Вы тут

Уладзімір Співакоў: «Прыязджаю ў Мінск як дадому»


У Мінску з 3 па 9 сакавіка адбыўся VI Міжнародны фестываль «Співакоў запрашае...». На гэты раз фестываль прайшоў пад эгідай юбілею маэстра Уладзіміра Співакова. 12 верасня ён адзначыў сваё 75-годдзе і творчае 40-годдзе аркестра «Віртуозы Масквы», які стварыў і ўзначальвае. Атмасфера ўсяго фестывалю была незвычайна ўрачыстая і натхнёная. Сваімі думкамі і ўражаннямі Уладзімір Тэадоравіч падзяліўся з карэспандэнтам «ЛіМа»:


— Маэстра, з якім настроем вы прыехалі ў Мінск?

— З выдатным. Я заўсёды прыязджаю ў Мінск як дадому. Тут ужо ў аэрапорце ўсе ўсміхаюцца, тут жывуць добрыя людзі, тут смачная, наша ежа. Вельмі люблю беларускую публіку, якая выдатна разбіраецца ў класічнай музыцы.

— Якія адносіны ў вас склаліся з  прадзюсарам фэсту «Співакоў запрашае...» — прэзідэнтам холдынга «Berin Iglesias Art» Максімам Берыным?

— З Максімам Берыным у нас склаліся выдатныя адносіны. Я вельмі рады, што ўсе шэсць фестываляў «Співакоў запрашае...» бездакорна арганізаваны і прайшлі пры поўных аншлагах. Я ўдзячны Максіму таксама за тое, што ён арганізаваў вялікае еўрапейскае турнэ аркестра «Віртуозы Масквы» з нагоды яго саракагоддзя. Канцэрты праходзілі на працягу кастрычніка — лістапада 2019 года ў Цюрыху, Бруселі, Гамбургу, Берліне, Празе, Вісбадэне, Мюнхене, Дзюсельдорфе, Манака, Вене. Усе канцэрты суправаджаліся захопленымі апладысментамі публікі. Так яна дзякавалa расійскім артыстам. Трэба не забываць, што еўрапейскія слухачы добра дасведчаныя ў класічнай музыцы і іх цяжка чым-небудзь здзівіць.

— Думаю, што такое стаўленне да расійскіх музыкантаў дарагога каштуе, асабліва ў наш час, калі еўрапейскія краіны выставілі жорсткія санкцыі супраць Расіі...

— Так, вядома. Атрымліваецца, што мастацтва, і ў прыватнасці аркестр «Віртуозы Масквы», выконвае дыпламатычную місію.

— Што вы можаце сказаць адносна праграмы сёлетняга — шостага фестывалю «Співакоў запрашае...»?

— Кожны раз, абдумваючы праграму фестывалю з Максімам Берыным, мы ў першую чаргу вырашаем, чым можам здзівіць. Сёлета ў фестывалі прыняў удзел Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам маэстра Аркадзя Берына, быў прадстаўлены монаспектакль заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Дзюжава. Лаўрэат XV конкурсу Чайкоўскага французскі піяніст Люка Дэбарг выступіў сумесна з латвійскім камерным аркестрам «Крэмерата Балтыка». У гала-канцэрце «Ад класікі да мадэрну» сваё майстэрства прадэманстравалі зоркі сусветнага балета. А юныя таленты, стыпендыяты майго дабрачыннага фонду паўсталі перад публікай у вялікім гала-канцэрце. Геаграфія фестывалю пашырылася. Аркестр «Віртуозы Масквы» з салістамі скрыпачом Аляксеем Лундзіным і флейтысткай Кацярынай Карнішынай далі канцэрты ў Магілёве і Гомелі.

— Думаю, што ва ўсіх, хто пабываў на адкрыцці фестывалю, надоўга застанецца ў памяці канцэрт «Віртуозаў Масквы» і спявачкі Ганны Аглатавай. Усё было незвычайна ярка, адмыслова. Як выбіраеце праграму для сваіх канцэртаў?

— Лічу, што кожны канцэрт павінен быць святам для публікі. У канцэрце на адкрыцці фестывалю выконваліся арыі з опер і аркестравыя творы В.  А.  Моцарта, Г. Даніцэці, Дж. Расіні і Л. Бакерыні. Мне падабаецца гэтая музыка. Не ўключаю ў праграмы сваіх канцэртаў сачыненні Рыхарда Вагнера. Адна справа — іграць асобныя нумары, а зусім іншая — дырыжыраваць яго буйнымі палотнамі, напрыклад, операмі. Я аднойчы атрымаў прапанову дырыжыраваць оперу Вагнера, але мне вельмі не хацелася рабіць гэтага. Нават настрой сапсаваўся. Гэта заўважыла мая дачка. Я падзяліўся з ёй. І яна мне сказала: «Калі ты не хочаш дырыжыраваць музыку Вагнера, тады і не трэба». Пытанне было вырашана, я адмовіўся ад прапановы.

