Вы тут

Залегчы на дно. Як разгортваецца глабальны каранцін?


Большасць сталіц, буйных гарадоў і цэлых краін закрытыя на каранцін у сувязі з распаўсюджваннем пандэміі каранавіруса, якая ў рознай ступені закранула каля 200 дзяржаў свету. З уступленнем у сілу жорсткіх абмежаванняў у Індыі амаль палова насельніцтва планеты апынулася ў той ці іншай ступені вымушанай ізаляцыі. Прычым больш за 1,5 мільярда чалавек трапілі ў жорсткі каранцін. На думку шэрагу экспертаў, такія меры прывядуць (і ўжо прывялі) да значных фінансавых і сацыяльных страт. Тым не менш свет актыўна «хаваецца» ад COVІD-19. Як гэта адбываецца і ці ёсць іншыя варыянты?


Вірус у ролі тырана

Сімвалічна, што слова «каранцін» пайшло ад італьянскага quaranta gіornі — у перакладзе «сорак дзён». Яно было ўпершыню выкарыстана ў XІV стагоддзі ў Венецыі (!) для адтэрміноўкі ўваходу ў порт караблёў, якія прыбываюць з іншых краін. Менавіта на такі тэрмін усе судны павінны былі стаць на якар на адпаведнай адлегласці ад берага, перад тым як змогуць разгружацца.

Сёлета менавіта Італія распачала самыя жорсткія ў Еўропе меры, пасадзіўшы на каранцін усю краіну з насельніцтвам 60 мільёнаў чалавек. Закрытыя ўсе крамы, акрамя супермаркетаў і аптэк. Грамадскія мерапрыемствы забаронены, людзям рэкамендуюць не выходзіць без патрэбы з хаты. Школы і ўніверсітэты не працуюць. «Усталявалася дыктатура, і ў ролі тырана выступае вірус, які адмяніў поціскі рукі і пацалункі, вячэры з сябрамі, выпіўкі, канцэрты, Ла Скала», — напісаў прафесар мікрабіялогіі і вірусалогіі ўніверсітэта Сан-Рафаэль у Мілане доктар Раберта Бурыяні ў «Твітэры».

Улады еўрапейскіх краін следам за Італіяй таксама ўвялі ў сябе жорсткія меры. У Іспаніі ўрад абвясціў рэжым надзвычайнай сітуацыі. Тут зараз нават больш трывожная эпідэміялагічная сітуацыя, чым у Італіі. Закрыты дзіцячыя пляцоўкі, дзяржустановы, бары і рэстараны. Працуюць толькі прадуктовыя крамы і аптэкі. Іспанцы амаль не выходзяць на вуліцу. Паліцыя правярае ў людзей на вуліцах дазвольныя дакументы на перамяшчэнне. Калі няма важкай прычыны для выхаду на вуліцу — могуць аштрафаваць ці нават арыштаваць.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан абвясціў у краіне каранцін на тры тыдні. Жыхары каралеўства могуць хадзіць у крамы, аднак рабіць гэта неабходна як мага радзей. Таксама адзін раз на дзень дазваляецца пакінуць дом, каб заняцца спортам на свежым паветры. Забаронена збірацца групамі больш двух чалавек, калі гаворка не ідзе аб людзях, якія жывуць разам. У той жа час дазволена пакідаць дамы з любых медыцынскіх прычын, каб аказаць дапамогу. Акрамя гэтага, табу не ўжываецца, калі трэба выходзіць для паездак на работу. За выкананнем урадавых інструкцый сочыць паліцыя.

У Германіі людзям нельга збірацца нават утраіх. Выключэнне зрабілі толькі для сваякоў. Сама канцлер ФРГ Ангела Меркель добраахвотна адправілася на каранцін. Ва ўрача, які рабіў ёй прышчэпку, выявілі каранавірус. Штраф за парушэнне забароны на з'яўленне ў грамадскіх месцах і кантакт з людзьмі можа дасягаць 25 тысяч еўра, піша нямецкае выданне Dіe Welt.

Іран увёў поўны каранцін у эпіцэнтры каранавіруса — правінцыі Кум на поўначы краіны. Улады ўсталявалі медыцынскія блокпосты і просяць людзей адмовіцца ад паездак. Саудаўская Аравія ўвяла каранцін у Эль-Катыфе, дзе зарэгістравана больш за ўсё выпадкаў заражэння каранавірусам. У Японіі школы закрыты да красавіка, падобныя меры прыняты ў іншых краінах Азіі і на Блізкім Усходзе. Па звестках ЮНЕСКА, у выніку закрыцця адукацыйных устаноў у 29 краінах вучобу спынілі больш за 330 мільёнаў школьнікаў і 60 мільёнаў студэнтаў.

