Вы тут

У Беларусі выяўлены 81 выпадак заражэння каранавірусам


У Беларусі ўжо зарэгістраваны 81 выпадак каранавіруса. 22 чалавекі выпісаны ці рыхтуюцца да выпіскі, маючы адмоўныя тэсты. Яшчэ 59 знаходзяцца пад медыцынскім назіраннем. Большасць хворых у Мінску – іх каля 40, два – у Гомельскай вобласці, адзін – у Гродна, астатнія – у Віцебску. З усіх выпадкаў 41 завазны. Прычым сярод інфіцыраваных з пацверджаным дыягназам толькі адзін замежны грамадзянін, усе астатнія – беларусы. Сярэдні ўзрост пацыентаў – ад 15 да 49 гадоў. Самаму старэйшаму хвораму з COVID-19 78 гадоў, самаму малодшаму – тры гады (ён кантактаваў з інфіцыраванай маці).


– Сітуацыя кантралюемая і падстаў для панікі на цяперашні момант няма, – падкрэсліла намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан. – Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па колькасці тэстаў, праведзеных на мільён насельніцтва, мы знаходзімся на 9-м свеце сярод усіх краін свету, дзе зарэгістраваны выпадкі каранавірусу. На 100 тысяч жыхароў у нас прыходзіцца 22 апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх. З наркозна-дыхальнымі апаратамі – 38. Для параўнання ў ЗША гэтыя лічбы складаюць 18, у Італіі – 8,3, у Вялікабрытаніі – 12,9.

Намеснік міністра паведаміла, што ў краіне ўдалося стабілізаваць сітуацыю з узроўнем пнеўманій. На сёння ў Беларусі яна маецца ў 2 743 пацыентаў, з іх у 77 – цяжкая. Траціна пнеўманій маюць грыпозную этыялогію. У прыватнасці, 22 цяжкія выкліканы грыпам H1N1.

– Усе сярэднецяжкія і цяжкія пнеўманіі тыпіруюцца на каранавірус. Такім чынам учора быў выяўлены яшчэ адзін выпадак у Гомельскай вобласці.  Пацыентка не мае патрэбы ў дапаможнай вентыляцыі лёгкіх. Яна была дастаўлена на абласны ўзровень. У раёне (Жыткавіцкім, – “Зв”.) праводзяцца супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы.

Спецыялісты нагадалі, што аналіз на каранавірусную інфекцыю бяруць і ў блізкіх хворага на цяжкую пнеўманію, каб не прапусціць выпадкаў каранавірусу. І да гэтага трэба аднесціся з разуменнем. Менавіта так развівалася сітуацыя і ў Віцебску, дзе ад пнеўманіі памерла жанчына. Ёй і  блізкім рабілі тэст на COVID-19, які не пацвердзіў наяўнасць вірусу.

Па інфармацыі намесніка начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іны Карабан, на ізаляцыі зараз знаходзіцца 1100 кантактаў першага ўзроўню, а 8800 кантактаў другога ўзроўню – пад медыцынскім назіраннем.

– Пацыенты з COVID-19 не заўсёды даюць поўную інфармацыю аб сваіх кантактах, асабліва калі яны наведвалі забаўляльныя ўстановы. У некаторых выпадках прыходзіцца прыбягаць да дапамогі органаў унутраных спраў і праглядаць запісы камер відэаназірання, – паведаміла Іна Карабан.

Пакуль у Мінску кантактныя асобы размяшчаюцца ў шпіталі ветэранаў Вялікай айчыннай вайны, комплексах “Загор’е” і “Брыганціна”, сталічным скурна-венералагічным дыспансеры. Інфіцыраваныя праходзяць лячэнне ў Мінскай інфекцыйнай бальніцы, абласным супрацьтуберкулёзным дыспансеры і 6-й гарадской бальніцы. У астатніх рэгіёнах пакуль хапае для гэтых мэт месцаў у абласных інфекцыйных бальніцах.

