Вы тут

На ўчастках Старобінскага лясгаса на сёння сабрана звыш тысячы тон бярозавіку


З-за анамальных кліматычных умоў сёлета сезон нарыхтоўкі карыснага напою стартаваў на некалькі тыдняў раней, чым звычайна. Лясгасы паўднёвых рэгіёнаў пачалі яго збор у канцы лютага, цяпер работа актыўна ідзе па ўсёй краіне. У тым ліку і на ўчастках Старобінскага лясгаса, дзе на сёння сабрана звыш тысячы тон бярозавіку. Туды і наведалася карэспандэнт «Звязды».


— Зіма была вельмі цёплая, што, безумоўна, паўплывала на перыяд пачатку руху соку. Першым стаў кляновы, але яго мы ў прамысловых аб'ёмах не нарыхтоўваем. Затым у канцы лютага — пачатку сакавіка пайшоў і бярозавік. Гэта самы ранні пачатак збору напою за апошнія гады, — расказаў дырэктар Старобінскага лясгаса Антон РАМАНОЎСКІ.

Спецыялісты па лесе чакалі, што пасля бясснежнай зімы «сакавіты сезон» можа завяршыцца за два-тры тыдні. Але з улікам начных замаразкаў нарыхтоўка бярозавага соку будзе цягнуцца даўжэй.

— Яна праходзіць на ўчастках ляснога фонду не раней чым за пяць гадоў да ўзросту сталасці лесу, — расказала ляснічы Чырвонаслабодскага доследна-вытворчага лясніцтва Алена ВАРАШКЕВІЧ. — Нарыхтоўка можа весціся і на дрэвах, адведзеных для высечак і іншага прамежкавага карыстання з ліку дрэў, прызначаных пад высечку. Падсочка праводзіцца на дрэвах ва ўзросце ад 51 года. Западсочыць адну лесасеку, напрыклад, на плошчы 1,7 гектара могуць за два дні два леснікі. Для гэтага адбіраюцца бярозы з дыяметрам ствала не менш за 20 сантыметраў. Бензапілой на дрэве робіцца адзін надрэз пад вуглом 30 градусаў ад вертыкальнай восі, а калі дыяметр ствала большы за 34 сантыметры — два. Даўжыня надрэзу не павінна перавышаць 12 сантыметраў, глыбіня — не большая за чатыры сантыметры, калі дрэвы не ідуць пад высечку. Калі трапляюць у гэтую катэгорыю — можна не прытрымлівацца параметраў.

Лесаводы збіраюць сок штодня па меры напаўнення мяшкоў. З адной бярозы можна атрымаць да 200 літраў, на гэта трэба два-тры тыдні. Што важна, у канцы сезона нарыхтоўкі жалабкі трэба абавязкова зняць і зрэзы замазаць сумессю вапны з глінай. Гэта робіцца для прафілактыкі захворванняў дрэў. Калі трымаецца тэмпература 10—15 градусаў цяпла ўдзень і 3—4 градусы цяпла ўначы на працягу некалькіх тыдняў, можна быць упэўненым: сезон нарыхтоўкі карыснага напою спынены.

Дарэчы, як адзначаюць спецыялісты, самы лепшы сок той, што атрымліваецца з бяроз, якія растуць на чыстых супясчаных глебах і пагорках. Ад карыснага напою, сабранага каля балота, можна чакаць цямнейшага колеру альбо жаўцізны. «У першыя дні падсочвання з дрэў, дзе ёсць шмат наплываў, зліваем першыя літр-паўтара. Тады сок самы чысты. Хоць на смакавыя якасці гэта ніяк не ўплывае», — кажа Алена Варашкевіч.

— Цана бярозавіку ў лясніцтве і гандлёвых пунктах адрозніваецца, — заўважае дырэктар лясгаса Антон Раманоўскі. — На дзялянцы можна набыць літр напою за 23 капейкі, на спецыяльных гандлёвых пляцоўках — за 36 капеек. У крамах кошт будзе вышэйшы. Сёлета хочам рэалізаваць насельніцтву не менш за 30 працэнтаў сабранага аб'ёму соку, нават імкнёмся да 50 працэнтаў. На сёння агульны паказчык рэалізаванай прадукцыі ў лясніцтве складае крыху больш за 36 тон. З пачатку сезона, напрыклад, у Чэрвені ўжо нарыхтавалі 85 тон бярозавіку, у Беразіно — 62, у Старобіне — 39, у Старых Дарогах — 74 тоны. Яны гатовы да збыту.

Большасць спажыўцоў хоча пераканацца ў тым, што ім прадаюць экалагічна чысты прадукт. Таму і прыязджаюць непасрэдна на дзялянку, каб адразу пераліць сок з пакета ў сваю тару. Вось і жыхарка пасёлка Чырвоная Слабада Галіна ЛАПАЦІНА наведвае лясны «пункт» з мужам штогод. «Зараз узялі 80 літраў напою. Верым у яго гаючыя ўласцівасці. Даўно даказана, што бярозавы сок вельмі карысны, яго раяць пасля аперацый. Да таго ж ён амаль бясплатны. Заўсёды закатваю каля ста літраў — летась, напрыклад, было 60 слоікаў. У нас вялікая сям'я, таму разыходзіцца хутка».

Каб нарыхтоўваць бярозавы сок самастойна, неабходна звярнуцца ў найбліжэйшае лясніцтва або лясгас. Спецыялісты пакажуць месцы, растлумачаць тэхналогію збору і прасочаць за правільным завяршэннем працэсу. Калі правілы не будуць выкананы, парушальнікаў — фізічных асоб чакае штраф да 20 базавых велічынь, індывідуальных прадпрымальнікаў — да 100, юрыдычных асоб — да 500. Напрыклад, сёлета ў Старобінскім лясгасе з дапамогай фотапасткі злавілі двух такіх парушальнікаў і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Нагадаем, што лясгасы краіны ўжо сабралі каля трох тысяч тон бярозавіку, з іх 285 тон прадалі насельніцтву, астатняе — перапрацоўчым прадпрыемствам. Лідарам па нарыхтоўцы сярод абласцей пакуль з'яўляецца Брэсцкая, там сабралі палову карыснага напою, што складае 1647 тон.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: З бярозавікам будзеш — сілы здабудзеш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.