Вы тут

Вялікая традыцыя, вялікая гісторыя


Нацыянальны гістарычны музей стаў асноўным арганізатарам І Рэспубліканскага краязнаўчага форуму Беларусі, які праходзіў там 12–13 сакавіка


Фота dompressy.by

Падобныя ініцыятывы ажыццяўляліся й дагэтуль. Але ў такім фармаце форум ладзіўся ўпершыню, і яго арганізатары ставілі на мэце паяднаць краязнаўцаў з розных куткоў Бацькаўшчыны. У Гістарычным сабраліся тыя, хто нібы адкрывае Беларусь наноў ды хацеў бы расказаць пра свае краязнаўчыя праекты.

У вітальным слове старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы й культуры Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк заклікаў беларусаў пазбаўляцца комплексаў мізэрнасці й правінцыйнасці ды памятаць, што “за нашымі плячыма — вялікая традыцыя, вялікая гісторыя, і кожны з нас мусіць яе любіць, шанаваць і тыражаваць веды пра яе”. Сапраўды, не кожны музейны супрацоўнік, гісторык ці навуковец захоча збіраць гістарычныя факты й праводзіць даследаванні, каб даказаць усяму свету, што маленькая вёсачка, раённы горад, у якім ён жыве й працуе, — значная гістарычная, культурная й турыстычная мясціна. І мала хто нават здагадваецца, што гэта сапраўды так. Нездарма ў беларускай глыбінцы па сёння стаяць палацы, касцёлы й цэрквы, якія здзіўляюць веліччу пасярод вясковага пейзажу. Чым не сведчанне, што будаваліся яны ў даўнія часы ў шматлюдных месцах, не меншых па значнасці, чым сучасныя індустрыяльныя гарады.

Краязнаўчы форум быў прымеркаваны да Трохгоддзя малой радзімы. Многіх з краязнаўцаў, якія прыехалі ў Мінск, менавіта любоў да “малой радзімы”, дзе яны нарадзіліся, падштурхоўвае складаць пра яе кнігі, рабіць навуковыя адкрыцці. У часе форуму ўшанавалі лаўрэатаў і пераможцаў конкурсу краязнаўчай літаратуры за 2017–19 гады. Усе 200 прац, дасланыя на конкурс, прадстаўлены былі на выставе ў музеі. Былі намінацыі, прысвечаныя Трохгоддзю малой радзімы, 75‑годдзю Вялікай Перамогі, “Мой род, мая краіна” ды іншыя. Журы конкурсу адзначыла дыпломамі некалькі дзясяткаў чалавек, а таксама ўстановы культуры, адукацыі, інфармацыі ды навукі. Гран-пры конкурсу атрымаў вядомы ўраджэнец Пастаў Ігар Пракаповіч: пісьменнік, географ, краязнаўца, педагог. Ён напісаў каля 45 кніг на краязнаўчыя тэмы. А ў намінацыі “Краязнаўства рэгіёнаў Беларусі” перамагла кніга Алеся Зайкі “Крыніцы і вытокі: нарысы з гісторыі ды культуры Івацэвіччыны. Да 500‑годдзя горада Івацэвічы”. Дыплом быў уручаны рэдактару кнігі Валерыю Гапееву.

Міністэрства інфармацыі, з падтрымкай якога праходзіў форум, таксама вызначыла сваіх пераможцаў. За значны ўнёсак у развіццё й папулярызацыю беларускай краязнаўчай літаратуры Ганаровай граматай Міністэрства ўшанаваны краязнаўцы Валеры Мароз, Анатоль Бензярук, Анатоль Гладышчук і Леанід Несцярчук.

У часе працы секцый форуму гаварылася пра экалагічнае краязнаўства й турыстычную дзейнасць, а таксама пра яго месца ў сістэме навукова-даследчай працы, узгадваліся біяграфіі асоб, якія шмат зрабілі для развіцця айчыннага краязнаўства. Форум сабраў і дзве канферэнцыі: студэнцкую “Моладзь і краязнаўства” ды школьнікаў “Пазашкольнае краязнаўства: досвед рэгіёнаў”. Па выніках працы секцый выйдзе зборнік у электронным і друкаваным выглядзе, які атрымае кожны ўдзельнік. Выданне паступіць у Рэспубліканскі цэнтр экалогіі ды краязнаўства, на кафедру падрыхтоўкі краязнаўцаў Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка, у Беларускі дзяржуніверсітэт культуры й мастацтваў, бібліятэкі й музеі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Напрыканцы форуму большасць краязнаўцаў выказала жаданне стварыць у краіне краязнаўчае таварыства, выдаць “Энцыклапедыю краязнаўцаў Беларусі”. Форумы збіраюцца ладзіць і надалей, запрашаць на іх будуць як беларускіх, так і замежных краязнаўцаў, а таксама беларусаў замежжа, якія цікавяцца родным краем.

Акрамя Гістарычнага музея, у ліку арганізатараў форуму краязнаўцаў — Беларускі фонд культуры, Нацыянальная бібліятэка, Выдавецкі дом “Звязда”, Саюз пісьменнікаў Беларусі. Падтрымлівалі праект міністэрствы інфармацыі ды культуры.

Ганна Лагун

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.