– Мы часова адклалі планавую шпіталізацыю. Пры гэтым пацыентам з інфарктамі, інсультамі, экстраннымі хірургічнымі паталогіямі дапамога аказваецца, – удакладніла Алена Богдан. – Ёсць установы, якія ні ў якім выпадку не будуць перапрафіляваны і аказваюць дапамогу пацыентам з сардэчна-сасудзістымі катастрофамі, траўмамі, лор-захворваннямі, дзіцячымі хваробамі і інш.

Іна Карабан нагадала, што ўсіх тых, хто вярнуўся ў краіну з-за мяжы Міністэрства аховы здароўя заклікае да самаізаляцыі. Гэта значыць не наведваць блізкіх, работу, абмежаваць кантакты ў сям’і і па магчымасці, перасяліцца асобна ад родных.

– Няма забароны на наведванне вуліц, паркаў. Але трэба трымаць дыстанцыю ў 1-1,5 метры ад сябе да іншых людзей, бо каранавірус перадаецца з кропелькамі сліны, слізі, якія распыляюцца на гэту адлегласць. Калі няма магчымасці застацца дома, варта насіць маску, – парэкамендавала Іна Карабан.

– Сістэма аховы здароўя накіравана на аказанне медыцынскай дапамогі, і мы не можам прымусіць тэсціравацца ўсіх, хто прыбывае ў аэрапорт, гэта дабравольнае жаданне кожнага. Па магчымасці такія людзі павінны арганізаваць самаізаляцыю на 14 дзён. А іх наймальнік павінен быць зацікаўлены, каб такі чалавек не прыйшоў на працу, – дадала Алена Богдан.

Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя паведамілі, што пакуль абмежаванняў для наведвання устаноў грамадскага харчавання, цырульняў і салонаў прыгажосці, масажных кабінетаў няма, бо сітуацыя кантралюемая.

– Усім установам грамадскага харчавання былі накіраваны рэкамендацыі па змяншэнні колькасці наведвальнікаў, размяшчэнні столікаў на адлегласці не менш за метр. Падстаў рэкамендаваць іх закрыццё пакуль няма, – удакладніла Іна Карабан.

А вось парадак наведвання паліклінік змяніўся. Для хворых з павышанай тэмпературай прадугледжаны асобны ўваход, а пры яго адсутнасці – кабінет на першым паверсе, куды варта прайсці, мінуючы рэгістратуру. Як паведаміла галоўны ўрач 39-й сталічнай паліклінікі Вольга Есманчык, планавыя наведванні паліклінік зараз максімальна абмежаваны. Дыспансерызацыя і іншыя абследаванні лепш перанесці на больш позні тэрмін – май-чэрвень. Планавая стаматалагічная дапамога таксама мінімізавана. Арганізавана выпіска рэцэптаў і дастаўка іх на дом для пажылых грамадзян.

Людзям сталага ўзросту ў гэтыя дні медыкі раяць не ўдзельнічаць і не наведваць масавыя мерапрыемствы, па магчымасці не выходзіць у людныя месцы без патрэбы. А беларускія медыкі далучыліся да міжнароднай акцыі “Мы застанемся на рабоце, каб дапамагчы вам – Вы застаньцеся дома, каб дапамагчы нам!”


Пра першага пацыента з каранавірусам у Беларусі стала вядома 28 лютага. Былі вызначаны лячэбныя ўстановы, дзе будуць аказваць дапамогу пацыентам з каранавірусам і падазрэннем на яго, зменены правілы працы паліклінік. Урад выдзеліць з бюджэту дадатковыя сродкі Міністэрству аховы здароўя і бюджэтам Мінска і Віцебска. Таксама стала вядома, што ў Беларусі будуць праводзіць экспрэс-тэсты на каранавірус.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: Depositphotos.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

...Гэты вясковец быў вельмі шчыры працаўнік, да таго ж ніколі не квапіўся на чужое, нават на калгаснае

Грамадства

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

З прапанаваных для абмеркавання дат, адна з якіх можа стаць Днём народнага адзінства — 14 лістапада.

Грамадства

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў.