Вы тут

У абласных цэнтрах з’явяцца арт-інсталяцыі “МОВА”


Гэтай вясной у шасці буйнейшых гарадах Беларусі ўсталююць серыю арт-інсталяцый – набораў інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць манументальнае слова “МОВА”. У Мінску яны з'явяцца ў скверы Адама Міцкевіча. Таксама арт-аб'екты ўпрыгожаць вуліцы Брэста, Віцебска, Гродна, Гомеля і Магілёва. Праект рэалізуецца кампаніяй А1 сумесна з ініцыятывай “Веліч роднай мовы”.


Кожная з літар у інсталяцыі ўяўляе з сябе вулічную мэблю з дрэва і металу, на якой можна з камфортам размясціцца, і мае свой колер – у гэтым галоўная адметнасць праекта. Па задуме аўтара арт-аб'ектаў, вядомага беларускага скульптара Паўла Вайніцкага, колеравыя гамы скульптур ва ўсіх гарадах унікальныя. Яны падбіралася так, каб паказаць мясцовыя культурныя, гістарычныя і ландшафтныя адметнасці.

Чырвоны, чорны, зялёны, жоўты ці залацісты, шэры і розныя адценні сіняга – асноўныя колеры, якія цягам стагоддзяў атачалі беларусаў у побыце, архітэктуры і прыродзе. Гэта адлюстравана ў даследаваннях, на якіх грунтуецца ідэя праекта “МОВА”, – канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабанняў дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава (апісана ім у кнізе “Колер Беларусі”), а таксама рэканструкцыях народных строяў этнографа Міхаіла Раманюка.

Мінск – геаграфічны, сацыяльны і культурны цэнтр краіны, у якім перамяшаныя асаблівасці розных рэгіёнаў. Таму для інсталяцыі ў сталіцы выбраны ўсе асноўныя колеры – сіні, зялёны, жоўты, чырвоны і чорны. Скульптурныя літары “МОВА” з'явяцца на перасячэнні вуліц Гарадскі Вал і Няміга – у скверы Адама Міцкевіча.

Такое размяшчэнне выбрана невыпадкова – гістарычны цэнтр горада даступны як для мясцовых жыхароў, так і для турыстаў. У кантэксце праекта асабліва важна, што гэта месца носіць імя Адама Міцкевіча – аднаго з выбітных паэтаў эпохі рамантызму, які апісваў у сваіх творах прыгажосць беларускай зямлі. Пасля ўстаноўкі арт-інсталяцыі А1 плануе стварыць у скверы сетку бясплатнага Wi-Fi.

У Брэсце інсталяцыя будзе ўсталявана на перасячэнні вуліцы Савецкай і набярэжнай Францыска Скарыны. Для яе выбрана гарманічнае спалучэнне зялёнага, розных адценняў сіняга, чырвонага і чорнага. У Віцебску на вуліцы Леніна перад мастом 1000-годдзя з'явіцца “МОВА”, выкананая ў характэрных колерах творчага аб'яднання УНОВІС – жоўтым, чырвоным, чорным, залатым і сінім. Жоўты, розныя адценні сіняга, чырвоны і чорны – такое спалучэнне падабрана для скульптур на вуліцы Маставой у Гродне. На вуліцы Кірава ў Гомелі ўсталююць кампазіцыю з блакітнага, жоўтага, шэрага, чырвонага і чорнага сімвалаў. На Траецкай набярэжнай Магілёва – зялёнага, блакітнага, жоўтага, чырвонага і чорнага.

Ва ўсіх гарадах арт-аб'екты плануецца ўсталяваць да канца вясны.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Пахаванне адходаў — самы просты i танны спосаб пазбавiцца ад iх, аднак ён шкодзiць наваколлю i здароўю чалавека.

Грамадства

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

У перыяд летніх канікулаў для школьнiкаў i студэнтаў падрыхтаваны розныя цiкавыя мерапрыемствы, у тым лiку шмат з iх — анлайн. 

Грамадства

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

Дзеці «звяздоўцаў» адказалі вусна, пісьмова, друкавана і нават у малюнках.