Вы тут

Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва перайшлі на пашыраны рэжым работы


У Гомельскай вобласці цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва перайшлі на пашыраны рэжым работы: падоўжаны рабочы дзень супрацоўнікаў, адкрыты дадатковыя тэлефонныя «гарачыя лініі», надомныя памочнікі і валанцёры грамадскіх арганізацый дастаўляюць прадукты, лекі і неабходныя прамтавары. На дапамогу могуць разлічваць цяпер не толькі людзі, якія знаходзяцца на сацабслугоўванні, але і ўсе адзінокія састарэлыя грамадзяне, інваліды першай і другой груп, а таксама пенсіянеры, родныя якіх знаходзяцца далёка.


Фота: http://ktzsz-gomel.gov.by

Сёння ў рэгіёне — 25 цэнтраў сацабслугоўвання насельніцтва, якія працуюць з сацыяльна неабароненымі катэгорыямі грамадзян, у тым ліку і з пажылымі. Сацслужбы аказваюць паслугі амаль 15 тысячам людзей.

— Цяпер прынята рашэнне перайсці на пашыраны рэжым работы, — адзначыў першы намеснік старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Аляксандр СЕМІЁНАЎ. — Цэнтры функцыянуюць з 8.00 да 20.00. У кожным дадаткова створана прамая лінія, на якую могуць звяртацца пажылыя людзі, каб атрымаць дапамогу ў дастаўцы прадуктаў харчавання, тавараў першай неабходнасці і медыкаментаў.

Заяўку пенсіянера прымуць і перададуць сацыяльнаму работніку, які даставіць заказ самастойна або дапаможа аформіць анлайн-дастаўку з гандлёвых сетак. Магчымасць звярнуцца па дапамогу маюць адзінокія пенсіянеры ў кожным раёне вобласці. У рабоце па падтрымцы састарэлых задзейнічаны таксама валанцёры Чырвонага Крыжа, БРСМ, прафсаюзных і царкоўных арганізацый, работнікі паштовых аддзяленняў.

Між тым у Гомелі толькі ў мінулую суботу ў сацслужбу Навабеліцы паступіла восем зваротаў ад састарэлых, паведамілі ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навабеліцкага раёна. У будні дзень на пачатку тыдня грамадзяне звярталіся па дапамогу ўжо не так актыўна, але штодзень супрацоўнікі дастаўляюць прадукты і лекі на пэўныя адрасы. У Чыгуначным раёне Гомеля з Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва цесна супрацоўнічаюць валанцёры БРСМ. У цэнтры ўвагі — адзінокія ветэраны, удзельнікі вайны і людзі, старэйшыя за 60 гадоў, якія не маюць сваякоў. У дзень паступала тры і больш зваротаў. Дапамагаюць работнікам сацслужбаў у дастаўцы састарэлым усяго неабходнага таксама і валанцёры Чырвонага Крыжа.

Намеснік дырэктара Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтральнага раёна Гомеля Вераніка Масензавенка тлумачыць, як наладжана работа ў зоне ахопу іх установы:

— Адзінокія састарэлыя, грамадзяне — інваліды першай і другой групы, а таксама пенсіянеры, родныя якіх жывуць за межамі абласнога цэнтра, звяртаюцца на тэлефон гарачай лініі. Нашы супрацоўнікі фіксуюць выклік і даюць дакладныя звесткі пра работніка ці валанцёра, які прыйдзе да іх на дом.

Вераніка Віктараўна падкрэслівае: так чалавек, які чакае дапамогу, зможа зверыць пашпартныя даныя і нумар пасведчання сацработніка, перад тым як перадаваць спіс неабходных тавараў і грошы. Потым ад сацработніка ці валанцёра ён атрымае пад улік квіток з магазіна ці аптэкі.

— Састарэлым трэба памятаць, што без іх папярэдняй заяўкі, а потым зверкі даных наконт таго, хто да іх будзе накіраваны, яны не павінны пускаць да сябе дадому незнаёмых людзей, — дадае спецыяліст. — Мы робім усё, каб пазбегнуць фактаў махлярства і супрацьпраўных дзеянняў. Нават калі пасля заяўкі пенсіянера да яго прыйдзе валанцёр, першапачаткова яго будзе суправаджаць сацработнік з пасведчаннем.

Спецыялісты звяртаюць увагу састарэлых людзей на тое, што не трэба рэагаваць на заклікі незнаёмых, якія запэўніваюць у тэрміновай дэзынфекцыі жылля ці прапануюць платныя паслугі як быццам ад імя сацслужбаў.

Між тым з мэтай інфармацыйнай і кансультацыйнай падтрымкі пажылых у Гомельскай вобласці працуе маладзёжная гарачая лінія. Спецыяльны кол-цэнтр арганізаваў абкам БРСМ. Патэлефанаваць туды можна штодзённа з панядзелка да суботы ўключна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Работа ў пашыраным рэжыме

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».