Вы тут

Фура ў кювеце і «п'янае» ДТЗ. Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI


Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых. Пацвярджае гэта i статыстыка — з пачатку года ў прысталiччы зарэгiстравана 21 дарожна-транспартнае здарэнне супраць васьмі за мiнулы год. Тры чалавекi загiнулi, яшчэ 23 атрымалi раненнi.

Хоць шчыльнасць — як насельнiцтва, так i аўтамабiльнай плынi — тут куды меншая, чым непасрэдна ў Мiнску, але на шырокiх магiстралях i вузкiх вясковых вулiцах ад гэтага цiшэй не становiцца. Не ў апошнюю чаргу — праз наяўнасць транзiтных калiдораў i блiзкасць самой сталiцы. Таму «Звязда» адправiлася разам з iнспектарамi дарожна-патрульнай службы аддзела ДАI Мiнскага райвыканкама на манiторынг сiтуацыi на прысталiчных дарогах.


Першы выезд у пятнiцу ўвечары для нас аказаўся незвычайны. Кіроўца легкавіка заехаў па дарозе ў вясковую краму. А калi выязджаў — наехаў бамперам на плот. Прыкмячаем, што ад вадзіцеля крыху патыхае алкаголем. Па словах мужчыны, ён прыехаў дадому i з гора выпiў трохi спiртнога. А недзе праз паўгадзiны каля дома спынiлася машына ДАI. Разгублены Валерый сваю вiну прызнае i зусiм не адпiраецца. Яго адвезлi ў раённую наркалогiю на асведчанне. А па факце тое, што адбылося, — гэта з'езд з месца ДТЗ, здзейсненага ў нецвярозым стане, а таксама ўжыванне спiртных напояў пасля аварыi. Як вынiк — пазбаўленне правоў на тры гады.

— Сын падняў пралёт плота, — кажа гаспадыня крамы. — Прапанавалi выклiкаць ДАI i аформiць ДТЗ, але завёў матор i з'ехаў. Пашкоджаннi былi i на бакавых дзвярах аўтамабiля. А наогул, тут раней гэты плот зносiлi, можна сказаць, рэгулярна.

...Другi раз мы адпраўляемся ранiцай у чацвер. Спачатку праязджаем некалькi кiламетраў па поўднi Мiнскага раёна адразу за МКАД-2. За вокнамi патрульнага аўтамабiля адна за адной змяняюцца назвы вёсак на дарожных паказальнiках — Крупiца, Анопаль, Кругляк... Каля вёскi Кайкава прыходзiць iнфармацыя. Паведамляюць пра тое, што здарылася ДТЗ — фура з'ехала ў кювет каля вёскi Слабодка на 18-м кiламетры дарогi Р1. Шлях туды займае хвiлiн 15-20. За гэты час паспяваем распытаць мiлiцыянераў пра асаблiвасцi iх службы.

— За дзень мы ў сярэднiм праязджаем па дарогах 150-160 кiламетраў, — расказвае старшы лейтэнант мiлiцыi Дзмiтрый Пыко. — I падчас патруляванняў сустракалi ўсе парушэннi, якiя толькi могуць быць. Ад непрышпiленага рэменя бяспекi — i да кiравання ў нецвярозым стане. У цёмны час сутак тут шмат людзей ходзiць без святлоадбiвальных элементаў... Але ж вясковая вулiца — не гарадская, тут тратуары ёсць далёка не заўсёды. Былi выпадкi, калi нецвярозыя пешаходы iшлi па цэнтры дарогi, падалi проста пад колы аўтамабiляў... Ну нават калi перабраў, то навошта рызыкаваць жыццём? Выклiкай таксi i едзь дадому. Не праблема ж. Сярод моладзi мы не раз сустракалi тых, хто любiць на матацыкле паганяць на заднiм коле, падрыфтаваць на аўтамабiлi...

— За першыя дзве з паловай гадзiны нашай змены прыйшло адно паведамленне. Нейкi аўтамабiль стаяў тры днi з пашкоджаннямi, характэрнымi для дарожна-транспартнага здарэння. Прыехалi туды — iнфармацыя пацвердзiлася. У салоне аўтамабiля ляжала даведка пра тое, што ўладальнiк з'яўляецца пацярпелым. Сазванiлiся з жанчынай, яна i растлумачыла, што ДТЗ адбылося тыдзень таму. Але ў любым выпадку мы ўдзячныя заяўнiку, якi не прайшоў мiма.

