Вы тут

Разнамоўе цёплае, сяброўскае


Працяг нататкаў пра сустрэчу прадстаўнікоў розных культур і народаў у мінскай кнігарні “Дружба”


Літаратуразнаўца Алесь Бельскі (злева) і Закі Алібаеў, старшыня Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Башкартастан

Па-за межамі публікацыі “Разнамоўе сяброў у кнігарні «Дружба»” (ГР, 26.02.2020) засталіся некаторыя важныя дэталі знакавай сустрэчы, што ладзілася ў плыні XХVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Там, нагадаю, гаварылі пра сяброўства літаратур, культур і народаў, якое ўмацоўваецца намаганнямі пісьменнікаў, перакладчыкаў. Папярэдні тэкст заканчваўся аповедам пра выступ Валеры Тургая, народнага пісьменніка Чувашыі. Які, дарэчы, некалькі разоў добрым словам згадаў творчыя праекты, у тым ліку й сумесныя, сябра-літаратара з Астрахані.

“Маладая Беларусь” ад Юрыя Шчарбакова

Вядучы імпрэзы, пісьменнік Алесь Бадак прадставіў Юрыя Мікалаевіча як паэта, перакладчыка, старшыню Астраханскага рэгіянальнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі. Да таго ж, казаў Валеры Тургай, ён выбіраўся, і не раз, дэпутатам Астраханскай гарадской думы. Інтэрнэт падказвае: у яго больш за 20 кніг прозы (у тым ліку гістарычны раман “Да будет твердь”), публіцыстыкі, вершаў. Юрый Шчарбакоў — лаўрэат шэрагу Усерасійскіх літаратурных прэмій, актыўна друкуецца ў вядомых літаратурных часопісах Расіі.

Юрый Шчарбакоў: “У многіх месцах, дзе я бываў, людзі цёплыя сэрцам. А ў Беларусі — яны проста свае”

У Мінску госць нагадаў, што Астрахань — абласны цэнтр на поўдні Расіі, у самым нізоўі Волгі: сталіца Прыкаспія. Гадоў пяць таму, казаў, праходзіў там семінар-фестываль “Каспій — мора дружбы”. Прыязджалі пісьменнікі з Ірана, Казахстана, Азербайджана, Калмыкіі, Чачні, а таксама з Масквы. “Мы хочам паўтарыць праект ізноў, і спадзяемся, што на гэты раз — ужо з удзелам і беларускіх сяброў, — гаварыў Юрый Шчарбакоў. — А з Беларуссю ў нас даўняе сяброўства. Штогод мы праводзім у Астрахані абласны конкурс літаратурных перакладаў: нідзе ў Расіі больш на абласным узроўні такога няма. Усе ахвочыя могуць з падрадкоўнікаў рабіць пераклады. Лепшыя становяцца лаўрэатамі. Для мільённай вобласці ўдзел сотні чалавек — проста выдатна! І беларускія вершы перакладаюцца ў нас. Ёсць цэнтр літаратурнага перакладу, працуе на грамадскіх пачатках. За пяць апошніх гадоў мы выдалі 19 кніг”.

На гэты раз Юрый Шчарбакоў прывёз кнігу “Маладая Беларусь”. Удакладніў: “Тут апошнія мае пераклады беларускіх аўтараў. Хоць перакладаў я з многіх моў, але тут — свая цяжкасць: з беларускай нельга нікуды ўбок вільнуць, бо мовы ж блізкія. Рытміку, асноўны змест верша кожны бачыць, асабліва ў Беларусі. У тым і складанасць, і цікавасць такой працы”.

Юрый Шчарбакоў пераклаў цыкл вершаў Алеся Бадака, які ўвайшоў у новую кнігу. А ў падарунак аўтару госць прывёз пераклад верша “Лістапад”, “на днях зроблены”. Яго й чытаў у кнігарні “Дружба”. З удзячнасцю казаў пра сяброў у Беларусі, пра тое, што чацвёрты ўжо раз удзельнічае ў міжнародным сімпозіуме “Пісьменнік і час”, і што заўсёды з асаблівым пачуццём сюды прыязджае: як да сябе дадому. Тым, напэўна, падбіраў словы, Беларусь і вылучаецца:

“У многіх месцах, дзе я бываў, людзі цёплыя сэрцам. А ў Беларусі — яны проста свае”. Як доказ таго чытаў госць свой новы верш “С любовью к тебе, Беларусь!”. Ён мне спадабаўся, і, зняўшы верш з дыктафона, я пераклаў твор на беларускую мову. Што ў выніку — мяркуйце самі. Даслоўнага перакладу, вядома ж, не атрымалася, і вобразы крыху змяніліся, аднак рытм, рыфмы, агульны настрой, падаецца мне, удалося пераказаць па-беларуску.

Іван Ждановіч.

Фота аўтара.

“С любовью к тебе, Беларусь!”

Тверда белорусская речь

И кажется даже суровой.

А как же иначе? Беречь

Родное обязана слово.

 

Она не латает прорех

Чужой иноземною латкой.

Достоинства крепок доспех,

В нем тряпка становится трапкай.

 

Как в пуще заветной, крепки

Здесь вечные корни свободы.

Врагов разбивались полки

Сколь раз тут о твердость народа.

 

Безумные головы с плеч

Летели не с бухты-барахты.

Тверда белорусская речь,

Как тверд белорусский характер.

 

Снаружи — броня, а под ней

Живая вода родникова.

Я знаю, что нету нежней

Глубин белорусского слова.

 

Казаться смешным не боюсь

За это мое многословье.

С любовью к тебе, Беларусь,

Пришел за ответной любовью,

 

За радостью искренних встреч,

Где братства являются всходы.

Тверда белорусская речь

И свята — как сердце народа.


Юрый Шчарбакоў

“З любоўю іду, Беларусь!”

Мне цвёрдасць яе — аж баліць,

І чуюцца словы сурова...

Як Маці ўстае бараніць

Свой род Беларуская Мова.

 

Ёй на еўрапейскім крыжы

Распяцца прыйшлося — і дыхаць,

І жыць... І на хісткай мяжы

Адводзіць бязмоўнасці ліха.

 

Як дрэў векавых карані,

Тут рух прыхаваны свабоды —

І вечны той рух не спыніць,

Ужыўлены ў цвёрдасць народа.

 

Захопнікі ўгнойвалі глей,

А з танка тут зладзілі трактар...

Ад цвёрдае мовы людзей

Цвярдзеў беларускі характар.

 

Тут зверху — браня, а глыбей —

Крынічнай вады перазовы.

Віруе ж такі ласкавей

З глыбінь беларускае мовы!

 

З тых словаў выростала й Русь,

Тут слухаюць Вечнасць паэты.

З любоўю іду, Беларусь,

Любоўю ж і сам тут сагрэты.

 

Прыходжу — па радасць ізноў,

Па цёплае братняе слова.

І цвёрдая мова сяброў

Мне песняй праменіць вясновай.

Пераклад Івана Ждановіча

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.