Вы тут

Раіса Сіплевіч: Не хачу ставіць кропку на сваім прафесійным развіцці


Адно з самых доўгачаканых святаў, якое нагадвае пра тое, што за акном — вясна, — 8 Сакавіка. Жанчыны ў гэты дзень шчаслівыя. Куды ні кінь вокам, паўсюль кветкі, усмешлівыя твары — усё стварае чароўны настрой.


Традыцыі правядзення свята ў кожнага свае. Сёлета яно выпала на выхадныя. Таму ёсць нагода правесці яго з карысцю. Напрыклад, пайсці на выстаўку мастачкі Раісы Сіплевіч «Patsinka» ў Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага. Аўтар быццам сама ўвасабляе пяшчотны вобраз вясны.

Назва выстаўкі — творчы псеўданім, пад якім працуе вядомая беларуская мастачка. У экспазіцыі прадстаўлена больш чым 80 жывапісных работ, якія ствараюць своеасаблівы дзённік жыцця творцы з 1990-х гадоў да нашых дзён. Гэтыя партрэтныя і вобразна-асацыятыўныя кампазіцыі — галоўны кірунак творчасці мастачкі.

На жывапісных палотнах Раіса Сіплевіч гарманічна спалучае рэальнае і фантастычнае. Аўтар стварае свой свет, напоўнены старадаўнімі міфамі, легендамі і казкамі. У звыклым асяроддзі побач з паўсядзённым жыццём прысутнічаюць магутныя містычныя сілы. Персанажы мастачкі знаходзяцца сярод знаёмай зямной прыроды, але напоўненай незвычайнымі з’явамі. Такі эфект дасягаецца праз спалучэнне фігуратыўнага і абстрактнага жывапісу. Прыгажуні і дзеці на палотнах мастачкі не звяртаюць увагі на гіганцкія кветкі, якія цягнуцца пялёсткамі да нябёсаў. Іх не здзіўляе, што на галінах дрэў адпачываюць стомленыя анёлы. Абстрактныя фрагменты дапаўняюць зімовыя заснежаныя краявіды і спякоту летніх дзён. Строі жанчын перацякаюць у сузор’і.

Выстаўка аўтара — своеасаблівае адлюстраванне ўнутранага свету, дзе ёсць месца для любога, каму цікава апынуцца ў краіне кветак, птушак і чараўніцтва. Пра тое, як стаць мастачкай-графікам у  перыяд, калі на курс бралі толькі мужчын, як знайсці свой аўтарскі стыль і не страціць яго, а таксама пра галоўнае ў творчасці Раіса Сіплевіч расказала чытачам «ЛіМа»:

— Раіса Паўлаўна, калі вы вучыліся, дзяўчыне атрымліваць мастацкую адукацыю было даволі складана. Як вы прыйшлі да выбару менавіта такой прафесіі?

— Мой асабісты шлях, з аднаго боку, адрозніваецца ад шляху калег, а з іншага — у майго пакалення, выхадцаў з вёсак, ён вельмі падобны. У дзяцінстве нас цікавілі кнігі і маляванне. Паколькі я ў бацькоў адна, кампаніі ў мяне не было. Зімой холадна, на вуліцу не пускалі. Я садзілася і малявала. Але пра тое, што стану мастачкай, ніколі не задумвалася. Я проста малявала, і мне гэта падабалася. Шкада, што не было каму падказаць, навучыць.

Пасля восьмага класа выбірала, куды паступаць. Можна было вучыцца далей у школе, але хадзіць у іншую вёску далёка. Я абрала мастацкае вучылішча і, як ні дзіўна, паступіла з першага разу. Я ж не мела асаблівай падрыхтоўкі, проста малявала сумленна.

