Вы тут

У рэзідэнцыі князёў Друцкіх-Любецкіх адрадзілі бальныя вечарыны і адкрылі чайны клуб


Калі пашчасціць, можна пабываць на кадэцкім і афіцэрскім балях, на настаўніцкім ці маладзёжным. З размахам праходзіць навагодні баль, а ёсць яшчэ і баль мецэнатаў. Вечарыны ладзяцца ў залах палаца, які пачаў будавацца ў канцы ХІХ стагоддзя, а быў завершаны амаль праз тры дзесяцігоддзі. Некалькі гадоў таму будынак пасля татальнай рэканструкцыі засяліла творчая моладзь. Цяпер гэта шматпрофільны цэнтр, дзе займаецца больш за дзве тысячы дзяцей, працуе 200 секцый, студый і гурткоў. А ў студзені, падчас святкавання юбілея раёна, у палацы творчасці ўрачыста адкрылі музей гісторыі краю.


З экспазiцыяй дасягненняў юных спартсменаў знаёмiць дырэктар Палаца творчасцi дзяцей i моладзi Iрына Дзегцярова.

Мы трапілі ў палац у час, калі ён толькі-толькі пачаў напаўняцца дзіцячым гоманам. Найбольш ажыўлена тут, вядома ж, у другой палове дня, калі дзеці вяртаюцца са школы. Тады тут можна сустрэцца і з удзельнікамі ўзорнай студыі эстраднай песні «Апрель», студыі моды «Гармонія», школы развіцця дашкольнікаў, аматараў фота і спартыўных адзінаборстваў.

Нашым гідам пагадзілася стаць дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Палац творчасці дзяцей і моладзі» Ірына Дзегцярова. Мы апынуліся ў прасторным холе. Многае тут аднавілася, але і сцены, і столь, і масіўныя дзверы — усё гэта тоіць пячатку мінулага. Якраз тут і праходзяць тыя самыя балі, што сталі новым брэндам старажытнага палаца.

— Балі ў Шчучыне сталі добрай традыцыяй, — кажа Ірына Пятроўна. — Тут гучыць толькі жывая музыка, прысутнічае прыдворны этыкет. Летась гасцямі сталі жыхары раёна, якія вядомы сваёй дабрачыннай дзейнасцю. Яны працягваюць справу, якую вялі вядомыя мецэнаты гэтай зямлі. Ужо сёлета адбыўся навагодні баль, а ў дзень абаронца Айчыны — афіцэрскі.

Дарэчы, будынак належыў былым уладарам Шчучына — князям Друцкім-Любецкім. Двухпавярховая рэзідэнцыя была пабудавана ў стылі неакласіцызму і падобная на версальскі палац французскіх каралёў. Праўда, будынак у Шчучыне не вельмі даглядаўся і пачаў разбурацца, але гадоў дваццаць таму за яго нарэшце ўзяліся і прывялі ў належны стан. Цяпер тут цэнтр творчасці, які аб'ядноўвае больш за 200 гурткоў па ўсім раёне.

Пра дасягненні выхаванцаў яскрава сведчаць экспанаты музейнага пакоя. Асабліва шмат спартыўных медалёў і кубкаў. І гэта невыпадкова. Тут, напрыклад, нямала чэмпіёнаў міжнародных спаборніцтваў па тайландскім боксе. Дырэктар Ірына Дзегцярова расказала пра розныя творчыя конкурсы, з якіх выйшлі пераможцамі выхаванцы Шчучынскага палаца творчасці. Гэта і вакалісты, і ўдзельнікі танцавальнага калектыву, тэатральнай студыі, эстраднага ансамбля. Усяго за мінулы год заваявана каля 200 творчых і спартыўных узнагарод, у тым ліку больш за 70 — міжнароднага ўзроўню.

Заняткi з юнымi мастакамi праводзiць педагог Жанна Карэцкая.

— Раней тут быў адзін музейны пакой, і мы не маглі так шырока прадставіць нашы дасягненні, а ў сярэдзіне студзеня ў палацы ўрачыста адкрылі музей, які прысвячаецца гісторыі нашага краю. У юбілейны для раёна год музейны фонд папоўніўся новымі тэматычнымі экспазіцыямі. Выклікаюць цікавасць экспанаты, звязаныя з авіяцыяй. У савецкія часы Шчучын быў адной з самых вялікіх авіябаз, — расказала дырэктар.

Тут размясцiўся музей гiсторыi авiяцыйных падраздзяленняў, як ў мiнулым стагоддзi базiравалiся каля Шчучына.

Дарэчы, адкрыццю музея папярэднічала яшчэ адна цікавая падзея. Літаральна напрыканцы мінулага года тут адчыніў свае дзверы клуб «Чайная сустрэча». Утульная гасцёўня размясцілася ў падвальным памяшканні. Ірына Пятроўна расказала, што амаль усё зроблена ўласнымі сіламі, аформлена з выкарыстаннем натуральнага дрэва. Як аказалася, ідэя клуба бярэ свой пачатак ад інтэрактыўнай экспазіцыі, якую прадставілі на адным з рэспубліканскіх конкурсаў. Атрымаўшы пачэснае другое месца, вырашылі ісці далей. Так з'явіўся клуб. Назва «Чайная сустрэча» адлюстроўвае сутнасць гэтай установы. Бо галоўны напой тут — травяная гарбата, яе прапануецца каля 40 збораў. Мяркуецца, што тут будуць праходзіць сустрэчы з цікавымі людзьмі, вечарыны жывой музыкі, выстаўкі. Дарэчы, цяпер выстаўлены даволі ўнікальныя работы мясцовага мастака Міхаіла Чарнадзедава.

Загаловак у газеце: Сучасныя брэнды былога палаца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.

Культура

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Сёлета ён пройдзе ўпершыню выключна пад адкрытым небам.

Культура

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

Увесь лiпень працуе археалагiчны летнiк «Наўры-2020».