Вы тут

Дыялог на мове пачуццяў


Доўгі час тэатральнае мастацтва заставалася практычна нязменным, а яго жанрамі былі камедыя, трагедыя і драма. Але са з’яўленнем кіно, відэагульняў і інтэрнэту рэжысёры пачалі шукаць новую мову зносін з гледачом і іншыя падыходы ў пастаноўках. У спектаклі пачалі інтэграваць іншыя віды мастацтваў, прыцягваць да дзеяння публіку і праводзіць прадстаўленні ў незвычайных месцах. Жанр пластычнага тэатра сёння ці не самы запатрабаваны ў маладой аўдыторыі. У  такіх спектаклях пераплятаюцца драма і харэаграфія. Акрамя танца рэжысёры выкарыстоўваюць пантаміму, стылізаваныя баявыя мастацтвы, тэатр ценяў, акрабатычныя і цыркавыя нумары — усё, што звязана з рухам. Часам у такіх прадстаўленнях цалкам адсутнічаюць словы. У Беларусі пластычныя пастаноўкі вельмі любяць. Пра гэта сведчыць форум «Пластформа», які з 14 па 21 сакавіка пройдзе ў Мінску восьмы раз.


Форум па праве лічыцца адной з самых незвычайных культурных падзей нашай краіны. Праграма прапануе шырокую панараму пластычнага эксперымента: харэаграфічныя і пластычныя спектаклі, імправізацыйныя пастаноўкі.

Сакрэт пластычных спектакляў у тым, што дзеянне складаецца з яркіх візуальных і цялесных вобразаў, таму замест традыцыйных тэкставых сэнсаў гледачу прапануецца дыялог на пачуццёвай, кінестэтычнай мове. Размова з гледачом адбываецца праз цела акцёра, якое з’яўляецца інструментам, што гучыць, размаўляе без слоў.

Кожны раз «Плаcтформа» прыцягвае ўвагу шырокага кола. Цікавасць публікі да форуму расце з з году ў год, што пацвярджаецца поўным продажам квіткоў на спектаклі, паказаныя ў 2019 годзе. У 2020-м будуць прадстаўлены работы замежных артыстаў з Лівана, Аўстрыі і Польшчы, а таксама беларускія пастаноўкі. Чакаюцца сустрэчы артыстаў з гледачамі, кінапаказ, гутаркі з экспертамі, лекцыі і  майстар-класы замежных гасцей. Сёлета «Плаcтформа» ўпершыню пакажа сваю праграму на пляцоўках Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача, а таксама працягне паспяховае супрацоўніцтва з  культурным хабам ОК16 і Музеем Азгура.

Праграма фестывалю разнастайная. Тэатральна-пастановачная частка пачнецца 18 сакавіка.

Адкрые фестываль спектакль «Запрашаючы сонца», які пакажуць на камернай сцэне ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Рэжысура, сцэнаграфія, танец Іны Асламавай (Беларусь), ідэя, этнавакал, акарыны, званочкі ад Ірэны Катвіцкай (Беларусь).

Пастаноўка стварае пачуццёвую прастору, якая аб’ядноўвае contemporary dance, этнавакал і электронную музыку. Творчы працэс накіраваны на працу з  жаночай энергіяй, якая прыводзіць цела ў стан спакою і гармоніі. Пазбягаючы ментальных рашэнняў, артысткі звяртаюцца да свайго цела, пачуццяў і інтуіцыі, задаюць пытанні, ці можа дзеянне на стыку традыцыі і сучаснасці змяніць успрыманне гледачамі саміх сябе і прасторы?

У гэты ж дзень спектакль «Arche & Ket» рэжысёра-пастаноўшчыка Антона Макухі (Беларусь) і харэографа-пастаноўшчыка Ірыны Шырокай (Беларусь) аматары пластычных тэатраў змогуць паглядзець у культурным хабе ОК16.

У спектаклі па п’есе грузінскага аўтара Дзімітрыя Учанеішвілі няма нецэнзурнай лексікі і  нечаканых паваротаў, але ён прасякнуты філасофіяй у руху і словах. Стваральнікі спектакля падкрэсліваюць, што кожны ў пастаноўцы зможа ўбачыць нешта сваё: каханне-ілюзію, каханне-момант, каханне-працу. Гэта сумленная і жорсткая размова пра тое, што адчувае кожны ў  рамантычных адносінах. Рэжысёр Антон Макуха будуе канцэпцыю праекта на адносінах рэальных тэатральных пар, якія прачытаюць «Arche & Ket», знаходзячы ў тэксце ўласныя гісторыі. Паралель п’есы і рэальных пачуццяў, даследаванне ўзаемных эмоцый і прэтэнзій — пошукі ў тэатры скіроўваюцца ўсё бліжэй да рэальнага жыцця. П’еса ўвайшла ў шорт-ліст Міжнароднага драматургічнага конкурсу «Бадэнвайлер» (2016).

