Вы тут

У Шчучынскім раёне распачаты праект па забеспячэнні ўласнымі кадрамі


Чалавечы патэнцыял важна выкарыстоўваць на той тэрыторыі, дзе чалавек нарадзіўся, лічаць у Шчучынскім раёне. А паколькі працэнт працаздольнага насельніцтва зніжаецца, тут заняліся работай па вырошчванні сваіх кадраў. Да педагогаў і мясцовых улад далучыліся кіраўнікі прадпрыемстваў і гаспадарак. Пра новы аспект кадравай палітыкі раёна гутарым з намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама, дэпутатам абласнога Савета Аленай Пасютай.


Як расказала Алена Васілеўна, актыўную работу ў гэтым кірунку нядаўна пачалі на буйным горадаўтваральным прадпрыемстве «Праймілк». Ініцыятарам праекта стаў кіраўнік завода Анатоль Бяляўскі. Тут дэфіцыту кадраў няма, але многія спецыялісты ездзяць на работу ажно з Гродна, за 70 кіламетраў. Таму на прадпрыемстве распрацавалі цэлы цыкл тэарэтычных і практычных заняткаў для тых вучняў, якія жадаюць у будучым стаць хімікамі-тэхнолагамі. З імі працуюць спецыялісты завода, яны водзяць вучняў у лабараторыі, знаёмяць з тэхналогіямі вытворчасці сыроваткі, атрымання з яе важнага харчовага кампанента.

Летась такі курс прайшлі больш за 70 вучняў гарадскіх школ 10-11 класаў. Яны нават здалі адмысловы экзамен, скіраваны ў тым ліку і на вырашэнне праблемных пытанняў вытворчасці. У мінулым годзе адбыўся першы выпуск такога курса, сёлета работа працягваецца. Праўда, ужо з папраўкай на практыку.

— Гэта свайго роду банк даных для кадравага рэзерву ўсяго раёна, не толькі аднаго прадпрыемства, — зазначыла Алена Пасюта. — Галоўнае — каб выбар прафесіі быў свядомы. Ды і дырэктар завода сваім прыкладам паказвае, што і ў маленькім гарадку можна дабіцца добрых вынікаў, наладзіць дабрабыт, прыносіць карысць і стаць паспяховым.

У рамках шырокамаштабнай прафарыентацыі школьнікі з педагогамі наведваюць прадпрыемствы і гаспадаркі раёна, дзе знаёмяцца з умовамі працы і побыту. Не апошняе месца займае і ўзровень зарплаты. Праўда, скіроўваць будучых работнікаў толькі на гэта не варта, лічыць суразмоўца. Трэба ўлічваць у першую чаргу здольнасці школьнікаў.

Між тым педагогі інфармуюць аб магчымасцях не толькі дзяцей раёна, але і іх бацькоў. Бо далёка не ўсе з іх ведаюць пра мясцовы патэнцыял, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Таму і бацькам, і дзецям тлумачаць, што гэта не тая работа, якая была нават 20—30 гадоў таму. Цяпер тут значная доля аўтаматыкі, механізацыі, сучасных тэхналогій. Тыя ж фермы не маюць паху, які часам палохае дзяцей.

Да прафарыентацыйнай работы гатовы далучыцца і ў нацыянальным занальным інстытуце раслінаводства. Складзены праект, згодна з якім на базе інстытута будуць займацца вучні аграрных класаў.

— Цяпер мы заняліся аграрным сектарам эканомікі, — падкрэсліла Алена Пасюта. — Летась у пяці ўстановах раёна былі адкрыты аграрныя класы, дзе займаюцца 53 вучні. У асноўным гэта школы ў аграгарадках, а таксама адна гарадская. Пераважная большасць вучняў мае сярэдні бал ад 6 да 8. Яны арыентаваны ісці ў прафесію. Напрыклад, вучні з аграгарадка Васілішкі, дзе моцная базавая гаспадарка, мяркуюць паступаць у Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, многія — па мэтавым накіраванні. А гэта і стыпендыя, і гарантаванае першае рабочае месца. У многіх вучняў у гаспадарцы працуюць іх бацькі — дзеці бачаць, што тут можна працаваць і мець дастатак.

Ёсць у раёне і свая вучэбная база — сельскагаспадарчы ліцэй, куды таксама патрэбны навучэнцы. Тут мяркуюць пайсці па шляху дуальнай адукацыі, якая існуе ў Германіі, — тэорыя ў ліцэі, а практыка на прадпрыемстве. На гэта трэба скіраваць і кіраўнікоў гаспадарак, якія давалі б тэхніку. Без сістэмнага падыходу кадры не затрымаць, лічыць дэпутат. Яны будуць «вымывацца». І не факт, што за межамі раёна ўсе змогуць знайсці сябе.

У раёне не забываюць і пра педагагічныя кадры. Яны таксама патрэбны. Ёсць дэфіцыт настаўнікаў матэматыкі, фізікі, хіміі, інфарматыкі. Тут створаны рэсурсны цэнтр па іх падрыхтоўцы, дзе працуе нямала апантаных педагогаў. Яны падбіраюць такіх дзетак, якія мараць стаць педагогамі, і мэтанакіравана рыхтуюць іх да паступлення. Сёлета ўсе выпускнікі педагагічнага класа СШ № 3 Шчучына мяркуюць паступаць у ГрДУ.

Цяпер мясцовыя ўлады ствараюць стратэгію ўстойлівага развіцця раёна на 10 гадоў. Дзеля гэтага праведзена значная работа з насельніцтвам, выяўлены асноўныя праблемы, складзены шэраг міні-праектаў. Такім чынам створаны вобраз «раёна будучыні» — спрыяльны для жыцця і работы. Чым не арыенцір для моладзі, каб тут застацца?

Загаловак у газеце: Спецыялісты для малой радзімы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.

Грамадства

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Ранейшы ўласнiк цяпер звярнуўся ў суд i патрабуе вярнуць будынак.

Культура

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар з'яўляецца аўтарам опер, сімфоній і кантат, яго музыка гучыць у розных кутках свету, а ў Беларусі з ім працуюць найлепшыя выканаўцы.

Культура

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Уладзiмiр Амельяновiч і Апанас Кляцко.