Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Даеш «Зарнiцу»!

Фота russianpoetry.ru

У першую суботу лютага ў школах, як вядома, ладзяць так званыя вечары сустрэч, прымаюць выпускнiкоў. Нехта з iх жыве непадалёку, нехта, як кажуць, за светам: аднакласнiкi гадамi не бачацца, а то i дзесяцiгоддзямi...

У нас вось сустрэлiся два Мiколы. Некалi найблiжэйшыя сябры былi, вадой, здавалася, не разальеш! Але... Адзiн Коля, як той казаў, дзе нарадзiўся, там прыгадзiўся, другi — аж на Далёкiм Усходзе асеў...

Карацей, сустрэўшыся, iм было аб чым пагаварыць, было што ўспомнiць.

Ну вось, напрыклад. Пасля школы атрымалi гэтыя хлопцы павесткi ў ваенкамат, схадзiлi туды, разам вярталiся назад. I трэба ж — у гарадскiм парку «зачапiлiся» за старое дрэва — згледзелi ўверсе дупло.

— А давай там пляшку схаваем, — прапанаваў адзiн Мiкола.

— Адслужым, вернемся дамоў — падхапiў iдэю другi, — i разам вып'ем!

Для таго каб гэта зрабiць, сябры схадзiлi ў краму, купiлi гарэлкi, потым Мiкола па мянушцы Штэпсель (бо малы, каранасты) залез на плечы прысеўшаму каля дрэва Мiколу Тарапуньку (росту ў iм — метры са два). I як толькi той разагнуўся, апусцiў бутэльку ў дупло...

— Надзейная схованка, — зазначыў яшчэ, спусцiўшыся на зямлю. — Нiхто не знойдзе. Толькi мы...

— I разам, — паставiў умову Тарапунька. — Той, хто вяртаецца першы, чакае другога.

Сябры, што называецца, ударылi па руках.

I вось за плячыма два гады службы. Вярнуўся да бацькоў адзiн Мiкола, неўзабаве прыехаў другi — пасталелыя, падужэлыя. Сустрэлiся i амаль тут жа рушылi ў парк.

Дрэва з дуплом было на месцы, нiдзе не дзелася. Тым жа чынам, што i раней, Мiкола Штэпсель быў падняты ўгару. Запусцiў руку ў дупло, а бутэлькi... няма.

— Ты лепш шукай, — параiў Тарапунька. — Глыбей руку засоўвай.

— Ды марна: у дупле нiчога няма...

Словам, для таго каб адзначыць сустрэчу, хлопцам давялося схадзiць у краму. Пляшка (хоць i не тая, без «вытрымкi») у iх з'явiлася... Праблема засталася: адзiн п'янаваты Мiкола не верыў другому, пытаўся:

— Ты праўда ў дупло не лазiў?

— Не! Гадам буду! Я цябе чакаў!

— А дзе тады пляшка?..

Як нi дзiўна, разгадаў гэту «загадку» Мiколаў малодшы брат.

— Дык гэта што — ВЫ паклалi тую бутэльку?! — усклiкнуў ён, зразумеўшы прычыну сваркi.

Ну i далей расказаў, што iх школьны ваенрук ладзiў гульню «Зарнiца», што менавiта ў парку займаўся падрыхтоўкай «разведчыкаў». Для выпрацоўкi практычных навыкаў тым, напрыклад, уручалася па адной карце, у якой пазначалася месца, дзе схавана другая, потым — трэцяя... А ўрэшце абедзве групы павiнны былi знайсцi апошнюю схованку: хто гэта зробiць першы (адшукае карту «працiўнiка»), той i перамог.

— Наша каманда, — расказваў малодшы брат, — «вылiчыла» тое дупло: i карту знайшла, i бутэльку.

— Дык дзе яна? — усхапiлiся Мiколы.

— Ваенрук забраў. Сказаў — на праверку.

...Пачуў я гэту гiсторыю i мiжволi пацягнуўся ў парк.

Дрэва з дуплом, на жаль, не знайшоў: можа, бура павалiла, можа, камунгас спiлаваў — насадзiўшы новых...

Адным словам — было дзе пагуляць.

I час быў, каб пашкадаваць, што сучасныя дзецi не гуляюць у тую ж «Зарнiцу» — на свежым паветры, у пошуку, у руху... Як па мне — дык болей карысным, чым стралялкi ў гаджэтах.

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы


Бульбу вараць, бульбу смажаць, бульбу з лецiшча вязуць...

Мае сваякi расказалi, як калiсьцi палешукi, што жылi паўз рэчку Гарынь, лiтаральна адваёўвалi ў балота лапiкi зямлi! Усю яе старалiся скарыстаць пад пасевы: не дай бог было хоць нейкi метр закiнуць!.. «Зямля павiнна працаваць» — гэты закон перадаваўся з пакалення ў пакаленне i таму, вiдаць, на генным узроўнi захаваўся да нашых дзён.

Дык вось. Воляй лёсу сям'ю маiх добрых знаёмых, патомных палешукоў, закiнула ў Маскву. Сужэнцы займелi там добрую работу, дастатак, пабудавалi ў Падмаскоўi дачу i цяпер, з гадамi, шчыруюць там з ранняй вясны да позняй восенi. Спрыт, праўда, ужо трохi не той, але ж закон аб тым, што зямля павiнна працаваць, для iх нiхто не адмяняў.