19 сакавіка ў будынку Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача адбудзецца вечар двух спектакляў. Івона Альшоўска з Польшчы прадставіць пастаноўку «Ева і Ён». Гэта пастаноўка-паядынак: з сабой, са светам, з нябачным Богам. Гэты танец — як дзве планеты, якія круцяцца адна вакол адной, як дзве істоты, як палюбоўнікі, як два баксёры ў сутычцы на рынгу. Гэта — гісторыя выгнанай пары, гісторыя вечнай барацьбы мужчынскага і жаночага пачаткаў. Пастаноўка была паказана на польскай «Платформе танца» 2019 года ў Гданьску, куды трапляюць найлепшыя польскія танцавальныя спектаклі.

Другі спеткакль — «Пад целам» (Ліван) — сучасны танцавальны перформанс, які даследуе ролю цела ў перыяд вайны. Як цела рэагуе на смяротную пагрозу, зыходзячы з інстынкту самазахавання, і як гэтая рэакцыя ператвараецца ў танец? Пластыка, заснаваная на выдуманых правілах і законах  — нібы казка, створаная з мэтай выратавацца ад ваеннага канвеера. Гэта асабістая гісторыя, гісторыя цела, якое перажыло чатыры вайны на поўдні Лівана ў 1993, 1996, 2000 і 2006 гадах.

— Войны на Блізкім Усходзе ніколі не спыняюцца, і, беручы пад увагу нядаўнія войны і палітычную міграцыю ў Еўропе, лічу важным гаварыць пра чалавечы фактар і асабісты цялесны досвед чалавека, калі яго жыццё знаходзіцца пад пагрозай, — падкрэслівае рэжысёр спектакля Басам Абу Дзіаб.  — Я імкнуся падзяліцца з  еўрапейскай аўдыторыяй; пра гэта, на жаль, не кажуць у навінах. Гісторыя сучаснасці і балючы досвед вайны без палітычнага аспекту. На працягу 35 хвілін праз харэаграфію, музыку і апавяданне, расказанае з асаблівым гумарам, акцёры спрабуюць перамясціць гледачоў у эпіцэнтр смяротна небяспечнай сітуацыі.

На наступны дзень у ТЮГу можна будзе паглядзець прэм’ерны перфоманс «Layaz» ад Кампаніі Эдзіты Браўн (Аўстрыя). Гэта гісторыя маладой дзяўчыны, якая нечакана Дыялог на мове пачуццяў Фестываль «Пластформа» адкрываецца ў Беларусі выяўляе сваё альтэр-эга. Танцорка Кэт Джыменэз даследуе спалучэнне мужчынскай эстэтыкі з фемінісцкім сучасным танцам праз Urban Dance і дысцыпліну «Battle». Пастаноўка «Layaz» — мастацкае даследаванне асобы, свабоды праз вобразнасць. З аднаго боку, гэта пласты навакольнага свету (пласты ў вопратцы, сацыяльныя пласты), з другога — асоба, якая складаецца з пластоў: з таго, кім мы з’яўляемся, і таго, за каго сябе выдаём.

Другая інтрыгоўная падзея вечара — сумесны імправізацыйны праект харэографа Вольгі Скварцовай і музыкантаў MIO (Minsk Improvisers Orchestra, Беларусь).

 Усё пачынаецца з цішыні, з якаснай нулявой кропкі. Гэты чароўны працэс, пражыты ў парадку прастора — цела — гук, выкарыстоўваецца нават у  паўсядзённым жыцці. Тэма імправізацыі канцэрта больш падрабязна будзе абвешчана толькі падчас паказу.

Аматараў паназіраць за ўзаемадзеяннем знакавых сістэм, мастацтва і сучасных тэхналогій Кампанія Вілі Дзёрнэра (Аўстрыя) запрашае на сцэнічнае прадстаўленне «ONE» ў  культурны хаб ОК16 21 сакавіка. «ONE» звяртаецца да работ аўстрыйскага майстра візуальнай паэзіі Хайнца Гапмайра. Пры дапамозе абстрактных элементаў-знакаў артысты спрабуюць адлюстраваць рэальнасць. Камера ў рэжыме рэальнага часу зверху здымае тое, што адбываецца, і перадае сігнал на вялікі экран. Месца працы становіцца інтэрфейсам фізічнай і віртуальнай рэальнасці.

 «Плаcтформа-2020» прапануе пагаварыць пра тэатр, у  якім п’еса і яе інтэрпрэтацыя — зусім не галоўнае. 14 і 15 сакавіка ў музеі імя Заіра Азгура, а таксама 16 сакавіка ў ECLAB пройдзе цыкл сустрэч «Чалавек. Прадмет. Прастора: тры гутаркі пра тэатр, дзе тэкст — зусім не галоўнае».

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».