Гвалт і тэкіла

У Польшчы ўжо распрацавалі мабільную праграму, у якой людзі абавязаны даваць справаздачу аб тым, як сядзяць на каранціне. А калі яны прапусцілі запыт і не выслалі сэлфі — да іх накіроўваецца паліцыя. Міністэрства аховы здароўя Чэхіі распрацавала новую канцэпцыю «інтэлектуальнага каранціну», які можа ўступіць у сілу ў пачатку красавіка. Аб гэтым днямі заявіў кіраўнік Цэнтральнага крызіснага штаба краіны Раман Прымула, перадае «Чэшскае радыё». У прыватнасці, мяркуецца, што за інфіцыраванымі будзе ўстаноўлены кантроль, улады атрымаюць поўнае права на адсочванне іх перамяшчэнняў па мабільным тэлефоне, а таксама будуць кантраляваць плацяжы па банкаўскай картцы. Кіраўнік Цэнтральнага крызіснага штаба ўпэўнены, што ў гэтым выпадку парушальніка стане лягчэй вылічыць, адпаведна, будуць выпісвацца буйныя штрафы за невыкананне каранціну. На яго думку, гэтая сістэма адзіна магчымая, «калі мы не хочам трымаць усю рэспубліку ў каранціне на працягу вельмі доўгага часу».

А ўтрымаць насамрэч вельмі няпроста. Напрыклад, у Нью-Ёрку адзначаюць нечаканы пабочны эфект ад рэжыму самаізаляцыі — людзі пачалі значна больш піць і пачынаюць гэта рабіць раней, чым звычайна. Гарадскі партал Grub Street паведаміў, што колькасць карыстальнікаў праграм для замовы спіртных напояў на дом павялічылася ў разы. За 72 гадзіны лічба падпісчыкаў Drіzly вырасла на 450 працэнтаў (пры гэтым у Брукліне рост дасягнуў неверагодных 750 %). «Назіраць за гэтым было дзіўна», — прызнаўся парталу Скот Браўн, генеральны дырэктар па маркетынгу Drіzly. Па статыстыцы праграмы, жыхары Нью-Ёрка купляюць у асноўным віно і гарэлку, таксама сярод заказаў фігуруюць французскае шампанскае і тэкіла. На спіртное яны не скупяцца — сярэдні чэк Mіnіbar вырас да $88. На еўрапейскіх і амерыканскіх пляжах — натоўпы адпачывальнікаў, з якімі спрабуюць справіцца ўлады. «Мяне не спыняць, я буду працягваць весяліцца», — заявіў Бі-бі-сі адзін з парушальнікаў каранціну.

Пасля ўвядзення ізаляцыі ў шэрагу краін улады занепакоіліся павелічэннем колькасці выпадкаў хатняга гвалту. «У групе рызыкі цяпер знаходзяцца не толькі сем'і, дзе раней ужо былі зафіксаваны адпаведныя выпадкі, але і тыя, хто часова страціў заробак з-за пандэміі», — заявіла намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Кацярына Паўлічэнка. Па інфармацыі супрацоўнікаў гарачай лініі штата Арэгон (ЗША), за мінулы тыдзень колькасць званкоў па пытаннях хатняга гвалту павялічылася ўдвая. «Злачынцы пагражаюць выкінуць сваіх ахвяр на вуліцу, каб яны захварэлі», — адзначыў кіраўнік падраздзялення партала Tіme.

У кожнага свая вайна

Калі параўноўваць з астатняй Еўропай, Швецыя ідзе сваім шляхам у супрацьстаянні пандэміі, піша рэпарцёр шведскага тэлеканала SVT1 Эрыка Б'ерстрэм. «У Швецыі нам па-ранейшаму дазволена свабодна перамяшчацца, хадзіць у рэстараны, кінатэатры і адкрытыя спартыўныя залы. Але гэта заснавана на тым факце, што шведы падпарадкоўваюцца выразным інструкцыям, якія рэкамендуюць вытрымліваць сацыяльную дыстанцыю ад паўтара да двух метраў, часта мыць рукі і пры найменшых сімптомах прастуды заставацца дома ў самаізаляцыі. Пажылым і людзям, якія ўваходзяць у групу рызыкі, таксама рэкамендуецца ізаляваць сябе», — піша Эрыка Б'ерстрэм.