Факт, што мiнулым летам большую частку гарода гэтая сям'я адвяла пад любiмую бульбу. З Беларусi прывезлi насенне, пасадзiлi, пабаранавалi, не раз прапалолi... Карацей, ураджай атрымалi ну проста на славу: бульбiнкi адна ў адну — кругленькiя, роўненькiя! А ўжо шмат... Самiм не спажыць.

На шчасце, з Мiнска сваякi завiталi — падрадзiлiся дапамагчы: пару мяшкоў узяць з таго ўраджаю. Загрузiлi ў багажнiк, паехалi дамоў. На мяжы з Беларуссю пiльны кантроль спыняе. Апроч iншага, пытаюць у кiроўцы:

— Што ў багажнiку вязеш?

— Бульбу.

— Як гэта... бульбу? — не паверыў вушам правяральшчык, бо прывык да таго, што гэты прадукт з Беларусi вывозяць, а не ўвозяць.

— Ды ў сваякоў урадзiла, яны i падзялiлiся...

— Нешта слаба ў гэта верыцца... Можа, вы ў ёй схавалi што?

— Не. I ў думках не было!

— А мы зараз праверым.

З дзяржаўным чалавекам, ды «пры выкананнi», нiхто спрачацца не стаў:

— Правярайце.

Хлопцы ўзялiся. Адзiн для гэтага нават нож дастаў.

Другi — агледзеў звонку мяшкi, развязаў, з абодвух адсыпаў клубняў, а ўрэшце... пажадаў шчаслiвай дарогi.

Такiм чынам бульбачка, якая з нашага насення вырасла на расiйскай зямлi, без прыгод, можна сказаць, вярнулася дамоў. Бо праўду кажуць, што ў кожнага беларуса пад ракавiнай павiнна быць не толькi вядро са смеццем, але i пасудзiна з бульбай.

А. Балошка, г. Мiнск


Бойся каровы спераду...

Фота vplate.ru

Сонейка прыгрэла, пара стала хусткi-шапкi знiмаць, кiраваць у цырульнi.

Мы, сельскiя настаўнiцы, дружна хадзiлi туды не толькi перад вясной, але i перад вераснем. Летам, шчыра кажучы, не да таго было: гароды, ягады-грыбы, нарыхтоўкi. А яшчэ ж i сена, i бульба, i дзялкi саўгасных буракоў (не праполеш — не дадуць сенакосу, не пракормiш карову)... Да таго ж мы тады старалiся адна перад адной, вельмi часта пераклейвалi шпалеры, фарбавалi то вокны, то дзверы, то падлогi (самi, нiкога не наймалi, мужы толькi мэблю цягалi)... А потым бегалi глядзець, што атрымалася, ды любавацца.

Тады так трэба было, бо мы — настаўнiцы, на нас i дзецi глядзяць, i бацькi iх раўняюцца. А значыць, парадак павiнен быць i ў сям'i, i ў хаце, i ў гаспадарцы... Што ўжо казаць пра галаву.

Дык вось. Хутка верасень, да жнiвеньскай нарады мы спраўляем абноўкi, робiм прычоскi. Найчасцей — хiмiчныя завiўкi. (Выгады ад iх — недзе на паўгода: галаву памыў, ноч на бiгудзi прамучыўся — днi са тры з прычоскай, на людзi не сорам выйсцi.)

Пры гэтым нейкiх персанальных майстроў-цырульнiкаў мы, вядома ж, не мелi. На аўтобусе ў горад паедзеш, чаргу адстаiш — да каго трапiў, да таго i добра. Галоўнае — потым на аўтобус не спазнiцца, дамоў дабрацца.

...Можа, таму адна з нашых каляжанак вырашыла сэканомiць — не ў райцэнтр паехаць, а ў найблiжэйшае мястэчка, у Iлью. Там, ёй сказалi, i чаргi нiколi няма...

З'ездзiла яна, зрабiла завiўку — дамоў, як належыць, з прычоскай прыехала, а ранiцай у люстэрка зiрнула i ледзь не самлела: злева — галава як галава (укладка сяк-так трымаецца), а справа — нiякай «хiмii»: роўненькiя пасмачкi вiсяць, толькi як абскубаныя.

Тут да беднай дайшло, чаму гэта цырульнiца так няцвёрда на нагах стаяла, чаго за шырмачку ўсё хадзiла (вiдаць, дабаўляла пакрысе?), бо, калi ўкладку рабiла, ужо i наогул... Клiентку за плячо ўхопiць, трошкi пастаiць, потым зноў за работу возьмецца... «Можа, прыхварэла цi дужа стамiлася?» — шкадавала настаўнiца сваю майстрыху. А тую, выходзiць, алкаголь «накрываў», ды так, што злева завiўку зафiксавала, а справа ўжо не.

...Беднай клiентцы давялося потым сяброўкам званiць — склiкаць да сябе каго з фенам, каго з тэрмабiгудзi.

Разам мы справiлiся: прывялi жанчыну ў боскi выгляд. А потым яна ўжо сама кожны вечар накручвала валасы, недасыпала, але ў школу iшла чалавекам. Праўда, завiўкi зараклася рабiць i хадзiла са стрыжкай.

А мы з яе падачы запомнiлi, што майстра ўсё ж лепей ведаць у твар цi хоць бы па чутках... Што кароў варта баяцца спераду, коней — ззаду, а п'яных цi проста нецвярозых — з усiх бакоў.

Любоў Чыгрынава,

г. Мiнск.

Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».