Вы тут

Беларускага аналагу якой прыказкi сёння не хапае


Наш сусед дзядзька Юзiк памёр, калi мы з ягоным сынам былi ў шостым класе. Памятаю, вельмi ўразiла тады менавiта раптоўнасць сыходу з жыцця яшчэ зусiм не старога чалавека. Ён вярнуўся пад вечар з працы (збiраў па вёсках малако), распрог i завёў на стайню каня, павячэраў. Позна вечарам яму нечакана стала блага — паднялася высокая тэмпература, пачаў задыхацца. Жонка выклiкала «хуткую», тая памчала хворага ў Дзяржынск, пасля адтуль яго павезлi ў Мiнск. Дзядзьку не выратавалi — усю ноч ён трызнiў (казаў: «Конi, конi лятуць», — успамiнала пасля са слязьмi цётка Марыя, яго жонка), а ў абед сканаў. «Хуткацякучая пнеўманiя», — гэтыя два словы, упершыню пачутыя ў падлеткавым узросце, урэзалiся ў памяць як азначэнне нечаканай небяспекi, якая можа падсцерагчы ў любы момант...


Сын мамiнай сяброўкi цёткi Надзi Вiктар здаровы як дуб. Моцны, высокi, «накачаны». Здавалася б, нiякая хвароба да гэтага маладога мужчыны не прычэпiцца. Але гадоў пяць таму, вярнуўшыся з камандзiроўкi ў Расiю, ён раптоўна злёг i доўгi час — мо тыднi два — балансаваў на краi жыцця ў рэанiмацыi. Мацi не знаходзiла сабе месца, а пасля, калi хворы пачаў крыху папраўляцца, днявала i начавала ў бальнiцы, кармiла яго з лыжачкi, пад рукi вадзiла ў прыбiральню: здаровы хлопец быў такi слабы, што нават не мог самастойна проста стаяць на нагах. Праз нейкi час малады арганiзм i дактары ўрэшце справiлiся з хваробай, але яшчэ некалькi месяцаў мужчына не мог аднавiцца. А мацi яго i сёння не можа без хвалявання вымаўляць той ягоны дыягназ: двухбаковая пашыраная пнеўманiя. Хвароба, якая зусiм нечакана ледзь не звяла ў магiлу яе трыццацiпяцiгадовага сына...

Вы, напэўна, ужо зразумелi, дзеля чаго я пра гэтыя выпадкi, з якiмi наўпрост давялося сутыкнуцца ў жыццi, пiшу. Гэта ж сапраўднае «мяса» было б для сённяшнiх аматараў «гарачых» навiн. «У адной з вёсак Дзяржынскага раёна раптоўна памёр малаказборшчык. Нi з кiм, хто быў за мяжой, ён не кантактаваў. Урачы паставiлi дыягназ «пнеўманiя». Наяўнасць у памерлага каранавiруса медыкi адмаўляюць»... «У Мiнску ў цяжкiм стане ў аддзяленне пульманалогii шпiталiзаваны малады мужчына. Ён некалькi дзён назад вярнуўся з Масквы. У яго дыягнаставана складаная пнеўманiя. Мацi кажа, што ў яе ўзялi тэст на наяўнасць каранавiруса»... Прыкладна так гучалi б паведамленнi аб апiсаных мной няшчасцях, якiя адбылiся шмат гадоў назад, у сённяшняй iнтэрпрэтацыi. А далей — аларм! — дзясяткi каментарыяў кшталту: «Ну ўсё, панеслася!», «Хто ж нам праўду скажа!». А калi б яшчэ асаблiва пiльныя ахвотнiкi пакапацца ў чужой бялiзне даведалiся, што праз нейкi час пасля пахавання старэйшая дачка майго суседа нарадзiла дзiця, якое пражыло ўсяго некалькi тыдняў... Як вы думаеце, цi стаў бы хто з пастаўшчыкоў актуальных навiн прыводзiць словы дактароў аб тым, што прычынай цяжкай паталогii ў дзiцяцi стаў надзвычайны стрэс ягонай мамы на познiм тэрмiне цяжарнасцi ад нечаканай страты любiмага бацькi? Дзе там — бацька ж памёр ад чаго — ад пнеўманii. Якую можа выклiкаць каранавiрус. А можа, i не каранавiрус. Але ўсё роўна — аларм: хавайся ў бульбу i ратуйся хто можа!

