але падборка ў анталогіі наскрозь прасякнута супрацьпастаўленнямі, нават невідавочнымі. Асабліва цікава, што аўтарка пазбягае звычайнага «я — свет», і стварае складаныя пары, у якіх асоба ды свет разам супрацьпастаўляюцца іншым варыянтам рэчаіснасці.

Адам Глобус разважае над сэнсам жыцця анёлаў у трох тэкстах: пра працоўныя абавязкі, пра штодзённасць і пра камунікацыю з людзьмі. Гэтыя вершы — той выпадак, калі пошук глыбокага сэнсу ў іх — справа чытача.

У вершах Вольгі Гронскай бачыцца ледзь не квінтэсэнцыя ўсяго, што было заўважана ў тэкстах папярэдніх аўтараў. Супрацьпастаўленне і спляценне сапраўднага і ўяўнага, жывы, але ўсё ж такі недасяжны фантазійны свет лезе з кожнай кухоннай шафы, адкрытых вокнаў і слоікаў. Паўсядзённасць вітаецца са сном.

Віктар Жыбуль раскладае і мову, і рэчаіснасць на часткі, перастаўляе іх месцамі, майструе нешта неверагоднае, такое, што чытачы здольны ўбачыць толькі праз яго вершы.

У чым сутнасць чалавека, адкуль ён пачынаецца, як спалучаецца сутнасць жаноцкасці і сутнасць чалавека ў адной канкрэтнай жанчыне? Тое, што стварае Вольга Злотнікава, хочацца суаднесці з тэрмінам «ф-пісьмо», але вельмі асцярожна, каб не падрапаць высокі метафарычны голас аўтаркі лозунгі.

Тэму іншароднасці, ненатуральнага свету Дзмітрый Іваноў вывучае з цікаўнасцю, без непрыязнасці або страху, але з пэўнай фаталістычнасцю, адчуваннем непадуладнасці аўтару створаных ім у вершы працэсаў.

Творы Ліны Казаковай — балансаванне. Першы верш у падборцы сапраўды пабудаваны вакол вобраза канатаходніцтва. Ствараецца ўражанне, што аўтарка насамрэч балансуе над вірам падрабязных, яскравых метафар, каб не патануць у ім і скласці цэласную карціну.

Ганна Комар не мае пытанняў да рэчаіснасці і светабудовы, не імкнецца ляпіць уласныя. Яна шукае гармонію ў тым, што ўжо ёсць вакол, і востра, метафарычна перажывае яе адсутнасць.

Паэзія, мацярынства, жаноцкасць — тры словы пра падборку Марыі Мартысевіч. Іранічная пабудова аповеду пры тым, што іранізаваць нібы і няма з чаго, — тое, што аб’ядноўвае вершы.

У Вальжыны Морт паўсядзённае жыццё набывае адценне рытуальнасці, свяшчэннасці, і людзі становяцца часткай гэтых рытуалаў. Райскія вобразы толькі спрыяюць такому эфекту.

Вершы Таццяны Нядбай быццам раскрываюць канкрэтныя пачуцці, і каб стварыць правільную карціну, аўтарка ўважліва і карпатліва расстаўляе прадметы, выстаўляе святло, афармляе мізансцэну, адказна ставіцца да ўсіх дэталяў. Чытач нават не ўлоўлівае момант, калі пазл усё ж складаецца.

Сяргей Прылуцкі — першы пакуль аўтар, які разгортвае сацыяльны парадак, наўмысна, як сцягам, размахваючы афарыстычнымі канструкцыямі, іроніяй і... нецэнзурнай лексікай, да таго ж упрыгожвае ўсё гэта вострымі назвамі.

Не толькі гульня слоў, але і вобраз гульні як такой ствараюць вершы Алены Пятровіч. За лёгкімі словамі, інтэртэкстам адчуваецца падвойная глыбіня. Той выпадак, калі ніякай канкрэтнай карціны ў галаве не застаецца — толькі чыстае адчуванне.

Казачны, легендарны па вобразах аповед абрываецца нечаканым радком — кульмінацыяй, — які перадае нават не пачуццё, а стан — тонкую, няўлоўную ўласцівасць розуму, што вызначае ўсё. Вершы Алеся Разанава — вытокі і адлюстраванне ўсяго сучаснага беларускага верлібра.

У вершах Дзмітрыя Рубіна гучыць напружанае адмаўленне і агіда. Урыўкі ўрбаністычных вобразаў не складаюцца ў звязную думку і выглядаюць крыху павучнёўску.

Галоўны сродак выразнасці Віталя Рыжкова — нечаканасць. Ён раптоўна разварочвае плынь тэксту абсалютна ў іншы бок ці наўпрост у твар чытачу. І таго, хто не патануў у хвалі сімвалаў, чакае адліў і ўздых — невідавочная, лёгкая думка, з якой, тым не менш, давядзецца дыхаць па-іншаму.

У творах Тані Скарынкінай — яскравы ўнутраны рытм, які хаця і не выяўляецца, як у белым вершы, усё ж такі заўважны. Ён у пэўным сэнсе задае настрой для тэкстаў. У ім ёсць нешта дзіцячае, няўпэўненае — інверсіі, своеасаблівая сінтаксічная пабудова сказаў.

Вершы ў падборцы Дзмітрыя Строцава нешматслоўныя, поўныя і пачуццёвага, і тыпаграфічнага «паветра». Але кожнае слова падае на галаву, як кропля вады. І каб заваражыць чытача канчаткова, больш слоў, чым ёсць, не патрэбна.

Вершы Андрэя Хадановіча ў анталогіі прасякнуты цеплынёй і смехам, добрай іроніяй. Гэта гісторыі, якія натуральна ўзнікаюць падчас шпацыру па горадзе. У іх адлюстроўваецца ўвесь станоўчы сэнс слова «чалавечнасць».

Юля Цімафеева карыстаецца прыёмамі фрагментарнасці, фатаграфічнасці для акрэслівання часткі свету, якая мусіць стаць яе вершам, хаця нельга сказаць, што першасная заўсёды рэчаіснасць, а не тэкст. Рытарычныя пытанні — рэдкі прыём для яе тэкстаў, бо пытанні, якія яна ставіць і задае чытачам, патрабуюць адказаў.

Што да агульных тэндэнцый, то стракатая карціна з  назвай «Сучасны беларускі верлібр» расстаўляе на дошцы ў пэўным парадку не такія ўжо і новыя фігуры: асэнсаванне цялеснасці, пачуцці праз прызму побыту, розныя формы праявы душы, наладжванне кантакту з унутраным і вонкавым светам, эксперыменты з мовай і ўспрыманнем мовы, цішыня і момант, што ёй папярэднічае. Такім чынам ствараецца пэўная ўпарадкаванасць. Але галоўная каштоўнасць кнігі ў тым, што яна атрымалася не пералікам тэндэнцый, а парадам жывых, сапраўдных галасоў аўтараў.

Дар’я СМІРНОВА

Загаловак у газеце: Празвершавы вопыт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».