Вы тут

Адданая сцэне


Яна марыла стаць хірургам, паступала ў кансерваторыю, але партыя Кармэн не прывабіла. Забрала дакументы і з лёгкасцю стала студэнткай тэатральнага. Сёлета 75-годдзе адзначае народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч.


Калісьці народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі, убачыўшы артыстку ў спектаклі «Адзіны спадчыннік», сказаў: «Так, у камедыі яна — шампанскае. Цікава, што будзе ў драме?». Але і ў драме Вольга Клебановіч — на вышыні. Здаецца, за свой доўгі прафесійны шлях у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага яна выконвала самыя розныя ролі — ад каралеў да простых сялянак і заўсёды была надзіва арганічная і пераканаўчая.

Актрыса сыграла дзясяткі галоўных роляў у спектаклях, якія ўвайшлі ў скарбніцу беларускага сцэнічнага мастацтва. Шмат разоў станавілася найлепшай актрысай года, пераможцай шэрагу рэспубліканскіх і  міжнародных фестываляў. У 1982 годзе ёй было прысвоена ганаровае званне «Заслужаная артыстка БССР», а ў 1995-м за вялікі асабісты ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва і высокае прафесійнае майстэрства — ганаровае званне «Народная артыстка Беларусі».

Вядучы майстар сцэны Вольга Клебановіч за гады працы ў тэатры праявіла сябе высокапрафесійнай актрысай, здольнай на самым высокім узроўні выконваць ролі як гераічнага плана, так і жанравыя, вострахарактарныя. Створаныя ёю вобразы ў спектаклях выбітных майстроў нацыянальнай драматургіі: «Вяртанне ў Хатынь» Алеся Адамовіча, «Знак бяды» Васіля Быкава, «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы — адзначаны глыбокім пранікненнем у народны характар персанажаў.

— Сёння ў тэатр часцяком прыходзяць адпачыць, забыцца на праблемы, зарадзіцца аптымізмам. Таму ў  рэпертуары нашага калектыву стала больш камедый, — расказвае Вольга Міхайлаўна. — І ў мяне таксама пераважаюць гарэзныя, як я іх называю, ролі: Ханума ў «Выхадках Ханумы», Кіці ў «Коле кахання», Клодзія Адамс у «Гарачых матулях». Усе яны мне блізкія і дарагія. Таленавітыя жанчыны, цудоўныя цікавыя характары. Але попыт на сур’ёзную размову, спавядальнасць застаецца. Пра класічны тэатр не забываюць. Упэўнена, будуць у мяне яшчэ і драматычныя ролі такога ж узроўню, як у «Дзядзькавым сне» Дастаеўскага або ў «Васы Жалязновай» Горкага.

Яе рэжысёрамі ў тэатры і кіно былі найлепшыя з найлепшых: Луцэнка, Тураў, Тадароўскі. Зрэшты, актрыса не прывыкла проста плыць па цячэнні. Заўсёды вяла сваю гульню. Зараз Вольга Міхайлаўна — у іншым тэатральным амплуа: адважылася асэнсаваць Дастаеўскага як рэжысёр і паставіць «Братоў Карамазавых» са сваімі студэнтамі ў Акадэміі мастацтваў.

— Я выкладаю акцёрскае майстэрства будучым рэжысёрам. «Братоў Карамазавых» для дзяржаўнага экзамену абрала, каб студэнты пранікліся глыбінёй, складанасцю акцёрскай прафесіі, ведалі, як размаўляць з выканаўцамі, каб дамагчыся патрэбнага выніку, — тлумачыць актрыса. — Гэты досвед пераканаў мяне: моладзь разумее філасофію Дастаеўскага, «праклятыя пытанні» іх хвалююць не менш, чым ранейшыя пакаленні. Пасля паказу спектакля на малой сцэне Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, куды запрасілі ўсіх жадаючых, многія адзначалі, што сёння патрабуецца «абмыванне класікай». Чакаю, што мае выхаванцы ўнясуць сваю інтанацыю ў тэатральнае жыццё краіны.

Высокі творчы патэнцыял Вольгі Клебановіч дазваляе ёй удасканальваць кожную ролю ўласным філасофскім асэнсаваннем чалавечага быцця. Кожны вобраз яна надзяляе тымі тыповымі рысамі характару, якія робяць іх жывымі і вядомымі, а значыць, зразумелымі для гледачоў. На гэтым грунтуецца поспех актрысы.

Акрамя таго, Вольга Клебановіч знялася ў многіх кінафільмах. Гэта «Сонечны дзень у канцы лета», «Свежаніна з салютам», «776-ы кіламетр», «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», «Правінцыяльная муза», «Зімовы вальс», «Адліга», «Родная крывіначка», «У сузор’і Стральца» і многія іншыя. Беларускі фільм «Тум-Пабі-Дум» (2017), у якім Вольга Міхайлаўна сыграла ролю Стэфаніі, уганараваны спецпрызам журы кінафестывалю краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Вольга Міхайлаўна — сапраўдны майстар сваёй справы, таленавіты педагог, надзейны сябар і спагадны чалавек.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».