Вы тут

Момант ісціны па Трахімёнку


Традыцыя рыхтаваць да святаў падарункі не такая і благая. Калі  ж сам сабе штосьці дорыш, скажам, да дня нараджэння, тым больш. Не магу сцвярджаць, што гэтым кіраваўся і  Сяргей Трахімёнак, але сваё 70-годдзе ён сустрэў дзвюма новымі кнігамі, што выйшлі ў выдавецтве «Чатыры чвэрці». Адна з іх — раман «Бог любіць Адэсу», дзеянне якога адбываецца ў гэтым горадзе ў 2007 годзе, другая — аповесць «Па слядах Таманцава».


Фота Кастуся Дробава

Якая яна, Адэса? Крымінальная, бытавая, грэчаская, яўрэйская — даведваешся з рамана. Як і пра тое, за што яе любіць Бог. Чытаць твор — адно задавальненне. Атрымліваеш радасць ад таго, наколькі па-майстэрску С. Трахімёнак будуе сюжэт, умела выпісвае характары персанажаў.

Не менш дынамічны, а шмат у чым нават і больш закручаны сюжэт і ў аповесці «Па слядах Таманцава». Герой яе — пісьменнік-сцэнарыст, які збірае матэрыял аб дзейнасці адной партызанскай групы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ад пагранічніка, які некалі служыў на Далёкім Усходзе, даведваецца, што там жыве прататып знакамітага Таманцава, героя рамана Уладзіміра Багамолава «Момант ісціны». Яго ў жывых ужо не заспеў. Але ў рукі сцэнарыста трапіў дзённік нейкага Трубніка, які ўваходзіў у групу Таманцава.

Раман «Бог любіць Адэсу» і аповесць «Па слядах Таманцава» — годны працяг пісьменніцкай біяграфіі С. Трахімёнка. Ён ярка заявіў пра сябе яшчэ раманамтрылогіяй «Гульні капрызлівай дамы». З таго часу і працуе на ніве вострасюжэтнай і разам з тым глыбокапсіхалагічнай прозы. Гэта, аднак, не перашкаджае пісаць і творы з больш стрыманай падачай матэрыялу. Сітуацыі не заўсёды выключныя, але плынь дзеяння такая, што ўсё выглядае жыццёва, надзіва праўдзіва.

Высокая планка мастацкасці і ў рамане «Да ўрачыстага марша». Удала сумяшчаюцца два часавыя пласты: канец 70-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў войску праходзіў службу прызваны з запасу лейтэнант Малых (у ім угадваецца і сам пісьменнік), і пачатак 90-х, а гэта ўжо лёс радавога Вярыгіна.

Сяргей Трахімёнак смела бярэцца за асэнсаванне новых тэм, што засведчылі яго раманы «Чаша Петры ці Руская цывілізацыя…», аповесць «Геном Ньютана». Фільм «Прыцягненне Альберта Вейніка», створаны па яго сцэнарыі, упэўніў у тым, што аўтару цесна ў звыклых празаічных рамках. Чаму б не здзівіць чытача, а ў дачыненні да фільма — гледача чымсьці тым, што само па сабе неверагоднае. Дарэчы, на Нью-Ёркскім фестывалі неігравога кіно ён перамог у намінацыі «Дакументальная драма».

Ёсць у С. Трахімёнка і містычны раман «Тунгускі балід». Па адной з версій, да гэтай катастрофы дачыненне мае Нікола Тэсла. Ад такой думкі Сяргей Аляксандравіч не толькі не адмаўляецца, але і  падштурхоўвае чытача. Многія салідныя вучоныя называюць Н. Тэсла той асобай, якая вынайшла ХХ стагоддзе. Сцвярджэнне неверагоднае? Ды для яго ёсць усе падставы! Менавіта Тэсла хацеў утаймаваць энергіі (не энергію, а якраз энергіі!) Сусвету, зрабіўшы іх даступнымі. Ён эксперыментаваў з чацвёртым станам рэчыва — так званай прамяністай энергіяй, што сёння вядома як плазма.

