Вы тут

Кірыла Тураўскі на Доне


На хутары Пагарэлаў, што ў Белакалітвінскім раёне Растоўскай вобласці, мясцовы Дом культуры носіць імя Кірылы Тураўскага. Там і праходзіла этнакультурная святочная акцыя “Кірыла Тураўскі і наш час”.


Удзельнікі акцыі “Кірыла Тураўскі і наш час”

Беларусам па ўсім свеце будзе цікава даведацца: гэты год на Доне праходзіць пад знакам знакамітага нашага земляка, усходнеславянскага асветніка XІІ стагоддзя Кірылы Тураўскага. Святочная акцыя ладзілася ў плыні гэтага духоўнага руху, прайшла 22 лютага: напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны. У часе імпрэзы вялася зацікаўленая размова пра тыя злучальныя ніткі, што паядноўваюць розныя эпохі, розныя народы, пра вялікую ўзаемасувязь, здавалася б, розных падзей.

Ініцыятарам творчай сустрэчы стаў жыхар хутара Пагарэлаў Васілій Лук’янаў, які, пішуць расійскія СМІ, пераўтварыў сваё родавае паселішча ў сапраўдны міжнародны турыстычны цэнтр. Дарэчы, у 2001 годзе сам Патрыярх Маскоўскі ды ўсяе Русі Алексій ІІ даведаўся пра ініцыятыву растаўчаніна і даў дабраславенне на будаўніцтва ў Пагарэлаве Духоўна-патрыятычнага комплексу “Слова пра паход Ігараў”. Для ўдзелу ў імпрэзе прыехалі сябры, актывісты Саюза беларусаў Дону. Гэта Уладзімір Банцэвіч — кіраўнік суполкі, эксперт па беларускай этнакультуры й сувязях з Рэспублікай Беларусь, да таго ж рэдактар літаратурна-інфармацыйнага весніка “Кірыла Тураўскі й наш час”. Прыехалі яшчэ Ала Івахненка — выканаўчы дырэктар этнакультурных праектаў суполкі беларусаў Дона, Мікалай Салановіч — пісьменнік, эксперт па беларускай этнакультуры на Доне, Ала Тарасава — намесніца кіраўніцы ансамбля “Славяночка”.

У часе імпрэзы на базе Дома культуры імя Кірылы Тураўскага прайшло адкрыццё Святліцы мастацтваў “Каяла”. Найбольшая ўвага ў гуртках, якія ствараюцца пры Святліцы, будзе надавацца мастацкаму слову, песеннаму, харавому, танцавальнаму й тэатральнаму майстэрствам, выяўленчай творчасці, народным рамёствам.

Прэзентавалася таксама — ужо з канцэртам! — творчае аб’яднанне народнай культурнай традыцыі “Каяла”, створанае на базе ДК. Быў яшчэ дадзены пачатак Музейнаму фонду, а таксама экспазіцыі, прысвечанай асветніку Кірылу Тураўскаму. “Мы ўрачыста перадалі ад беларусаў Дона ў дар Пагарэлаўскаму ДК імя Кірылы Тураўскага каштоўную рэч: каменную часцінку плінфы, — напісаў нам Уладзімір Банцэвіч. — Яна вельмі шмат магла б расказаць, калі б толькі ўмела гаварыць! Бо ўзята была намі ў часе экспедыцыі летам 2018 з Тураўскага раскопу праваслаўнага храма ХІІІ стагоддзя. Ён у свой час, як сцвярджаюць археолагі, пацярпеў ад моцнага землятрусу. Больш таго, мы даведаліся: гэты матэрыял, які выкарыстоўваўся тады пры будаўніцтве храма, быў прывезены ў Тураў з самой Візантыі!”

Беларусы перадалі яшчэ ў падарунак хутаранам-пагарэлаўцам з Беларусі, ад Тураўскага краязнаўчага музея, вялікі, маляўнічы альбом “Тураўская рапсодыя”. Выданне расказвае пра зямлю Тураўскую і яе святыні. Аўтар-укладальнік яго — Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Дэкаратыўнае пано “Паход князя Ігара”

Ад дзіцячага творчага аб’яднання “Нашчадкі — Потомки” імя Кірылы Тураўскага, а таксама Саюза беларусаў Дона ў экспазіцыю перададзена дэкаратыўнае пано “Паход князя Ігара”. Яго зрабіў Даніла Банцэвіч — унук кіраўніка беларускай суполкі, вучань 87‑й школы Растова-на-Доне.

У часе імпрэзы было пацверджана, што Мемарандум па ажыццяўленні праекта “Кірыла Тураўскі й наша час” падтрымлівае шэраг арганізацый, устаноў. У іх ліку — Растоўская Волгаданская епархія, Аддзяленне ў Растове-на-Доне Пасольства Беларусі ў Расіі, Гомельскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, адміністрацыя Жыткавіцкага раёна Гомельшчыны (Беларусь), Тураўскі краязнаўчы музей, адміністрацыя Белакалітвінскага раёна ды Белакалітвінскі краязнаўчы музей, а яшчэ асацыяцыя “Наш мир”, Саюз беларусаў Дону, Данская дзяржаўная публічная бібліятэка.

Сёння, лічыць Уладзімір Банцэвіч, можна смела сцвярджаць: правільнымі, своечасовымі, духоўна выверанымі былі намаганні энтузіястаў, якія з падтрымкай мясцовых улад змаглі ўшанаваць імя Кірылы Тураўскага на Доне. “Вялікі славянскі асветнік Кірыла Тураўскі стаў нябесным заступнікам данскога хутара Пагарэлаў — таго месца, дзе раць князя Ігарава змагалася з полаўцамі ў ХІІ стагоддзі, як пра тое напісана ў знакамітым “Слове пра паход Ігараў”, — гаворыць Уладзімір Банцэвіч. — І вось гэтае заступніцтва нейкім дзівосным чынам прыадкрывае ў сэрцах хутаранцаў прыхаваныя творчыя здольнасці! Вось таму і ўзнікла, набірае моц, нібы жывая крыніца, вельмі цікавае творча-асветніцкае аб’яднанне “Каяла”. Назва ж яго “выцякае” з старажытнай назвы мясцовай ракі, на якой адбылася бітва”.

Уладзімір Банцэвіч нагадаў, што на хутары ёсць і Дом культуры, які носіць імя асветніка, бібліятэка імя Кірылы Тураўскага. Наш зямляк мае вялікую надзею, што з часам творчая суполка “Каяла” стане народным ансамблем, у якім рускія з беларусамі будуць разам займацца творчасцю, тым самым змацоўваючы, паглыбляючы даўняе сяброўства паміж народамі.

Даніла Банцэвіч

Калі тэкст ужо быў гатовы да друку, Уладзімір Банцэвіч паведаміў, што кіруе суполкай “Каяла” Вікторыя Сташчэнка — загадчыца Дома культуры. Цяпер у аб’яднанні — амаль 20 аматараў народнай творчасці, у тым ліку й загадчыца мясцовай бібліятэкі Наталля Кастрыцкая. Заслугоўвае павагі, што адміністрацыя Белакалітвінскага раёна, якой кіруе Вольга Мельнікава, ад самага пачатку вельмі ўважліва паставілася да праектаў па ўшанаванні Кірылы Тураўскага на Доне. У прыватнасці былі выдзелены сродкі на рамонт і рэканструкцыю Дома культуры на хутары Пагарэлаў, а цяпер закуплены новыя сцэнічныя касцюмы для самадзейных артыстаў суполкі “Каяла”.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.