Вы тут

Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2019 годзе


Аб стане канстытуцыйнай законнасці

ў Рэспубліцы Беларусь у 2019 годзе

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бодак А.М., Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П., разгледзеўшы ў судовым пасяджэнні пытанне аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2019 годзе,

кіруючыся артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 74, 79, 84, 161—163 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»,

ВЫРАШЫЎ:

1. Прыняць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2019 годзе» (дадаецца).

2. Апублікаваць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2019 годзе» ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Старшынствуючы — Старшыня

Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь П. П. Міклашэвіч

11 сакавіка 2020 г., г. Мінск.

№ Р-1211/2020

Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь

Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыя — гэта ўвасабленне грамадскага дагавора аб уладкаванні грамадства і сістэмы дзяржаўнай улады, гэта прававы падмурак, на якім грунтуюцца жыццяздольнасць краіны, адзінства народа, палітычная і сацыяльна-эканамічная стабільнасць.

Канстытуцыя як выяўленне суверэннай волі народа мае абсалютную прыярытэтнасць, увасабляе суверэнітэт Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы.

Народ Беларусі, з'яўляючыся адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту, ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй.

На мінулых выбарах Парламента — Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, які з'яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам, грамадзяне выказалі сваё свабоднае волевыяўленне, рэалізаваўшы выбарчыя канстытуцыйныя правы.

На аснове Канстытуцыі, у форме канстытуцыйнай дэмакратыі выбраны склад Парламента атрымаў легітымнасць, гэта значыць прызнанне і давер народа на выкананне дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі прадстаўнічых і заканадаўчых функцый.

Легітымацыя ў прымаемых законах волі народа абумоўлівае неабходнасць гарманічнага спалучэння сацыяльнай справядлівасці і індывідуальнай свабоды, недапушчэння разрыву паміж правам і сацыяльнай рэальнасцю, аб'ектыўнага ўліку нацыянальных сацыякультурных традыцый і выклікаў сучаснасці.

У сучасных сацыяльна-палітычных працэсах забеспячэнне балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы з'яўляецца асноватворным у кансалідацыі грамадства і яго бяспечным устойлівым развіцці.

Справядлівы баланс інтарэсаў на аснове канстытуцыйных каштоўнасцей дасягаецца належным прыняццем дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі мер для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы, з другога боку, няўхільным выкананнем грамадзянамі канстытуцыйных абавязкаў, праяўленнем імі канструктыўнай грамадзянскай актыўнасці на карысць грамадства пры рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод.

На сучасным этапе неад'емным фактарам развіцця Рэспублікі Беларусь дэмакратычнай прававой дзяржавай з'яўляецца канстытуцыйнае правасуддзе.

Сваёй дзейнасцю Канстытуцыйны Суд сцвярджае вяршэнства Канстытуцыі і яе прамое дзеянне, раскрывае і развівае рэгулятыўны патэнцыял канстытуцыйных прынцыпаў і норм для прававой сістэмы краіны.

Рашэнні Канстытуцыйнага Суда накіраваны на канстытуцыяналізацыю грамадскіх адносін, абарону канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, зацвярджэнне канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні.

І

Рэалізуючы на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкулаў 98—106 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» паўнамоцтва па ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і адобраных Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, да падпісання іх Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд у 2019 годзе праверыў канстытуцыйнасць 41 закона.

1. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда сфармуляваны прававыя пазіцыі, якія канстатуюць рэалізацыю і развіццё ў законах канстытуцыйных прынцыпаў і норм, стварэнне неабходных прававых механізмаў для гарантавання непахіснасці асноў канстытуцыйнага ладу, забеспячэння справядлівага балансу інтарэсаў грамадзяніна, грамадства і дзяржавы.

1.1. У рашэнні па змяненнях законаў, якія рэгулююць пытанні эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы, адзначана, што пры прадастаўленні адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве для прадаўжэння адукацыі заканадавец зыходзіў з неабходнасці дасягнення разумнага і справядлівага балансу паміж мэтамі, з аднаго боку, падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для патрэбнасцей грамадства і дзяржавы, а з другога — забеспячэння нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці краіны, укамплектавання Узброеных Сіл, іншых войск і воінскіх фарміраванняў асабовым складам, неабходным для эфектыўнага вырашэння задач па абароне Айчыны.

Устанаўліваемая законам сістэма адтэрміновак ад прызыву на ваенную службу ў залежнасці ад атрымання адукацыі рознага віду і ўзроўню з'яўляецца заканадаўча замацоўваемай гарантыяй як канстытуцыйнага права на адукацыю (артыкул 49 Канстытуцыі), так і парадку рэалізацыі канстытуцыйнага абавязку па абароне Рэспублікі Беларусь пэўнымі катэгорыямі грамадзян (артыкул 57 Канстытуцыі) (рашэнне ад 10 ліпеня 2019 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов по вопросам эффективного функционирования военной организации государства»).