У рамане ўдзелена значная ўвага яго доследам. Не абыходзіць С. Трахімёнак і  пэўных момантаў жыцця Тэслы, каб лепей зразумець яго феномен. Дый лішні раз нагадвае пра тое, што самыя лепшыя намаганні чалавецтву могуць каштаваць дорага. З гэтым у творы звязана сюжэтная лінія. Паралельна ёй развіваецца яшчэ адна — дзейнасць тайнага таварыства, якое разумее да чаго можа прывесці «гульня» з плазмай, імкнецца прадухіліць магчымую катастрофу. Нарэшце, лінія трэцяя — жыццё на планеце Літо, якая з’яўляецца «касмічнай процівагай» Зямлі. Ад яе, Літо, многае залежыць.

Па-майстэрску валодаючы пяром, С. Трахімёнак спалучае ў творы элементы містычнага, але гэта ні ў якім разе не ідзе на шкоду мастацкасці. Пра што б ён ні пісаў, нязменна імкнецца да таго, каб усё было не толькі займальна, інтрыгоўна, неверагодна, але каб ніяк не шкодзіла ўнутранай задачы, якую паставіў перад сабой, узяўшыся за напісанне рамана «Тунгускі балід».

Уважліва чытаючы твор, вядома, можна заўважыць, у чым задача заключаецца. Але яшчэ больш выразна гэта відаць напрыканцы рамана, калі адбываецца дыялог двух сучасных вучоных. Адзін з іх заяўляе: «Як спецыяліст па энергіях, скажу, Розум перашкаджае ажыццяўленню затратных варыянтаў развіцця. Аднак ёсць яшчэ адзін аспект праблемы. Чалавек — “механізм”, пры дапамозе якога Розум можа дасягаць сваіх мэтаў. Па вобразе і падабенству Розуму дзейнічае і сам чалавек, калі, у сваю чаргу, для дасягнення сваіх мэтаў робіць неабходныя яму прадметы. […] Сто гадоў назад Розум нам дапамог». На пытанне другога вучонага, як быць цяпер, першы адказвае, што з тупіка, які ўзнік, неабходна выходзіць самім. І падказвае два варыянты:

«[…] Першы можна назваць рэальным. Як і сто гадоў назад, прыляцяць іншапланецяне і выратуюць нас.

— А другі?

— Другі, на жаль, фантастычны: мы зразумеем Сусвет і сябе і выйдзем з гэтага тупіка самі».

Зразумець Сусвет — задача архіважная. У рамане «Тунгускі балід» адказу на тое, як гэта зрабіць, зразумела, няма. Дый у мастацкага твора іншыя мэты. Бясспрэчна адно: таленавітыя раманы, а ім і  з’яўляецца «Тунгускі балід» С.  Трахімёнка, здатныя актывізаваць грамадскую думку.

Гэта таксама датычыць і раманаў «Груз нябесны» і «“Набеліят”, ці Небяспечныя гульні». Першы з іх быў не адразу надрукаваны цалкам. Скарочаны варыянт з’явіўся яшчэ ў 1988 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Пасля — у адным з выдавецтваў Санкт-Пецярбурга. Чаму? Рэдактараў рукапісу тады спалохала сюжэтная лінія, звязаная з распадам СССР і савецкіх Узброеных Сіл. Тое, пра што расказвалася, было ўспрынята праяўленнем празмернай фантазіі аўтара. Маўляў, насмеліўся дадумваць тое, чаго ў сапраўднасці не было, дый быць не магло.

Застаецца парадавацца, што твор выйшаў нарэшце ў поўным аб’ёме — у  тым выглядзе, у якім аўтарам задумваўся і быў напісаны. Але калі б гэта адбылося раней, сацыяльнае гучанне яго было б куды большае. Аднак відавочна і іншае: ёсць магчымасць задумацца, нанава асэнсаваць складаныя працэсы, што адбываліся ў колішнім савецкім грамадстве. Пры пэўнай аўтабіяграфічнасці сюжэтнай лініі ў творы ўгадваецца і бачыцца тыповае ў многім для савецкага войска. Гэта сведчанне таго, што ў краіне не ўсё так добра, як гэта падавала афіцыйная ідэалогія.