— А як трапіла на фестываль Ганна Аглатава?

— Ганна выдатная спявачка. Калі яна прыехала ў Маскву вучыцца, у яе не было грошай, каб аплачваць кватэру. Я дапамог ёй. Яна паспяхова вучылася спачатку ў музычным вучылішчы, а затым і ў Расійскай музычнай акадэміі імя Гнесіных у вядомага педагога Рузаны Лісіцыян. У яе паўстала неабходнасць спяваць у суправаджэнні аркестра. І ў гэтым я таксама дапамог. Яна стала стыпендыятам дабрачыннага фонду, які я стварыў. У снежні 2003 года спявачка прыняла ўдзел у  Калядным фэсце ў Германіі, у Дзюсельдорфе, у маі 2006 года спявала партыю Сюзаны ў канцэртным выкананні оперы В. А. Моцарта «Вяселле Фігаро» на сцэне Маскоўскага міжнароднага Дома музыкі. А ў верасні таго ж года выканала гэтую партыю ў прэм’еры ў Новасібірскім дзяржаўным акадэмічным тэатры оперы і балета. Ганна Аглатава ўдзельнічала ў праекце Фонду І. Архіпавай «Руская камерная вакальная лірыка: ад Глінкі да Свірыдава». Я вельмі рады яе поспехам. Ганна дэбютавала ў Вялікім тэатры ў  Маскве, стаўшы яго самай маладой салісткай. З тых часоў яна занятая ў  многіх оперных пастаноўках гэтага тэатра. Маладая спявачка паспяхова выступала ў Вене, Базелі, Амстэрдаме. Я з задавальненнем запрашаю яе спяваць з аркестрам «Віртуозы Масквы». У мінулым годзе адбыўся яе вялікі сольны канцэрт у Маскоўскім міжнародным Доме музыкі ў суправаджэнні Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі. У  той вечар я быў за дырыжорскім пультам.

— Раскажыце, калі ласка, пра Міжнародны дабрачынны фонд, заснавальнікам якога вы з’яўляецеся. У 2010 годзе за яго стварэнне і паспяховую дзейнасць вам была прысуджана прэмія Урада Расійскай Федэрацыі.

— Фонд быў створаны ў 1994 годзе. Яго галоўная мэта — дапамагаць дзецям, адораным у музыцы і  выяўленчым мастацтве, развіваць таленты, арганізуючы творчы працэс у Расіі і за мяжой. Дзеці павінны ведаць, што іх любяць. Ідэя стварэння фонду зарадзілася ў мяне, калі паняцці міласэрнасці і дабрачыннасці лічыліся ў нашай пераменлівай краіне буржуазным капрызам. Я шмат гастраляваў па Расіі, бываў у самых аддаленых яе кутках і заўсёды дзівіўся, як вырастаюць таленавітыя, часам рэдкай адоранасці дзеці, выхаваныя ўмелымі і самаадданымі педагогамі. Мне хацелася ім дапамагчы. Які б яркі ні быў талент, ён патрабуе ўвагі, клопату і пэўнай матэрыяльнай падтрымкі. Я вельмі рады, што фонд пастаянна дапамагае музычным і мастацкім школам Масквы, Санкт-Пецярбурга, Сібіры, Урала і іншых 64 рэгіёнаў Расіі, а таксама ўсім краінам СНД і  Балтыі. За гады працы фонду больш за 8000 дзяцей атрымалі дапамогу, праведзена больш як 400 мастацкіх выставак з удзелам каля 1000 дзяцей, выдадзена 8 каталогаў з працамі юных мастакоў, каля 2000 чалавек з’яўляюцца стыпендыятамі фонду, больш за 1000 чалавек пастаянна ўдзельнічаюць у яго праграмах, каля 400 удзельнікаў гэтых праграм сталі лаўрэатамі міжнародных конкурсаў і фестываляў, падорана каля 300 музычных інструментаў.

