Вы тут

Аrt-праваднік па Германіі. Шляхі развіцця нямецкай культуры ў карцінах, фотаздымках, інсталяцыях


10 сакавіка ў Беларусі пачаліся тыдні Германіі. Традыцыйна на працягу 17 гадоў яны праводзяцца Пасольствам ФРГ сумесна з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску і прадстаўнікамі нямецкіх і беларускіх культурных арганізацый. Сёлета ўпершыню тыдні праходзяць вясной (з 10 сакавіка па 30 красавіка), а не восенню. Мэта — пазнаёміць жыхароў Беларусі з нямецкай культурай і мовай. Пачатак мерапрыемствам дала выстаўка «Шляхі нямецкага мастацтва з 1949 года па сённяшні дзень», якая адкрылася ў Палацы мастацтваў.


Работа Вольфганга Матоера.

Штутгарцкі Інстытут сувязей з замежнымі краінамі (IFA), заснаваны яшчэ ў 1917-м, з 1949 года займаўся папулярызацыяй мастацтва ФРГ у свеце і сабраў велізарную калекцыю работ мастакоў з  Заходняй Германіі. Пасля падзення Берлінскай сцяны ў 1990 годзе фонды цэнтра мастацкіх выставак ГДР таксама перайшлі да IFA. Праз два дзесяцігоддзі нарадзілася ідэя аб’яднаць абедзве ўнікальныя калекцыі ў адной экспазіцыі. Пасля прэм’еры ў Карлсруэ (Германія) у 2013 годзе яе ўжо ўбачылі шмат у якіх гарадах і краінах. Мінск — наступны прыпынак гэтага маршрута.

 Матрац на сцяне, пакамечаныя алюмініевыя кнігі, магазінныя каляскі і  інсталяцыі з тэлевізараў... Упершыню ў Мінску прэзентуюць 16 тон нямецкага мастацтва часоў ГДР і ФРГ. Экспанаты прывезлі грузавікамі са Штутгарта. Для экспазіцыі ў Палацы мастацтваў цалкам змянілі і асучаснілі прастору. Выстаўка ахоплівае 60 гадоў развіцця мастацтва Усходняй і Заходняй Германіі. Тут прадстаўлены жывапіс, графіка, фатаграфія, відэа, скульптура і інсталяцыі. Усяго каля 400 работ і амаль 100 мастакоў, у  тым ліку такіх сусветна вядомых, як Ёзэф Бойса, Герхард Рыхтэр і Зігмар Польке.

Карціны знакамітага Герхарда Рыхтэра на мінскай выстаўцы змясцілі ў адмысловыя празрыстыя пеналы. Таксама прадстаўлена 8 чорных пантэр нямецкага скульптара Катарыны Фрыч, адна з  самых вядомых работ якой — «Сіні певень», усталяваны ў 2013 годзе на Трафальгарскай плошчы Лондана.

 — Выстаўка прэзентабельная. Любы, хто прыйдзе сюды, атрымае максімальна яркае ўражанне аб нямецкім мастацтве з канца 40-х гадоў да цяперашняга дня, — упэўнены дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску Якаб Рачак. — У Інстытуце сувязей з замежнымі краінамі сабралася ўнікальная калекцыя з 25 000 твораў. Усе — дарагія арыгіналы. Менавіта з іх куратары, чые біяграфіі звязаны з былымі краінамі — ГДР і ФРГ, выбралі экспанаты. Сэнс у тым, каб не раз’ядноўваць гэтыя погляды, а, наадварот, саткаць вялікае агульнае арт-палатно.

Змрочныя, нават дэпрэсіўныя фарбы — якімі яшчэ могуць быць карціны першых пасляваенных гадоў?! Праз усе работы 1950—1960-х праходзяць тэмы гісторыі і памяці. Вайна працягвае хваляваць мастакоў і ў 1980-я. У гэты час пачаў свой творчы шлях Томас Шутэ. Стаміўшыся ад жыцця ў грамадстве спажывання, ён стварыў цэлую серыю работ на жоўтых пластыкавых абрусах. Чорнай аўтамабільнай фарбай, з дапамогай сімвалаў мастак нагадвае, распавядае пра страшнае мінулае — руіны, разруху пасляваенных гадоў. Гэтыя работы, падобныя да дарожных знакаў, мабыць, — паказальнікі няправільных напрамкаў, што прымушаюць успомніць пра канцлагеры, крэматорыі, атамныя бомбы.

Прадстаўлены на выстаўцы і работы мастакоў так званага капіталістычнага рэалізму — Зігмара Польке і Ёзэфа Бойса.

Невялікая тэрыторыя выставачнай прасторы прысвечана ўдзельнікам арт-руху «Флюксус». Мастак Нан Джун Пайк адным з першых пачаў выкарыстоўваць тэхнічныя прылады. Яго інсталяцыя «Буда і тэлевізар», з  аднаго боку, — заклік часцей спыняць імгненне і знаходзіць гармонію з навакольным светам, з другога — іронія: скрынка тэлевізара пустая.