Журналістка прыводзіць словы эксперта па абароне ад інфекцый, у мінулым галоўнага эпідэміёлага Швецыі Ёхана Гісеке, які заклікаў людзей узяць кубачак кавы, выйсці на вясновае сонца і пасядзець на лаўцы ў парку. Для здароўя небяспечна заставацца ў закрытай прасторы, лічыць Ёхан Гісеке. Пазіцыя Швецыі ў пытанні каранціну выклікае розныя меркаванні. Адны яе крытыкуюць, у прыватнасці за адмову зачыняць на каранцін школы, іншыя называюць узорам для пераймання.

У Паўднёвай Карэі, якая адносіцца да групы краін, найбольш пацярпелых ад COVІD-19, улады вядуць актыўную барацьбу з вірусам, таксама не звяртаючыся да каранціну. Улады правяраюць на заражэнне сотні тысяч пешаходаў на вуліцах і кіроўцаў у машынах і з дапамогай мабільных тэлефонаў і спадарожнікавых тэхналогій адсочваюць патэнцыйных носьбітаў. Як выказаўся прэзідэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэін, гэта сапраўдная вайна з пагрозай эпідэміі. Пры гэтым, як заўважаюць эксперты, Сеул выдатна ўсведамляе неабходнасць балансу паміж агрэсіўным стрымліваннем віруса і тымі перабоямі, якія гэта стрымліванне выклікае ў эканоміцы і грамадстве.

На думку ізраільскага прафесара Юваля Ноя Харары (аўтар бестселера «Sapіens: Кароткая гісторыя чалавецтва»), якога згадвае Fіnancіal Tіmes, менавіта рашэнні па барацьбе з пандэміяй вызначаць лёс усёй планеты на найбліжэйшую будучыню. Ён называе гэты крызіс самым вялікім выклікам для ўсяго пакалення. Харары перакананы, што дылема паміж прыватнасцю і здароўем ілжывая: чалавецтва павінна патрабаваць і таго, і таго. Ён лічыць, што такі падыход магчымы, і яго прадэманстравала тая ж Паўднёвая Карэя. У гэтым выпадку ўпор быў зроблены на ўсеагульнае тэсціраванне, добраахвотную справаздачнасць і супрацоўніцтва з добра інфармаванай і свядомай грамадскасцю. І гэта, пераконвае ён, магчыма ўсюды — бо людзі самі разумеюць небяспеку віруса і выконваюць правілы гігіены.

Іншае пытанне, на якое павінна адказаць чалавецтва, — аб'яднацца або быць кожнаму за сябе. На думку Харары, цяпер глабалізацыя дала збой: у свеце пануе хаос, і кожны ўрад дзейнічае самастойна. Пры адсутнасці сусветнага плана дзеянняў гэта падобна да паводзін дзяцей у пакоі, адкуль пайшлі дарослыя. Гісторык упэўнены, што з пандэміяй і сусветным крызісам можна справіцца толькі ў тым выпадку, калі ўсе краіны будуць супрацоўнічаць. У першую чаргу гаворка ідзе пра абмен інфармацыяй: урач у Мілане можа раніцай даведацца нешта, што ўжо ўвечары выратуе жыцці ў Тэгеране. Урад Брытаніі можа зрабіць правільны выбар, пагутарыўшы з карэйцамі, якія ўжо сутыкнуліся з падобнай праблемай. Пагадненне аб дазволе паездак навукоўцаў, урачоў, журналістаў варта замацаваць адразу на глабальным узроўні.

