Вы тут

Чым пагражае глабальны крызіс?


Інвестыцыйныя банкі Goldman Sachs і Morgan Stanley абвясцілі пра пачатак глабальнага крызісу, піша Bloomberg. На думку спецыялістаў, цяпер гаворка ідзе аб глыбіні і магчымай працягласці падзення. Эканаміст Чэтан Ах'я адзначыў, што разглядае рэцэсію як базавы сцэнарый для глабальнай эканомікі ў 2020 годзе. Сусветныя фінансавыя рынкі цяпер у фазе фарміравання дна, таму інвестарам варта ўзмацняць пазіцыі на рынку рызыкоўных актываў і прадаваць долары, лічаць аналітыкі Morgan Stanley. Чаго магчыма чакаць надалей?


Рэкордны спад

Каранавірус паставіў сусветную эканоміку на мяжу крызісу, які можа аказацца самым сур'ёзным за стагоддзе. Цяперашні эканамічны спад здольны аказацца больш разбуральным для дабрабыту насельніцтва планеты, чым фінансавы крах дзесяцігадовай даўніны. Тады заглухлую банкаўскую сістэму запусцілі цэнтрабанкі, надрукаваўшы грошай. Цяперашні крызіс падарваў усю эканоміку: і вытворчасць, і сектар паслуг, і попыт, таму патрэбныя мэтавыя інтэрвенцыі, на што давядзецца «скінуцца». «Гэтым разам праблема ў іншым — перабоі ў рэальнай эканоміцы. І яе немагчыма ліквідаваць выключна сіламі цэнтральных банкаў», — заўважыў Руперт Харысан з найбуйнейшага ў свеце інвестфонду BlackRock.

Як адзначаюць аналітыкі, антыкрызісныя інструменты, распрацаваныя пасля крызісаў сусветнай фінансавай сістэмы і еўразоны, прызначаныя для барацьбы з праблемамі зусім іншага клопату. Гэтым разам усё інакш. Уладам усіх краін свету давядзецца выдаткаваць сотні мільярдаў долараў сродкаў падаткаплацельшчыкаў, каб не столькі ліквідаваць прычыну крызісу — спыніць эпідэмію, колькі выправіць наступствы — падтрымаць пацярпелых людзей і бізнес. З гэтым могуць узнікнуць праблемы: дзейнічаць трэба хутка, рашуча, затратна і пажадана ў каардынацыі з суседзямі, што палітыкам многіх краін даецца з цяжкасцю.

Як выйсці з каранціну?

Краінам ЕС давядзецца выдаткаваць за год каля 350 мільярдаў долараў на ліквідацыю наступстваў месячнага каранціну, падлічыла адна група эканамістаў. На што пойдуць гэтыя грошы? На тры асноўныя рэчы: падтрымку аховы здароўя, людзей і бізнесу. Першае дазволіць справіцца з эпідэміяй, другое — падтрымаць попыт у эканоміцы і сацыяльную стабільнасць, трэцяе — адрадзіць прапанову тавараў і паслуг. Дзяржпадтрымка спатрэбіцца як людзям, якія пазбавіліся заробку з-за каранціну, так і кампаніям, якія страцілі рабочую сілу, пастаўшчыкоў і спажыўцоў. Яна можа быць аформлена ў выглядзе бюджэтных субсідый, падатковых прэферэнцый і грашовых кампенсацый. Сацыяльныя выдаткі многіх краін вырастуць, калі ўлады аслабяць палітыку на час крызісу, напрыклад, павялічаць дапамогі па беспрацоўі і пашыраць кола людзей, якія маюць права на гэтыя і іншыя выплаты, напрыклад, аплатныя бальнічныя.

Бізнес ужо б'е трывогу, і з першых крыкаў аб дапамозе ясна, што гаворка ідзе не толькі пра страты прыбытку. Мільёны чалавек пазбавяцца работы, тысячы фірмаў збанкрутуюць. Улады стаяць перад няпростым выбарам: падтрымаць бізнес зараз ці потым дапамагаць беспрацоўным, ды яшчэ і ва ўмовах, калі ў казне ўсё менш грошай з-за скарачэння падатковых паступленняў.

Чарга па датацыі

На перадавой крызісу цяпер турызм і авіяцыя. Сусветны савет па падарожжах і турызме (World Travel & Tourіsm Councіl (WTTC) папярэдзіў, што пандэмія можа сёлета пазбавіць галіну 50 мільёнаў рабочых месцаў і скараціць рынак турпаслуг на чвэрць. Толькі ў Іспаніі ў лютым запаўняльнасць гасцініц упала на 20—30 працэнтаў у параўнанні з мінулым годам. Яшчэ да поўнага лакдаўна атэлі Мадрыда страцілі кожнага чацвёртага пастаяльца, а Барселоны — кожнага пятага.

Авіякампаніі рэзка скарацілі перавозку пасажыраў, спачатку ў Азію, а потым і ў ЗША, і Еўропу. Яны не скупяцца на эпітэты, кажуць пра найгоршы крызіс у гісторыі грамадзянскай авіяцыі і ўжо папрасілі аб мільярднай дапамозе ва ўрадаў, хоць большасць забарон на палёты яшчэ не ўступіла ў сілу.

