Вы тут

Адкрылася выстаўка артэфактаў з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава


Дзякуючы маштабнаму праекту, прысвечанаму 75-годдзю Вялікай Перамогі і рэалізаванаму Міністэрствам інфармацыі і лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым пры падтрымцы Міністэрства культуры, у Нацыянальным гістарычным музеі ўрачыста адкрылася выстаўка «Вайна і мір. Вяртанне».


У экспазіцыі прадстаўлены багатая калекцыя старадаўніх паштовак з выявамі беларускіх гарадоў пачатку ХХ стагоддзя, унікальныя рукапісныя дакументы XVІ-XVІІ стагоддзяў, старадрукаваныя і рэдкія кнігі, перыядычныя выданні XVІІІ-ХІХ стагоддзяў.

Упершыню дэманструюцца шырокай публіцы і такія артэфакты, як пісьмовы прыбор князёў Радзівілаў, медаль за ўзяцце горада Полацка Стэфанам Баторыем у 1579 годзе, памятная чыгунная пліта да 500-годдзя перамогі ў Грунвальдскай бітве (1910), медаль удзельніка перагавораў па Брэсцкім міры 1918 года, драўляныя скульптуры XVІІ-XVІІІ стагоддзяў, напрастольны крыж і складзень каталіцкі ды праваслаўны канца XІX стагоддзя.

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, дырэктар выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў і дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Павел Сапоцька.

— Перамога кавалася не толькі з 1941 да 1945 года. Гераізм нашых продкаў фарміраваўся на працягу доўгіх гадоў, — адзначыў на адкрыцці праекта намеснік міністра інфармацыі. — Святкаванне 75-годдзя Вялікай Перамогі сімвалізуе кропку ў гісторыі кровапраліцця на беларускай зямлі і прымнажэнне новых мірных перамог. Мір, што ў назве, — час вяртання страчанага. І дзякуючы такім энтузіястам, як Уладзімір Ліхадзедаў, мы можам бачыць нашы гістарычныя каштоўнасці, грані гэтай Вялікай Перамогі. Такія выстаўкі вельмі важныя для грамадства.

Частка экспанатаў падорана Уладзімірам Ліхадзедавым Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Нацыянальнаму гістарычнаму музею. На адкрыцці выстаўкі ў дар музею перададзеныя паштовыя паштоўкі з відамі беларускіх гарадоў, кнігі, сярэбраныя лыжкі і чарка XІX-XX стагоддзяў.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Адчуць, як фарміраваўся беларускі дух

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?