Вы тут

На прамых лініях людзі цікавяцца асаблівасцямі жыцця ва ўмовах эпідэміі каранавіруса


Традыцыйныя прамыя лініі, якія праводзяць аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам, прайшлі ў мінулую суботу.

Стан дваровых тэрыторый і вайсковых могілак, затрымкі з выплатай заработнай платы, «шумнае суседства» з прадпрыемствам, павышэнне тарыфаў на ацяпленне, перабоі з работай мабільнай сувязі, недахоп месцаў для парковак... Тэмы, як заўсёды, узнімаюцца розныя. Адна з галоўных гэтым разам — асаблівасці жыцця ва ўмовах эпідэміі каранавіруса і закрыцця граніц іншымі краінамі. Многіх людзей непакоіць нявызначанасць з работай і будучымі заробкамі. У такой сітуацыі ад улад патрабуецца не толькі ўменне хутка і эфектыўна рэагаваць на ўзнятую праблему, але і цярпенне, і ўважлівасць, і тактоўнасць... Як з гэтым спраўляліся кіраўнікі абласцей, назіралі нашы спецыяльныя карэспандэнты.


Асаблівасці жыцця ва ўмовах эпідэміі

На прамую лінію да старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля ЛІСА змаглі дазваніцца 32 жыхары вобласці. Тэлефонныя абаненты закраналі розныя тэмы, але многія са зваротаў датычыліся галоўнай цяперашняй праблемы — жыцця ва ўмовах пандэміі.

Фота БелТА.

Як вядома, нямала нашых грамадзян працуе ў Еўропе. Напрыклад, дальнабойшчыкі занятыя вахтавым метадам, яны працуюць пэўны адрэзак часу, потым прыязджаюць на адпачынак. Тыя, каго закрыццё граніц заспела дома, выехаць не змаглі. Цяпер яны фактычна засталіся без работы і без даходаў. Гэту праблему ўзняў малады брастаўчанін у гутарцы з губернатарам. Мужчына пацікавіўся, што могуць прапанаваць службы занятасці такім грамадзянам. Вядома, адказаць адразу на падобнае пытанне немагчыма. І паколькі прамая лінія праходзіла ў рэжыме відэаканферэнцыі, а на сувязі былі таксама старшыні гар- і райвыканкамаў, праблему ўзялі на заметку.

Дзяўчына, гаспадыня кавярні ў цэнтры горада, скардзілася, што зусім няма наведвальнікаў, у асобныя дні іх стала ў чатыры разы меней, чым звычайна. Вядома, яна церпіць страты. Але ж у такой сітуацыі застаецца толькі перачакаць навалу.

І калі жыхары гарадоў больш заклапочаныя асаблівасцямі жыцця ва ўмовах пандэміі, то вясковыя людзі займаюцца звычайнымі для гэтай пары года клопатамі. З Жабінкаўскага раёна, напрыклад, паступіў званок наконт распрацоўкі пясчанага кар'ера. Вядома, пясок — патрэбны матэрыял для будаўніцтва. Але ж праз вёску Рачкі ўвесь час ідуць велікагрузы. Машыны не толькі ўздымаюць пыл, яны ствараюць і дадатковую небяспеку, а хутка лета, дзеці прыедуць на канікулы. З Маларыцкага раёна паскардзіліся на перабоі ў рабоце мабільнай сувязі. Па кожным з названых зваротаў службовыя асобы атрымалі ўказанні.

Летась у Лелікаве Кобрынскага раёна згарэла старадаўняя царква. Прыхаджанка з гэтай вёскі прасіла губернатара паспрыяць аднаўленню храма.

Важную для многіх праблему ўзняў жыхар абласнога цэнтра. Каля абласной клінічнай бальніцы крытычна не хапае месца для парковак. Заяўніку на працягу пэўнага часу давялося вазіць у абласную кансультатыўную паліклініку пажылога чалавека, які амаль не можа хадзіць, а высадзіць яго каля ўвахода было немагчыма. Аўтар звароту адразу прапанаваў зрабіць стаянку для медыкаў на пустцы ў раёне станцыі пералівання крыві. Тады стала б магчыма крыху разгрузіць пад'езды да паліклінікі і галоўных карпусоў бальніцы. Так ці інакш, праблему трэба вырашаць.

Святлана ЯСКЕВІЧ


Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў падчас трохгадзіннай прамой лініі выслухаў каля дваццаці пяці заяўнікаў.

