Вы тут

Што i дзе можна саджаць, каб упрыгожыць сталiчныя вулiцы i двары


Больш за два мiльёны кветак, звыш 13 тысяч дрэў i каля 46 тысяч кустоў высадзяць сёлета на сталiчных вулiцах. Навiнкай 2020-га стане з'яўленне на раздзяляльных лiнiях уздоўж дарог жывой агароджы з кустоў. Акрамя таго, у кожным адмiнiстрацыйным раёне Мiнска арганiзуюць клумбу, прысвечаную 75-годдзю Перамогi. Якiя раслiны парадуюць беларусаў i гасцей Мiнска ў гэтым сезоне i чым можа дапамагчы азеляняльнiкам кожны з нас, карэспандэнт запыталася ў спецыялiстаў.


Лiставыя нельга пладовыя

Штогод у краiне праводзяцца вясеннi i асеннi месячнiкi па добраўпарадкаваннi, i кожны раз пры гэтым абавязкова азеляняюцца дваравыя тэрыторыi. Сёлета камунальнiкi чакаюць, што дапамагаць саджаць кусты ды дрэвы i добраўпарадкоўваць двары будуць да 200 тысяч чалавек. За дзяржаўныя сродкi набываюць толькi кусты, а вось дрэвы купляюць за небюджэтныя грошы або выкопваюць у ляснiцтвах на спецыяльных дзялянках, дапамагаюць i iнiцыятыўныя жыхары.

Саджанцы прыжываюцца, на жаль, не ўсе. Летась, напрыклад, высаджвалi шмат елачак, аднак яны кепска ўзялiся ў дварах, хоць iх i палiвалi. Сёлета большы акцэнт зробяць ужо на iншыя пароды, у асноўным лiставыя, падзялiлася Настасся ВАРАБ'ЁВА, намеснiк генеральнага дырэктара па добраўпарадкаваннi, санiтарным утрыманнi жыллёвага фонду i рабоце з насельнiцтвам Мiнскай гарадской жыллёвай гаспадаркi (МГЖГ):

— Кожны раён горада набывае раслiны для пасадкi самастойна, у тым лiку i з дапамогай насельнiцтва. Некаторыя прывозяць саджанцы з лецішчаў. Мы заўжды просiм, каб гэта былi не пладовыя дрэвы, а простыя лiставыя: бяроза, клён, вярба, рабiна. Бывае, што пладовае дрэва даўно расце ў двары, тады ад яго пазбаўляюцца, толькi калi яно стала аварыйна небяспечнае. Аднак саджаць на яго месца такое ж немэтазгодна. Па-першае, садавiна сыплецца пад ногi, стварае бруд, апад прыцягвае вос i iншых насякомых. Ды i ўвогуле: навошта? У горадзе не тая экалогiя, каб збiраць плады. Зразумела, нельга саджаць у двары i iнвазiўныя раслiны: сумнiк канадскi, клён ясенелiставы, рабiнiю псеўдаакацыевую, эхiнацысцiс лопасцевы, вядомы як «шалёны агурок». Калi такiя дрэвы знойдуць у двары, iх высекуць, нават калi яны будуць здаровыя.

Тыя, хто жадае азелянiць свой двор, але не мае саджанцаў, звяртаюцца ў ЖЭС, i камунальнiкi стараюцца па магчымасцi забяспечыць людзей пасадачным матэрыялам, каб падчас суботнiка раслiны высадзiлi ў адведзеныя пад гэта месцы.

Самастойна высаджваць дрэвы i кусты там, дзе падабаецца, нельга, бо пры азеляненнi неабходна вытрымлiваць пэўныя нормы. Нельга саджаць дрэва блiжэй чым за 1,5 метра ад краю тратуара цi сцежкi або менш чым за 5 метраў ад вокнаў дома. Высаджваць раслiны каля слупоў ды мачтаў можна, толькi адступiўшы ад iх 4 метры, а ад падземных камунiкацый дрэва павiнна аддзяляць ад 1,5 да 2 метраў. Ад праезнай часткi вулiцы дрэва таксама мусіць быць на адлегласці не менш за 2,1 метра.

Аднак нават калi вытрымаць адлегласцi, немагчыма быць упэўненым, што ў аблюбаваным пад пасадку месцы не праходзяць падземныя камунiкацыi, над якiмi высаджваць дрэвы i кусты забаронена. Так што, перш чым наводзiць прыгажосць, лепш паказаць месцы меркаванага азелянення спецыялiстам. Гэта ўсё ж не прыватная тэрыторыя, а камунальная ўласнасць горада, запэўнiла спецыялiст.