На трасах нярэдка бываюць ДТЗ з дзiкiмi жывёламi. Праз аўтатрасу М1 яны пастаянна мiгруюць. Слабая абачлiвасць кiроўцаў часам вельмi дорага абыходзiцца. Наступствы могуць быць самыя розныя. Старшы лейтэнант мiлiцыi Вадзiм Серабракоў згадвае, як гады два з паловай таму таксiст на «Фальксвагене» збiў лася, якi выпадкова выбег на дарогу. У вынiку ў аўтамабiля цалкам знесла дах. А аднойчы на аўтадарозе М6 кiроўца BMW ехаў з хуткасцю 90 кiламетраў у гадзiну. Справа выбег лось. Калi б спераду сядзеў пасажыр — быў бы мёртвы. Дах склала да задняга пасажырскага сядзення, палова машыны была знявечана.
Звычайная страхоўка ў такiх выпадках не дзейнiчае — пагашае толькi КАСКО.

— А вось буйную сельгастэхнiку мы заўжды суправаджаем, — кажа Дзмiтрый Пыко. — Калi нам прыходзiць заяўка — «праводзiм» ад механiзаванага двара i да поля. Змена ў механiзатараў заканчваецца — iх суправаджаюць назад у гаспадарку.

Самы «хiт» сярод здарэнняў — гэта вырваныя «з мясам» заправачныя пiсталеты на аўтазапраўках. Асаблiва ў спёку, у выхадныя днi, калi народ масава едзе на прысядзiбныя ўчасткi. I ўсё гэта адбываецца ад банальнай няўважлiвасцi. Урон звычайна невялiкi — вырываецца палiвараздатачны кран i рвецца муфта.

— Летась мы з напарнiкам два разы ганялiся за матацыклiстамi i яшчэ два — за легкавымi аўтамабiлямi, кiроўцы якiх спрабавалi ўцячы з месца ДТЗ, — прыгадвае Вадзiм Серабракоў. — Адзiн увогуле зладзiў ралi на пешаходнай дарожцы, а пасля iмкнуўся схавацца ў полi. Усiх iх мы дагналi, натуральна. Санкцыя за спробу ўцячы прадугледжвае i пазбаўленне правоў да двух гадоў.

Цiкавiмся, цi бывае так, што супрацоўнiкаў ДАI выклiкаюць нават у тым выпадку, калi можна было б раз'ехацца па так званым еўрапратаколе. Нагадаем, што гэта магчымасць самастойна аформiць факт ДТЗ пры лiмiце ўрону да 800 еўра. Разам з тым ён мае i абмежаваннi. Разбiрацца ў юрыдычных тонкасцях абодва кiроўцы не хочуць i лiчаць за лепшае патэлефанаваць на нумар «102».

— Цяпер падчас звароту ў мiлiцыю заўсёды пытаюцца пра ўрон, — запэўнiвае Вадзiм Серабракоў. — I ў выпадку мiнiмальнай сумы абавязкова прапануюць магчымасць вырашыць пытанне пры дапамозе еўрапратакола. Але калi мы прыязджаем на месца ДТЗ, то сутыкаемся нярэдка з дзвюма рэчамi: у кiроўцаў або няма бланкаў, або тыя кажуць, што проста баяцца iх запаўняць, i просяць гэта зрабiць супрацоўнiка ДАI. А калi прыязджаем мы, то афармляем якраз ДТЗ. Было аднойчы, што давялося ехаць 60 кiламетраў праз увесь раён. Прыязджаю, да мяне падыходзяць двое мужчын-кiроўцаў i кажуць: мы не хочам самастойна афармляць еўрапратакол, бо баімся, што нам не заплацяць пасля ў страхавой. Але на бланку ўсё паказана, як яго правiльна запаўняць. Пэўна, самае складанае — гэта намаляваць схему... У вынiку пацярпелы атрымаў за iншыя парушэннi большую суму, чым вiноўнiк. Вось такiя калiзii бываюць. Пры гэтым па тэлефонным нумары «140» кругласутачна дзейнiчае агульнарэспублiканскi кол-цэнтр, дзе наконт еўрапратакола адкажуць на ўсе ўзнiклыя пытаннi.

Тым часам мы пад'язджаем да вёскi Слабодка. А ў кювеце — «карцiна маслам». Там стаiць вялiкая фура. Але ж як стаiць! Мяркуючы па слядах шын на асфальце, яна пайшла ў занос i перакруцiлася на 180 градусаў адносна напрамку аўтаплынi. Да таго ж сама фура стаiць у кювеце пад тупым вуглом. У яе моцна пабiты аб дрэва бок кабiны.