Але раман «Груз нябесный» — не столькі аповед аб далёка няпростых сітуацыях, у якія трапляе прызваны на два гады з запасу ў армію лейтэнант, колькі аб няпростых абставінах, што яму трэба пераадолець як пачынаючаму літаратару. Рэдактары і выдаўцы сустракаюць яго апавяданні ў штыкі, абвіначваюць у ачарненні рэчаіснасці, у дадзеным выпадку армейскай.

Адзін з герояў рамана «“Набеліят”, ці Небяспечныя гульні» таксама пісьменнік. Прозвішча ў яго незвычайнае — Крамар. З-за гэтага і трапіў у поле зроку нейкага выдаўца, якому хочацца праз яго зрабіць сабе імя і зарабіць грошы на рэалізацыю праекта «Набеліят». Між іншым, у аўтарскай рэдакцыі гэты твор С.  Трахімёнка называўся «Набеліят, ці Троглы ў сучасным свеце».

Чаму набеліят — здагадацца няцяжка. Да Крамара ў адной з сюжэтных ліній рамана звяртаецца нейкая арганізацыя з прапановай зрабіць яго лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Крамар, хоць і сумняваецца ў магчымасці гэтага, усё ж згаджаецца, будучы ўпэўнены, што пры жаданні ў любы момант выйдзе з такога праекта. Аднак не ўсё так проста, як падаецца на першы погляд. Ад Крамара ўжо мала што залежыць. Выдавец таксама становіцца вязнем абставін.

Ёсць у рамане і яшчэ адна сюжэтная лінія. Сябра Крамара следчы Юнакаў разблытвае справу нейкай маладзёжнай арганізацыі троглаў, якая тэрарызуе жыхароў мікрараёна. У той жа час яны імкнуцца адасобіцца ад сучаснага жыцця, вярнуцца да звычаяў першабытных людзей. Паступова гэтыя дзве сюжэтныя лініі перакрыжоўваюцца.

У сюжэтах і першага, і другога раманаў моцны дэтэктыўны пачатак. Але, перафразуючы вядомае выказванне, можна сказаць: дэтэктыў мне сябра, а сутнасць у іншым. Творы гэтыя не толькі пра жыццё ўвогуле, колькі пра складанасці ў працы пісьменніка. Больш за тое — пра ўздзеянне яе на жыццё грамадства. Ужо гэта сведчыць на карысць таго, што С. Трахімёнак умела і паспяхова пашырае сюжэтныя магчымасці прозы, застаючыся нязменным у адным: ён у аднолькавай ступені прыхільнік вострасюжэтнай, дэтэктыўнай літаратуры і адначасова псіхалагічна глыбокай. Таму ў яго творах чалавеказнаўчыя элементы заўсёды не на апошнім месцы.

Чытаць Сяргея Трахімёнка — задавальненне. Далёка не часта сярод пісьменнікаў, якія праяўляюць свой талент у галіне дэтэктыўна-прыгодніцкага жанру, напаткаеш аўтара высокамастацкай літаратуры, для якой уласцівы глыбокі псіхалагізм, уменне падаць персанажаў такім чынам, быццам яны перад табой жывыя, існуюць у рэальнасці. Кнігі С. Трахімёнка — гэта не тое «лёгкае чытво», з якім знаёмішся толькі каб зняць стрэс, але праз некаторы час са здзіўленнем для сябе зазначаеш, што ў памяці нічога, па сутнасці, не засталося, хіба адзінкавыя, найбольш уражальныя эпізоды. Гэта — і нязменная праца думкі, калі за экстравагантнымі сітуацыямі, нечаканымі сюжэтнымі паваротамі знаходзіш і адкрываеш для сябе нешта больш важнае. Маю на ўвазе непаўторныя людскія лёсы, над якімі хочацца задумацца, пэўны часавы зрэз, што адлюстроўвае рэальны малюнак жыцця.

У С. Трахімёнка каля 40 кніг, якія выходзілі ў выдавецтвах Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга. Па яго сцэнарыях знята чатырнаццаць кінаі відэафільмаў. Творчасць ацэнена: лаўрэат літаратурных прэмій «Залаты Купідон», Уральскай федэратыўнай акругі, Усерасійскай прэміі імя Маміна-Сібірака. Рознымі прэміямі адзначаны і сцэнарыі шмат якіх яго фільмаў.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.