I гэта, крый божа, нiякi не «сцёб». I абсалютна нiкога нi ў чым я не спяшаюся абвiнавачваць, бо даўно пераканалася, што ў кожнага свой уласны кодэкс гонару i кожны жыве i нешта робiць або не робiць, кiруючыся менавiта гэтым ненапiсаным «дакументам». Але калi чытаеш на сайтах загалоўкi «Мужчына вярнуўся з Iталii i праз тры днi памёр ад пнеўманii. Каранавiрус у яго не выяўлены», «Сваякi памерлай жанчыны з Вiцебска: у яе быў каранавiрус. Медыкi: у яе была пнеўманiя», — а пасля каментарыi да iх, разумееш, што людзi свядома або несвядома проста адключаюць уласны розум, а часам — i сумленне. Бо за ўсiм гэтым не бачаць нi памерлага чалавека, нi яго сваякоў — канкрэтна ўзятых людзей, у якiх здарылася БЯДА. Магчыма, гэта адбываецца таму, што тыя, хто настойлiва па некалькi разоў тэлефануе людзям, у якiх з хаты толькi вынеслi труну, i дапытвае «дык цi быў каранавiрус?», i тыя, хто пасля ўпэўнена каментуе «канешне, быў, хто вам праўду скажа!», проста не ведаюць, што гэта насамрэч такое — БЯДА? Не чыясьцi, а твая, асабiстая, калi не разумееш, на якiм свеце знаходзiшся, калi нiбыта рухаешся ў чорным густым тумане. І тут з гэтай цягучай цемры званок: «Прабачце, прымiце спачуваннi, яшчэ раз прабачце, але... ад чаго памерла ваша мацi (ваш муж)? А цi не было там каранавiруса (чумы, халеры, яшчэ якой трасцы)? Урачы кажуць, што не было, але ж важна i ваша меркаванне...»

Не па-людску? Не па-людску. Продкi добрую прыказку нам пакiнулi на гэты выпадак — «У сабакi вачэй пазычыць». Калi ж пра розум, якi варта ўключаць, чытаючы падобныя паведамленнi. Пнеўманiя — вельмi небяспечная хвароба, якая вядомая яшчэ за стагоддзi да каранавiруса. Яна была, ёсць i, напэўна, будзе заўсёды. Яна можа здарыцца з кiм заўгодна i абсалютна нечакана. Ад яе сёння паспяхова вылечваюцца, але, на жаль, здараецца, што людзi ад яе і памiраюць. Кожны год, у кожнай краiне гэтая статыстыка прырастае. Але аб кожным выпадку нiхто не пiша ў сецiве як аб навiне, бо смерць сама па сабе ў гэтым свеце не навiна. Сёлета пнеўманiя — тая самая, спрадвечная, не ўзяла нейкi адпачынак цi канiкулы, i ёй зусiм не абавязковая дапамога каранавiруса, каб пасялiцца ў кагосьцi ў лёгкiх. Чаму ж тады кожны яе цяжкi выпадак хтосьцi, ставячы пад сумненне заключэнне медыкаў, стараецца разгледзець праз прызму заразы, якая апанавала амаль увесь свет?

Кому война — кому мать родна», — адкажа нехта на гэта пытанне яшчэ адной прыказкай — рускай народнай. Спецыяльна паглядзела ў слоўнiках — няма ў нашай мове такога адпаведнiка. Выходзiць, настаў час яго прыдумаць?..

Алена ЛЯЎКОВIЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.