— Мы тут надоўга затрымаемся, — прыкiдвае Дзмiтрый Пыко. — Эвакуатару работы шмат — мала таго што з кювета выцягнуць фуру, дык яшчэ i падчапiць яе за перад супраць руху. Насустрач руху мы гэты «паравозiк» пускаць не маем права — тут жа ён аднабаковы, а да найблiжэйшай развязкi — кiламетры два. Таму скажам, каб «круцiлi» тут, балазе ёсць заезд у бок поля. I ўвесь гэты час мы павiнны тут гарантаваць бяспеку дарожнага руху. Спатрэбiцца нават часовае перакрыццё дарогi, бо iнакш эвакуатар не здолее павярнуць налева. Як бачыце, падбавiлi нам тут работы iстотна. Але давайце паглядзiм, мо, каму там дапамога патрэбна.

 

 

У кювеце каля фуры завiхаюцца некалькi чалавек. Кiроўца стаiць спераду машыны i глядзiць на сляды ад дрэва. Што i казаць, сiтуацыя вельмi непрыемная. Добра яшчэ, што хоць сам не пацярпеў.

— Наперадзе ехаў грузавiк, — кажа шафёр. — Ён сышоў улева, i тут проста перада мной усунуўся легкавы аўтамабiль. Я пачаў тармазiць, каб не сутыкнуцца з iм. Фуру панесла, пачало кiдаць з боку ў бок. Ну i што далей — самi бачыце... Добра яшчэ, што цыстэрна пустая была.

Неўзабаве пад'ехаў эвакуатар. За гэты час Вадзiм Серабракоў паспеў намаляваць схему месца ДТЗ i замерыць шырыню кожнай з палос. Апошняе неабходна для таго, каб вызначыць, колькi месца для манеўру было ў кiроўцы. Супрацоўнiкi ДАI пакiнулi толькi адну паласу для праезду. Тры iншыя патрэбны для работы эвакуатара.

— На малюнку ўказваецца ўся карцiна, — расказвае iнспектар. — Вось тут — сляды юзу, iншыя ўмоўныя абазначэннi. Непасрэдна аўтамабiлi «прывязваюцца» да двух статычных аб'ектаў. У нашым выпадку — пешаходны пераход i дарожны знак... Сляды на сорак тры метры расцягнулiся! Можна сабе ўявiць, што было на трасе. Малюнак пасля прыкладваецца да матэрыялаў справы. Па iм пасля можна будзе выставiць прыкладнае размяшчэнне аўтамабiляў, як цяпер, калi ўзнiкне неабходнасць следчага эксперымента. Паколькi кiроўца цвярозы, то неабходнасцi ў загоне фуры на штрафстаянку няма. Таму яе адбуксiруюць да ўладальнiка, ну а пасля ўжо няхай гаспадар вырашае, што з ёй рабiць.

На месца падзей прыехаў i кiраўнiк прадпрыемства, якое займаецца эвакуацыяй фур.

— Машына стаiць у вельмi нязручным становiшчы, так званых «нажнiцах», — каментуе сiтуацыю Аляксандр Цыганоў, назiраючы за работай невялiкага, але вельмi магутнага эвакуатара. — Тут у нас яшчэ i вялiкi перапад самога кювета. Таму, каб дастаць машыну, яе трэба развярнуць. Вось гэта зараз i робiць наш кiроўца. Цяпер наша задача — выцягнуць на цвёрдую паверхню цыстэрну. Ну а «галава» аўтаматычна падцягнецца ззаду. Нам трэба прычынiць мiнiмальны ўрон i дарожнаму пакрыццю, i самому аўтамабiлю. Насамрэч, фуры ў кювеце — не такая рэдкая для нас сiтуацыя. Аднойчы мы выцягвалi падобны аўтамабiль амаль дванаццаць гадзiн. Там, праўда, была да таго ж i балоцiстая мясцовасць. Тут усё-такi задача прасцейшая, хоць i не элементарная.

Аперацыя па пад'ёме фуры з кювета заняла каля трох гадзiн. Новых выклiкаў у супрацоўнiкаў ДАI няма. Наперадзе ў iх — яшчэ некалькi гадзiн патрулявання прысталiчнага раёна.

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Фота Ганны ЗАНКАВIЧ

Загаловак у газеце: Праверкi на дарогах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Настаўнік года Вадзім Лосеў: Са школы павінны выходзіць шчаслівыя людзі

Настаўнік года Вадзім Лосеў: Са школы павінны выходзіць шчаслівыя людзі

«Я хацеў бы, каб у гэтай зале і ў гэтым свеце ніхто і ніколі не ставіў пад сумненне ўпэўненасць у сабе».

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.