1.2. У рашэнні па праверцы канстытуцыйнасці змяненняў законаў, якія рэгулююць працоўныя адносіны, адзначана, што дапаўненне Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь нормамі, рэгулюючымі працу работнікаў, якія выконваюць дыстанцыйную работу, заснавана на палажэннях частак першай і другой артыкула 41, часткі першай артыкула 59 Канстытуцыі, выклікана аб'ектыўнай патрэбнасцю рынку працы, рэалізацыяй палітыкі занятасці насельніцтва ва ўмовах развіцця інфармацыйнага грамадства, у якім інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям адводзіцца роля неабходнага інструмента сацыяльна-эканамічнага прагрэсу.

Пры гэтым звернута ўвага заканадаўца, што ва ўмовах пераўтварэнняў і развіцця лічбавай эканомікі, лічбавай трансфармацыі штодзённага жыцця, дзелавога асяроддзя на заканадаўчым узроўні патрабуецца належнае прававое рэгуляванне адносін у сферы лічбавізацыі эканомікі, забеспячэння адзінай інфармацыйнай прасторы (рашэнне ад 9 ліпеня 2019 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов»).

1.3. У рашэнні па праверцы канстытуцыйнасці змяненняў Закона Рэспублікі Беларусь «Об аудиторской деятельности» ўказана, што заканадаўчае замацаванне асноўных палажэнняў аб стварэнні Аўдытарскай палаты як адзінага органа самакіравання аўдытарскіх арганізацый, аўдытараў — індывідуальных прадпрымальнікаў і надзяленні яе некаторымі кіраўніцкімі паўнамоцтвамі развівае прававыя механізмы самакіравання на аснове самарэгулявання ў сферы аўдытарскай дзейнасці, што адпавядае норме Канстытуцыі аб ажыццяўленні дзяржавай рэгулявання эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (частка пятая артыкула 13). Пры гэтым спалучэнне дзяржаўнага рэгулявання і самарэгулявання аўдытарскай дзейнасці мае на мэце ўзмацненне ролі аўдыту ў прыцягненні замежных інвестараў, павышэнне яго эфектыўнасці ва ўмовах аптымізацыі дзяржаўнага апарату і мінімізацыі дзяржаўнага рэгулявання, а таксама забеспячэнне належнага балансу асабістых, грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў. Тым самым аўдытарскія паслугі выступаюць неад'емным элементам сучаснага рэгулявання эканомікі і развіцця прадпрымальніцтва (рашэнне ад 9 ліпеня 2019 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «Об аудиторской деятельности»).

2. Пры праверцы канстытуцыйнасці законаў, што ўстанаўліваюць палажэнні, якія абмяжоўваюць або іншым спосабам закранаюць правы і свабоды асобы, Канстытуцыйны Суд указваў, што такія абмежаванні павінны быць суразмернымі і неабходнымі для абароны канстытуцыйна значных інтарэсаў, не скажаць сутнасць канстытуцыйных правоў і свабод і не прыводзіць да страты іх рэальнага зместу.

2.1. У рашэнні па змяненнях Закона Рэспублікі Беларусь «Об авторском праве и смежных правах» указана, што ўстанаўліваемыя Законам дапушчальныя выпадкі свабоднага выкарыстання аб'ектаў аўтарскага права і сумежных правоў без выплаты ўзнагароджання за такое выкарыстанне ў пэўнай меры абмяжоўваюць правы аўтараў або іншых праваўладальнікаў.

Аднак, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, такое прававое рэгуляванне для дасягнення аптымальнага балансу інтарэсаў праваўладальнікаў і грамадства адпавядае агульным межам ажыццяўлення грамадзянскіх правоў, якія маюць на ўвазе неабходнасць дзейнічаць добрасумленна і разумна, ажыццяўляць правы ў адпаведнасці з іх прызначэннем, не дапускаць злоўжывання правам і парушэння правоў іншых асоб, адпавядае патрабаванням справядлівасці, сацыяльнай апраўданасці і неабходна ў інтарэсах абароны правоў і свабод іншых асоб для забеспячэння даступнасці адукацыі, развіцця культуры, навуковых даследаванняў, абароны іншых канстытуцыйна значных інтарэсаў, не скажае сутнасці выключнага права аўтараў і іншых праваўладальнікаў, адпавядае частцы першай артыкула 23 Канстытуцыі і не парушае прынцып прапарцыянальнасці (рашэнне ад 5 ліпеня 2019 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «Об авторском праве и смежных правах»).

2.2. У рашэнні па змяненні Крымінальнага кодэкса адзначана, што замацоўваемая ў Кодэксе прававая забарона на прымяненне ўмоўна-датэрміновага вызвалення ад пакарання, а таксама замены неадбытай часткі пакарання больш мяккім пакараннем да асоб, асуджаных за ўчыненне карупцыйных злачынстваў, носіць сацыяльна абумоўлены і юрыдычна дапушчальны характар, паколькі ўлічвае не толькі негатыўны ўплыў карупцыі на рэалізацыю правоў, свабод і законных інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб, але і асаблівы цяжар наступстваў для грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў.

Меры абмежавальнага характару ў сферы процідзеяння карупцыі, якія прымаюцца заканадаўцам, з'яўляюцца суразмернымі канстытуцыйна абараняемым каштоўнасцям і мэтам, накіраваны на забеспячэнне законнасці і правапарадку (частка трэцяя артыкула 1 Канстытуцыі), абарону канстытуцыйнага ладу ад злачынных замахаў, якія вынікаюць з праяўленняў карупцыі.

