Вы тут

Лукашэнка: Расіяне пайшлі цалкам на нашы прапановы па пастаўках нафты


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад па пытаннях працы беларускіх НПЗ.


Фота БЕЛТА.

Працоўнай групе, створанай для працы ў адпаведным кірунку, кіраўнік дзяржавы даручыў не проста назіраць за сітуацыяй у свеце, але і прымаць меры па загрузцы айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў. Аб становішчы Прэзідэнту дакладвалі два тыдні таму, пасяджэнні групы праходзяць штодзённа, і сёння ў Палацы Незалежнасці адбылося чарговае абмеркаванне пытання па пастаўках вуглевадароднай сыравіны.

«Я даручаў кіраўніку гэтай групы, кіраўніку Адміністрацыі (Прэзідэнта Ігару Сергеенку. — „Зв.“), каб разгледзелі новыя прапановы Расійскай Федэрацыі па пастаўках вуглевадароднай сыравіны. Такія прапановы ад расіян паступілі тры дні таму, і мы дамаўляліся, што сёння разгледзім гэтыя прапановы. Калі ў цэлым, я так разумею, расіяне пайшлі цалкам на нашы прапановы па пастаўках нафты», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

У комплексе пытанняў па вуглевадароднай сыравіне, якую Беларусь набывае ў Расіі, — праца нашых НПЗ па задавальненні попыту ўнутры краіны на бензін, дызельнае паліва і іншыя нафтапрадукты, пастаўкі нафтапрадуктаў на экспарт.

На дакладзе працоўная група прысутнічала ў поўным складзе: прэм’ер-міністр Сяргей Румас, віцэ-прэм’ер Юрый Назараў, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава (яна з’яўляецца старшынёй назіральнага савета на «Нафтане»), кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка і яго намеснік Валерый Бельскі, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў, старшыні КДК і КДБ Леанід Анфімаў і Валерый Вакульчык, міністр замежных спраў Уладзімір Макей і старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў.

Падчас дакладу Прэзідэнту падведзены вынікі працы беларускіх НПЗ у першым квартале ў частцы дыверсіфікацыі паставак нафты з розных крыніц. Асноўным пытаннем сталі планы галіны на другі квартал.

«Абмяркоўваліся розныя прапановы як ад пастаўшчыкоў з Расійскай Федэрацыі, так і працяг працы па пастаўках нафты з альтэрнатыўных крыніц. Задача — на наступным тыдні сфармаваць увесь сыравінны пакет для нашых заводаў, каб яны стабільна і на эфектыўным узроўні працавалі ўвесь другі квартал, забяспечваючы не толькі ўнутраны рынак нафтапрадуктаў, але і выконваючы свае кантракты на знешнім перыметры», — паведаміў журналістам старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў.

Па яго словах, кошт нафты залежыць ад велізарнай колькасці фактараў. Беларускі бок будзе выпрацоўваць рашэнні па найбольш эфектыўным цэнаўтварэнні, адзначыў Андрэй Рыбакоў.

«Заводы будуць загружаныя эфектыўна», — канстатаваў старшыня канцэрна.

Нагадаем, што Беларусі не ўдалося дамовіцца аб пастаўках нафты на 2020 год з традыцыйнымі расійскімі пастаўшчыкамі на ўмовах, якія б яе задаволілі. Бакі не могуць дамовіцца аб прэміі да цаны нафты. У студзені Прэзідэнтам была пастаўлена задача рухацца да таго, каб да 40 працэнтаў нафты ад патрэбных нам аб’ёмаў купляць у Расіі, а па 30 працэнтаў — завозіць з альтэрнатыўных крыніц праз парты Украіны і Балтыкі. 

У студзені-лютым Беларусь, акрамя расійскай, закупала нарвежскую, азербайджанскую нафту. Сваю дапамогу ў нафтавых пытаннях прапаноўваў Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа.

11 сакавіка Беларусь прадставіла Расіі новыя прапановы па пастаўках нафты. Каментуючы вынікі праведзеных у Маскве перагавораў са старшынёй урада Расіі Міхаілам Мішусціным, прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас адзначыў, што зроблена гэта была з прычыны падзення цэн на нафту. Расійскі бок паабяцаў на працягу некалькіх дзён правесці кансультацыі з нафтавымі кампаніямі і даць адказ. Сяргей Румас не стаў канкрэтызаваць сутнасць новых прапаноў. «Я не хацеў бы зараз гэтыя прапановы агучваць, — адказаў ён на ўдакладняючае пытанне. — Пачакаем, калі нашы калегі адкажуць».

Па яго словах, Беларусь штомесяц будзе купляць мінімум два танкеры альтэрнатыўнай нафты нават у выпадку нармалізацыі паставак з Расіі. У сакавіку праз порт Клайпеды будзе пастаўлена 320 тон нафты.

Варвара Марозава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?