Вы тут

Надвор'е стала менш прадказальнае. Што робяць метэаролагі?


У Беларусі павялічылася сярэднегадавая тэмпература, як і на ўсім зямным шары. Пра гэта расказала намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана КУЗЬМІЧ.


Залева ў Сухараве, ля вакзала — сонца

Мінулы год і анамальна мяккі зімовы сезон паказваюць, што клімат ужо змяніўся, прычым паўсюдна. Ва ўсіх пунктах зямнога шара сярэднегадавая тэмпература павысілася на 1,1 градуса, у Беларусі — на 1,3 градуса. «Але гэта не сведчыць аб тым, што 2020-ы будзе дакладна такі ж анамальна гарачы», — лічыць спецыяліст.

Па словах прадстаўніка рэспубліканскага Гідраметэацэнтра, глабальныя змены клімату ў першую чаргу адбіваюцца на экстрэмальнасці з'яў. Напрыклад, моцныя дажджы нярэдка носяць лакальны характар: часам на тэрыторыі вялікага горада дзесьці могуць ісці ападкі, а дзесьці яны адсутнічаюць. У сувязі з гэтым было ўстаноўлена шэсць метэаралагічных станцый у Мінску.

«Гэта першы этап вывучэння клімату гарадоў — забеспячэнне інфармацыяй, — кажа Святлана Кузьміч. — Цяпер аўтаматычныя станцыі ўсталяваныя на вуліцах Бабруйскай, Ціміразева, Радыяльнай, Каржанеўскага, Шаранговіча і Багдановіча. Першыя назіранні паказваюць, што ў розных раёнах горада адрозніваецца нават тэмпература, не кажучы ўжо пра астатнія параметры».

Дакладнасць штармавых папярэджанняў

Акрамя таго, сёлета Белгідрамет працягне работу па пашырэнні сетак назірання. «Поспех любой службы залежыць ад яе тэхнічнай аснашчанасці, а вызначэнне надвор'я — гэта найскладанейшая тэхнічная задача», — канстатавала намеснік начальніка службы. Менавіта таму за апошнія гады Белгідрамет значна мадэрнізаваўся.

«У 2017 годзе мы распрацавалі дарожную карту, у якой прапісалі свае патрэбы на найбліжэйшую перспектыву. Праведзены тады аналіз паказаў, што для складання добрага прагнозу існуючай сеткі недастаткова, нам неабходна яе пашыраць», — расказвае Святлана Кузьміч. У цэлым у Беларусі зараз ёсць 67 пунктаў назірання за надвор'ем. Летась метэастанцыі з'явіліся ў Салігорску, Гродне і Лельчыцах. Сёлета іх запланавана ўстанавіць у Іўі і Навасёлках Гродзенскай, Кобрыне і Маларыце Брэсцкай, Плешчаніцах Мінскай, Расонах Віцебскай і Вялікім Межніку Магілёўскай абласцей, а таксама ў аграгарадку Самахвалавічы ў Мінскім раёне.

Яшчэ адзін кірунак развіцця Белгідрамета — павелічэнне сеткі радыёлакатараў. Да 2019 года, па словах спецыяліста, лакатары працавалі ў Мінску, Гомелі і Брэсце. Летась радыёлакатар з'явіўся ў Віцебску, а сёлета — у Гродне. У Брэсце цяпер мадэрнізуюць лакатар, які працуе з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Такім чынам, у краіне будуць дзейнічаць аб'яднаныя ў адзіную сістэму пяць радыёлакатараў.

Расійскія калегі распрацавалі па ўзгадненні з Белгідраметам праект спецыяльнага праграмнага забеспячэння па абмене інфармацыяй метэаралагічных радыёлакацыйных назіранняў паміж Расгідраметам і Белгідраметам. Праведзена ацэнка дакладнасці ідэнтыфікацыі небяспечных гідраметэаралагічных з'яў надвор'я. Радыёлакацыя прызначана для кароткатэрміновых прагнозаў на найбліжэйшыя шэсць гадзін. Небяспечныя з'явы могуць узнікаць вельмі хутка, працягласць у іх кароткая. Іх прагназаванне ўскладнена, бо звязана з неабходнасцю ўлічыць усе фізічныя працэсы, якія праходзяць у атмасферы. А радыёлакацыя дазваляе кожныя 15 хвілін бачыць змену абстаноўкі ў атмасферы.