Не ўсё стрыжы, што расце

Сёлета ў сталiчных дварах павiнна з'явiцца больш за 6 тысяч новых дрэў i звыш 25 тысяч кустоў, сярод якiх аддаюць перавагу фарзiцыi, барбарысу, фезiлiуму, спiрэi. Адрамантуюць таксама звыш 40 гектараў газона. Пасаджаныя раслiны даглядаюць, як правiла, i камунальнiкi, i жыхары.

— Замест загiнулых, старых цi хворых раслiн, ад якiх давялося пазбавiцца, засёды стараюцца пасадзiць новае дрэва цi куст. Аднак падыходзiць да гэтага трэба з розумам, — заклiкала спецыялiст. — Многiя дрэвы людзi ў свой час высаджвалi без усякiх нормаў, таму нельга казаць, што iншую раслiну пасадзяць на тое ж самае месца. Да таго ж, калi ў двары i так вялiкая шчыльнасць зялёных пасадак, то не варта аднаўляць яе з дакладнасцю да раслiны, каб не нашкодзiць аб'ектам добраўпарадкавання.

За мiнулы год у дварах Мiнска пазбавiлiся ад 2021 небяспечнага дрэва. Аднак па магчымасцi ў сталiцы стараюцца захаваць кожнае дрэва i амаль не кранаюць здаровых раслiн, якiя ўжо даўно растуць у двары, нават калi яны i не зусiм адпавядаюць санiтарным нормам пасадкi.

Увесну дрэвам i кустам робяць «стрыжкi». Падчас санiтарнай абрэзкi выдаляюцца сухiя абламаныя галiны, крону амаль не чапаюць. Фармовачная абрэзка, як зразумела з назвы, надае дрэвам пэўную форму i выгляд. А вось амалоджвальная здаецца жыхарам найбольш жорсткай, бо дрэва губляе большую частку кроны.

— Мы стараемся пазбягаць глыбокай абрэзкi ў дварах, аднак часта даводзiцца рабiць яе на дрэвах, якiя растуць паблiзу ад вокнаў дамоў i зацяняюць кватэры. Аднак гэта не шкодзiць раслiне, таму абрэзка i называецца амалоджвальнай. Выкананая адпаведна нормам, яна дазваляе дрэву пусцiць новыя галiны, i яно толькi амалоджваецца, а нiяк не гiне, — заспакоiла Настасся Вараб'ёва.

Кветкавыя фантазii

Калi пад вокнамi гарадскiх шматпавярховiкаў буяе кветкавая прыгажосць, гэта заўжды радуе вока. Рознакаляровы духмяны россып — заслуга жыхароў, бо камунальнiкi не займаюцца пасадкай кветак у дварах. Як правiла, варта пачаць аднаму — i падцягваюцца iншыя, яшчэ i негалоснае спаборнiцтва ладзяць, у каго лепш ды ярчэй атрымаецца. Тым больш што, разбiваючы клумбу, не трэба ўзгадняць з уладамi, якiя кветкi там будуць расцi.

— Мы заўжды вiтаем iнiцыятыву жыхароў, калi яна разумная, прыгожая, эстэтычная, бо ў сталiчных дварах усё ж павiнен быць адпаведны ўзровень. Аднак, добраўпарадкоўваючы тэрыторыю двара, трэба памятаць: тое, што падабаецца аднаму, можа быць не да густу iншаму, — параiла прадстаўнiца МГЖГ. — Калi чалавек мае намер зрабiць нейкую канструкцыю накшталт аркi над сцежкай цi зялёнай сценкi, трэба ўзгаднiць гэта з эксплуатуючай арганiзацыяй, якая зацiкаўлена ў тым, каб выконвалiся iнтарэсы ўсiх жыхароў. Хтосьцi хоча ў двары альтанку, а некаму яна будзе перашкаджаць, бо там могуць збiрацца шумныя кампанii.

Кветкавае ўпрыгожванне вiтаецца, а вось выкарыстанне на клумбах шын i фiгурак з iх — не. У тым лiку i ў якасцi агароджы вакол кветнiка або каб прадухiлiць заезд аўто на газон.

— Цяпер шын у дварах амаль няма. Там, дзе яны былi, мы тлумачылi жыхарам, што гэта небяспечна. Тое ж датычыцца i ўпрыгожвання клумб i палiсаднiкаў пластыкавымi бутэлькамi. Часам людзi перабiраюць з гэтым меру. Адна справа нейкiя каралi з крышачак зрабiць, на агароджу павесiць, i iншая — калi бутэлькi паўсюль на клумбе, што зямлi не вiдаць, — канстатавала Настасся Вараб'ёва.