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу заканадаўца, што пры далейшым удасканальванні норм Крымінальнага кодэкса неабходна ўстанаўленне пераліку карупцыйных злачынстваў не толькі для прымянення артыкулаў 90 і 91 Крымінальнага кодэкса, якія рэгулююць умоўна-датэрміновае вызваленне ад пакарання і замену неадбытай часткі пакарання больш мяккім, а ў цэлым для мэт крымінальна-прававай палітыкі ў барацьбе з карупцыяй (рашэнне ад 31 кастрычніка 2019 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении Уголовного кодекса
Республики Беларусь»).

Забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі ў заканатворчай дзейнасці азначае, што пры ўстанаўленні ў законах абмежаванняў правоў і свабод асобы межы дыскрэцыйных паўнамоцтваў заканадаўца вызначаюцца канстытуцыйнымі прынцыпамі і нормамі; пры гэтым павінны забяспечвацца баланс і суразмернасць ахоўваемых Канстытуцыяй каштоўнасцей і інтарэсаў.

3. Канстытуцыйны Суд у шэрагу рашэнняў указваў на неабходнасць забеспячэння гарманізацыі і ўзаемадзеяння нацыянальнага, міжнароднага і наднацыянальнага права ў заканадаўчым рэгуляванні грамадскіх адносін у розных сферах, а таксама пры правапрымяненні.

3.1. У рашэнні аб змяненні заканадаўства аб пажарнай бяспецы ўказана, што згодна са змяненнямі, якія ўносяцца ў Закон Рэспублікі Беларусь «О пожарной безопасности», адносіны ў галіне забеспячэння пажарнай бяспекі рэгулююцца нароўні з актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, таксама міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, тэхнічнымі рэгламентамі Мытнага саюза, а таксама тэхнічнымі рэгламентамі ЕАЭС і іншымі міжнародна-прававымі актамі, што змяшчаюць абавязацельствы Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым прымяненне і выкананне тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС у дзяржавах-членах без выключэнняў з'яўляецца адным з прынцыпаў тэхнічнага рэгулявання, замацаваных у Дагаворы аб Еўразійскім эканамічным саюзе.

Канстытуцыйным Судом зроблены вывад, што заканадаўчае рэгуляванне ўлічвае нормы міжнародна-прававых актаў у галіне забеспячэння пажарнай бяспекі, удзельніцай якіх з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь у рамках ЕАЭС і адпавядае палажэнням Канстытуцыі (рашэнне ад 1 лістапада 2019 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О пожарной безопасности»).

3.2. У рашэнні па праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О радиационной безопасности» звернута ўвага на палажэнні, згодна з якімі нормы і правілы па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі распрацоўваюцца з улікам найлепшых даступных тэхнічных метадаў, міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза, тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС і іншых міжнародна-прававых актаў, якія змяшчаюць абавязацельствы Рэспублікі Беларусь, што сведчыць аб ажыццяўленні прававога рэгулявання ў галіне забеспячэння радыяцыйнай бяспекі на аснове як унутрыдзяржаўнага заканадаўства, так і міжнародных дагавораў, а таксама актаў органаў міждзяржаўных утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь (рашэнне ад 10 чэрвеня 2019 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «О радиационной безопасности»).

Такім чынам, пры рэгуляванні грамадскіх адносін, нароўні з нарматыўнымі прававымі актамі ўнутрыдзяржаўнага заканадаўства, неабходна ўлічваць палажэнні міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь і актаў наднацыянальнага права з мэтай стварэння неабходных прававых механізмаў для эфектыўнага рэгулявання эканамічнай і іншай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства.

4. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда ўказвалася на абавязковасць прытрымлівання ў заканатворчым працэсе канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права і вынікаючага з яго прынцыпу прававой вызначанасці, які азначае забеспячэнне сістэмнай узаемасувязі нарматыўных прававых актаў, іх узгодненасці, яснасці, дакладнасці і несупярэчлівасці прававых норм, у сувязі з чым звярталася ўвага заканадаўца на неабходнасць устаранення выяўленых у нормах законаў прабелаў і прававой нявызначанасці, што маюць канстытуцыйна-прававое значэнне.

4.1. У рашэнні па змяненнях заканадаўства аб аўдытарскай дзейнасці адзначана, што надзяленне Міністэрства фінансаў правам устанаўліваць пералік уключаемых у аўдытарскі рэестр звестак аб аўдытару, аўдытару — індывідуальным прадпрымальніку, аўдытарскай арганізацыі, якія не з'яўляюцца адкрытымі і агульнадаступнымі, не адпавядае палажэнням Закона Рэспублікі Беларусь «Об информации, информатизации и защите информации» ў частцы ўстанаўлення такога пераліку на ўзроўні падзаконнага акта, што можа пацягнуць парушэнне канстытуцыйных гарантый правоў і свабод грамадзян (частка трэцяя артыкула 21 Канстытуцыі).

Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу заканадаўца на неабходнасць пры ўдасканальванні прававога рэгулявання аўдытарскай дзейнасці з мэтай рэалізацыі прынцыпу прававой вызначанасці ўстараніць няўзгодненасць нарматыўных прававых актаў, устанавіўшы ў Законе Рэспублікі Беларусь «Об аудиторской деятельности» пералік уключамых у аўдытарскі рэестр звестак аб аўдытару, аўдытару — індывідуальным прадпрымальніку, аўдытарскай арганізацыі, якія не з'яўляюцца адкрытымі і агульнадаступнымі, а таксама вызначыўшы прававы рэжым такіх звестак (рашэнне ад 9 ліпеня 2019 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «Об аудиторской деятельности»).

4.2. У рашэнні па праверцы канстытуцыйнасці змяненняў, якія ўносяцца ў Гаспадарчы працэсуальны і Грамадзянскі працэсуальны кодэксы, указана на неабходнасць комплекснага прававога рэгулявання адносін, звязаных з часовым абмежаваннем грамадзяніна або індывідуальнага прадпрымальніка, якія з'яўляюцца даўжнікамі, у наведванні ігральных устаноў, віртуальных ігральных устаноў і ўдзеле ў азартных гульнях, у сувязі з чым заканадаўцу прапанавана пры далейшым удасканальванні прававога рэгулявання адносін у дадзенай сферы ўстараніць няўзгодненасць нарматыўных прававых актаў праз замацаванне ў Законе Рэспублікі Беларусь «Об исполнительном производстве» ў якасці меры па забеспячэнні выканання выканаўчага дакумента часовага абмежавання грамадзяніна або індывідуальнага прадпрымальніка, якія з'яўляюцца даўжнікамі, у наведванні віртуальных ігральных устаноў і ўдзеле ў азартных гульнях (рашэнне ад 8 ліпеня 2019 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении кодексов»).

Такім чынам, пры праверцы канстытуцыйнасці законаў Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу заканадаўца на неабходнасць далейшага развіцця фундаментальных канстытуцыйных палажэнняў, забеспячэння канстытуцыйнага ўзроўню абароны правоў і свабод грамадзян ва ўмовах узаемадзеяння нацыянальнага, міжнароднага і наднацыянальнага права, рэалізацыі ў заканатворчым працэсе канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права як абавязковай умовы эфектыўнага прававога рэгулявання грамадскіх адносін.

ІІ

Рэалізуючы на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў паўнамоцтва прымаць рашэнні аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з неабходнасці своечасовага ўстаранення з прававога рэгулявання заканадаўчых прабелаў, прававой нявызначанасці, што, як правіла, парушаюць сістэмнасць і ўзгодненасць прававых норм, ускладняюць правапрымяненне.

Наяўнасць у заканадаўчых актах прабелаў і прававой нявызначанасці не дазваляе забяспечваць у поўнай меры канстытуцыйны прынцып вяршэнства права, стварае магчымасць такога разумення і прымянення прававых норм, якое можа прыводзіць да парушэння канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

1. У рашэнні «О правовом регулировании производства по уголовным делам по вновь открывшимся обстоятельствам» (прынята 23 красавіка 2019 г.) Канстытуцыйны Суд указаў, што адсутнасць у крымінальна-працэсуальным законе норм, якія прадугледжваюць магчымасць абскарджання ў судовым парадку пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім па крымінальнай справе вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях грамадзянамі, правы і законныя інтарэсы якіх закранаюцца такой пастановай, не дазваляе забяспечваць канстытуцыйна гарантаваную кожнаму судовую абарону, што сведчыць аб наяўнасці ў прававым рэгуляванні прабелу, які мае канстытуцыйна-прававое значэнне.

Грунтуючыся на палажэннях Канстытуцыі, у мэтах забеспячэння і абароны канстытуцыйных правоў грамадзян у крымінальным працэсе, рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць прабел канстытуцыйна-прававога рэгулявання ў частцы ўстанаўлення права зацікаўленых асоб на абскарджанне ў суд пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях шляхам унясення адпаведных змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс.

2. У рашэнні «О правовом регулировании письменных разъяснений применения нормативных правовых актов» (прынята 3 кастрычніка 2019 г.) Канстытуцыйны Суд указаў, што Закон Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах», прадастаўляючы ўпаўнаважаным дзяржаўным органам (арганізацыям) права пры неабходнасці падрыхтоўваць пісьмовыя растлумачэнні прымянення нарматыўных прававых актаў, не прадугледжвае палажэнняў аб юрыдычнай сіле і характары такіх пісьмовых растлумачэнняў, што сведчыць аб наяўнасці ва ўказаным Законе прававой нявызначанасці. Такі дэфект прававога рэгулявання параджае магчымасць неадназначнага разумення норм права і іх неаднастайнага прымянення і тым самым можа пацягнуць парушэнне канстытуцыйных гарантый рэалізацыі і абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб.

У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным выключыць прававую нявызначанасць у прававым рэгуляванні пісьмовых растлумачэнняў прымянення нарматыўных прававых актаў, якія прымаюцца ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), шляхам унясення адпаведных змяненняў у Закон «О нормативных правовых актах».

Канстытуцыйны Суд у прынятых рашэннях, нароўні з прызнаннем неабходнасці ўстаранення ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэння ў іх прававой нявызначанасці, выяўленых правапрымяняльнай практыкай, арыентаваў заканадаўца і іншыя нарматворчыя органы на недапушчэнне зніжэння ўзроўню гарантаванасці канстытуцыйных правоў і свабод чалавека, правоў і законных інтарэсаў юрыдычных асоб пры ўстанаўленні прававога рэгулявання ў розных сферах жыццядзейнасці.