Калі прыехала паступаць у Мінск, мяне пасялілі ў знаёмых. У кватэры жыла сям’я, якая дапазна не клалася спаць: памятаю, да трох гадзін ночы яны глядзелі футбол. А мы з  сяброўкай пад тэлевізарам спалі. Высыпацца не атрымлівалася. Ішлі на экзамены сонныя. Малюнак я здала: былі капітэль і нацюрморт. А на жывапіс не пайшла: не змагла прачнуцца. Сяброўка ж мая вярнулася з экзамену і кажа: «Настаўнік пытаўся, а дзе тая беленькая дзяўчынка, чаму не прыйшла. У яе ж атрымліваецца». І я падумала: «Калі спытаў, то трэба ісці». Прыйшла на наступны дзень. Мне далі шанц, сказалі, што калі за адзін дзень паспею напісаць нацюрморт (яго пісалі 2 дні), то магу працаваць. Я паспела. І так выпадкова паступіла, з тых часоў іншага занятку мне і не трэба.

Пасля вучылішча паступіла ў тэатральна-мастацкі інстытут, абрала аддзяленне графікі. Яно каціравалася: давала сур’ёзную падрыхтоўку. У той час абітурыенты вельмі любілі графіку і манументальнае мастацтва, з жывапісам — інакш: там было менш разнастайных тэхнік. А ў нас — афорты, літаграфіі, гравюры, кніжная графіка, плакаты, жывапіс з малюнкам.

На графіку дзяўчат наогул браць не хацелі. Мне казалі: «Куды ты лезеш? Там дзяўчатам шляху няма». Але ў выніку атрымалася так, што ў той год узялі нават дзвюх. Здавалася б, паступілі, можна спакойна жыць. Але нас абмяркоўвалі цэлы год: казалі, што будуць выбіраць, хто з нас застанецца. Трымалі ў напружанні. Але мы з гэтай дзяўчынай сябравалі, усё рабілі разам і падтрымлівалі адна адну. У рэшце рэшт нас пакінулі абедзвюх. У той час гэта было неверагодна. Дзве дзяўчыны вучацца на графіцы. Як так? Прыходзілі на нас глядзець.

— Як складваліся адносіны на курсе? Ці не ставіліся да вас скептычна менавіта таму, што вы дзяўчына?

— У той час вучоба будавалася крыху інакш, чым цяпер. Хлопцы прыходзілі вучыцца адразу пасля войска, яны былі дарослыя. Некаторыя нас нават дочкамі называлі, абаранялі і апекавалі. У нас была вялікая група: узялі дзевяць чалавек (звычайна бралі пяць ці шэсць). Усе ішлі нага ў нагу. І ўсе сталі мастакамі.

Мне лёгка давалася маляваць з натуры: і малюнак, і жывапіс. Я нават рабіла больш, чым трэба: хутка атрымлівалася. Але хацелася развіваць фантазію. У акадэміі пераважыў сац-арт. Усе кампазіцыі — на гэтую тэматыку, а мне не хапала волі. І я цішком пачала выходзіць за рамкі традыцыйнага мастацтва.

Тады я лічыла, што нельга вучыцца ў іншых мастакоў, разумела: павінна сама прыдумаць, сама знайсці тэму. Літаратуры асаблівай не было. А калі і з’яўлялася, то яе разбіралі. Цяпер разумею: калі б штосьці дзесьці падглядала, было б прасцей. Але я дасягнула ўсяго з вялікай цяжкасцю. Было складана знайсці сваё аблічча, адчуць паўнавартасна мастацтва. Для мяне галоўнае — быць самой сабой. А гэта вельмі складана.

— У вашых работах адчуваецца аўтарскі почырк. Магчыма, быў пэўны чалавек, які паўплываў на яго фарміраванне?

Раіса Сіплевіч «Вяртанне»

— Не магу сказаць, што мне шанцавала з настаўнікамі па жыцці. Так атрымлівалася, што побач цікавыя выкладчыкі былі, але ў мяне яны не выкладалі. Добра памятаю выкладчыка малюнка Аляксандра Сцяпанавіча Казлоўскага. У той час у мяне на руках была маленькая дачка. Я вельмі стамлялася. Памятаю, выклікалі на кафедру як кандыдата ў студэнты і пыталіся, чаму я такая худая. А я не прызнавалася, што ў мяне ёсць дачка. Дакладна, у інстытут бы не ўзялі. А Аляксандр Сцяпанавіч у мяне паверыў і дапамог застацца вучыцца.

