Вы тут

Як працуе настаўніца з выкарыстаннем сучасных тэхналогiй i нетыповага падыходу да сваёй работы


Наталля НАШУК — маладая выкладчыца англiйскай мовы ў сярэдняй школе № 2 гарадскога пасёлка Акцябрскi Гомельскай вобласцi. Яе заняткi не абыходзяцца без сучасных тэхналогiй i нетыповага падыходу да сваёй работы. Адна з найважнейшых мэт гераiнi — даваць разнастайныя веды дзецям з першых дзён навучання, каб у будучынi яны iм спатрэбiлiся напоўнiцу. Як у яе гэта атрымлiваецца?


— Памятаю, яшчэ з малодшых класаў у мяне была выразная мэта, да якой я iшла, — факультэт замежных моў у Гомельскiм дзяржаўным унiверсiтэце. Мае жаданне споўнiлася: я скончыла гэтую ВНУ па спецыяльнасцi «Англiйская мова. Французская мова». Цяпер у маiм «падпарадкаваннi» шосты, два сёмыя, дзясяты i адзiнаццаты класы.

Наталля расказвае, што любоў да англiйскай мовы ў яе ўзнiкла яшчэ ў дзяцiнстве: у той час маленькая дзяўчынка па праграме «Дзецi Чарнобыля» ездзiла ў Канаду штогод. Такiм чынам суразмоўнiца паглыбляе свой узровень ведаў ужо 17 гадоў.

— У мяне было мэтавае накiраванне, таму ведала, што адпрацоўваць прыеду ў родны пасёлак. Але гэта зусiм не бянтэжыла, наадварот. Калегi паставiлiся да мяне як да наваспечанага маладога спецыялiста добра. У першы год работы — два з паловай гады таму — вучыла трэцiя, чацвёртыя i пятыя класы. Праз некаторы час да iх далучылiся старэйшыя хлопчыкi i дзяўчаты.

Настаўнiца падчас сваiх заняткаў часта выкарыстоўвае мабiльныя праграмы, розныя брытанскiя i амерыканскiя сайты, QR-коды, арганiзоўвае размовы дзяцей з носьбiтамi англiйскай мовы па скайпе — так у вучняў павышаецца матывацыя i расце цiкавасць да яе вывучэння.

— Бывае, што я планую ўрок, але штосьцi iдзе не так. Дзецям хочацца нешта сказаць не па тэме або выказаць думкi словамi, якiх увогуле няма ў англiйскай мове. У такiя моманты вельмi цiкава за iмi назiраць (усмiхаецца). Дарэчы, работа з вучнямi малодшых класаў i старэйшых iстотна адрознiваецца. Напрыклад, у трэцiм-чацвёртым шмат танцаў, песень, гульняў. Малыя iншым часам не вельмi разумеюць, навошта iм тая замежная мова. А ў дзясятым-адзiнаццатым, наадварот, хлопцы i дзяўчаты вельмi сур'ёзна ставяцца да маiх слоў, iмкнуцца вучыцца не толькi для здачы школьных i ўнiверсiтэцкiх iспытаў, але i для самаразвiцця.

Наталля расказала, што летась яна атрымала класнае кiраўнiцтва. Дзяўчына прызнаецца, што калi б ёй прапанавалi заняцца такой справай у першы год работы, адмовiлася б, бо тады не хапала ўпэўненасцi ў сваiх сiлах.

— У маiм шостым класе 24 вучнi: 14 хлопчыкаў i 10 дзяўчынак. Яны часта расказваюць мне пра розныя падзеi са свайго жыцця, пытаюць парады. Лiчу, што гэта добра, бо настаўнiк павiнен сумяшчаць у сабе навыкi з розных прафесiй, у прыватнасцi быць добрым псiхолагам. Я на «адной хвалi» з iмi: разумею музыку, якую яны слухаюць; ведаю, што iм падабаецца здымаць вiдэа ў TikTok, Like i Instagram. У вольныя хвiлiны падыходзяць да мяне i абдымаюць. Спачатку гэта было дзiўна, але з часам прызвычаiлася (усмiхаецца).

Суразмоўнiца ўпэўнена: тэлефоны, планшэты i iншыя гаджэты вучняў падчас урокаў павiнны заўсёды знаходзiцца ў настаўнiка.

— Калi прыйшла працаваць у школу, стала заўважаць, што на перапынках дзецi вельмi шмат часу сядзяць у сваiх мабiльных. I нават калi пачыналiся заняткi, некаторыя не маглi адысцi ад эмоцый, якiя яны атрымлiвалi падчас гульняў. Выклiк да дошкi — а ў вачах страх i неразуменне: «Якое было пытанне?» Мы праводзiлi размовы i з вучнямi, i з iх бацькамi па гэтай праблеме, усе пагадзiлiся, што ад забавак трэба адмовiцца.

Сёлета Наталля здала квалiфiкацыйны экзамен на другую катэгорыю, да таго ж паспела заняць другое месца ў раённым конкурсе «Настаўнiк года».

— У фiнале было пяць педагогаў рознага ўзросту i прафесiйнага стажу. Шчыра кажучы, гэта пакуль што быў самы каштоўны вопыт у маiм жыццi. На пэўных этапах конкурсу мы давалi адкрытыя ўрокi, паказвалi свае таленты i ўменнi прафесiйнаму журы. Я чалавек амбiцыйны, таму з задавальненнем прыняла такi выклiк. Незнаёмыя людзi пасля фiналу падыходзiлi да мяне i казалi прыемныя словы. Так, не перамагла, але засталося жаданне зрабiць гэта наступным разам. Увогуле нам, настаўнiкам, перыядычна прапаноўваюцца розныя курсы, семiнары, i я з ахвотай iх наведваю.

Гераiня кажа, што часам яна адчувае пустату — амаль уся энергiя пераходзiць да любiмых вучняў. Але такi душэўны стан доўжыцца нядоўга.

— Вольны час адводжу на падтрыманне здаровага спосабу жыцця, па выхадных сустракаюся з сябрамi... Нават не задумвалася, якi лёс мяне чакае пасля адпрацоўкi ў школе. Нiколi не было важна, дзе буду жыць: у маленькiм або вялiкiм горадзе. Больш нават пасёлак падабаецца. Спадзяюся, што сваёй прысутнасцю ў Акцябрскiм у якасцi настаўнiцы я камусьцi дапамагу з выбарам прафесii або з нечым iншым. Дзе ж мне яшчэ быць, як не побач з вучнямi?

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з архіва гераіні

Загаловак у газеце: На адной мове i на адной хвалi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».