ІІІ

Канстытуцыйны Суд згодна з артыкулам 116 Канстытуцыі па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Вярхоўнага Суда, Савета Міністраў у парадку ажыццяўлення наступнага канстытуцыйнага кантролю дае заключэнні аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў усіх узроўняў.

У 2019 годзе ўпаўнаважаныя органы з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйны Суд не звярталіся, што сведчыць аб дасягненні на канстытуцыйнай аснове канструктыўнага ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў, якія ўдзельнічаюць у заканатворчым працэсе, недапушчэнні імі яўных і відавочных парушэнняў канстытуцыйных прынцыпаў і норм.

Права грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і арганізацый на зварот да ўпаўнаважаных органаў з ініцыятывай аб унясенні ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, прымененага ў канкрэтным рашэнні дзяржаўнага органа або пастанове суда агульнай юрысдыкцыі, прадугледжанае палажэннямі часткі чацвёртай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, з'яўляецца канстытуцыйным правам на доступ да правасуддзя ў апасродкаванай форме з мэтай абароны канстытуцыйных правоў і свабод.

У 2019 годзе да ўпаўнаважаных органаў паступілі 91 ініцыятыўны зварот грамадзян і 5 ініцыятыўных зваротаў арганізацый. Пры гэтым большасць зваротаў звязана з праверкай канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, прымененых у рашэннях дзяржаўных органаў або пастановах судоў агульнай юрысдыкцыі, у выніку чаго, па меркаванні заяўнікаў, былі парушаны іх правы, свабоды і законныя інтарэсы.

Ініцыятыўныя звароты разгледжаны ўпаўнаважанымі органамі ў парадку, устаноўленым артыкулам 28 Закона «О конституционном судопроизводстве». У Канстытуцыйны Суд паступіла інфармацыя аб выніках разгляду ў мінулым годзе ініцыятыўных зваротаў, у тым ліку Прэзідыумам Савета Міністраў, пастаяннымі камісіямі Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Прэзідыумам Вярхоўнага Суда. Падстаў для ўнясення адпаведных прапаноў у Канстытуцыйны Суд упаўнаважаныя органы не ўбачылі.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што пры рэалізацыі прыведзенай формы ўскоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя праверка ініцыятыўных зваротаў, якія паступілі да ўпаўнаважаных органаў, павінна ўключаць не толькі папярэдні аналіз адпаведнасці нарматыўнага прававога акта Канстытуцыі, але і ўстанаўленне наяўнасці абгрунтаваных сумненняў у яго канстытуцыйнасці. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што адзіны дзяржаўны орган — Канстытуцыйны Суд — правамоцны вырашаць, ці адпавядаюць Канстытуцыі нарматыўны прававы акт або яго асобныя нормы.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў мэтах забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі, абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян упаўнаважаным органам пры дазволе ініцыятыўных зваротаў неабходна мець на ўвазе выключную кампетэнцыю Канстытуцыйнага Суда па кантролі канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у дзяржаве.

ІV

Своечасовае і поўнае выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда з'яўляецца адным з важнейшых паказчыкаў стану канстытуцыйнай законнасці ў дзяржаве, дапамагае падтрыманню высокага ўзроўню даверу грамадзян да правасуддзя і дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, сведчыць аб рэалізацыі канстытуцыйных гарантый абароны правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый.

Канстытуцыйны Суд адзначае ў цэлым прыняцце дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі неабходных мер па выкананні рашэнняў Канстытуцыйнага Суда і рэалізацыі выкладзеных у іх прававых пазіцый у практыцы нарматворчасці.

У 2019 годзе выкананы 5 рашэнняў Канстытуцыйнага Суда і рэалізаваны 3 прававыя пазіцыі ў заканатворчым працэсе.

1. У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць дэфекты, якія маюць канстытуцыйна-прававое значэнне, у сферы заканадаўчага рэгулявання працоўных праваадносін.

1.1. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда «О правовом регулировании размера оплаты времени вынужденного прогула работнику, восстановленному на прежней работе» (прынята 10 ліпеня 2014 г.) адзначана, што адсутнасць у заканадаўстве аб працы норм, якія рэгулююць вызначэнне памеру аплаты часу вымушанага прагулу работніку, адноўленаму на ранейшай рабоце, у частцы заліку выплат, атрыманых ім пры звальненні, пацягнула прававую нявызначанасць, якую прапанавана выключыць шляхам унясення змяненняў у Працоўны кодэкс.

Рашэнне выканана Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2019 г. «Об изменении законов», якім артыкул 244 Працоўнага кодэкса выкладзены ў новай рэдакцыі, што вызначае віды выплат (сум), атрыманых работнікам пры звальненні і падлягаючых заліку пры спагнанні на карысць работніка сярэдняга заробку ў выпадку аднаўлення работніка на ранейшай рабоце.

1.2. У рашэнні «О понятии «одинокая мать» в трудовых правоотношениях» (прынята 18 верасня 2014 г.) Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным выключэнне ў Працоўным кодэксе прававой нявызначанасці, выкліканай адсутнасцю яснага і дакладнага вызначэння кола асоб, на якіх распаўсюджваюцца прадугледжваемыя ў ім гарантыі пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора для адзінокіх маці.

