Вы тут

Пагартаць славутыя старонкі


Зразумець дух і душу асноўных законаў, па якіх мы жывём сёння, дае магчымасць выстаўка «Правобраз еўрапейскай Канстытуцыі», якая адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі да Дня Канстытуцыі. Прадстаўленыя рарытэты акрэсліваюць найважнейшыя вехі станаўлення прававой гісторыі нашай краіны.


Рукапісны Статут 1632 г. па-нямецку.

На думку першага намесніка дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь Вячаслава Абрамава, прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у 1994 годзе вызначыла асновы, на якіх наша дзяржава паспяхова развіваецца сёння. Тое, што мы маем, — вынік доўгага гістарычнага працэсу, які пачынаўся са стварэння Статутаў Вялікага Княства Літоўскага. Складзеныя па-беларуску, ужо ў XVI стагоддзі яны мелі ўсе рысы сапраўднай Канстытуцыі, пабудаванай на прынцыпах дэмакратыі, роўнасці, справядлівасці і вяршэнства права. З’яўленне Статутаў паставіла наш народ на п’едэстал пачынальнікаў канстытуцыйнага заканадаўства ў Еўропе

Так, Статуты былі пераняты многімі народамі, сталі асновай прававых сістэм розных краін, выкарыстоўваліся пры кадыфікацыі прускага права ў  канцы XVI стагоддзя, складанні Саборнага ўлажэння 1649 г. у Расіі, сталі пісьмовым зводам дзеючага права і выкарыстоўваліся ў судах на тэрыторыі сучасных Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны, Эстоніі. У XVII—XIX стагоддзях іх пераклалі на рускую, украінскую, французскую, лацінскую мовы.

 Сярод галоўных экспанатаў, прадстаўленых на выстаўцы — спіс Статута ў перакладзе на нямецкую мову 1632 года. Ён належыць збору адной з найстарэйшых бібліятэк Еўропы — Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта, а ў Беларусь змог прыехаць пры падтрымцы латвійскай кніжніцы і пры ўдзеле дыпламатычных корпусаў абедзвюх краін.

Гэты рукапіс Статута ніколі раней не экспанаваўся, ды й увогуле амаль ніхто пра яго не ведаў. Адшукаў рарытэт і ўвёў у навуковы ўжытак кандыдат гістарычных навук, дацэнт, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Дзярновіч. Даследчык натрапіў на яго ў выніку мэтанакіраваных пошукаў (спадчына ВКЛ — аб’ект яго навуковых зацікаўленняў). На імпрэзе вучоны падзяліўся сваімі разважаннямі. Так, два пераклады Статута на польскую мову былі падрыхтаваны з ініцыятывы канцлера ВКЛ Льва Сапегі і пабачылі свет яшчэ пры яго жыцці. Пераклад на нямецкую мову зроблены ў 1632 годзе (менавіта гэтая дата стаіць на тытуле спіса) з польскамоўнага выдання Статута 1619 года (таксама прадстаўлены на выстаўцы). Каб высветліць, з  якога асобніка Статута перакладалі, давялося звяраць розныя выданні, зазначыў Алег Дзярновіч. Істотнае пытанне, што стаіць у цэнтры навуковых дыскусій: дзе гэты перакладны Статут функцыянаваў і якім чынам? Даследчык перакананы, што на тэрыторыі гістарычных Інфлянтаў. Тады мовай шляхецка-рыцарскіх і гарадскіх эліт на гэтых тэрыторыях была нямецкая.

Сведчаннем таго, што палажэнні Статута адлюстроўвалі жывы працэс развіцця юрыдычнай думкі і дакумент карыстаўся попытам, з’яўляецца Дадатак у канцы зборніка. Там зафіксаваны рэаліі, змены, якія адбыліся ў прававым полі Рэчы Паспалітай да пачатку XVII стагоддзя. Выклікае цікавасць і іншы момант: на апошнім форзацы гэтага асобніка змешчаны малюнак птушкі, падобнай да бусла. Не зразумела толькі, чыёй рукою намаляваная карцінка — дзіцячай ці дарослай.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эйнарс Семаніс.

 Пачэсны госць, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эйнарс Семаніс падкрэсліў: старадрукі, прадстаўленыя на выстаўцы, выдатна ілюструюць — нашы народы звязаны не толькі геаграфіяй, але і духоўна, праз гісторыю інтэлектуальную: «А гісторыя — не проста шэраг падзей, гэта жыццё і лёсы. Наш абавязак — захаваць і данесці яе да наступных пакаленняў...» Распаўсюджанне прававой інфармацыі не стаіць на месцы, спосабы ўвесь час развіваюцца. Цяпер — не толькі ў папяровай форме, але і ў электроннай, і анлайн. Прымаюцца захады для таго, каб любы зацікаўлены мог азнаёміцца з нацыянальным заканадаўствам і вывучыць яго, а пры неабходнасці — і атрымаць зваротную сувязь.

Яна БУДОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.