Вы тут

Як жывуць цяперашнія вяскоўцы ў колішняй сядзібе Элізы Ажэшкі


Людвінова — вёска асаблівая, з надзвычай цікавай гісторыяй. Даўно збіралася сюды заехаць, з той пары, як прачытала ў кнізе Анатоля Федарука «Старадаўнія сядзібы Берасцейшчыны», што з пераездам Элізы Ажэшкі Людвінова стала цэнтрам інтэлектуальнага жыцця ваколіцы. Юная гаспадыня маёнтка збірала вакол сябе не толькі багатую бібліятэку, але і перадавую шляхту з суседніх маёнткаў. У 1862 годзе яна арганізавала пачатковую школу для вясковых дзяцей.


Ста­рас­та вёс­кі  Ма­рыя Пра­та­се­віч,  Ган­на Ар­цю­хе­віч,  Ні­на Рэ­пі­ха,  Ве­ра Це­ля­шук.

Рытарычнае пытанне

Цяпер, на жаль, ад былога маёнтка нічога не засталося. Некалькі векавых дрэў старадаўняга парка нагадваюць пра тыя часы. Тут будучая пісьменніца ладзіла не толькі балі і сустрэчы: падчас паўстання 1863 года ратавала параненага Рамуальда Траўгута, тут яны разам з суседкай Стэфаніяй Жук і іншымі шляхцянкамі ладзілі шпіталь для паўстанцаў, збіралі для іх адзенне і правіянт. Пасля паражэння паўстання, арыштаў, ссылак і канфіскацыі маёнтак пераходзіў з рук у рукі, цярпеў паступовы заняпад. Цяпер на месцы сядзібы ўстаноўлены памятны валун з мемарыяльнай дошкай, на якой пазначана, што Эліза Ажэшка жыла тут з 1858 да 1864 года.

Сёння ў Людвінове 57 жыхароў, абсалютная большасць з якіх — пенсіянеры. Камандзіроўка адбылася праз тры дні пасля жаночага дня. Звярнула ўвагу, што ва ўсіх бабулек стаялі ў вазах цюльпаны. Гэта значыць, што дзеці клапоцяцца, наведваюць, аберагаюць сваіх састарэлых матуль. Але тыя, як і многія іх равесніцы, не спяшаюцца ў гарадскія кватэры дзяцей — ім лепей у родных сценах, дзе прайшла маладосць, дзе жылі, гадавалі сыноў і дачок, працавалі, радаваліся, гаравалі.

— Як раней працавалі на палях з цямна да цямна, — разважае 85-гадовая Марыя Клімовіч, — так ужо не працуюць у калгасах. Цяпер трактары, машыны ўсё робяць, паляводаў больш няма. А ў мяне ў звяне было 30 жанчын, лён убіралі, буракі палолі, бульбу капалі. Работа цяжкая, усё рукамі ды спіну гнуць, а яшчэ свая гаспадарка ў кожнага немалая — каровы, свінні, куры, уласныя соткі. Але, нарабіўшыся, умелі адпачываць, спявалі часта. У мяне, бывала, у хаце столькі жанчын збярэцца, і пагамонім, і песні паспяваем — ніякіх п'янак тады нават заваду не было. І так жа весела, калі ўсе збяруцца... Школа была, клуб у вёсцы, ферма. А цяпер во сяджу каля акна, усё гляджу, каб хоць хто прайшоў па вуліцы, — сяло апусцела. І чаму гэтых людзей няма?

Марыя Аляксандраўна і сама ведае адказ на сваё рытарычнае пытанне. Бо не засталіся ў вёсцы яе дзеці, дзеці суседзяў, дзеці яе таварышак па льнаводчым звяне. У яе, напрыклад, і сын, і дачка скончылі Горацкую акадэмію, атрымалі эканамічную адукацыю, знайшлі работу ў большых населеных пунктах. Унукі вывучыліся на дактароў, аселі ў абласным цэнтры. Так і іншыя дзеці пайшлі ў свет — вось і пусцее Людвінова. Суседка хіба зойдзе да Марыі — Пелагея Крыўнюк. Пелагея Ігнатаўна на свае 97 гадоў не выглядае. Не без гонару сказала, што сама сябе даглядае, нават уласны агарод трымае. Яна не проста багатая бабуля, а супербагатая: яе з 8 Сакавіка ўжо прапраўнук павіншаваў. Праўда, гэтую місію выканаў бацька самага меншага прадстаўніка сям'і з прычыны яго малалецтва. Але ж сам факт, што Пелагея Ігнатаўна не проста дачакалася вяселля праўнука, але змагла патрымаць на руках яго сына, вельмі важнага для бабулі. Яна і не супраць сабраць на сваім стагадовым юбілеі ўсю вялікую сям'ю — можа, да той пары прапраўнукаў стане больш.

Хутка 70 гадоў разам

Са старшынёй Папінскага сельскага Савета Святланай Дышко зазіраем да Ніны і Васіля Рэпіхаў — Ніна Рыгораўна, у адрозненне ад сваіх суседак, жыве не адна, а з мужам Васілём Аляксандравічам. Праўда, былы калгасны механізатар, кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай Рэвалюцыі цяжка хварэе, самастойна не ходзіць пасля перажытага інсульту. Цяпер Ніна Рыгораўна — галоўная падтрымка і апора для мужа.