Фо­та Але­га КЛІ­МО­ВІ­ЧА.

Некалькі званкоў датычыліся затрымак з выплатай зарплаты ў арганізацыях аграрнага сектара. Губернатар паабяцаў, што літаральна праз пару дзён праблема будзе знятая, адпаведныя даручэнні ўжо дадзены.

Неаднаразова тэлефанавалі жыхары прыватнага сектара абласнога цэнтра. Адзін з гараджан паведаміў, што да дамоў вуліцы, дзе ён жыве, не пракладзена оптавалаконная лінія. У «Белтэлекаме», як сцвярджаў мужчына, спасылаюцца на тое, што выдаткі пры правядзенні неабходных работ ніколі не акупяцца. А нерэнтабельна, дык і няма неабходнасці там нешта рабіць — такая логіка ў сувязістаў. Губернатар паабяцаў, што з праблемай разбяруцца. А новаму мэру Віцебска наогул параіў шчыльна заняцца добраўпарадкаваннем мікрараёнаў з аднапавярховымі забудовамі.

Мікалай Шарснёў таксама даручыў удзяліць увагу стану дваровых тэрыторый у Віцебску, асабліва — дзіцячых пляцовак. Жыхарцы горада, якая паведаміла пра праблемны двор на вуліцы Чкалава, ён паабяцаў, што ў «дзіцячым гарадку» стане больш аб'ектаў для забаў.

Жыхарка Оршы папрасіла захаваць рэжым работы банкаўскага пункта, як раней, раз у тыдзень: без яго — нікуды, бо да найбліжэйшага аддзялення банка ехаць сем прыпынкаў на грамадскім транспарце... У райвыканкаме паведамілі, што па банкаўскія паслугі за месяц туды звярталіся максімум дзевяноста чалавек. Таму ў банку і вырашылі закрыць «офіс». А ў параўнальна вялікім памяшканні запланавана зрабіць краму. Магчыма, будзе мэтазгодным усталяваць там інфакіёск і банкамат...

Яшчэ адна жыхарка Оршы паскардзілася на шумнае суседства з прадпрыемствам па перапрацоўцы драўніны. Старшыня райвыканкама растлумачыў, што спецыялісты не выявілі праблем. Але ж, канешне, можа яшчэ раз разабрацца падчас выезду.

Жыхар з Віцебскага раёна паскардзіўся на дрэнны, на яго погляд, стан самых буйных у краіне вайсковых могілак, дзе пахавана каля 17 тысяч чалавек. Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады сцвярджаў, што пра гэта месца не забываюць. Але губернатар вырашыў убачыць усё на свае вочы, каб упэўніцца, хто мае рацыю: заяўнік ці чыноўнік.

Жыхарка райцэнтра Шуміліна прасіла парады: што зрабіць, каб у старым доме, у якім восем кватэр, пячное ацяпленне замянілі на цэнтралізаванае. Праблема ў тым, што цяпер нельга фінансаваць такія работы з бюджэту. А 1500—1700 долараў у эквіваленце жыльцам, большасць з якіх пенсіянеры і інваліды, заплаціць нават у растэрміноўку даволі праблематычна. Улада раёна ў курсе праблемы, і такі дом не адзін. Губернатар прапанаваў прадумаць, як можна дапамагчы ў гэтай сітуацыі.

Пасля прамой лініі старшыня Віцебскага аблвыканкама па відэасувязі звярнуўся да падначаленых у раёнах з заклікам уважліва выслухоўваць землякоў. Няма дробных пытанняў і праблем у рабоце з людзьмі. І ўсе яны будуць знаходзіцца на губернатарскім кантролі.

Дарэчы, падчас мінулай прамой тэлефоннай лініі, праведзенай 23 лістапада 2019 года, былі дадзены 33 даручэнні, 27 з якіх ужо выкананы. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі двух начальнікаў жыллёва-эксплуатацыйных упраўленняў. Выкананне дванаццаці даручэнняў застаецца на кантролі з ранейшых аналагічных «дзяжурстваў на тэлефоне».

Аляксандр ПУКШАНСКІ


Каля трыццацi чалавек выслухаў старшыня Мiнаблвыканкама Аляксандр Турчын падчас прамой тэлефоннай лiнii.

Фота БелТА.

