Вы тут

Беларусь стала адным з лідараў у свеце па лячэнні туберкулёзу


Туберкулёз лічыцца той хваробай, эпідэмія якой у свеце працягваецца дагэтуль. Сусветная арганізацыя аховы здароўя адзначае, што ў краінах Усходняй Еўропы ён застаецца вялікай праблемай. Разам з тым Беларусь з'яўляецца адным з лідараў у свеце па барацьбе з гэтым захворваннем. Сёння на ўліку ў нашай краіне знаходзіцца каля трох тысяч хворых. У тым ліку летась захварэла больш за 1,7 тысячы чалавек.


Захваральнасць знізілася

Фота: mguu.ru.

— У 2019 годзе туберкулёз выяўлены ў 1759 чалавек. Захваральнасць склала 18,6 на 100 тысяч жыхароў. У 2018-м гэтая лічба складала 20,2. У Беларусі дасягнулі вялікіх поспехаў у зніжэнні захваральнасці, бо яшчэ ў пачатку 2000-х яна дасягала 50 чалавек на 100 тысяч, — прыводзіць статыстыку намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі Дзмітрый ЖУРКІН.

Пры гэтым за апошнія 15 гадоў пік смяротнасці прыпаў на 2007–2008 гады. Тады ад туберкулёзу памерла тысяча хворых. Летась — 202 чалавекі. Цяпер смяротнасць ад туберкулёзу складае 2,2 на 100 тысяч насельніцтва.

У рэгіёне УЕЦА (Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі) Беларусь стала адной з першых краін, якая ўкараніла безін'екцыйнае лячэнне туберкулёзу, і ў плане тэрапіі гэтага захворвання з'яўляецца адным з лідараў у свеце. У прыватнасці, на праграму лячэння новымі прэпаратамі і схемамі ў 2018 годзе было прынята 843 пацыенты, у 2019-м — 304, сёлета плануецца ўзяць яшчэ 400-500 хворых.

— На жаль, частка пацыентаў да лячэння ставіцца халатна. Але туберкулёз — сацыяльная хвароба. Хворыя, якія не хочуць лячыцца, могуць заразіць навакольных. Таму ў нас прымяняецца прымусовае лячэнне. З 370 ложкаў, прадугледжаных для гэтых мэт, цяпер занятыя 180, — праінфармаваў Дзмітрый Журкін.

Спецыяліст паведаміў, што вялікая заслуга ў поспехах барацьбы з туберкулёзам на рахунку некамерцыйных арганізацый, якія працуюць у Беларусі і супрацоўнічаюць з медыцынскімі ўстановамі.

— На стацыянарным этапе мы бачым добрыя вынікі, а калі пацыент сыходзіць на амбулаторнае лячэнне, ён, на жаль, застаецца сам-насам з хваробай. І тут вельмі важная роля некамерцыйных арганізацый, якія дапамагаюць у гэтай сітуацыі. Раней такія арганізацыі працавалі пераважна з пацыентамі з ВІЧ-інфекцыяй. Але 2020–2021 гады стануць пераломнымі. На ўзроўні міністра аховы здароўя падпісаны сумесны план узаемадзеяння, — расказаў эксперт.

Ён падкрэсліў, што яшчэ 10 гадоў таму ў нашай краіне ў пацыентаў з ВІЧ не было шанцаў вылечыцца ад туберкулёзу. Сёння для іх туберкулёз — не прысуд.

Дзмітрый Журкін паведаміў, што ў сувязі са зніжэннем захваральнасці частка супрацьтуберкулёзных медыцынскіх устаноў у краіне закрыта ці перапрафілявана. У прыватнасці, гэта трэці супрацьтуберкулёзны дыспансер у сталіцы. Сродкі, якія такім чынам вызваліліся, накіраваныя на паляпшэнне ўмоў у тых установах, што працягваюць працаваць.

Кампенсацыя праезду, гуманітарная дапамога і прадуктовыя наборы

Больш за 10 гадоў Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа з'яўляецца той некамерцыйнай арганізацыяй, якая рэалізуе праекты па дапамозе хворым на туберкулёз.

