Вы тут

Што можна і чаго нельга рабіць на межы?


Настаўніца З. М. Бурдыка з Чэрвеньскага раёна пытаецца: «Штогод прадаецца месячны каляндар, дзе даюцца парады аб тым, якія садовыя культуры пажадана садзіць у тую або іншую фазу Месяца. Ці праўда, што наш зямны спадарожнік аказвае такі моцны ўплыў на бясконцыя гаспадарчыя клопаты? А якія адносіны ў традыцыйнай культуры былі да фазы Месяца, якую ў нашай мясцовасці звалі чарнец?»


Часавая мяжа паміж старым і маладым Месяцам атрымала сярод беларусаў прасторавае найменне — межы. У народнай культуры ўсходніх славян месцы разрыву (мяжа, якая падзяляла поле, луг, сваю і чужую гаспадарку) надзяляліся негатыўнымі якасцямі, шкоднымі як для людзей, так і для жывёл. Нездарма казалі: «Не ляжы на мяжы, хваробу наклічаш». Аналагічнае стаўленне было сярод беларусаў і да таго часу, той нябачнай мяжы, калі Месяц «перанараджаўся», каб зноў з'явіцца на небе.

Межы, або чарнец, у традыцыйных уяўленнях беларусаў лічыліся пераходным часам і ўспрымаліся ў народнай свядомасці негатыўна. Магчыма, таму, што ў гэты перыяд начное свяціла было нябачнае для вачэй людзей, яно ўзнікала як бы з нябыту, вярталася са свету продкаў (Месяц нярэдка завуць Сонцам замагільнага свету), таму магло прыцягнуць да чалавека толькі адмоўныя з'явы. Тут пераважае фундаментальны прынцып народнай культуры: «Падобнае выклікае падобнае». Сувязь была празрыстая і выразна матываваная: адсутнасць свяціла ў начным небе, г. зн. «касмічная пустэча», магла справакаваць «пустэчу» як у жыцці, так і ў дзейнасці чалавека. Адна з назваў гэтай фазы месяца, якая прыжылася на Палессі, — пустыя дні. Адсюль узніклі прадказанні і папераджальныя правілы народнай культуры наконт выканання нейкай работы або, наадварот, парада перачакаць такі няпросты час. У сувязі з гэтым у народным асяроддзі ўзнікла нямала прадказанняў і папераджальных абмежаванняў.

На межы ніколі не спраўлялі вяселле — засцерагаліся стаць бяздзетнымі; не вадзілі карову на злучку; не саджалі квактуху на яйкі; імкнуліся не адпраўляцца ў дарогу; не куплялі жывёл; не саджалі і не сеялі — лічылі гэтыя справы «пустымі».

Межы, або «касмічную пустэчу», паспяхова выкарыстоўвалі тады, калі трэба было ад чаго-небудзь пазбавіцца, знішчыць, разбурыць. У гэтыя дні пасынкавалі памідоры, абразалі дрэвы, хмызнякі, вінаградную лазу (пасынкі зноў з'явяцца не так хутка), знішчалі пустазелле.

На Брэстчыне зафіксавана павер'е пра тое, што калі Вялікдзень здарыцца на межы (што зусім немагчыма паводле правіла вызначэння святкавання хрысціянскай Пасхі), то надыдзе канец свету: «Як на Паску будэ чэрнець (г. зн. чорны месяц), усему сьвіету будэ конець».

Назва меж, зафіксаваная С. М. Талстой: «Ні то, ні сё; ні сяго, ні таго; ні сякэ, ні такэ», — даволі празрыста паказвае адносіны да гэтага часу.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый ды абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Работа па вывучэннi генетычных рэсурсаў раслiн у Беларусi была пачата яшчэ ў 20-я гады мiнулага стагоддзя.

Грамадства

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Песнi на вершы Iвана Юркiна карыстаюцца вялiкай папулярнасцю. Хто не ведае гiмна гасцiннасцi нашай краiны — «Прыязджайце да нас у Беларусь»? Вось таму было цiкава пазнаёмiцца з музай паэта — яго жонкай Надзеяй Iванаўнай. 

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.