 Вельмі цёпла ўспамінаю Віктара Аляксандравіча Грамыку. Ён ездзіў з намі на пленэры ў Віцебскую вобласць. Любіў азёры, пагоркі. Рабіў для нас спецыяльныя пейзажныя пастаноўкі. А ў мяне не атрымлівалася. Так ён аднойчы сказаў: «Ідзі куды-небудзь сама, ды памалюй, дазваляю». Я тады столькі малюнкаў нарабіла партрэтных, пейзажных. Зараз на іх гляджу і дзіўлюся, як змагла. Віктар Аляксандравіч даў мне свабоду, таму што разумеў: не магу я вымучваць з сябе пастаноўкі. Успамінаю гэта з велізарнай удзячнасцю.

— Першапачаткова вы абралі графіку, але сёння можна ўбачыць вашы работы, зробленыя ў абсалютна розных напрамках. Як і чаму здарыўся пераход у іншыя жанры мастацтва?

— Мне заўсёды падабалася графіка, літаграфія, афорт, ілюстрацыя. Але чамусьці мяне скіравалі на станковую графіку, калі пісала дыпломную работу. Скончыўшы інстытут, я шмат часу працавала ў каляровай літаграфіі, рабіла афорты і афармляла кнігі. У мяне некалькі кніг досыць вялікіх. Але потым зразумела, што, калі працуеш у літаграфіі, залежыш ад майстра, ты не вольны. У афорце — тое ж самае. А хацелася свабоды. З кнігамі цікава. Але ілюстрацый у кнігах шмат, і работа павінна быць зроблена хутка, ды зарплата маленькая. Стала паглыбляцца ў іншыя кірункі.

— Які перыяд альбо сітуацыя ў творчасці і жыцці для вас найбольш памятныя?

— Перыядаў было шмат. Вядома, важныя этапы ў жыцці — нараджэнне дзяцей і ўнукаў. Паездкі таксама на мяне моцна ўплываюць. Быў момант, калі запрасілі ў ЗША. Гэта было незабыўна. Там я і зразумела, што нідзе не змагу жыць, акрамя Беларусі. Мне стварылі выдатныя ўмовы, знаходзілася тры месяцы на поўным забеспячэнні, бачыла ўсё: ад Ніягары да Фларыды. Але гэта не маё. У Беларусі мы прывыклі да многага імкнуцца, у мяне гэта ў крыві. Таму не хацелася быць проста мастаком, імкнулася ісці наперад. Каб жыць і атрымліваць асалоду ад жыцця, трэба камфортна сябе адчуваць. Дзе б ты ні быў, трэба шукаць сваю зону камфорту. З усімі сваімі перажываннямі, праблемамі і пытаннямі адчуваю сябе нашмат лепш у Беларусі.

— Без якіх складнікаў творчасць сёння для вас немагчыма?

— Вядома, хочацца, каб тое, што робіш, прыносіла не толькі задавальненне, але і грошы, каб работа падабалася і куплялася. Нас жа раней вучылі так: мастацтва дзеля мастацтва. Першы час, калі ў мяне пыталіся, колькі каштуе работа, цану агучваць было сорамна. Пасля ўжо вызначыла пэўныя крытэрыі, і стала лягчэй.

Раіса Сіплевіч «Нараджэнне новага дня».

У творчасці мяне цікавіць абсалютна ўсё. Пра што ні падумаю, тое і пачынаю пісаць. Бацька мне калісьці казаў: «Калі я галодны, магу есці ўсё». Так і я. Хачу працягваць развівацца ў абстракцыі, вельмі яе люблю. Ствараць такія работы цікава. Хочацца распрацоўваць рэалістычна-фантастычную тэматыку. З натуры, як любому мастаку, хочацца папісаць тыя ж кветкі або пейзажы. А гэта рэдка атрымліваецца. Калі ў майстэрні нацюрморт пісаць яшчэ можна, то пейзаж — складаней: трэба выязджаць, шукаць матыў, каб асвятленне было добрае, ветру не было, дажджу. Я, напрыклад, мару нарэшце напісаць кветкі, якія будуць пахнуць.