Фота: pixabay.com

— Мы дапамагаем людзям, у якіх лекава-ўстойлівыя формы туберкулёзу, адпаведна, ім патрабуецца доўгае лячэнне — ад 12 да 24 месяцаў. Таксама тым, хто мае нізкую прыхільнасць да лячэння і адмаўляецца ад шпіталізацыі, пацыентам са спадарожнымі хваробамі — ВІЧ, вірусным гепатытам С, алкагалізмам, тым, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, беспрацоўным, людзям, якія маюць праблемы з жыллём, сталым людзям, бежанцам, мігрантам, — пералічвае начальнік аддзела медыка-сацыяльнай работы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Наталля ПУГАЧОВА. — Мы ўдзельнічаем у формах кантраляванага лячэння, у прыватнасці, відэакантраляванага, калі кожны прыём лекаў пацыент запісвае на смартфон і дасылае медработніку. Гэта дазваляе хвораму не ездзіць штодзень у медустанову.

Работнікі і валанцёры Чырвонага Крыжа аказваюць таксама і псіхалагічную падтрымку.

— Любы пацыент, хворы на туберкулёз, адчувае стрэс — ад прыёму цяжкіх прэпаратаў, ад навязанага кантраляваным лячэннем рытму жыцця. Акрамя таго, у дачыненні да такіх пацыентаў існуе стыгма, альбо непрыняцце хворых грамадствам. Чырвоны Крыж на добраахвотнай аснове
аб'ядноўвае людзей, якія гатовы дапамагаць ім. У кожным рэгіёне існуе ўстойлівая валанцёрская група, у краіне іх сем, а гэта больш за 100 чалавек. З дазволу пацыента яны аказваюць псіхалагічную падтрымку хворым на туберкулёз па тэлефоне. Такой работай у нас ахоплена каля 350 пацыентаў, — расказвае Наталля Пугачова.

Для таго каб у хворага не знікала жаданне лячыцца, выкарыстоўваюцца розныя матывацыйныя прыёмы. У прыватнасці, выдача прадуктовых набораў, што сёння робіцца на дзяржаўным узроўні. А пайшла гэтая ідэя менавіта з Чырвонага Крыжа. Цяпер жа таварыства шукае новыя спосабы матывацыі, у прыватнасці, выдае праязныя, а ў сельскай мясцовасці залічвае на рахунак суму, якая кампенсуе праезд да месца лячэння. Таксама хворы можа разлічваць на гуманітарную дапамогу — гігіенічныя наборы, адзенне.

А з гэтага года Чырвоны Крыж разам з арганізацыяй «Урачы без меж» рэалізуе пілотны праект, дзе хвораму дапамагае каманда спецыялістаў.

— Яго мэта — дапамагчы хворым з устойлівымі формамі. Гэта свайго роду індывідуальнае суправаджэнне пацыента не толькі ўрачом, але і медыцынскай сястрой, псіхолагам, сацыяльным работнікам і роўным кансультантам, які перанёс хваробу і пазбавіўся ад яе. Такое суправаджэнне адбываецца з першага дня шпіталізацыі ў стацыянар. Спадзяёмся, што гэта дапаможа пацыенту паспяхова завяршыць лячэнне, прайшоўшы ўсе этапы, — падкрэсліла Наталля Пугачова.

Летась Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа для хворых на туберкулёз закупіла больш за 600 праязных, іх атрымалі 167 пацыентаў (на некалькі месяцаў), 205 чалавекам выплачана кампенсацыя за праезд, 253 хворыя былі ўключаны ў праграму відэакантраляванага лячэння, 54 — у праграму індывідуальнага суправаджэння камандай спецыялістаў. Больш за 500 пацыентаў атрымала псіхалагічную і сацыяльную падтрымку.

І тым, хто пазбаўлены волі

Міжнародная медыцынская арганізацыя «Урачы без меж» працуе ў Беларусі менавіта з хворымі на туберкулёз. Свае праекты яна рэалізуе ў трох супрацьтуберкулёзных дыспансерах краіны, а з 2017 года працуе яшчэ і ў выпраўленчай калоніі № 12 у Оршы.

— Мы прасоўваем чалавекаарыентаваную мадэль дапамогі, у тым ліку і ў выпраўленчай установе, — адзначае кіраўнік медыцынскага аддзела Праекта міжнароднай медыцынскай арганізацыі «Урачы без меж» Аміт ХАРШАНА.

Ён адзначыў, што Беларусь дасягнула поспехаў у лячэнні туберкулёзу і ўкараняе самыя новыя метады лячэння, якія толькі з'яўляюцца ў свеце.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Зніжэнне захваральнасці — устойлівае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?