Яна добра помніць гады акупацыі — колькі перажылі, колькі нацярпеліся ў вайну:

— Бацьку забілі як актывіста. А мы з мамай, у якой тры дачкі былі на руках, сталі ўцякаць, шукаць партызан. Людзі падказалі, што нам заставацца дома небяспечна, вось і пабеглі, схапіўшы вузельчык рэчаў. З вялікай цяжкасцю знайшлі партызанскі атрад, уладкаваліся ў сямейны лагер. Мама мыла бялізну для партызан, мы ёй дапамагалі. Мяне як меншую бралі з сабой у разведку — дарослы чалавек з дзіцем выклікаў меней пытанняў на дарозе. Вось так і перажылі вайну. Пасля вызвалення вярнуліся ў сваю хату — і не пазналі. Так было разрабавана, ні міскі, ні лапіка ніякага не засталося, нават шпалеры са сцен былі садраныя. Знайшліся толькі маміны любімыя фікусы — аказалася, іх немцы сабе ва ўправу забралі. Што было есці, з чаго жыць, невядома. Тады маме нехта падказаў, што можна зарабіць у людзей на хутарах. Да іх мы і наймаліся на работу, жалі жыта, капалі бульбу. Зарабілі і пшаніцы, і бульбы, і агародніны. Так перажылі першую зіму. Потым маці ўладкавалася на работу ў дзіцячы садок у Драгічыне. Сёстры старэйшыя таксама падаліся ў горад, а я, 13—14-гадовая, заставалася дома, у школу хадзіла. У нас у тую пару ўжо кароўка была і парася, дык я іх даглядала. Малака за тыдзень назбіраю, вяршкоў, а яны прыедуць у выхадны, ужо масла саб'юць. Вось так і жылі, — расказвае Ніна Рэпіха.

У 1950 годзе зусім маладзенькай выскачыла замуж за мясцовага танцора і веселуна Васіля. «Вельмі прыгожа танцаваў у клубе, лепш за ўсіх», — згадала Ніна Рыгораўна. Гэтым і звярнуў на сябе ўвагу. І ён заўважыў маленькую ростам, але ўвішную танцорку, так і пазнаёміліся, пасябравалі. І вось ужо хутка семдзесят гадоў разам. У калгасе працавалі. «Спачатку за палачкі, потым за грошы, — расказвае гаспадыня дома, — дзяцей гадавалі, унукаў-праўнукаў дачакаліся. Цяпер усё ёсць, пенсія добрая, вось толькі здароўя хацелася б болей».

Старая гвардыя

Ва­лун  на мес­цы  бы­ло­га  ся­дзіб­на­га  до­ма.

Суседку ў гэтым горача падтрымліваюць Ганна Карпаўна Арцюхевіч і Вера Яўгенаўна Целяшук. Жанчыны таксама ў гадах, удовы, але самі спраўляюцца з уласнай хатняй гаспадаркай, па дапамогу сацыяльнага работніка ні адна з іх не звярталася. Як сказала стараста вёскі Марыя Пратасевіч: «Мая старая гвардыя фору дасць некаторым маладым. Усё ў іх заўсёды ў парадку, у дамах прыбрана. Вядома, дзеці прыязджаюць, дапамагаюць, але і самі жанчыны не сядзяць склаўшы рукі, стараюцца рухацца, выконваць нескладаную работу, гэтым і жывуць».

Вось толькі аб адным шкадуюць — што іх любімы доктар з Папінскай амбулаторыі Святлана Даўгун пайшла на пенсію: «Яна ўсе нашы хваробы ведала, мы і цяпер прызначаныя ёю лекі прымаем, яе рэкамендацыі выконваем». Але старшыня сельвыканкама Святлана Дышко запэўніла, што і малады спецыяліст, якая нядаўна прыступіла да работы, да сваіх абавязкаў ставіцца адказна і абяцае вырасці ў добрага доктара.

Да амбулаторыі пяць кіламетраў. У самім жа Людвінове з сацыяльных аб'ектаў засталася толькі крама. Яно і не дзіва: калі, скажам, у 1959 годзе тут было амаль 300 жыхароў, у 1995-м значылася 150 чалавек, дык цяпер, як ужо гаварылася, — 57. Але што цікава, мае суразмоўнікі не пагадзіліся стаць героямі рубрыкі «Вёскі, якія знікаюць...» Яны лічаць, што Людвінова будзе жыць. Вунь колькі апошнім часам дамоў купілі для вядзення падсобнай гаспадаркі! Вясной пустыя хаты ажываюць, сезонныя гаспадары садзяць маліны, клубніцы, іншыя ягады. Трапляліся на асобных дамах плакаты са словам «Прадаецца». Што ж, я таксама за тое, каб вялікае некалі Людвінова, вёска ў тры вуліцы, не знікала, а доўга заставалася на карце нашай краіны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Драгічынскі раён

Загаловак у газеце: «Гляджу ў акно, каб хоць хто прайшоў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.

Грамадства

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Ранейшы ўласнiк цяпер звярнуўся ў суд i патрабуе вярнуць будынак.

Культура

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар з'яўляецца аўтарам опер, сімфоній і кантат, яго музыка гучыць у розных кутках свету, а ў Беларусі з ім працуюць найлепшыя выканаўцы.

Культура

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Уладзiмiр Амельяновiч і Апанас Кляцко.