— Ці быў у вас момант, калі самі зразумелі, што адбыліся як мастачка?

— Усё складалася па крупінках. Было адчуванне, што я нешта намацала, але нават сёння ў мяне ёсць разуменне, што зрабіла не ўсё. І магу лепш. Не хачу ставіць кропку на сваім прафесійным развіцці. Я, вядома, адбылася ў  тым, што сёння магу дазволіць сабе рабіць тое, што хачу. Зноў жа, маю на ўвазе ўнутраную свабоду.

У мяне вялікая сям’я, у якой шмат мастакоў. Але мы не сядзім побач, кожны з нас здолеў застацца сабой. Усе па сваіх майстэрнях і быццам бы раствараюцца. Муж займаецца мастацкай рэканструкцыяй. Дачка — у графіцы і літаграфіі. Я ж больш несур’ёзная. Менавіта так люблю сябе называць.

Раней, калі нараджаліся ўнукі, былі бацькі, свякроў, мне не хапала асабістай прасторы. Хацелася хоць хвіліну дома пабыць адной. Але дома не атрымлівалася. Ратавала майстэрня: можна было проста збегчы, паглыбіцца ў творчасць. Цяпер жывём з мужам удваіх. Здавалася б, рабі што хочаш. А ногі ўсё роўна ў майстэрню вядуць. Бягу з раніцы, як і раней, каб хутчэй пачаць пісаць. Напэўна, гэта і ёсць маё станаўленне. Таму што проста дома мне нецікава.

Для мяне галоўнае — атрымліваць задавальненне ад таго, што раблю. Рабіць не для гледача, а для сябе. Калі работа, напрыклад, гатовая, не так цікавы яе лёс — было цікава ствараць. Вядома, часам пакутуеш, таму што не атрымліваецца, злуешся: бываюць творы, якія не выстройваюцца гадамі. Але ад пошуку рашэння я атрымліваю задавальненне. Сам працэс вельмі складаны, ды прыемны.

 — А, на ваш погляд, у мастацтве існуе сяброўства? Ці больш канкурэнцыі?

— Я ў цэлым не эксперт у гэтым пытанні. Бо па жыцці адзіночка. Але думаю, што канкурэнцыя прысутнічае заўсёды, нават калі гаворка ідзе пра сяброўства. Сама ж старалася неяк асабіста перажываць усе свае ўзлёты і падзенні. Зараз уваходжу ў аб’яднанне «Верасень», і мне вельмі падабаецца быць у гэтым асяроддзі. Сышла туды з секцыі графікі, таму што мне часта казалі: «Ты не наша — жывапісам займаешся». А на жывапісе казалі: «Ты не наша — ты графік». У «Верасні» мастакі аб’ядноўваюцца па сімпатыі, а не па стылі і матэрыяле работ. Гэтае аб’яднанне ўмее праводзіць цікавыя і канцэптуальныя выстаўкі, нягледзячы на тое, што ўсе працуюць у розных кірунках. І канкурэнцыі там якраз практычна няма. Адзін займаецца шклом, іншы — жывапісам, трэці акварэль піша. Кірункі не перасякаюцца, таму творцы аб’ядноўваюцца.

— На выстаўцы вельмі ўражваюць вашы работы, прысвечаныя Навагрудскаму краю. Яны не падобныя на іншыя серыі...

— Гэта мой родны дом. Я захавала там домікі ў вёсцы. Езджу туды на ўсё лета. Зараз да гэтых месцаў стаўлюся спакайней. Але калі не стала бацькоў, з’явілася патрэба бываць там: справамі займалася ў Мінску, а ў думках была на Наваградчыне, хадзіла каля свайго дома, па лузе, гуляла ля рэчкі.

Сама вельмі люблю гэтую серыю, але з павагай стаўлюся да ўсіх сваіх работ, бо яны напоўнены сэнсам. Не люблю аднолькавасці і штодзённасці, таму імкнуся заўсёды выходзіць за межы банальнай фантазіі.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.