Рашэнне выканана Законам ад 18 ліпеня 2019 г. аб змяненнях заканадаўства, што рэгулюе працоўныя адносіны, якім у Працоўным кодэксе замацавана азначэнне тэрміна «одинокий родитель», а таксама ўстаноўлена, што гарантыі пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора для цяжарных жанчын, жанчын, якія маюць дзяцей, і іншыя гарантыі, звязаныя з выхаваннем дзяцей, распаўсюджваюцца таксама на адзінокіх бацькоў.

2. Выкананы рашэнні аб устараненні ў Кодэксе аб адукацыі, Грамадзянскім працэсуальным і Гаспадарчым працэсуальным кодэксах прабелаў, якія маюць канстытуцыйна-прававое значэнне, прынятыя Канстытуцыйным Судом у мэтах забеспячэння і абароны канстытуцыйных правоў грамадзян, правоў і законных інтарэсаў юрыдычных асоб.

2.1. У рашэнні «О возмещении средств, затраченных государством на подготовку выпускников учреждений высшего и иного образования, при их добровольном поступлении на военную службу» (прынята 14 лістапада 2012 г.) Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным у мэтах забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права, роўнасці і сацыяльнай справядлівасці пры рэалізацыі грамадзянамі канстытуцыйнага абавязку і свяшчэннага абавязку па абароне Рэспублікі Беларусь устараніць канстытуцыйна-прававы прабел у заканадаўчым рэгуляванні, замацаваўшы права выпускнікоў устаноў вышэйшай і іншай адукацыі на вызваленне ад кампенсавання сродкаў, затрачаных дзяржавай на іх падрыхтоўку, пры добраахвотным паступленні на ваенную службу па кантракце.

Рашэнне выканана Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2019 г. «Об изменении законов по вопросам эффективного функционирования военной организации государства», якім пункт 4 артыкула 88 Кодэкса аб адукацыі дапоўнены нормай, якая ўстанаўлівае, што выпускнікі, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання, накіраваныя на работу ў адпаведнасці з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага), якія добраахвотна паступілі на ваенную службу па кантракце ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, іншыя войскі і воінскія фарміраванні Рэспублікі Беларусь і праслужылі не менш тэрміну абавязковай работы, вызваляюцца ад кампенсавання ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, затрачаных дзяржавай на іх падрыхтоўку.

2.2. У рашэнні «О праве на судебную защиту заинтересованных лиц в приказном производстве» (прынята 10 красавіка 2018 г.) Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на ўзаемазвязаных палажэннях артыкулаў 60 і 115 Канстытуцыі, прызнаў неабходным устараніць прабел канстытуцыйна-прававога рэгулявання ў частцы забеспячэння права на судовую абарону зацікаўленых асоб у прыказным вядзенні, правы і законныя інтарэсы якіх закранаюцца вызначэннем аб судовым загадзе, шляхам унясення адпаведных змяненняў у Грамадзянскі працэсуальны і Гаспадарчы працэсуальны кодэксы.

Рашэнне выканана Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2019 г. «Об изменении кодексов», якім артыкул 398 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса дапоўнены нормай, якая прадугледжвае, што іншая асоба, правы і (або) законныя інтарэсы якой закранаюцца вызначэннем аб судовым загадзе, ва ўстаноўлены дадзеным Кодэксам тэрмін мае права падаць у суд матываваную заяву аб адмене вызначэння аб судовым загадзе з выкарыстаннем любых сродкаў сувязі.

Аналагічныя змяненні ўнесены ў артыкул 226 Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса.

3. Заканадаўцам рэалізаваны прававыя пазіцыі, выкладзеныя Канстытуцыйным Судом у рашэннях па выніках ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў.

3.1. У рашэнні па праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О защите прав потребителей жилищно-коммунальных услуг» (прынята 10 ліпеня 2008 г.) Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на неапраўданае ўскладанне правядзення дзяржаўнай палітыкі ў галіне абароны правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг, выканання іншых функцый у гэтай сферы толькі на Міністэрства гандлю (у цяперашні час — Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю), паколькі ўказаная дзейнасць ажыццяўляецца і Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Дадзеная прававая пазіцыя рэалізавана Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 снежня 2019 г. «Об изменении Закона Республики Беларусь «О защите прав потребителей жилищно-коммунальных услуг», палажэннямі якога прадугледжана, што Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю рэалізуюць дзяржаўную палітыку ў галіне абароны правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг у межах сваёй кампетэнцыі; на Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўскладзена каардынацыя дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у галіне абароны правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг.

3.2. У рашэнні па змяненнях заканадаўства, якое рэгулюе пытанні выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь (прынята 17 лістапада 2011 г.), было ўказана на наяўнасць у палажэннях закона прававой нявызначанасці, абумоўленай выкарыстаннем тэрміна «гражданский иск». У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначыў, што тэрмін «гражданский иск» пры ажыццяўленні правапрымяняльнай дзейнасці ў сферы рэалізацыі фізічнымі асобамі права на выезд з Рэспублікі Беларусь і ўезд у Рэспубліку Беларусь неабходна разумець як іск, які падаецца ў парадку грамадзянскага, гаспадарчага і крымінальнага судаводства, што дазволіць забяспечыць правы ўдзельнікаў не толькі крымінальнага, але таксама грамадзянскага і гаспадарчага працэсаў.

Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда рэалізавана Законам Рэспублікі Беларусь ад 16 снежня 2019 г. «Об изменении Закона Республики Беларусь «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь», якім вызначана, што права іншаземца на выезд з Рэспублікі Беларусь можа быць часова абмежавана, калі яму прад'яўлены іск у парадку грамадзянскага, крымінальнага судаводства або судаводства па эканамічных справах.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што для забеспячэння канстытуцыйнай законнасці ў заканатворчасці і правапрымяненні, недапушчэння парушэння канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна па прычыне працяглага захавання ў нарматыўных прававых актах выяўленых прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці неабходна своечасовае і поўнае выкананне заканадаўцам і іншымі нарматворчымі органамі рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, у якіх указана на выяўленыя дэфекты прававога рэгулявання.

V

На падставе сістэмнага аналізу прававога рэгулявання, разгледжаных спраў і матэрыялаў, зваротаў грамадзян і арганізацый Канстытуцыйны Суд прыходзіць да наступных вывадаў і прапаноў.

1. Ажыццяўляючы функцыю кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, Канстытуцыйны Суд у 2019 годзе праверыў 41 закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу, да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Па выніках ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю правераныя законы ў цэлым прызнаны адпаведнымі Канстытуцыі.

Канстытуцыйны Суд пацвердзіў выкананне і развіццё ў прынятых законах прынцыпаў і норм Канстытуцыі, сфармуляваў прававыя пазіцыі, накіраваныя на далейшае забеспячэнне ў дзейнасці дзяржаўных органаў, арганізацый, службовых асоб і грамадзян рэжыму канстытуцыйнай законнасці.

У некаторых законах выяўлены дэфекты прававога рэгулявання, абумоўленыя наяўнасцю прабелаў і прававой нявызначанасці, у сувязі з чым заканадаўцу рэкамендавана ўстараніць іх пры далейшым удасканальванні заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін.

У асобных рашэннях у мэтах недапушчэння парушэння правоў і свабод грамадзян у правапрымяняльнай практыцы Канстытуцыйны Суд арыентаваў на прымяненне законаў з улікам выяўленага канстытуцыйна-прававога зместу прававых норм.

2. Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, рэалізуючы канстытуцыйныя паўнамоцтвы па прыняцці законаў, якія рэгулююць важнейшыя грамадскія адносіны, стварае прававую аснову для развіцця ўсіх сфер жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы.

Прыняцце законаў, што рэалізуюць і развіваюць палажэнні Канстытуцыі, якія асноўваюцца на вяршэнстве права і дэмакратычных каштоўнасцях, — гэта ажыццяўленне дзяржавай мэтанакіраванага ўздзеяння на грамадскія адносіны з дапамогай сістэмы юрыдычных сродкаў.

3. Ва ўмовах дынамічных эканамічных працэсаў, міжнароднай інтэграцыі на сучасным этапе патрабуецца прыняцце законаў, якія забяспечваюць не толькі своечасовае рашэнне надзённых сацыяльна-эканамічных задач, але і перспектыўнае стратэгічнае развіццё. Парламент пры ажыццяўленні заканадаўчай дзейнасці вольны зрабіць выбар, які лічыцца мэтазгодным для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Пры гэтым заканадавец можа ўстанавіць пэўныя абмежаванні правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, зыходзячы з канстытуцыйных патрабаванняў, — абмежаванні ўстанаўліваюцца толькі законам у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб, — не дапускаючы пры прававым рэгуляванні грамадскіх адносін адвольнага меркавання, скажэння і прымяншэння сутнасці правоў і свабод чалавека.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што аб'ём дыскрэцыі (меркавання), які мае Парламент пры выпрацоўцы заканатворчых рашэнняў, абмежаваны прынцыпамі і нормамі Канстытуцыі, і яго дзейнасць павінна быць накіравана на абарону і развіццё канстытуцыйных каштоўнасцей, дасягненне канстытуцыйных мэт.

4. Развіццё інфармацыйнага грамадства і інфармацыйнай дзяржавы стварае новыя ўмовы, а таксама новыя магчымасці для забеспячэння і абароны грамадзянскіх, сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян, эфектыўнай рэалізацыі дзяржавай сваіх функцый.

Справядлівы баланс сацыяльных інтарэсаў у сучасных умовах глабалізацыі і лічбавізацыі дасягаецца ў дэмакратычнай прававой дзяржаве шляхам падтрымання ўсімі даступнымі юрыдычнымі і арганізацыйнымі сродкамі гарманічнага ўзаемадзеяння асобы, грамадства і дзяржавы, забеспячэння раўнапраўнага партнёрства на прынцыпах канстытуцыйнай дэмакратыі.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што ў мэтах дасягнення справядлівага балансу сацыяльных інтарэсаў заканадаўчае рэгуляванне, асабліва пры рэгуляванні новых грамадскіх адносін, якія складваюцца ў інфармацыйным грамадстве, павінна зыходзіць з суразмернасці правоў і абавязкаў, забяспечваць роўныя магчымасці для рэалізацыі прыватных, дзяржаўных і агульнанацыянальных інтарэсаў.