Пад пагрозай уся сфера паслуг: ад рэстаранаў і кінастудый да ўніверсітэтаў і таксі. Вялікі спорт пазбавіўся мільярдных прыбыткаў ад трансляцый і продажу білетаў. У чаргу па датацыі выстраіліся нават нафтагазавыя кампаніі, збянтэжаныя абвалам попыту і цэн на нафту. І гэта толькі пачатак. Пакет бюджэтнай дапамогі ў ЗША прайшоў толькі ніжнюю палату Кангрэса, і яго аб'ём вядомы толькі прыблізна: дакладна больш за 10 мільярдаў долараў, але, напэўна, менш за $50 млрд, пра якія казаў прэзідэнт Дональд Трамп. ЕС паабяцаў выдзеліць каля 40 мільярдаў еўра. Пацярпелая больш за іншых Італія — да 25 мільярдаў еўра, Швейцарыя і Паўднёвая Карэя — па 10 мільярдаў долараў, Егіпет — 6 мільярдаў, Францыя, Аўстралія, Новая Зеландыя і Японія паабяцалі зрабіць «усё магчымае», каб падтрымаць эканоміку за кошт казны. Кітай запусціў маштабную праграму стымулявання вытворчасці за кошт падатковых паслабленняў і льготных крэдытаў.

І гэта пры тым, што ні адна з гэтых краін пакуль не сутыкнулася ў поўнай меры з наступствамі крызісу. А яны будуць вельмі сур'ёзныя, цытуе Бі-бі-сі меркаванне эканаміста Махамеда эль-Эрыяна, які працаваў на кіруючых пасадах у МВФ і ў адміністрацыі Барака Абамы, а таксама ў інвестфондзе PIMCO і страхавой кампаніі Allіanz. «Мы жывём у глабальнай эканоміцы, заснаванай на ўзаемазвязанасці. Але раптам ахова здароўя запатрабавала ад нас сацыяльнай раз'яднанасці, падзелу і ізаляцыі. Гэта супярэчыць усяму таму, што ляжыць у аснове эканамічнага росту, дабрабыту і фінансавай стабільнасці», — апісаў эль-Эрыян перадумовы для паглыблення крызісу.

Мінус 4 трыльёны

Да прыходу каранавіруса эканамісты чакалі сёлета росту сусветнай эканомікі прыблізна на тры працэнты. Цяпер яны прадказваюць рэцэсію і разыходзяцца толькі ў ацэнках яе працягласці — усё залежыць ад таго, як будзе развівацца пандэмія.

Калі па выніках года эканоміка так і не вырасце, свет недалічыцца прыкладна 4 трыльёнаў долараў. Гэта больш за ВУП Германіі, найбуйнейшай эканомікі Еўропы, і ў два з паловай разы больш за ВУП Расіі.

З трох вядучых сусветных эканомік — ЗША, Еўрасаюза і Кітая — дзве яшчэ разлічваюць на прырост багацця, хай і меншы, чым чакалася, а адна — ЕС — поўным ходам рыхтуецца зацягваць паясы. Еўрапейскія чыноўнікі яшчэ ў пачатку сакавіка казалі, што свежыя ацэнкі прадказваюць спад па выніках года. Эканоміка ЗША, найбуйнейшая ў свеце, пакуль на шляху да росту, але і ў Амерыцы эканамісты паступова пачынаюць пераглядаць прагнозы. У сакавіцкім апытанні Чыкагскага ўніверсітэта яны аказаліся крыху мякчэйшыя, чым у еўрапейскіх калег: 62 % бачаць імавернасць маштабнай рэцэсіі ў свеце з-за каранавіруса супраць 82 % еўрапейскіх эканамістаў, пераважна зачыненых дома на каранціне.

Паколькі на ЗША, Кітай і ЕС прыпадае дзве траціны эканамічнай актыўнасці ў свеце, то спаду ў Еўропе і істотнага запаволення ў Кітаі будзе дастаткова для тармажэння ўсёй глабальнай эканомікі. А калі дадаць сюды пагрозу сыравінным краінам ад падзення цэн на нафту і металы, карціна становіцца яшчэ больш змрочная. Маштаб праблем на Захадзе пакуль не адлюстраваны ў статыстыцы, але пра яго можна прыблізна меркаваць па апераджальных індыкатарах з Кітая, дзе ў лютым замерла актыўнасць як у прамысловасці, так і ў сектары паслуг.

Напярэдадні дэфолтаў

У агляднай перспектыве дэфолты могуць абвясціць адразу некалькі краін. Пра гэта заявіў кіраўнік аддзела рынкаў у J. P. Morgan Іnternatіonal Дэвід Стабс. Па словах аналітыка, у апошнія дзесяцігоддзі многія дзяржавы аб'яўлялі аб тым, што адмаўляюцца выконваць даўгавыя абавязацельствы. Газета The Іndependent паведаміла, што эканаміст Джэсі Каломба, які прадказаў крызіс 2008 года, папярэдзіў пра новую фінансавую катастрофу. На думку амерыканскага эксперта, цяпер на сусветным рынку ёсць адразу некалькі бурбалак, якія могуць лопнуць у любы момант.

Зрэшты, прароцтвы пра новы сусветны фінансавы крызіс гучаць ужо не першы год. У ліпені 2018-га аналітыкі Bank of Amerіca адзначалі, што актуальная дынаміка на сусветным фондавым рынку падобная на тую, што была перад сусветным эканамічным крызісам у 1997–1998 гадах. А летась амерыканскі мільярдэр, заснавальнік інвестыцыйнай кампаніі Brіdgewater Assocіates Рэй Даліа ацаніў стан сусветнай эканомікі і прыйшоў да высновы, што новы фінансавы крызіс можа надысці ў найбліжэйшыя некалькі гадоў. «Перыяд, у якім мы знаходзімся, вельмі падобны на 30-я гады мінулага стагоддзя», — сказаў Даліа, адзначыўшы падабенства актуальнай эканамічнай і палітычнай абстаноўкі з часам Вялікай дэпрэсіі ў ЗША. Ці спраўдзяцца гэтыя прагнозы, стане вядома ўжо ў найбліжэйшы час.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Сусветная дэпрэсія

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.