Страх мацнейшы за вірус

Многія краіны, якія ўвялі лакдаўн, ужо задумаліся аб яго завяршэнні. Прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару ў тэлевізійным звароце заявіў, што небяспека COVІD-19 занадта раздзьмутая, а нацыянальныя СМІ імкнуцца пасеяць паніку і справакаваць масавую істэрыю. «Так, вірус з'явіўся ў нас, мы змагаемся з ім, і хутка ўсё пройдзе. Жыццё павінна працягвацца, рабочыя месцы павінны быць захаваны, мы павінны вярнуцца да нармальнага жыцця», — заявіў ён. Прэзідэнт ЗША ў інтэрв'ю Fox News заявіў, што ўжо да Вялікадня (12 красавіка) разлічвае «адкрыць краіну». Трамп таксама нагадаў, што ў Злучаных Штатах штогод ад грыпу паміраюць «тысячы людзей». «Але праз гэта кожны год мы не закрываем краіну, — сказаў амерыканскі лідар. — Лекі, прапісаныя цяпер, горшыя, чым праблема, і, на маю думку, яшчэ больш людзей памрэ, калі мы дазволім усяму гэтаму працягвацца». Лекі, аб якіх кажа Трамп, — гэта і ёсць рэжым лакдаўна.

Сваё меркаванне на гэты конт выказалі і медыцынскія эксперты. На іх думку, «залегчы на дно» — зусім не вырашэнне праблемы. Генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя прызнаў каранцін неэфектыўным у барацьбе з каранавірусам. Тэдрас Адханом Гебрэесус заклікаў зрабіць упор на развіццё сістэмы аховы здароўя і навучанне медперсаналу, выяўленне ўсіх інфіцыраваных, павелічэнне колькасці тэстаў на каранавірус і адсочванне кантактаў хворых. Краінам, якія ўвялі лакдаўн, варта выкарыстоўваць гэты час для атакі на вірус, параіў кіраўнік СААЗ.

Усеагульны каранцін па ўсім свеце можа аказацца больш небяспечным у далёкай перспектыве, чым свабоднае распаўсюджванне каранавіруса. Адпаведнае меркаванне выказаў у калонцы для Stat прафесар медыцыны Стэнфардскага ўніверсітэта Джон Іаянідыс, назваўшы тое, што адбываецца, ірацыянальным. На яго думку, у грамадства няма рашэння адносна таго, як доўга краіны могуць трымаць людзей у каранціне без сур'ёзных наступстваў для эканомікі, грамадства і псіхічнага здароўя насельніцтва.

Па словах старшага саветніка кіраўніка СААЗ доктара Бруса Эйлварда, які кіраваў расследаваннем абставін узнікнення эпідэміі ў правінцыі Хубэй (якая, дарэчы, ужо здымае каранцін), свет яшчэ як след не вывучыў кітайскі ўрок. «У Кітаі мы выявілі, што ўся справа ў хуткасці. Рэспіраторнае захворванне, прынамсі такое, можна ўзяць пад кантроль, калі вельмі-вельмі хутка выявіць заражаных, ізаляваць іх, выявіць іх кантакты і таксама ізаляваць, — паведаміў ён Бі-бі-сі. — Насельніцтва павінна зразумець, з чым мы маем справу. Яны павінны ўсвядоміць сур'ёзнасць сітуацыі і супрацоўнічаць з уладамі ў выкананні гэтых мер». Доктар Эйлвард таксама расказаў, якое моцнае ўражанне зрабілі на яго калектыўныя намаганні, добраахвотна прынятыя простымі кітайцамі перад абліччам пагрозы. «Людзі не апасаліся ўрада, людзі апасаліся віруса і наступстваў, калі яны не змогуць распачаць належных сумесных намаганняў. Улады адыгравалі ключавую ролю ў вызначэнні мэт, аднак намаганні насамрэч былі агульныя», — кажа Эйлвард.

Беларусь вопыт Паднябеснай актыўна выкарыстоўвае. Наша краіна, прымаючы меры для барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса, дзейнічае прафесійна і кропкава, зыходзячы ў тым ліку з вопыту Кітая. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітая Цуй Цымінам, якая прайшла на гэтым тыдні. «Я больш за ўсё апасаюся, што людзі захварэюць на псіхоз. Ад псіхозу будуць усе астатнія хваробы», — заўважыў беларускі лідар.

Такой пазіцыі, на шчасце, цяпер шмат хто прытрымліваецца. У прыватнасці, расійскі пісьменнік Барыс Акунін, які днямі паведаміў, што ў яго дыягнаставалі COVІD-19. «Страх перад каранавірусам значна страшнейшы за сам каранавірус. Асцярожным быць трэба, а панікаваць няма чаго», — напісаў пісьменнік на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.

Грамадства

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!»

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!»

Як працуюць з COVІD-пацыентамі дзіцячыя ўрачы.

Грамадства

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Псiхолаг тлумачыць, чаму паўза пасля заканчэння школы — не трагедыя.