Вы тут

Як у Жлобінскім раёне маленькую вёску ператварылі ў прывабнае месца адпачынку


Старэйшына маленькай вёсачкі ў Жлобінскім раёне, дзе жыве менш за тры дзясяткі чалавек, аб'яднала месцічаў і запаліла іх ідэяй ператварэння занядбанай некалі мясціны ў прывабнае месца адпачынку ад гарадской мітусні. Галіна Хадасоўская сёлета стала пераможцай конкурсу «Жанчына года» Гомельскай вобласці ў намінацыі «Выбар года».


— За два дні да ўручэння ўзнагароды патэлефанавалі, сказалі быць у райвыканкаме ў пэўны дзень пры поўным парадзе, — згадвае Галіна Хадасоўская. — Нас было пяцёра вылучана са Жлобінскага раёна. Гуртом накіраваліся ў Гомель на ўрачыстае свята. Была вельмі цікавая праграма, дыпломы ў розных намінацыях атрымалі жанчыны з раёнаў. Вось называюць маё прозвішча ў намінацыі «Выбар года». Імя прагучала, імя па бацьку — прыемна, але калі вядучыя са сцэны сказалі — старэйшына маленькай вёсачкі Чарцёж у Жлобінскім раёне, — вось тады сапраўды зашчымела-запякло ў душы, шчыра кажу.

Галіна Леанідаўна кажа, што ў самім раёне цяпер многія не ведаюць нават назвы мясціны Чарцёж, а тут з вялікай сцэны вобласці звярнулі ўвагу на сціплы куток. Пасля ў агульнай групе ў сеціве яна напіша: гэтыя дыплом і перамога не яе, а агульныя, вясковыя.

Шосты год Галіна Леанідаўна тут старэйшына. Працавала раней у Жлобіне, цяпер на пенсіі, пакінула кватэру ў райцэнтры і перабралася ў вёску. Чарцёж — населены пункт Краснабярэжскага сельсавета ўсяго за 14 кіламетраў ад Жлобіна, але наўпрост ад трасы полем ехаць вырашыцца не ўсякі. Большасць дабіраецца да глухой вёсачкі з чыгуначнай станцыі пешшу, а ахвотных прыехаць сюды нямала. У вёсцы 108 падворкаў, стала пражывае 26 чалавек. Астатнія гаспадары — дачнікі: хтосьці купляе дамы для летняга адпачынку, хтосьці даглядае старыя бацькоўскія хаты. Жанчына шкадуе: цяпер губляецца ў цэлым аблічча мясцовых жыхароў, вымірае пакаленне людзей, якія нарадзіліся і жылі тут, прыкіпелі. Яна ж пераканана, што нават такая сітуацыя — не прысуд для вёскі.

Старэйшына згадвае, з чаго пачала сваю работу з мясцовымі: Чарцяжу не пашанцавала с мясцовасцю — нізіны перамяжоўваюцца з пагоркамі. На вясковых могілках, напрыклад, быў велізарны яр, зараснікі бэзу ды лазняк адваёўвалі тэрыторыю.

— Даўно марыла навесці парадак на нашых могілках, але самастойна што зробіш? У сацсетцы стварыла суполку «Чарцяжане», прапанавала сабрацца, скласці ініцыятыўную групу, ідэі падкінула, як навесці парадак на могілках і каля падворкаў.

Ініцыятыўная група з шасці аднавяскоўцаў зрушыла справу з месца: арганізоўвалі людзей праз сустрэчы на вуліцы, звароты ў сеціве і па тэлефоне. Чарцяжане аказаліся вельмі спагадныя. Летась пачалі збіраць грошы для добраўпарадкавання, кажа старэйшына. Вядома, грошы грашыма, галоўнае — стаўленне людзей да справы, іх зацікаўленасць. Галіна Хадасоўская запрасіла ў вёску на сустрэчу кіраўніка гаспадаркі з Чырвонага Берага.