Фатаграфіі, графіцы і скульптуры аддадзены практычны ўвесь другі паверх палаца.

Выстаўка — свайго роду дапаможнік па вывучэнні культуры Германіі. Тут няма ніякай палітыкі — толькі мастацтва. Яна цікавая не толькі знакамітымі імёнамі  — шмат мастакоў знакавых для нямецкага мастацтва, але недастаткова вядомых за межамі нямецкамоўнага свету: калажы Ханы Хех, графіка Карлфрыдрыха Клауса, аб’екты Дытэра Рота, перфарматыўнасць інсталяцыі Франца Эрхарда Вальтэра, канцэптуальныя перформансы Клауса Рынке, унікальны поп-арт Томаса Байрле і Ханса Петэра Фельдмана, жывапіс Імі Кнэбеля...

Шмат аўтарскіх работ выклікаюць пытанні і ўражваюць тэхнікай і падыходам. Напрыклад, афорты Карлфрыдрыха Клауса развіваюць тэму камуністычнай касмалогіі. Яго тэмы — мова, пісьмо, адносіны паміж суб’ектам і аб’ектам, свядомасць і матэрыя. Работы мастака патрабуюць ад гледача аддачы. Як кажуць мастацтвазнаўцы, Клаус належыць да прадстаўнікоў візуальнай паэзіі. Свае афорты мастак спалучыў з цытатамі з  работ Чжуан Цзы, Парацэльса, Карла Маркса, Фрыдрыха Энгельса, Уладзіміра Леніна, Поля Элюара.

Вельмі цікавыя творы Георга Херальда. Яны прысвечаны заблытаным, але абсалютна фундаментальным пытанням унутранай пазіцыі, ацэнкі, сітуацый, мімавольнага ці свядома няправільнага Аrt-праваднік па Германіі Шляхі развіцця нямецкай культуры ў карцінах, фотаздымках, інсталяцыях ўжывання мовы пры называнні канкрэтных рэчаў. У сваіх карцінах, аб’ектах і  інсталяцыях мастак выкарыстоўвае банальныя матэрыялы і  прадметы побыту, з крытычнай іроніяй аналізуе шаблоны мыслення, якія існуюць у гісторыі мастацтва. Апрача таго, ён ставіць пад сумненне такія традыцыйныя выразныя формы, як насценнае пано і скульптура, тым самым праводзячы паралель са стаўленнем грамадства да мастацтва.

Прадстаўніца канцэптуальнай фатаграфіі Катарына Зівердынг у сваіх работах разглядае адносіны паміж мікраскапічнымі і макраскапічнымі скульптурамі, а таксама індывідуальнымі і глабальнымі працэсамі, зноў і зноў робячы сябе галоўнай гераіняй сваіх жа здымкаў. Пры гэтым фотамастачка абапіраецца ў тым ліку на гендарныя і посткаланіяльныя даследаванні і тэорыі медыя. Зівердынг даследуе межы гендарнай атрыбуцыі праз візуальнае ўспрыманне. Выява, што не мае контураў, уступае ў непасрэдны кантакт з гледачом.

А вось цэнтральную ролю ў творчасці мастака Макса Уліга адыгрываюць партрэт і пейзаж. Яго работы прысвечаны сімвалізму існавання, абмежаванага часам і жыццёвымі рытмамі. Да канца 1980-х гадоў ён быў вядомы галоўным чынам графічнымі лістамі, і толькі пасля змены палітычнага рэжыму ў ГДР у 1989 годзе паказаў таксама і жывапісныя творы. У работах Уліга дамінуюць экспрэсіўныя лініі, якія робяць яго вандроўнікам на памежжы абстракцыі і прадметнасці. У акварэлі «Галава Г.М.» (1984 г.) лінія вызвалена ад сваёй класічнай задачы — ствараць контур і абмяжоўваць. Слаі, накладанні і скрыжаванні ліній з рознай таўшчынёй штрыха і ступенню чарнаты ствараюць прасторавую глыбіню.

Увогуле, выстаўка атрымалася вельмі насычаная тэматычна. Ёсць над чым паразважаць, можна знайсці шмат цікавых гістарычных дробязяў, пра якія не пішуць у падручніках.

Дарэчы, паралельна з выстаўкай Інстытут Гётэ падрыхтаваў у сваёй бібліятэцы адмысловы тэматычны пакой, прысвечаны мастацтву Германіі. Там можна знайсці каталогі розных выставак і публікацыі на тэму тэорыі мастацтва, эстэтыкі і культурнай палітыкі. У межах выстаўкі Інстытут Гётэ правядзе разам з партнёрамі суправаджальную праграму з экскурсіямі, дакладамі і дыскусіямі.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.