Вы тут

Прадстаўнікі туріндустрыі: Ніколі раней з такімі выклікамі мы не сутыкаліся


Негатыўныя наступствы каранавіруса будуць значнымі, і неабходны кампенсацыйныя меры, каб галіна ўстала з кален.


Ва ўмовах пандэміі каранавіруса, калі большасць краін вымушаны закрыць свае граніцы, за мяжой застаецца каля 8 тысяч беларускіх турыстаў, якія выехалі ў складзе арганізаваных груп. Прычым каля 6 тысяч з іх — у Егіпце, і каля двух тысяч — у іншых краінах. Такія дадзеныя прыводзіць Міністэрства спорту і турызму. Пры гэтым з закрыццём граніц праблемы з вяртаннем у Беларусь узніклі пераважна ў тых нашых суайчыннікаў, хто прылятае праз маскоўскі аэрапорт «Унукава».

— Працуюць супрацоўнікі нашых пасольстваў, функцыянуе сістэма транзітных калідораў. Задача з вяртаннем нашых турыстаў з Егіпта вырашана. Праблема ўзнікла з турыстамі, якія адправіліся на адпачынак з расійскім тураператарам «Бібліа Глобус». Магчыма, ён імкнецца найперш вывезці расійскіх грамадзян, і з гэтай прычыны не бярэ нашых. Мой суб’ектыўны прагноз такі, што цягам бліжэйшага тыдня ўсе нашы турысты вернуцца дадому, — пракаментаваў сітуацыю на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза туріндустрыі Філіп Гулы. — Тым больш што страшных карцінак з натоўпамі ў аэрапорце няма. Многія з іх працягваюць жыць у атэлях, у іх ёсць харчаванне, сонца і мора.

З 16 сакавіка Рэспубліканскі саюз туріндустрыі стварыў аператыўны штаб для своечасовага інфармавання аб сітуацыі на турыстычным рынку. Турысты, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь, стварылі акаўнт у тэлеграм-канале, дзе абмяркоўваюць свае праблемы.

— Мы сутыкнуліся з сітуацыяй, што (з-за закрыцця граніц. — «Зв».) адбываецца ануляванне віз, білетаў, у людзей узнікае паніка. Мы збіраем інфармацыю, у тым ліку і ў нашым тэлеграм-канале, пра турыстаў, якія не могуць вярнуцца, і дадзеныя накіроўваем у ведамствы, якія непасрэдна займаюцца іх вяртаннем, — расказаў кіраўнік антыкрызіснага штабу турагентаў Яўген Альшанскі.

Паводле дадзеных Рэспубліканскага саюза туріндустрыі, на Шры-Ланцы знаходзіцца каля 70 нашых грамадзян, у якіх маюцца праблемы з вылетам, на Гоа — 96.

Праблемы зараз адчувае і ўязны турызм. Прычым, паводле меркавання экспертаў, яны глабальныя і будуць мець доўгія наступствы.

— Пакуль у краінах дзейнічае каранцін, турысты да нас не едуць — адменены 100 % тураў. Ёсць дзелавыя паездкі, але і там адчуваецца спад на 70 %. Баяцца ехаць і расіяне. На гэтыя выхадныя з Санкт-Пецярбурга запланавана прыбыццё двух аўтобусаў — у адным 42, у другім 46 чалавек. На сёння ў іх засталося 21 і 18 турыстаў адпаведна. Нават калі ўсе яны паедуць, для турфірмы гэта стратна. Забароны на ўезд расійскіх грамадзян няма. Але нават калі аўтобусы беларускія, за рулём павінны быць расійскія кіроўцы. Такая сітуацыя з Расіяй будзе дзейнічаць да 1 мая, — растлумачыў Філіп Гулы. — Нават калі ўсе абмежаванні будуць зняты, спатрэбіцца час на аднаўленне, таму першых турыстаў мы пабачым толькі праз месяц пасля адкрыцця граніц.

Расіяне займалі істотную долю ў структуры ўязнога турызму. Эксперты пацвяржаюць, што раней штодзень афармляліся сотні заявак на туры выхаднога дня і летні адпачынак. Нягледзячы на тое, што забароны выезду ў Беларусь для расіян няма, з закрыццём граніцы іх плынь істотна зменшылася, калі не зусім знікла.

— Сітуацыя была не вельмі добрая з пачатку сакавіка, а з гэтага панядзелка яна яшчэ пагоршылася. Турысты, якія збіраліся да нас, не прыехалі і патрабуюць вярнуць грошы, — расказаў Філіп Гулы.

— Звычайна выплаты турыстам адбываюцца з абаротных сродкаў кампаній. Зараз, калі масава адмяняюцца ўсе туры, абаротных сродкаў няма, — адзначыў начальнік філіяла «Белінтурыст» РУП «Цэнтркурорт» Аляксей Стрэльчанка.

— Вы заплацілі турагенцтву, яно — тураператару, а той у сваю чаргу пералічвае грошы гасцініцы, якая заплаціць з іх падаткі, аплаціць хімчыстку — сродкі ўжо працуюць у беларускай эканоміцы.

Тое самае адбываецца, калі грошы пералічаны замежнаму атэлю:

— Просіш вярнуць грошы — нам адказваюць, што або зараз на каранціне, і трэба чакаць, або пераносьце тур, або грошы «згарэлі», бо вы не прыехалі. Механізму ўзаемадзеяння ў такой сітуацыі і вяртання грошай няма, — дадае Філіп Гулы.

Прадстаўнікі турыстычнай сферы тлумачаць, што ў такім выпадку лепш перанесці тур на больш позні тэрмін, чым чакаць, пакуль вам змогуць вярнуць грошы. Калі ж кампанія абанкруціцца (што цалкам верагодна ва ўмовах, у якія трапіла турыстычная галіна), сваіх грошай вы ўвогуле не пабачыце.

— З 2014 года турызм пачаў выходзіць у Беларусі на пазіцыі перспектыўнага драйвера ў сферы паслуг. Мы імкнёмся трымаць удар, але ніколі раней з такімі выклікамі мы не сутыкаліся. Негатыўныя наступствы будуць значнымі, і неабходны кампенсацыйныя меры, каб галіна ўстала з кален, — падкрэслівае Аляксей Стрэльчанка. Ён нагадаў, што ў Беларусі каля 1300 турыстычных кампаній, 600 гасцініц, а ў галіне працуе каля 50 тысяч чалавек.

Сярод мер, якія прапануе Рэспубліканскі саюз туріндустрыі, прадастаўленне суб’ектам турыстычнай дзейнасці права адтэрміноўкі па выкананні сваіх абавязацельстваў, увядзенне падатковых канікул, зніжэнне арэнднай платы, аўтаматычнае падаўжэнне замежным грамадзянам віз да 31 снежня бягучага года і выдача новых без аплаты і іншыя.

— Галоўны ўдар (сітуацыяй з распаўсюджаннем каранавіруса. — «Зв.») будзе нанесены па эканоміцы. Мы павінны паглядзець на тыя галіны, якія звязаны з экспартам і пацерпяць мацней за астатнія — гэта турызм, авіяперавозкі, гасцінічны комплекс, магчыма, чыгуначныя перавозкі. У нас няма вялікіх рэзерваў, але мы павінны распрацаваць комплекс мер, каб падтрымаць гэтыя галіны. 24 сакавіка на паседжанні нашай камісіі (па міжнародных справах. — «Зв».) гэта пытанне будзе разгледжана, — расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Андрэй Савіных.

Алена КРАВЕЦ

Фота: vk.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.