Першы патэлефанаваў жыхар Слуцка Андрэй Андрэевiч. Мужчына расказаў, што яго дачка працуе на Старадарожскiм пладова-агароднiнным заводзе, якi ўваходзiць у склад Слуцкага цукроварафiнаднага камбiната. Здавалася б, усё добра, мае работу, а вось заробкi надта нiзкiя — каля 400 рублёў.

Аляксандр Турчын паведамiў, што хутка на прадпрыемстве з'явiцца новы дырэктар. «Упэўнены, што ён з усiм разбярэцца», — дадаў губернатар. Акрамя таго, у пачатку красавiка Аляксандр Турчын выедзе ў Старыя Дарогi, каб сустрэцца з працоўным калектывам i больш дэталёва абмеркаваць сiтуацыю.

Жыхар Салiгорска расказаў, што ў двары шматкватэрнага кааператыўнага дома па вулiцы Кастрычнiцкай прадпрымальнiк устанавiў рэкламны шчыт. Адпаведная дамова ёсць з райвыканкамам. Але заяўнiк абураны тым, што падатак на зямлю аплачваюць жыхары дома. Прычым з кожным годам ён павялiчваецца. «Пытанне сапраўды цiкавае, — выказаў меркаванне Аляксандр Турчын, — паглядзiм, разбяромся».

Як заўсёды, не абышлося i без зямельных пытанняў. У прыватнасцi, Алег Аляксеевiч з Жодзiна паведамiў, што жыве ў прыватным доме, якi пабудаваў у 2005 годзе. Але па ўчастку часткова праходзiць лiнiя электраперадачы, што не дазваляе выкарыстоўваць яго ў поўнай меры — ахоўная зона. Побач з домам — пустка, дзе можна было б выдзелiць плошчу для вядзення падсобнай гаспадаркi. Аднак мясцовыя ўлады на гэта не iдуць. Старшыня аблвыканкама паабяцаў, што на месца выедуць спецыялiсты, каб вырашыць пытанне ў межах закона.

Жыхарка Мядзела расказала, што ёй выдзелiлi зямельны ўчастак для будаўнiцтва дома ў 2018 годзе, бо яна мела патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. Аднак тут не было нi камунiкацый, нi пад'язных шляхоў. За свой кошт яна падвяла ваду. Але жыць у доме не можа — няма электрычнасцi. Жанчына неаднаразова звярталася ў мясцовыя органы ўлады, аднак, як кажуць, воз i сёння там.

Аляксандр Турчын паабяцаў у найблiжэйшы час разабрацца ў сiтуацыi. Тым больш што гэта не адзiны выпадак, калi людзям выдзяляюць зямельныя ўчасткi без адпаведных камунiкацый. «Не давайце ўчасткi там, дзе не можаце ўладкаваць iнфраструктуру», — адзначыў Аляксандр Турчын.

Наталля Рыгораўна з пасёлка Чысць Маладзечанскага раёна выказала незадаволенасць тым, што стала больш плацiць за ацяпленне. Хоць на першы погляд прычын для гэтага няма — нядаўна мадэрнiзавалi цеплатрасу, ды i зiма была цёплая. Разам з тым аб'ём спажывання цяпла павялiчыўся. Акрамя таго, падчас рамонтных работ была прыбрана лаўка, высечаны дрэвы — i да гэтага часу тут не праведзена добраўпарадкаванне. Аляксандр Турчын даручыў спецыялiстам разабрацца ў сiтуацыi. Магчыма, аб'ём спажывання цяпла павялiчыўся ў сувязi з тым, што частка спажыўцоў устанавiла прыборы ўлiку цяпла, а лiшкi спiсваюць на тых, хто не мае лiчыльнiкаў. Што датычыцца добраўпарадкавання, то мясцовыя службы павiнны выправiць сiтуацыю да 1 мая.

Алена Мiкалаеўна з Барысава купiла кватэру на першым паверсе ў шматпавярховiку, якую перавяла ў нежылое памяшканне. Жанчына хоча адкрыць турыстычнае агенцтва. А вось увесцi аб'ект у дзеянне не можа, бо перашкодай аказаўся металiчны ганак, што знаходзiцца на зямлi агульнага карыстання.

«Такiя выпадкi не адзiнкавыя», — канстатаваў Аляксандр Турчын. Ён даручыў землеўпарадкавальнай i архiтэктурнай службам вывучыць сiтуацыю i дапамагчы людзям.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.