Вы тут

У Гродне завяршаецца першы этап рэканструкцыi аднаго з найстарэйшых замкаў Беларусi


Сёння яго не пазнаць. I не толькi таму, што нагадвае грандыёзную будаўнiчую пляцоўку, хоць гэта сапраўды так. Можна без перабольшання сказаць: мала якi гiстарычны аб'ект аднаўляўся з такiм размахам. I хоць работы яшчэ не завершаны, яго воблiк ужо нагадвае велiчны палац.


Кампрамiсны купал

Нядаўна на ўязной вежы з'явiўся блiскучы купал. Гэта адна з самых яскравых канструкцый замка. Работа над iм вялася доўгая i карпатлiвая. Пра гэта можна меркаваць па памерах купала, дыяметр якога — шэсць метраў, а вышыня — восем. Напачатку быў створаны стальны каркас з драўлянай абшыўкай — менавiта на гэтай стадыi восенню мiнулага года адбылася першая «прымерка» непасрэдна на самой вежы. Гэта неабходна было зрабiць, каб падагнаць усе памеры, бо работы вялiся на зямлi. Пасля таго як купал i вежа «сышлiся», яго зноў знялi.

А вось канчатковы выгляд надала купалу металiчная канструкцыя з медзi i волава. Гэта была цалкам ручная работа, якую выконвалi спецыялiсты мiнскай фiрмы. I хоць цяпер iснуюць сучасныя тэхналогii вырабу падобных рэчаў, быў абраны падыход, якiм карысталiся майстры ў даўнiя часы. Пры гэтым металiчныя пласцiны накладвалiся такiм чынам, каб пад купал не зацякала вада. Дахавая медзь з тонкiм слоем волава пакуль блiшчыць, але з цягам часу пацямнее i прыме такi самы выгляд, якi быў калiсьцi. Завяршае купал чатырохметровы шпiль.

Трэба сказаць, што менавiта форма купала выклiкала нямала спрэчак. Першапачатковы праект, якi прапанаваў архiтэктар Уладзiмiр Бачкоў, засноўваецца на старажытнай гравюры Макоўскага. На ёй купал замка мае форму шара. Да абмеркавання далучылiся спецыялiсты з Польшчы, якiя мелi вопыт рэканструкцыi замкаў. Яны прапанавалi больш выцягнуты варыянт. Урэшце кампрамiснае рашэнне ў рамках беларуска-польскай камiсii было знойдзена i паспяхова ўвасоблена ў жыццё.

Iмператары i Стэфан Баторый

Замак праходзiць рэканструкцыю пад эпоху Рэнесанса, калi каралём Рэчы Паспалiтай быў Стэфан Баторый. У 1580-х гадах манарх стварыў тут сваю рэзiдэнцыю, ператварыўшы былыя руiны ў прыгожы палац. Праўда, да нашых часоў замак дайшоў у выглядзе шэрых будынкаў, i гаворка пра яго рэканструкцыю вялася дзесяцiгоддзямi.

Нарэшце ў 2017 годзе канчатковы праект быў зацверджаны. З таго часу замак пачаў iмклiва рушыць у каралеўскую эпоху XVI стагоддзя. У памяць пра былога ўладальнiка на ўязной вежы з'явiўся яго партрэт. Насамрэч у тыя часы такiх выяў на самой вежы не iснавала. Затое нешта падобнае — у стылi cграфiта — захавалася на тыльным баку замка.

Такая тэхнiка характэрна для Рэнесансу. Элементы cграфiта сустракаюцца на некаторых старажытных будынках, напрыклад на Брыгiцкiм касцёле ў Гродне i на вежы Лiдскага замка. Майстар наносiць на сцяну слой каляровай тынкоўкi, а зверху — белую, потым выразае патрэбны малюнак. Такiм чынам на вежы Старога замка з'явiлiся профiльныя партрэты ў медальёнах, грыфоны i раслiнны арнамент. Па перыметры размешчана 12 партрэтаў. Усе яны, акрамя партрэта Стэфана Баторыя, належаць рымскiм iмператарам.

Гэта не проста будоўля...

Масштабны праект датычыцца не толькi рэканструкцыi замка. На яго тэрыторыi праведзены археалагiчныя раскопкi, знойдзена нямала каштоўных артэфактаў. Для шырокага агляду будуць даступны фрагменты так званай Верхняй царквы, якая 80 гадоў захоўвалася каля сцен замка. Для старажытнай пабудовы будзе зроблены асобны павiльён.

Пастаянна iдуць работы па дэкарыраваннi будынка. I хоць тэрыторыя нагадвае вялiкую будоўлю, замак ужо набывае рысы велiчнага палаца. Карцiна паступова складваецца. Для гэтага давялося штосьцi дабудаваць, змянiць... Напрыклад, з'явiлася так званая камянiца, дзе ў будучым размесцяцца музейныя экспанаты. Рэканструкцыя хоць i не так хутка, але рухаецца наперад. Усе спрэчкi, якiя вялiся даволi доўгi час, нарэшце сцiхлi. Бо зразумела, што такi падыход не дасць вынiкаў, а замак сапраўды меў патрэбу ў рэканструкцыi.

Пры гэтым увесь ход работ даволi празрысты. Кожны, хто пажадае, можа быць у курсе падзей i нават задаць сваё пытанне начальнiку ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алене Клiмовiч, якая стварыла суполку «Стары замак — Гродна» ў «Фэйсбуку». Нядаўна яна паведамiла, што першая чарга рэканструкцыi павiнна быць завершана сёлета. Актуальнае пытанне на сённяшні дзень — пошук майстроў для ўнутраных работ: тых, хто будзе ствараць жывапiсныя элементы, металiчныя, драўляныя вырабы, ляпнiну. Цяпер, напрыклад, задзейнiчаны прадпрыемствы па вытворчасцi каменных элементаў, вiтражоў, керамiкi. Алена Клiмовiч неяк прызналася, што рэканструкцыя замка — гэта не проста будоўля, гэта праект па ўзнаўленнi каралеўскай пабудовы, над ажыццяўленнем якога працуюць цэлыя iнстытуты, задзейнiчаны дзясяткi прадпрыемстваў.

Наперадзе яшчэ два этапы работ. Самым важным з iх стане непасрэдна рэстаўрацыя палаца Стэфана Баторыя. Трэба вызначыцца, як будуць выглядаць парадны ўваход, залы прыёму караля. На чарзе — рэстаўрацыя флiгеля адмiнiстратара: будынак таксама будзе ўзводзiцца нанова. Перад гэтым пройдуць археалагiчныя раскопкi. Безумоўна, рэканструкцыя патрабуе немалых сродкаў. Цi хопiць iх на тыя работы, што запланаваны на гэты год? Алена Клiмовiч паведамiла, што грошы на першую чаргу выдаткоўвалiся з рэспублiканскага i абласнога бюджэтаў. Увогуле гэта поўнасцю дзяржаўны праект. Сёлета выдаткаваннi пойдуць на комплексна-навуковыя даследаваннi, якiя будуць выкарыстоўвацца пры праектаваннi другой чаргi рэканструкцыi замка. Але гэта ўжо планы будучага года. Ва ўсякiм разе, «замарожваць» аб'ект нiхто не збiраецца.

Маргарыта Ушкевiч, фота аўтара

Загаловак у газеце: Рэнесанс Старога замка

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.