Газонныя шкоднiкi

Разам з жыхарамi i ДАI камунальнiкi змагаюцца i з аматарамi паркоўкi на зялёнай зоне. Усё часцей паабапал дарог у дварах з'яўляюцца слупкi i паўсферы, якiя перашкаджаюць заехаць коламi на газон. Часам уздоўж праездаў высаджваюць жывую агароджу.

Аднак не толькi машыны псуюць траву. «Народныя» сцежкi, пратаптаныя людзьмi там, дзе iм зручней хадзiць, шарэюць сярод газонаў пастаянна. Вырашыць гэтую праблему цалкам, магчыма, не ўдасца нiколi, аднак сёлета робяцца пэўныя захады.

— Мiнгарвыканкам разглядае пытанне аб правядзеннi на тэрыторыi кожнага раёна сталiцы абследавання такiх незапланаваных сцежак, каб ацанiць мэтазгоднасць стварэння там пешаходных сувязяў i выдзялення на гэта фiнансавання. Аднак зрабiць гэта ўсюды, дзе пратапталi сцежку, вядома, немагчыма. Па-першае, на гэтым месцы могуць праходзiць падземныя камунiкацыi, а па-другое, стварэнне сцежкi з плiткамi — гэта добраўпарадкаванне, якое патрабуе праектна-каштарыснай дакументацыi i сур'ёзнай работы, — растлумачыла спецыялiст.

Клумбы i алеi да 75-годдзя Перамогi

З 23 акцый, запланаваных сёлета ў сталiцы да вясенняга месячнiка па добраўпарадкаваннi, сем прысвечаны святкаванню 75-годдзя Перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне.

Летась увосень на кветнiках горада высадзiлi больш за 300 тысяч цыбульных раслiн, якiя, як мяркуецца, заквiтнеюць да 9 Мая, што стане адным з падарункаў гараджанам да свята. А яшчэ ў Мiнску пасадзяць 222 дрэвы ў гонар Перамогi, падзялiлася Алена АКУЛIЧ, начальнiк аддзела ўтрымання i добраўпарадкавання аб'ектаў зялёнай гаспадаркi Мiнскзелянбуду:

— Напрыклад, у Ленiнскiм раёне сталiцы на праспекце Ракасоўскага заложаць алею Перамогi са 100 дрэў. У Партызанскiм раёне на зялёнай тэрыторыi ў раёне вулiцы Грыцаўца пасадзяць 16 дрэў. 30 новых дрэў у межах акцыi «Дрэвы Перамогi» паселяцца ў Першамайскiм раёне.

Сёлета ў Мiнску павялiчыцца колькасць мнагалетнiх кветак, якiя дададуць да прыгожа квiтнеючых кустоў i складуць дэкаратыўныя кампазiцыi.

— Летась кожны з раёнаў сталiцы пачаў ствараць дзесяць пляцовак, дзе плануецца пасадзiць звыш 15 тысяч кустоў, да якiх будуць дадаваць шматлетнiкi. Сёлета гэтая работа працягнецца, i за год высадзяць яшчэ 60 тысяч кветак. А да 75-годдзя Перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне ў кожным адмiнiстрацыйным раёне Мiнска зробяць спецыяльныя юбiлейныя кветкавыя кампазiцыi, — удакладнiла спецыялiст Мiнскзелянбуду. — Гэта будуць i лiчбы «75»,
i сцягi, i iншыя формы кветкавага афармлення. У асноўным з дывановых раслiн, каб стварыць суцэльнае покрыва.

Мiнск упрыгожыцца таксама больш чым 16 тысячамi кашпо з ампельнымi кветкамi.

У тэму

Сёлета ў Мiнску выканаюць бягучы рамонт аб'ектаў добраўпарадкавання ў 580 дварах i капiтальна адрамантуюць 12 прыдамавых тэрыторый. Адбудуцца капрамонт удасканаленых пакрыццяў, замена дзiцячага i спартыўнага абсталявання, азеляненне двароў.

Бягучага рамонту чакаюць 150 тысяч «квадратаў» асфальту ў дварах, 25 тысяч квадратных метраў плiтачнага пакрыцця на сцежках, 211 лесвiц. Адрамантуюць 303 кантэйнерныя пляцоўкi i 12 пляцовак для выгулу жывёл.

Падчас месячнiка па добраўпарадкаваннi плануецца адрамантаваць пешаходныя сувязi, аднавiць каля 14 гектараў газонаў, адрамантаваць i пафарбаваць больш за 10 тысяч адзiнак дзiцячага абсталявання i звыш 18 тысяч малых архiтэктурных формаў. Ужо ў сакавiку камунальнiкi пачалi наводзiць паслязiмовы парадак у падвалах, месцах агульнага карыстання i дварах.

Iрына СIДАРОК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА і Iрыны СIДАРОК

Загаловак у газеце: Кожнае дрэўца мае сваё месца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.