Вы тут

Адкрылася выстаўка рарытэтаў з Беларусі і Латвіі


Правобраз еўрапейскай Канстытуцыі

Пад такой назвай у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстаўка рарытэтаў з Беларусі і Латвіі. Упершыню шырокай публіцы прадставілі спіс Статута ВКЛ 1588 года ў перакладзе на нямецкую мову пачатку ХVІІІ стагоддзя са збору адной з найстарэйшых бібліятэк Еўропы — Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта. Рарытэт з'яўляецца наглядным прыкладам афіцыйнага выкарыстання беларуска-літоўскай протаканстытуцыі на землях Латвіі і сведчыць пра старажытныя культурныя, эканамічныя і палітычныя сувязі нашых народаў.


Фота: nlb.by

— Мы нядаўна святкавалі Дзень Канстытуцыі — асноўнага закона нашай краіны. Але ні суверэнная Беларусь, ні наш асноўны закон не з'явіліся сёння. Гэта падзеі з векавой гісторыяй. І выстаўка якраз паказвае доўгі шлях да таго, што мы маем сёння. Засталося менш чым дзесяць гадоў да таго моманту, калі ва ўсіх нас будзе нагода адсвяткаваць 500-годдзе Першага Статута Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (1529 год), фактычна першага збору права на тэрыторыі Еўропы. Ён вельмі доўга жыў і працаваў, вытрымаўшы некалькі рэдакцый, а беларуская прававая культура была прызнана не толькі на нашых землях, але і далёка за межамі тэрыторыі сучаснай Беларусі. І па гістарычных мерках зусім нядаўна, яшчэ ў сярэдзіне XІX стагоддзя, гэта быў прававы дакумент, якім карысталіся ў паўсядзённым жыцці, — расказаў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі.

Два гады супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі вялі перамовы з кіраўніцтвам Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта, каб гэтая прававая крыніца стала даступная для шырокага кола даследчыкаў і зацікаўленых. Па папярэдніх даследаваннях кнігі бачна, што яна была ва ўжытку, яе актыўна чыталі: ёсць падкрэсленні, малюнкі, каментарыі на палях... Пасля завяршэння выстаўкі ў Нацыянальнай бібліятэцы плануюць правесці экспертны аналіз і зрабіць пэўную кансервацыю гэтага помніка, каб ён пражыў яшчэ не менш чым некалькі стагоддзяў. Гэта будзе ў тым ліку і ўнёсак беларускага боку ў захаванне нашай спадчыны за мяжой. Вядуцца перамовы пра магчымасць стварэння лічбавай копіі кнігі. А пасля выданне вернецца ў Латвію.

Дарэчы, даведаліся пра кнігу амаль выпадкова, калі навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Алег Дзярновіч чатыры гады таму ўбачыў гэтае выданне ў каталогу Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта:

— Калі ў Рызе я ўпершыню ўзяў у рукі гэты фаліянт, то маё сэрца затрымцела. Мы, безумоўна, ведаем, што з ініцыятывы канцлера Льва Сапегі яшчэ пры яго жыцці былі падрыхтаваныя два выданні перакладу Статута з кірылічнага тэксту на польскую мову. Добра ведаем пра лацінскі пераклад Статута. Нешта мы сустракалі ў літаратуры ХІХ стагоддзя, прынамсі ў Ігната Даніловіча, які ў сваёй працы згадваў пераклад Статута ВКЛ на нямецкую мову. Я ўжо не першы год працую па акадэмічным абмене ў Рызе, таму рана ці позна павінен быў натрапіць на гэты асобнік. Што цікава, на тытульным лісце пазначана дата — 1632 год. Яшчэ ёсць інтрыга, дзе і якім чынам ён функцыянаваў. Сёння паміж гісторыкамі ёсць права дыскусіі пра гэты помнік. Мы вельмі коратка называем яго канстытуцыяй. Ёсць меркаванне, што гэта ўсё ж кодэкс, бо ў ім прапісаны артыкул пра пакаранні, чаго ў звычайнай канстытуцыі не пазначаецца. У любым выпадку гэта шматгранны юрыдычны помнік, які аб'ядноўвае галіны дзяржаўнага, сямейнага, зямельнага права. Там нават прапісаны першыя правілы дарожнага руху — хто каго павінен прапускаць. І такіх комплексных помнікаў у той час у Еўропе не было.

Таксама на выстаўцы можна ўбачыць друкаваныя асобнікі Статута XVІІ—XІX стагоддзяў з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на іншых еўрапейскіх мовах, якія сведчаць пра шырокі ўплыў беларускай прававой культуры на фарміраванне міжнароднага канстытуцыйнага заканадаўства. Беларусы былі адны з першых у свеце, хто займеў канстытуцыйнае заканадаўства. Статут Вялікага Княства Літоўскага, складзены па-беларуску і зацверджаны ў 1588 годзе, меў усе рысы сапраўднай канстытуцыі, пабудаванай на прынцыпах дэмакратыі, роўнасці, справядлівасці, вяршэнства права. Статут быў пераняты многімі народамі і стаў асновай прававой сістэмы розных краін, выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі прускага права ў канцы XVІ стагоддзя, складанні Саборнага ўлажэння 1649 года ў Расіі, быў пісьмовым зводам дзеючага права і ўжываўся ў судах на тэрыторыі Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі. У XVІІ—ХІХ стагоддзях ён быў перакладзены на рускую, украінскую, нямецкую, французскую, лацінскую мовы.

Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша падкрэслівае: «Важна бачыць, што гістарычныя кантакты з іншымі народамі і культурамі пачаліся літаральна ад першых дзён існавання беларускага народа і працягваюцца да нашых дзён. Самае важнае для нас сёння — зразумець, што беларусы былі не толькі атрымальнікамі высокіх узораў з-за мяжы, мы самі былі донарамі і стваралі прававыя, нарматыўныя дакументы надзвычай высокага ўзроўню, на якія раўняліся іншыя».

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Правобраз еўрапейскай Канстытуцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Дзяржаўнаму камiтэту судовых экспертыз споўнiлася сем гадоў.

Грамадства

Як захаваць сэрца i сасуды здаровымi

Як захаваць сэрца i сасуды здаровымi

Адным з самых распаўсюджаных захворванняў у свеце з'яўляецца артэрыяльная гiпертэнзiя.

Грамадства

Валанцёр праекта «Дапамога бяздомным»: Цяпло i падтрымка нават праз ежу перадаюцца

Валанцёр праекта «Дапамога бяздомным»: Цяпло i падтрымка нават праз ежу перадаюцца

Яны кормяць гарачымi абедамi больш за сто чалавек, якiя апынулiся на абочыне жыцця.

Грамадства

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

У распараджэннi, падпiсаным на мiнулым тыднi кiраўнiком дзяржавы, ёсць пункт, якi датычыцца капрамонту жыллёвага фонду.