Акрамя гэтага, у рамках развіцця супрацоўніцтва з метэаралагічнымі службамі іншых краін Белгідрамет атрымаў доступ да інфармацыі з радараў Польшчы, Украіны, Расіі і Прыбалтыкі. Гэта дазваляе ў рэжыме анлайн выяўляць і суправаджаць небяспечныя атмасферныя з'явы на тэрыторыі сумежных дзяржаў.

Зазірнуць наперад на 10 сутак

Айчынная метэаслужба вядзе работу па заключэнні ліцэнзійнага пагаднення з Еўрапейскім цэнтрам сярэднетэрміновых прагнозаў надвор'я, што дазволіць павялічыць своечасовасць прагнозаў да 10 сутак. «Цяпер у нас максімальны паказчык складае шэсць сутак», — паведаміў начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Аляксандр БЯГАНСКІ. Таксама ў рэспубліканскім цэнтры працуюць над удасканаленнем ужо існуючых метадаў прагназавання.

У прыватнасці, асваенне радыёлакацыйных звестак дазваляе развіваць сістэму звышкароткатэрміновага прагназавання. Гэта важна ў летні перыяд для прагнозаў ліўняў, шквалаў, навальніц, граду, якія налятаюць знянацку. Яшчэ адзін важны кірунак дзейнасці Белгідрамета — работа над павышэннем прафесійнай кваліфікацыі кадраў. Акрамя наяўных рэсурсаў, якімі валодаюць беларускія ВНУ, у прыватнасці БДУ, вялікі ўплыў аказваюць рэгіянальныя навучальныя цэнтры Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі. Адзін з такіх цэнтраў знаходзіцца ў Маскве — нядаўна заключана пагадненне з расійскім Гідраметэаралагічным універсітэтам. Падрыхтоўка кадраў будзе весціся ў тым ліку і на іх базе.

На пытанне карэспандэнта «Звязды», якое будзе лета-2020, спецыяліст не змог адказаць адназначна: «Нават вясна не будзе аднатыпная. Пасля рэзкага цяпла да нас прарваўся арктычны холад. А якое будзе лета, сказаць цяжка. Мы рабілі прагноз на зіму, але ён не апраўдаўся».

На пытанне, чаму прагнозы надвор'я на розных сайтах адрозніваюцца адзін ад аднаго, і часцяком даволі моцна, Аляксандр Бяганскі адказаў, што Белгідрамет нясе адказнасць толькі за прагнозы, якія размяшчаюцца на сайце ведамства www.pogoda.by, і парэкамендаваў карыстацца менавіта гэтымі звесткамі. Святлана Кузьміч дадала, што цяпер рыхтуецца новая рэдакцыя закона аб гідраметэадзейнасці, у якую будзе ўнесена пазіцыя, якая датычыцца крыніцы інфармацыі аб прагнозах надвор'я. Магчыма, тады колькасць сайтаў каляпагоднай тэматыкі значна паменшыцца.

Гэта была цэлая сістэма

Датай утварэння гідраметэаралагічнай службы Беларусі лічыцца 1 ліпеня 1924 года. У гэты дзень быў зроблены вельмі важны крок, бо новая служба аб'яднала разрозненыя станцыі і пасты. У красавіку 1925 года быў выпушчаны першы беларускі бюлетэнь надвор'я.

У 1941 годзе, напярэдадні вайны, на тэрыторыі Беларусі дзейнічала добра тэхнічна аснашчаная для таго часу дзяржаўная гідраметэаралагічная сетка, якая налічвала 464 гідраметэаралагічныя станцыі і пасты, што з'яўляліся складнікам гідраметэаслужбы СССР. Пасля заканчэння вайны 85 % станцый і 90 % пастоў перасталі функцыянаваць, і ўсю службу давялося практычна ствараць нанава.

Кожны год у канцы сакавіка з ініцыятывы Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі пад эгідай ААН праводзіцца Сусветны дзень метэаралогіі. У мерапрыемстве бяруць удзел 192 дзяржавы. Менавіта 23 сакавіка 1950 года ўступіла ў сілу Канвенцыя гэтай арганізацыі, а само свята адзначаецца з 1961 года.

Сяргей КУРКАЧ

Сучаснае змяненне клімату на тэрыторыі краіны пачалося з анамальна цёплай зімы 1989 года. За апошнія 30 гадоў сярэднегадавая тэмпература на тэрыторыі Беларусі вырасла на 1,3 градуса.

Прэв'ю: pogoda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.

Культура

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Сёлета ён пройдзе ўпершыню выключна пад адкрытым небам.

Культура

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

Увесь лiпень працуе археалагiчны летнiк «Наўры-2020».