— Мы расказалі, што хочам засыпаць вялізны яр, — пясок мелі дзе браць, але трэба было дапамагчы тэхнікай, — расказвае Галіна Леанідаўна. — Усе вельмі ўдзячныя, бо нам гаспадарка выдзеліла трактар «Амкадор» і два МАЗы — мужчына з мясцовых толькі паспяваў сваёй тэхнікай разраўноўваць. Каб падсыпаць тэрыторыю, спатрэбілася 20 машын пяску. Калі людзі бачаць, на што канкрэтна ідуць іх грошы, то, канешне, больш ахвотна дапамагаюць. Мы сабралі 1675 рублёў. На кожную капейку — расходныя дакументы, для справаздачы зрабілі тут жа на тэрыторыі могілак стэнд. Набылі 100 пралётаў плота, яшчэ амаль столькі ж даў сельсавет. Дапамаглі нам таксама прыбраць шмат аварыйных дрэваў.

Назіраючы, як заўзята працуюць вясковыя актывісты, дачнікі таксама ўключыліся ў работу: усталёўвалі і фарбавалі платы, пазбаўляліся ад быльнягу і зарасніку. Падлічылі, што ўвогуле адпрацавала 90 чалавек з 10 гадзін раніцы да пяці вечара амаль без перапынку, — атрымалася 90 чалавека-дзён. Кожны навёў парадак на сваім падворку. Цікава, што ў Чарцяжы што ні сядзіба, то падворак узорнага ўтрымання. Шмат хто з вяскоўцаў атрымаў узнагароду ад улад за добраўпарадкаванне. Мясцовая мастачка Галіна Чаша дапагае аздабляць дамы, брамы, калодзежы. На іх, здаецца, ажываюць выявы казачных герояў, птушак і кветак.

У Чарцяжы няма крамы, ды і з работай аўтакрамы былі праблемы, якія актыўная Галіна Леанідаўна, зрэшты, тут жа вырашыла:

— Раней прыязджала аўтакрама тры разы на тыдзень, потым толькі два. А што такое гэтыя дзве паездкі? Які можа быць хлеб? Я звязалася са Жлобінскім хлебазаводам, і цяпер па суботах да нас ездзіць іх машына. І, акрамя выпечкі, прывозіць і іншае — малако, каўбасу.

Няма тут і клуба, але гэта не перашкаджае месцічам ладзіць святы вёскі, на якія з'язджаюцца тутэйшыя ўраджэнцы, што жывуць цяпер у іншых гарадах і нават краінах. Прыязджаюць у Чарцёж і артысты з райцэнтра.

— Пляцоўкі няма, дык мы проста на дарозе ставім шатры і ладзім канцэрты, — кажа старэйшына. — Гучыць і гімн нашай вёскі. Калі спачатку на такія святы вёскі збіралася з дзясятак чалавек, то апошнім разам прыйшло каля 200. Фатаграфіямі потым доўга абменьваліся ў сеціве.

Цяпер вёска рыхтуе свята на Дзень Перамогі. У Чарцяжы калісьці жылі шэсць франтавікоў, 14 мясцовых жыхароў не вярнуліся з вайны. Таксама пры падтрымцы раённай улады мясцовыя актывісты ўзяліся за грунтоўны гістарычны праект: аднаўляюць звесткі і шукаюць родных рэпрэсаваных у 30-я гады ХХ стагоддзя жыхароў Чарцяжа.

— Гэта балючая тэма для нас, — пачынае Галіна Хадасоўская. — Тут была чыста каталіцкая вёска, мы падымалі спісы Антушоўскага касцёла Рагачоўскага павета Магілёўскай губерніі — ён быў за пяць вёрст ад Краснага Берага. Нашы чарцяжане жылі тут задоўга да першага афіцыйнага згадвання, яшчэ з канца ХІХ стагоддзя.

Старэйшына кажа, што па перапісе 1897 года тут была карчма, да пачатку ХХ стагоддзя — школа. Калі ўзяць перапіс 1925 года — было 115 домаўладанняў. Потым 109 чалавек рэпрэсавалі. Цяпер ураджэнцы мясцовасці з розных куткоў свету аднаўляюць звесткі аб сваяках. Праз нашу газету таксама хочуць звярнуцца да ўсіх, хто ведае што-небудзь пра сям'ю Анталёвых з Чарцяжа. Ініцыятыву вяскоўцаў падтрымалі ў раёне, дапамагаюць збіраць звесткі. Сваімі сіламі людзі мараць паставіць у Чарцяжы мемарыяльны знак ахвярам рэпрэсій.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота з прыватнага архіва гераіні

Загаловак у газеце: «Галоўнае, каб душа бур'яном не зарастала...»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.