Вы тут

Экзамен на чалавечнасць. Пра ўскладненне пасля эпідэміі, якое ніхто не вылечыць


Прызнаюся: гэты загаловак — самаплагіят. Я ўжо пісала матэрыял з такой назвай. Дзевяць гадоў таму, таксама ранняй вясной. Тады таксама былі халодна-празрыстыя ранкі і надвячоркі, і паветра трымцела ад прадчування хуткага цяпла. Але тады нічога гэтага не заўважалася, і людзі хадзілі маўклівыя і прыгаломшаныя, з засяроджана-сур'ёзнымі тварамі, на якіх чыталася трывога. Тады сапраўды ўсім без выключэння было балюча. І страшна. Вы павінны гэта памятаць — гэта было зусім нядаўна, на пачатку красавіка 2011-га, калі адбыўся выбух у мінскім метро.


Тады першыя дні было незразумела, што будзе далей, распаўсюджваліся чуткі аб нібыта новых выбухах у аўтобусах, на некалькі дзён у двухмільённым горадзе спынілася метро. Гэта было знянацку, зусім нечакана, і ад таго яшчэ больш шакіравала... Але нават у стане сапраўднага шоку людзі паводзілі сябе па-людску. І вы памятаеце гэта адчуванне з'яднанасці і згуртаванасці, калі спакойна садзіліся ў перапоўненыя аўтобусы і тралейбусы, прапускаючы перад сабой старых і дзяцей, калі цярпліва чакалі наступнага транспарту, калі стаялі ў чэргах на станцыях пералівання крыві, хоць дагэтуль нават не задумваліся пра тое, каб стаць донарам. І гэтае пачуццё калектыўнай уласнай годнасці было нашмат мацнейшае за боль і страх. І сёння, калі мінула ўжо амаль дзесяць гадоў, калі можаш аналізаваць учынкі і паводзіны свае і іншых, з гонарам, з радасцю ўсведамляеш, што той экзамен на чалавечнасць мы здалі.

Дзякуй богу, іх, падобных экзаменаў, у нашым жыцці не так і шмат. Але кожнаму пакаленню па некалькі ўсё ж дастаецца, кожнае пакаленне нейкая вышэйшая сіла нібы правярае, вартыя гэтыя двухногія насельнікі планеты Зямля звацца людзьмі ці ператвараюцца ў чалавекападобных істот. І зараз, менавіта ў гэты час і на гэтай прасторы экзамен на чалавечнасць здаюць многія. Неразгаданы і пакуль не пераможаны каранавірус і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі зрабілі так, што гэтай вясной у ролі экзаменаваных апынуўся амаль увесь свет.

Я не маю на ўвазе дзяржавы, уладу, меры, якія яны ўводзяць або не ўводзяць, каб перамагчы навалу, бо дзяржава і ўлада ў глабальным разуменні атаясамліваюцца з нечым абезасобленым. Тут размова менавіта пра людзей, пра іх учынкі. І зусім не іграе ролі, дзе і з прадстаўніком якой краіны што адбываецца. Таму што дэклараваць ідэі кантынентальнага адзінства і ўзаемадапамогі, а пасля хуценька разбегчыся па сваіх каморках, зачыніўшыся на ўсе запоры, — гэта адно, гэта вялікая палітыка, дзе чалавек выглядае істотай абсалютна абстрактнай. І зусім іншае — калі асобна ўзятыя грамадзяне пачынаюць перакопваць дарогу перад аўтобусам, на якім вязуць на каранцін эвакуіраваных з раёна эпідэміі суайчыннікаў. Калі прадстаўнік турфірмы на далёкім востраве ў акіяне не пускае ў самалёт кліентаў сваёй жа фірмы, якія купілі ў ёй пуцёўкі, толькі таму, што гэтыя людзі — грамадзяне іншай краіны, не зважаючы на тое, што краіна «брацкая», што з ёй нават меж няма. Калі агент пахавальнага бюро адмаўляецца прыехаць забраць памерлага ў кватэры чалавека, бо чалавек памёр ад каранавіруса, а агент вельмі баіцца, хоць мае ўсе сродкі абароны, ды і сам ён не вельмі рызыкуе, бо малады і здаровы. Калі пажылую жанчыну, якая едзе на пахаванне сваяка, высаджваюць з маршруткі, на якую яна купіла білет (і яго ёй не загадзя, а вось сёння прадалі), проста на граніцы, выкідваючы з салона яе рэчы... Тут можна згадаць і суцэльны «хапун», які еўрапейскі тэлеканал ужо назваў прадуктовай пандэміяй. Але ён (асабліва гісторыя з туалетнай паперай — даруйце, ніяк не магу супакоіцца) выглядае хутчэй камічна. Праўда, роўна да таго часу, пакуль у чарговай «барацьбе» за паперу, муку, грэчку дзе-небудзь, прыціснуўшы, не пакалечаць якога старога ці малога...

Невядома, як доўга гэты вірус будзе трымаць людзей у страху. Невядома пакуль, хто і калі дакладна прыдумае ад яго паратунак. Але з упэўненасцю можна сказаць, што ён міне, як міналі і больш страшныя навалы. І яшчэ вось гэта: калі свет нарэшце ачомаецца і кожны, хоча таго ці не, пачне аналізаваць свае ўчынкі і паводзіны, многім, вельмі многім будзе сорамна. Не самае лепшае пачуццё, асабліва калі выпраўляць штосьці ці прасіць прабачэння позна. Гэткае ўскладненне пасля эпідэміі, якое ніхто не вылечыць.

А яшчэ калі меркаваць, што галоўны Экзаменатар паставіць у сваёй ведамасці «нездавальняюча»... Верым мы ў тое ці не, а, пагадзіцеся, вельмі не хочацца, каб такая пазнака з'явілася насупраць твайго імя.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Фота: bigpicture.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.