— 6 сакавіка ў зале Акадэміі музыкі адбыўся гала-канцэрт стыпендыятаў Міжнароднага дабрачыннага фонду, які ўвайшоў у праграму VI Міжнароднага фестывалю «Співакоў запрашае...». У гэтым канцэрце выступалі таленавітыя маладыя музыканты з Расіі і Беларусі. Усе яны паказалі высокі клас выканаўчага майстэрства і вялікі артыстызм. А як юныя таленты трапляюць пад апеку фонду?

— Пры фондзе ёсць спецыяльная камісія. Усе, хто жадае стаць стыпендыятамі дабрачыннага фонду, дасылаюць відэазапісы сваіх выстуленняў, а  таксама дакументы, якія пацвярджаюць іх поспехі ў музычных конкурсах і канцэртах. Камісія ўсё гэта вывучае, разглядае і прымае рашэнне. Так стыпендыятамі фонду сталі юныя музыканты з Беларусі — габаіст Фёдар Громаў з  Мінска і акардэаністка Ульяна Астанкевіч з Магілёва.

— Уладзімір Тэадоравіч, вы бліскуча пачалі сваю музычную кар’еру ў якасці скрыпача. Раскажыце, калі ласка, аб гэтым падрабязней.

— Я вучыўся ў знакамітага педагога — прафесара Маскоўскай кансерваторыі Юрыя Янкялевіча. Вялікі ўплыў аказаў на мяне выбітны скрыпач ХХ стагоддзя Давід Ойстрах. Да 1997 года я іграў на скрыпцы работы майстра Франчэска Габэці. А з 1997 года выконваю мелодыі на інструменце Антоніа Страдывары. Гэтую скрыпку мне перадалі ў пажыццёвае карыстанне мецэнаты.

— Вы ўдзельнічалі ў розных прэстыжных конкурсах. У якіх перамаглі?

— Мне пашчасціла стаць лаўрэатам конкурсаў Маргарыты Лонг і Жака Цібо ў Парыжы, імя Паганіні ў Генуі, конкурсу ў Манрэалі і конкурсу імя Пятра Чайкоўскага ў Маскве.

— А затым вырашылі стаць дырыжорам?

— Так. Пасля таго, як я арганізаваў у  1979 годзе камерны аркестр «Віртуозы Масквы», у мяне з’явілася жаданне навучацца дырыжорскаму майстэрству. Я вучыўся ў прафесара Ізраіля Гусмана, браў урокі ў Леанарда Бернстайна і Лорына Маазеля ў Амерыцы. Бернстайн у знак сяброўства і веры ў мяне падарыў палачку дырыжора, з якой я не расстаюся і па сёння.

— А зараз выступаеце як саліст-скрыпач?

— Так, вядома. У канцэртах VI Міжнароднага фестывалю «Співакоў запрашае...», якія прайшлі ў Магілёве і Гомелі, я выступаў не толькі як дырыжор, але і як саліст. Разам з артыстам аркестра «Віртуозы Масквы» скрыпачом Аляксеем Лундзіным мы выканалі двайны скрыпічны канцэрт Іагана Себасцьяна Баха.

— У гэтых канцэртах у якасці салісткі выступала флейтыстка Кацярына Карнішына?

— Так. Кацярына Карнішына — адна з самых яскравых флейтыстак маладога пакалення. З дзесяці гадоў яна пастаянны ўдзельнік міжнародных музычных фестываляў у Францыі, Нарвегіі, Германіі, Ізраілі, Расіі, Грэцыі, Аўстрыі і Італіі. У 13 гадоў стала стыпендыятам фонду «Новыя імёны». Кацярына выступае на адной сцэне з такімі знакамітымі музыкантамі, як Дзяніс Мацуеў, Уладзімір Федасееў, Аляксандр Сладкоўскі і іншыя. Я таксама ўвесь час запрашаю яе іграць з аркестрам «Віртуозы Масквы». Флейтыстка атрымала выдатную адукацыю ў Маскоўскай кансерваторыі, а зараз вучыцца ў Школе музыкі Каралевы Соф’і ў Мадрыдзе. Яна прыляцела з Іспаніі спецыяльна, каб прыняць удзел у канцэртах у Магілёве і Гомелі.

— Як вы ставіцеся да публікі?

— З вялікай павагай і любоўю. Бо мы працуем для публікі. Калі я дамаўляюся аб арэндзе залы, заўсёды выступаю з  жорсткім патрабаваннем не выстаўляць на квіткі нашага канцэрта высокі кошт. Мне хочацца, каб самыя розныя слухачы змаглі дакрануцца да выдатнага мастацтва — класічнай музыкі. І я шчаслівы, што ў мяне атрымліваецца гэта рабіць.

Элеанора СКУРАТАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».