5. У сучасных умовах сутнасць паняцця сацыяльнай дзяржавы трансфармуецца: сацыяльная дзяржава выступае не толькі як асноўны фактар дабрабыту грамадства, забеспячэння сацыяльнай справядлівасці і сацыяльнай салідарнасці, але і як дзяржава, якая забяспечвае сацыяльнае партнёрства, сацыяльную адказнасць усіх суб'ектаў гаспадарання незалежна ад форм уласнасці.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што для павышэння ўстойлівасці сацыяльных адносін неабходна спалучаць дзяржаўнае рэгуляванне і развіццё інстытутаў карпаратыўнага рэгулявання і самакіравання, а ў рэалізацыі сацыяльнай палітыкі нароўні з дзяржаўнымі органамі павінны прымаць актыўны ўдзел вытворчыя і грамадска-прафесійныя арганізацыі.

У гэтых мэтах патрабуюцца развіццё прававога рэгулявання ў сферы сацыяльнага прадпрымальніцтва, распрацоўка адпаведных стымулючых рэгулятарных механізмаў.

6. Для ўстойлівага і эфектыўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця неабходны аптымальнае спалучэнне эканамічнай мэтазгоднасці з дасягнутым узроўнем канстытуцыйнага развіцця, улік узаемнага ўплыву прававых і эканамічных фактараў пры прыняцці дзяржаўных рашэнняў у сферы эканомікі.

Пры гэтым неабходна мець на ўвазе, што інфармацыйнае вымярэнне сучасных праваадносін змяняе ролю права ўласнасці, інтэлектуальных і іншых правоў, парадак і спосабы іх абароны. Адбываецца канцэптуальная мадэрнізацыя інстытута ўласнасці не толькі як эканамічнай катэгорыі, але і сацыякультурнага фактару развіцця грамадства з улікам інтарэсаў будучых пакаленняў.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца, што прававое рэгуляванне інстытута ўласнасці павінна аператыўна ўлічваць інтэнсіўнае развіццё сучасных эканамічных адносін, стваральныя і стымулюючыя магчымасці права ўласнасці, яго сацыякультурныя аспекты, быць адаптавана да лічбавых тэхналогій і інавацый.

У гэтых мэтах неабходны ўдасканальванне, сістэматызацыя і кадыфікацыя заканадаўства ў галіне права інтэлектуальнай уласнасці, стварэнне належных прававых механізмаў для забеспячэння актыўнага ўдзелу грамадзян у прыватызацыйных працэсах аб'ектаў уласнасці і інвеставанні эканомікі.

7. Працэсы глабалізацыі і інтэграцыі вызначаюць актыўнае развіццё міжнароднага права як прававой гарантыі міжнароднай бяспекі і эфектыўнага супрацоўніцтва, важнейшага рэгулятара сучасных эканамічных адносін.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ва ўмовах паглыблення ўзаемадзеяння міжнароднага і нацыянальнага права, развіцця наднацыянальнага права неабходна своечасовая і сістэмная прававая рэгламентацыя адносін паміж дзяржавамі — удзельніцамі міждзяржаўных утварэнняў для забеспячэння стабільнага і ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва.

Пры гэтым у мэтах аховы асноў канстытуцыйнага ладу неабходна, каб у наднацыянальным заканадаўстве ўзровень абароны правоў і свабод грамадзян быў не ніжэй, чым прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

8. У сучасным узаемадзеянні дзяржавы, асобы і грамадства ўзрастае значнасць развіцця канструктыўнай актыўнасці грамадзян для пераўтварэння грамадства і ўмацавання дэмакратычных асноў дзяржавы.

Неабходна ўсямерна падтрымліваць і фарміраваць усвядомленую, ініцыятыўную, творчую, самаарганізаваную дзейнасць грамадзян у розных формах і сферах жыццядзейнасці, накіраваную на карысць грамадства.

У гэтых мэтах заканадаўцу належыць забяспечыць далейшае ўдасканальванне прававога рэгулявання, якое стварае ўмовы для канструктыўнага ўдзелу грамадзян на прынцыпах супрацоўніцтва ў працэсах кіравання на мясцовым, рэгіянальным і агульнадзяржаўным узроўнях.

9. Канстытуцыйная мадэль дзяржаўна-грамадскага ладу з'яўляецца аб'ектыўным адлюстраваннем сучаснага развіцця грамадскіх адносін, балансу палітычных сіл у кіраванні справамі дзяржавы.

Зацвярджэнне канстытуцыяналізму як грамадскай правасвядомасці і рэальнай дзяржаўна-прававой палітыкі на канстытуцыйнай аснове забяспечвае ўстойлівасць канстытуцыйнага правапарадку, фарміраванне Рэспублікі Беларусь дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай.

У цяперашні час неабходна прадаўжэнне глыбокага асэнсавання і рэалізацыі канстытуцыйных палажэнняў з улікам пераменлівых грамадскіх адносін, захаванне і развіццё канстытуцыйных прынцыпаў і каштоўнасцей беларускага грамадства і дзяржавы, забеспячэнне далейшага канстытуцыйнага развіцця краіны.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 11 сакавіка 2020 г.

Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь П. П. Міклашэвіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.